Цудоўныя, непаўторныя

№ 38 (1112) 21.09.2013 - 27.09.2013 г

Спадчына
У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі — чарговае свята: 17 верасня ўрачыста адкрылася ўнікальная выстаўка “Праваслаўны свет. Вобраз Хрыста ў іканаграфіі краін Усходняй Еўропы”, прысвечаная 1025-годдзю Хрышчэння Русі. Выстаўка працуе да 5 снежня.

/i/content/pi/cult/446/9319/9-3.jpeg

Вернісаж супаў і яшчэ з адным юбілеем — 35-годдзем архіпастарскага служэння Філарэта, Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі на зямлі Белай Русі. У сувязі з гэтым Царкоўна-гістарычны музей Беларускай Праваслаўнай Царквы прадставіў у экспазіцыі богаслужэбнае адзенне, рэліквіі, прадметы асабістай набожнасці Мітрапаліта, якія дэманструюцца ў рамках выстаўкі ў адной з залаў музея.

/i/content/pi/cult/446/9319/3-1.jpeg /i/content/pi/cult/446/9319/3-3.jpeg

Без перабольшання можна сказаць, што сённяшняя экспазіцыя — гэта вялікі падарунак нам, гледачам, мінчанам і гасцям сталіцы, незалежна ад індывідуальнага густу, узросту, прафесіі, сацыяльнай, культурнай і рэлігійнай прыналежнасці, бо яна прыўносіць у людскія душы чароўнае, прывабнае, захапляльнае святло любові і надзеі. Выстаўка ўвабрала ў сябе каля 100 раскошных, надзвычайных твораў канца XIV — пачатку XIX ст. са збору дзевяці музеяў чатырох краін: Расіі (Дзяржаўная Траццякоўская галерэя і Музей рускай іконы), Украіны (Нацыянальны Кіева-Пячэрскі гісторыка-культурны запаведнік), Сербіі (Бялградскі Нацыянальны музей) і Беларусі (Нацыянальны мастацкі музей, Музей старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук, музеі Гродна і Полацка). Падкрэслю, 12 ікон Сербіі, упершыню прадстаўленыя ў Беларусі, асабіста на мяне зрабілі яркае ўражанне сваім асаблівым нацыянальным каларытам, што, безумоўна, узыходзіць ад славутых візантыйскіх каранёў. Усе сербскія іконы, якія ўдалося выратаваць у часы войнаў, знаходзяцца пад аховай UNESCO.

Пра незвычайную духоўную каштоўнасць рускіх, украінскіх ды беларускіх ікон і казаць не даводзіцца: гэта даўно вядома ўсяму свету — і свецкаму, і сакральнаму, а не толькі ўласна славянскаму. Заснаваны на аўтарскай інтэрпрэтацыі біблейскіх сюжэтаў ды вобразаў, іканапіс, прадстаўлены на выстаўцы, скіраваны перш за ўсё на пачуццёвае ўспрыманне і перажыванне гледача. А сам вобраз Хрыста, нягледзячы на розныя іканаграфічныя “версіі”, духоўнай ніткай звязвае іконы “квадрыгі” краін у адно непарыўнае свяшчэннае цэлае. Па сутнасці, выстаўка — непарушны велічны помнік Збавіцелю і паслядоўнікам Яго Божага вучэння. Гэта, на мой погляд, галоўнае.

/i/content/pi/cult/446/9319/3-2.jpeg

Я ўжо не кажу пра тое, што экспазіцыя для прафесійных мастакоў, асабліва маладых, стане вельмі патрэбнай школай для вывучэння многіх цікавых пытанняў. Напрыклад, чаму ў іконах няма пэўнай крыніцы святла і падаючых ценяў? Чаму адсутнічае святлаценевая мадэліроўка, але ёсць аб’ём? У чым тайна іканапіснай сімволікі колеру, святла, жэстаў персанажаў, атрыбутаў? І як сукупнасць усіх выяўленчых прыёмаў у іканапісе стварае асаблівую знакавую сістэму — мову, “тэкст” (у семантычным значэнні гэтага слова)?

/i/content/pi/cult/446/9319/3-4.jpeg

17 верасня, напярэдадні вернісажу, адбылася прэс-канферэнцыя, у якой прынялі ўдзел арганізатары выстаўкі: генеральны дырэктар НММ Беларусі Уладзімір Пракапцоў, генеральны дырэктар Нацыянальнай Траццякоўскай галерэі Ірына Лебедзева, генеральны дырэктар Нацыянальнага Кіева-Пячэрскага запаведніка Любамір Міхайлін, дырэктар Нацыянальнага музея ў Бялградзе Баяна Борыч-Брэшковіч, дырэктар маскоўскай Прыватнай установы культуры “Музей рускай іконы” Мікалай Задарожны, кіраўнікі іншых беларускіх музеяў, а таксама епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім.

Удзельнікаў міжнароднай выстаўкі “Праваслаўны свет. Вобраз Хрыста ў іканаграфіі Усходняй Еўропы” цёпла павіншаваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.

Фота аўтара

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"