“Кожны абавязаны…”, або Чаму афіцыйна не існуе “Эпоха Леніна”?

№ 45 (1119) 09.11.2013 - 15.11.2013 г

Прыватны музей не мае метадычнай дапамогі, фінансавання ад дзяржавы і... не жадае "легалізавацца"
Музеяў на Беларусі нямала, але... усё адно хацелася б больш. І разнастайней. Ці не штотыдзень СМІ (“К”, натуральна, не выключэнне) выплёскваюць ідэю стварэння новага крэатыўнага музея...

/i/content/pi/cult/453/9524/4-1.jpg

Так, прысвечанага якой-небудзь спецыфічнай тэматыцы. Напрыклад, спадчыне савецкай эпохі. Пытанне, хто будзе ўвасабляць у жыццё ўсе гэтыя (або іншыя) задумы, пакуль застаецца адкрытым. Дзяржаўны бюджэт, як і рэгіёны, наўрад ці пацягне такія выдаткі, на прагматычных інвестараў надта разлічваць таксама не выпадае, — хіба вельмі рэдкі музей здатны пераўтварыцца ў рэнтабельны турпрадукт. Але застаецца такі рэсурс развіцця, як прыватная ініцыятыва, што грунтуецца перадусім на энтузіязме.Як паказвае практыка, гэты рэсурс і сапраўды спрацоўвае — не толькі ў іншых краінах, але таксама і ў нас. Але казаць па-ранейшаму можна хіба пра адзінкавыя выпадкі, якія выглядаюць “белымі варонамі” на сучаснай культурнай карце. Як стымуляваць пашырэнне ды прымнажэнне такіх ініцыятыў?

Музей выкінутых рэчаў

Вуліца Катоўскага — тыповы прыклад полацкага Задзвіння і гарадскога прыватнага цэнтра ў цэлым. У такія панурыя мясціны людзі рэдка завітваюць без жыццёвай неабходнасці. Але адзін з дамоў выразна вылучаецца з агульнага масіву: ля яго брамы ды паабапал вузкай дарогі месціцца цэлы пантэон савецкіх павадыроў ды іншай гіпсавай скульптуры таго перыяду, а па-над імі горда лунаюць чырвоныя сцягі.

Гэтая прынада спрацоўвае. За шэсць гадоў працы прыватнага музея “Эпоха Леніна” яго наведала каля дзевяці тысяч чалавек з больш як трыццаці краін. Неблагі паказчык, асабліва калі ўлічыць і геаграфію (удалечыні ад тыповых турмаршрутаў), і брак рэкламы...

— Абяцалі вось указальнікі ўстанавіць, але, як бачыце… — кажа стваральнік "Эпохі…" Мікалай Панкрат.

Затое на інфармацыйным шчыце для турыстаў ля небезвядомага "Цэнтра Еўропы" яго экспазіцыя прадстаўлена. І нават у музейнай сталіцы, якой небеспадстаўна называюць Полацк, гэты “пункт праграмы” не выглядае лішнім. Хаця б таму, што нічыю нішу ён не займае: прамых канкурэнтаў няма, прычым не толькі ў Полацку.

— Уся экспазіцыя — гэта даніна павагі гісторыі краіны і людзям, якія яе стваралі сваімі рукамі, — пачынае экскурсію Мікалай Панкрат. — Не, я ні ў якім разе не ідэалізую тыя часы і тым больш не мару пра іх вяртанне. Чалавек, які пазбаўляецца ад свайго мінулага, не мае сэрца, а той, хто хоча ў яго вярнуцца, — не мае розуму. Але кожная эпоха заслугоўвае павагі!..

У тэму тут і эпіграф Купалы на музейнай шыльдзе: класік заклікае "былое ў думах уваскрашаць" выключна для таго, "каб сеўбу новую пачаць".

Колькі ў гэтым музеі скульптурных партрэтаў Леніна (маленькіх і вялікіх, у дзяцінстве і ўжо з залысінай, бюстаў і ў поўны рост), не памятае нават сам калекцыянер. Толькі дубляў назбіралася дзесьці з паўтары сотні! А ў дадатак — і тысячы іншых артэфактаў той пары. Як яны ўсе апынуліся ў адных руках? Гісторыі экспанатаў зазвычай не вельмі рамантычныя.

