“Кастынг” як бізнес: а чаму б і не?

№ 47 (1121) 23.11.2013 - 29.11.2013 г

У сценах сваіх "фабрык мрояў" пакуль мільгаем толькі ў бясконцым шэрагу эпізодаў…
Вытворцы расійскіх серыялаў даўно аблюбавалі нашу сталіцу, роўна як і іншыя беларускія гарады. Тут ёсць вельмі шмат куткоў, прыдатных для здымак на натуры, куды (ці ТУДЫ) не ступае нага турыста. Яны, як пазначаюць на ўпакоўках, “ідэнтычныя натуральнаму” гораду, прапісанаму ў сцэнарыі, як выдуманы расійскі, скажам, Пракоф’еўск. Але нават не гэтыя абставіны галоўныя.

Залежнасць ад... варагаў

Расійскія прадзюсары, выпраўляючы ў нашу краіну шматлікія кінаэкспедыцыі, эканомяць значныя сродкі, выкарыстоўваючы нашы чалавечыя і тэхнічныя рэсурсы. Асабліва гэта датычыцца серыялаў, перанасычаных дзеючымі асобамі, пра якіх у акцёрскім асяроддзі кажуць так: “У іх не здымаўся хіба толькі лянівы”. Яшчэ ў нас бяспечна і надзейна. Вам неабходны пустуючы склад, які можна выкарыстоўваць у якасці здымачнага павільёна? Калі ласка! Масоўка, што складаецца з асоб, якія мелі крымінальны вопыт? Няма праблем, урэшце, як і ў Расіі, але — куды танней. Арэнда дарагой іншамаркі, элітнага асабняка з еўрарамонтам ці, наадварот, “хрушчоўкi” з мэбляй 80-х? Давайце паглядзім альбом: што вам лепш падыдзе.

І гэтак далей, і да таго падобнае. Усе гэтыя ды падобныя паслугі абыдуцца значна танней, чым у Маскве ці любым іншым расійскім горадзе.

На працягу ўсяго года не зарастае акцёрская сцежка, пракладзеная на кінастудыю або офісы кінакампаній, раскіданых па сталіцы. Сотні нашых акцёраў абіваюць парогі ў надзеі зняцца ў эпізодзе ці ролі другога плана, атрымаць вопыт працы ў кіно і замацаваць яго. Наіўныя ідэалісты мараць паўтарыць кар’еру расіян Хабенскага або Баярскай. Гэта адна з асаблівасцей прафесіі, якая ўкладаецца ў простую прымаўку: “Ваўка ногі кормяць”. Кормяць нядрэнна, у адрозненне ад асноўнага месца працы — тэатра, дазваляючы шчасліўцам увасобіць у жыццё некаторыя матэрыяльныя мары, лёгкадаступныя адным і не даступныя іншым. Паміж жаданнем зняцца ў кіно і фактам удзелу ў здымках ёсць адно важнае прамежкавае звяно — асістэнт рэжысёра. Строга выконваючы загады апошняга, асістэнт падбірае акцёрскі склад і запрашае на кастынг.

Прэтэнзіі ў прапанаваных абставінах

Слова “кастынг” (“адбор”) трывала ўвайшло ў акцёрскі лексікон. Гэта такі працэс, калі, прыблізна вывучыўшы тэкст ролі, ты згадваеш ўсю праграму першага курса: праца з уяўнымі прадметамі, памяць на адчуванні і г.д. Адбываецца гэта звычайна ў працоўных кабінетах пад прыцэлам ручной камеры. Ты вытарэшчваешся ў сцяну, абклееную шпалерамі, і ўяўляеш сабе, напрыклад, далеч марскую, выконваеш любое ўказанне рэжысёра, любую ўводную. Ты спрабуеш зразумець, што хоча ад цябе рэжысёр. А той дасведчаным поглядам вызначае, падыходзіш ты яму ці не.

(Так, на адным кастынгу, невялікая роля, якая складалася з шасці фраз, разраслася ў два разы. Дадатковы тэкст рэжысёр сачыніў на хаду. Мой персанаж на вачах павінен быў стаць прастуджаным, хаця ў сцэнарыі пра гэта не было ні слова. Градуснікам паслужыла шарыкавая ручка, а тэлефонам — аптычная мышка ад ноутбука. Усяго гэтага на здымках не спатрэбілася. Рэжысёр хітра ўсміхнуўся: ён проста правяраў мяне. А вось новы тэкст — застаўся.)

Дык вось. Паміж акцёрам і рэжысёрам на кастынгу ўсталёўваецца нябачная сувязь. Ці не ўсталёўваецца. І па тым, як табе кажуць, а кажуць заўсёды аднолькава ветліва: “Дзякуй, мы вам патэлефануем”, — ты разумееш, прайшоў ці не.

