Джаз для абаронцаў Айчыны

№ 43 (1117) 26.10.2013 - 01.11.2013 г

Фестываль
18 кастрычніка ў Клубе імя Ф.Э. Дзяржынскага адбылося выступленне Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Рэспублікі Беларусь. Зала была поўнай — як і на ўсіх праграмах знакамітага калектыву. А вось публіка сабралася даволі незвычайная: дзеючыя і будучыя супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі краіны.

/i/content/pi/cult/451/9471/8-1.jpeg

Фестываль “Выбітныя беларускія музыканты — абаронцам Айчыны” стаў ужо традыцыйным: ён ладзіцца чацвёрты год запар. Па словах аднаго з яго ініцыятараў — начальніка Інстытута нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь Ігара Кузняцова, правядзенне такіх імпрэз важнае сваёй паслядоўнасцю: іх штогадовая традыцыя зрабіла істотны ўнёсак у фарміраванне музычных густаў сваёй аўдыторыі.

Кожны раз рыхтуецца новая, эксклюзіўная, праграма: прыкладам, прысвечаная джазу або музыцы мінулых стагоддзяў. Як вядома, калектыў мае безліч абліччаў, дыяпазон яго творчасці надзвычай шырокі, і гэта дазваляе ніколі не паўтарацца.

— За тыя чатыры гады аркестр для нас “раскрыўся” зусім іначай, — кажа Ігар Кузняцоў. — Можа, не ўсе ведаюць, што ў яго складзе ёсць цудоўныя камерныя калектывы, якія не проста віртуозна выконваюць класіку, але і распавядаюць усю гісторыю беларускай музыкі, перакідваючы масток з гэтай скарбніцы ў наш дзень. І таму мы заўсёды вельмі рады такой магчымасці пазнаёміцца з творчасцю выбітнага калектыву і далучыцца да найлепшых здабыткаў музычнай спадчыны…

Сёлетняя праграма калектыву была шмат у чым эксперыментальнай: за паўтары гадзіны яна аб’яднала ці не ўсе магчымыя стылі: класічную музыку, эстрадныя песні, джаз... Прэм’ера новай кампазіцыі, што стала своеасаблівай кульмінацыяй канцэрта, нібыта анансавала будучы юбілейны фестываль джаза, які традыцыйна ладзіцца ў сценах Клуба імя Дзяржынскага ў студзені кожнага года.

Як адзначыў мастацкі кіраўнік аркестра — народны артыст Рэспублікі Беларусь, прафесар Міхаіл Фінберг, для калектыву вельмі важна даносіць сваю творчасць да людзей розных прафесій, асабліва тых, якія маюць найвялікшую значнасць для грамадства.

— Безумоўна, розная публіка рэагуе па-рознаму, і гэта трэба ўлічваць, ствараючы рэжысуру праграм, — кажа маэстра. — Але мушу адзначыць, што якаснае і прачулае выкананне заўсёды спараджае хвалі апладысментаў, дзе б мы ні выступалі…

І сапраўды, рэакцыя публікі гэта пацвердзіла.