— Вось гэты бюст я знайшоў на сметніку, гэты, здаецца, таксама, гэты мне аддалі на ўмовах самавывазу, бо ўсё адно выкідаць збіраліся, — пералічвае калекцыянер. — Піянер, якога я памятаю яшчэ з дзяцінства, апынуўся ў Заходняй Дзвіне. Увогуле, можна сказаць, што гэта музей выкінутых рэчаў…

Некаторыя творы манументалістыкі ў “бусік” рупліўца не ўлазяць, і яны схаваны недзе ў таемных месцах да лепшага часу. Але ніхто пакуль гэтыя “скарбы” не шукае: Мікалай Глебавіч дарэмна стукаўся ў дзверы розных кабінетаў з прапановай знайсці для іх нейкае пачэснае месца. Натуральна, не ўсе музейныя прадметы дасталіся задарма. Але калекцыянер ніколі не спыняўся перад выдаткамі. Як фінансавымі (колькі ўжо разоў даводзілася выпраўляцца ў камандзіроўкі?), так і часавымі: музей стаў плёнам сарака гадоў працы! І ў выніку нават 150 квадратных метраў плошчы стала замала — у экспазіцыю трапіла толькі частка калекцыі, а “фонды” занялі ўвесь гараж.

Сцены без даху

Мяркуючы па кнізе водгукаў, спісанай ад вокладкі да вокладкі, турыстаў не менш за экспанаты ўражвае і сама постаць руплівага збіральніка апошніх. Гэта таксама характэрна для прыватных музеяў: кожны з іх распавядае не толькі ўсеагульную, але і чыюсьці прыватную гісторыю. Па сваёй адукацыі Мікалай Глебавіч далёкі ад музейнай справы. "Вучыла мяне само жыццё", — апісвае ён уласныя ўніверсітэты. І тут жа ўздыхае: “Калекцыянер — гэта бяда для сям’і!”.

І сапраўды, калі б Мікалай Панкрат уклаў свае сродкі ды высілкі ў якую больш прыбытковую справу, дык даўно б ужо ездзіў зусім не на пашарпаным “бусіку”, што заводзіцца не з першага разу. Толькі арэнда аддадзеных пад музей памяшканняў прыносіла б яму каля тысячы еўра ў месяц!

Падобна, неўзабаве іх усё ж давядзецца выкарыстоўваць у камерцыйных мэтах. Справа ў тым, што колькі гадоў таму калекцыянер пачаў будаваць пад музей новы двухпавярховы дом. Яго сцены ўжо стаяць, а вось даху — няма. Грошы скончыліся, і будоўлю давялося замарозіць. Мікалай Панкрат не бачыць іншага выйсця, як часова закрыць музей, пакуль не ўдасца зарабіць патрэбную для завяршэння будаўніцтва суму.

Як паўплывае на яго дзейнасць такі вымушаны перапынак? Пытанне рытарычнае. Поспех любога падобнага праекта ў значнай меры залежыць ад стабільнасці працы (на жаль, яе бракуе многім іншым прыватным музеям). Менавіта таму Мікалай Панкрат строга прытрымліваецца створанага ім графіка: дзверы для ўсіх адчынены штовыхадныя з 10-й да 18-й.

— Нават на рыбу сёлета выбрацца не атрымалася, — наракае ён, — бо замены ж ніякай няма!..

Затое кожны турыст ведае: ён недарэмна будзе шукаць тую вуліцу Катоўскага. Адпаведна, "народная сцяжына" і не зарастае. Пасля ж перапынку яе давядзецца пратоптваць наноў.

Заўважым, што падобная праблема з завяршэннем будаўніцтва ў нашых мясцінах паўстае ўжо не ўпершыню. Прыкладам, галерэя мастака Кастуся Качана непадалёк ад Навагрудскага замка адкрылася на пару гадоў пазней, чым было запланавана: дакладна з той самай прычыны. На сённяшні дзень выйсця з гэтай сітуацыі няма: мясцовыя ўлады нічым не здатныя дапамагчы нават пры наяўнасці такога жадання ды разумення, што кожны падобны аб’ект — чарговы “плюс” на карысць горада.

На працягу нашай гутаркі Мікалай Глебавіч шматкроць паўтараў: "Ды нічога мне не трэба!". І сапраўды, прыватнік адразу разумее, што разлічваць яму выпадае толькі на ўласныя сілы — прынамсі, у матэрыяльным аспекце. Але ж не толькі ён адыгрывае вызначальную ролю ў музейнай справе.

Пакуль што без статуса...

Апрача савецкай эпохі, у экспазіцыі прадстаўлены і іншыя кірункі. Прыкладам, даўняя гісторыя Полацка. Яшчэ адзін прыярытэтны для калекцыянера кірунак — пушкіністыка. Гэтая тэматыка засталася яму ў спадчыну ад маці, якая таксама трохі захаплялася калекцыянаваннем.

Натуральна, у прыватным зборы не знойдзеш тых рарытэтаў, якімі ганарацца вядучыя расійскія музеі, але па некаторых "спецыяльных" намінацыях Мікалай Панкрат нават дасць ім фору. Ён утрапёна збірае прысвечаныя Пушкіну паштоўкі, значкі, цукерачныя абгорткі… І прадстаўнічая дэлегацыя музейшчыкаў з Пушкінскіх гор, якая сёлета наведала "Эпоху Леніна", была прыемна ўражана.