У кіно важныя тыпаж і фактура. Унутраныя перакананні ды адчуванні пад увагу не прымаюцца. Увесь багаж сыграных роляў у тэатры, гучныя персаналіі аўтараў і персанажаў маюць сэнс толькі з пункта гледжання акцёрскага досведу. Напрыклад, выканаўца чэхаўскага Гаева ў кіно можа прэтэндаваць на ролю следчага. Мой адзін добры сябра апошнім часам іграе ў кіно ролі нямецкіх афіцэраў: ён высокі, хударлявы, на ім выдатна глядзіцца нямецкая форма. Да свайго новага амплуа ён ставіцца з іроніяй: “Калі здымаюць ваенныя фільмы і запрашаюць, значыць, я — запатрабаваны”. Аднойчы я атрымаў запрашэнне на кастынг і жыва пацікавіўся, якога персанажа мне прапануюць іграць: крымінальніка ці мянта-паліцэйскага. І на 50% патрапіў у кропку.

Нулявы? З-за чаго?

Маладыя спецыялісты, выходзячы са сцен Акадэміі мастацтваў або іншай творчай ВНУ, атрымліваюць дыплом, дзе напісана: “Артыст тэатра і кіно”. У апошнія гады гэты ж надпіс можна прачытаць нават у “корачках”, якія выдаюць пасля заканчэння сярэдняй школы з тэатральным ухілам ці адпаведнага каледжа. Я не аспрэчваю факт, што педагогі старанна навучаюць студэнтаў ды школьнікаў азам акцёрскага майстэрства. Пры гэтым, на мой погляд, забываецца важная рэч: праца ў кіно мае сваю асаблівую спецыфіку. Гэта зусім іншая прастора, у якой камера непрадузята фіксуе любыя праявы недакладнасці, няпраўды або фальшу.

Асістэнт рэжысёра, які працаваў на карціне “Цяжка быць богам”, згадвае звышпатрабавальнасць Аляксея Германа. Нават дасведчаным акцёрам той рабіў адну і тую ж заўвагу: не крыві морду. Нельга іграць абставіны сярэдняга круга. Яны іграюць самі за сябе. “Як часта бачыш на студыі: апранулі масоўку ў афіцэрскія мундзіры, і ходзяць па калідоры дзьмутыя індыкі — гэта яны свае касцюмы іграюць. Акцёр, ва ўяўленні Германа, можа іграць толькі абставіны малога круга…”

Сваю першую параду я атрымаў на здымках аднаго з беларускіх тэлесерыялаў. Рэжысёр, які стажыраваўся ў нас у тэатры і пераключыўся на кіно, задаў мне пытанне: “Ты калі-небудзь здымаўся?” На той момант досвед быў нулявы. “Тут усё, як у тэатры, толькі — прасцей”. І вось гэтае “прасцей” спрабую засвоіць. Так што, запіс “акцёр... і кіно” ў дыпломе маладога спецыяліста гучыць як пажаданне (ці наказ): жыццё навучыць, інтуіцыя падкажа.

Неяк разгаварыліся ў перапынку паміж здымкамі з нашым беларускім акцёрам. Ён паскардзіўся, што не прайшоў кастынг у аднаго рэжысёра. І дадаў: “Шкада. У яго можна было б шмат чаму навучыцца”. Гэта былі словы чалавека, які адпрацаваў тры дзясяткі гадоў у адным з найбуйнейшых сталічных тэатраў…

Аднойчы на здымачнай пляцоўцы выпадкова злавіў фразу ад раскручанай “зоркі” з суседняй краіны. Той тэлефанаваў камусьці па мабільным і прамовіў: “Ведаеш, я хачу нарэшце завязаць з гэтым бізнесам ды заняцца нечым іншым”. Сказаць, што слова “бізнес” разанула слых — не сказаць нічога. А потым, вяртаючыся дадому, я падумаў: а чаму б і не? Чаму не бізнес? Асабліва калі акцёр валодае рамяством і ў яго ёсць свой агент, які можа выгадна яго “прадаць”…

А пакуль... Вучымся далей. Праводзім дзясяткі гадзін у павільёне або на натуры і назіраем. Мільгаем у бясконцым шэрагу эпізодаў на экране. І з цікавасцю разглядаем сваіх знаёмых ды сяброў. І ганарліва выпростваемся, калі выпадковы мінак пазнае цябе і задае пытанне: “А ці не вы здымаліся ў серыяле?”.

Творчыя людзі — прымхлівыя, і апошні здымачны дзень называюць крайнім: гэта значыць, апошні дзень на праекце не павінен стаць апошнім у творчай біяграфіі. Рэжысёры прытрымліваюцца такой традыцыі: адзняўшы чарговы дубль з удзелам акцёра, яны называюць ягонае прозвішча і паведамляюць, што ў яго гэты здымачны дзень — крайні. І ўсе, усе, хто знаходзіцца ў гэтую хвіліну на пляцоўцы, апладзіруюць акцёру.

Няхай у нас ва ўсіх будзе як мага больш крайніх дзён!

Працяг тэмы - у каментарыі Пятра Васілеўскага.

Аўтар: Алег ЧЭЧАНЕЎ
акцёр, рэжысёр