Неўзабаве завітаў і контр-адмірал расійскага флоту, а заадно і вядомы пушкініст Генадзь Антонаў. Вось што ён напісаў у кнізе водгукаў: “Бачыў шмат, у тым ліку і калекцый “пушкінцаў”, але такога не бачыў нідзе і ніколі! Шаноўны Мікалай Глебавіч, ваша ўнікальная калекцыя павінна быць навукова апісана прафесіяналамі”.

Прафесіяналаў-музейшчыкаў у Полацку не бракуе. Мікалай Панкрат з імі не варагуе, але і да канкрэтнага супрацоўніцтва справа пакуль не даходзіць. Дый не зусім зразумела, на якой юрыдычнай базе такое супрацоўніцтва сёння можа адбывацца. Можа, менавіта таму мала які прыватны музей Беларусі атрымліваў метадычную дапамогу?

Або іншая праблема: нормы спажывання электраэнергіі для "Эпохі Леніна" вызначаюцца такія самыя, як для любога прыватнага дома. Але які музей без спецыяльнага асвятлення? І паўсотні лямпачак, размешчаных у стэлажах, з’ядаюць у разы больш за выдзеленыя 150 кВт, што цягне дадатковыя выдаткі.

Вырашэнне гэтых дробных і вялікіх праблем прыватнага музея немагчымае без вырашэння самай першай праблемы — нявызначанасці статуса...

Колькасць беларускіх прыватных музеяў цяжка падлічыць нават прыблізна. Прычына ў тым, што большасць з іх дэ-юрэ музеямі не з’яўляюцца: альбо мімікрыруюць пад аб’екты агратурызму, спараджаючы складаныя назвы кшталту “аграсядзіба “Дом-музей Апалінарыя Пупко”, альбо і ўвогуле афіцыйна не існуюць — як, напрыклад, тая ж “Эпоха Леніна”. Балазе законы тут не парушаюцца: ніхто ж не забараняе запрашаць у сваю хату гасцей. А грошай з наведвальнікаў Мікалай Панкрат усё адно не бярэ і ніколі не будзе браць: па прынцыповых меркаваннях, бо музей для яго — бы святыня.

Нежаданне калекцыянераў “легалізавацца” — цалкам зразумелае. У сённяшніх варунках набыццё статуса дадасць такім прыватным ініцыятывам клопату (ды і само па сабе гэта клопат), а вось палёгкі — аніякай.

У турыстычнай сферы Беларусі ўжо ёсць нарматыўны акт, які выклікае шчырае захапленне замежнікаў, — Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб развіцці аграэкатурызму. Уласнікі сядзіб атрымалі афіцыйны статус без пакутлівай “бухгалтэрыі”, моцную інфармацыйную падтрымку, магчымасць браць ільготныя крэдыты пад развіццё сваёй справы (вось, дарэчы, і варыянт вырашэння праблемы з “замарожаным” будаўніцтвам)... І вынікі сведчаць самі за сябе.

Як падаецца, такі падыход мог бы стаць узорам і ў іншых, “сумежных” сферах турыстычнай дзейнасці, а прыватныя музеі, несумненна, належаць да іх ліку.

Зразумела, што стымуляваць развіццё прыватных музеяў нейкімі дырэктыўнымі мерамі ніяк не атрымаецца: тут усё залежыць выключна ад імпэту саміх стваральнікаў. І — не пабаімся пафасу — іх грамадзянскай пазіцыі. Экспазіцыю “Эпохі Леніна” распачынае вытрымка з Артыкула 54 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь: “Кожны абавязаны берагчы гісторыка-культурную, духоўную спадчыну і іншыя нацыянальныя каштоўнасці”. Вось Мікалай Панкрат і выконвае гэты артыкул — так, як можа, і так, як умее.

І таму, напэўна, самае галоўнае — гэта ўсяляк засведчыць, што дзяржаве такія пачыны патрэбны. Стварыць для іх камфортнае эмацыйнае ды інфармацыйнае асяроддзе. А ўвага, як вядома, не патрабуе асобных артыкулаў у бюджэце.

А ў тым, што такія ініцыятывы і сапраўды патрэбны, і сумневаў узнікаць не можа. Разам з "Эпохай Леніна"на згаданым інфармацыйным шчыце прадстаўлена трынаццаць музейных праектаў. “Нешчаслівы лік” ужо састарэў: не так даўно ў Полацку адкрыўся яшчэ адзін прыватны музей, прысвечаны рыцарскай тэматыцы. І, як падаецца, такая статыстыка апраўдвае знак “Цэнтра Еўропы» не горш за геадэзічныя вымярэнні.

Мінск — Полацк — Мінск

Фота аўтара