Канцэпцыя аднаго маршруту на памежжы

№ 38 (1112) 21.09.2013 - 27.09.2013 г

Частка ІV / "Белыя плямы" на культурнай карце
Турпраект “К”: па колішнім Віленскім краі / Шлях з Вільнюса ў Мінск М7 (E28) ведаюць многія нашы суайчыннікі: аўтобусы і машыны з беларускімі нумарамі снуюць па ім няспыннай чарадой. Мы таксама рушылі ўслед за імі, спадзеючыся пры першай жа нагодзе збочыць…

Некаторыя тутэйшыя журналісты лічаць Вільнюс горадам, добра адаптаваным для веласіпедыстаў, прыводзячы яго ў прыклад Мінску, які мае акурат адваротны імідж. З усёй адказнасцю можам заявіць: гэта няпраўда! Шыкоўная веладарожка ўздоўж праспекта Гедыміна — гэта бачная частка айсберга, і праблемы яна ніяк не вырашае. Іншыя ж веладарожкі тыя праблемы і наогул ствараюць. І добра яшчэ, калі нехта вырашыў пажартаваць ды зрабіў тую веладарожку даўжынёй у дваццаць метраў. Куды горш, калі “жарты” больш вынаходлівыя, і маркіроўка падступна заводзіць некуды ў балота, каб там раптоўна спыніцца, пакінуўшы веласіпедзіста ў незайздроснай сітуацыі.

Яшчэ адна праблема — звышнасычаны трафік. І калі мы ўрэшце выехалі на стары тракт паміж Мінскам і Вільнюсам, які амаль дубліруе новы, дык адразу ўздыхнулі з палёгкай. Тым больш, неўзабаве быў і першы прыпынак.

 

Мультымедыйная шафа

Дом-музей — гэта вельмі своеасаблівы фармат. Самае важнае тут — захаваць атмасферу, створаную самім творцамі, каб наведвальніку падавалася, быццам гаспадар толькі што быў тут ды выйшаў пакурыць. На жаль, гэта не заўсёды атрымліваецца: здараецца так, што аўтэнтычныя інтэр’еры даўно страчаны.

/i/content/pi/cult/446/9313/10-3.jpeg

Гэта датычыцца і Музея Уладзіслава Сыракомлі ў вёсцы Барэйкішкіс, які мы наведалі акурат незадоўга да адкрыцця новай экспазіцыі. Як вядома, “лірнік” пражыў пад Вільняй апошнія свае гады, арандуючы невялічкі маёнтачак у Тышкевічаў з блізкага адтуль Немежа. На падворку захаваліся жорны, якія Сыракомля любіў выкарыстоўваць замест пісьмовага стала... І на гэтым пералік рарытэтаў, бадай, заканчваецца! Яно і зразумела: дом шматразова змяняў гаспадароў ды перабудоўваўся.

У такой незайздроснай сітуацыі стваральнікі новай экспазіцыі прынялі ці не адзінае слушнае рашэнне: акцэнтаваць увагу не на саміх артэфактах, але на тэхнічных навінках, крэатыўных падыходах, эфектным мастацкім аздабленні. І стылізаваная пад ХІХ стагоддзе шафа раптам трансфармуецца ў мультымедыйны “дэвайс”, які дазваляе пачуць вершы Сыракомлі або пабываць у віртуальным туры па звязаных з ім мясцінах…

У гасцёўні ўстаноўлены стол, аточаны крэсламі, і да спінкі кожнага з іх прымацаваны партрэт адной з тых выбітных асоб, якія некалі наведваліся ў маёнтак.

— Можаце на гэтыя крэслы прысесці, яны ж — сучасныя, — запрашае нас спецыяліст па турызме Алег Шылько. — Школьнікам адпачываць на іх вельмі падабаецца…

Мультымедыйная “начынка” разлічана на некалькі моў адразу, але ж беларускай сярод іх няма. Гэта дзіўна, асабліва калі ўлічыць, што Сыракомля нарадзіўся на беларускіх землях, правёў там большую частку жыцця, пісаў пра беларускія рэаліі і часам па-беларуску. Але... Як выявілася, усё тлумачыцца вельмі проста.

— Ведаеце, турысты з Беларусі ў нас амаль не бываюць. Таму які сэнс рабіць інфармацыйныя матэрыялы па-беларуску? — кажа Алег Шылько.

 

Крыж на ростанях

Знайсці Музей Сыракомлі надзвычай проста: да яго скіроўвае густоўны драўляны ўказальнік. Галоўнае толькі — не зблытаць сур’ёзна абноўлены сядзібны дом ХІХ стагоддзя з сучаснымі катэджамі пад даўніну, якія атачаюць будынак. Зусім жа іншая справа — адшукаць колішні засценак Свіраны, дзе нарадзіўся Францішак Багушэвіч. Месца, лішне казаць, — сімвалічнае ды важнае для беларусаў, але... як выявілася, добра прызабытае.

Самога засценка альбо хоць якіх яго пабудоў да сёння не ацалела, назва “Свіраны” фактычна знікла з карты, але паколькі даследчыкі досыць пэўна вызначылі месца, мы шукалі ўсё ж не іголку ў сене. Калі ведаеш шлях, знайсці яго вельмі проста: трэба збочыць направа на адзіным выразным павароце, які патрапіцца на старым тракце з Вільнюса ў Мінск (неўзабаве пасля таго, як ён перакрыжуецца з сучаснай шашой), і літаральна праз колькі соцень метраў вы апынецеся ля мэты. Але калі ты едзеш упершыню... Тут ужо нават на мясцовых жыхароў марна спадзявацца: прозвішча “Багушэвіч” ім абсалютна нічога не кажа.

/i/content/pi/cult/446/9313/10-4.jpeg

— А вы што, яго сваякі? — дзівіцца адзін з “тубыльцаў”. І ў нейкім сэнсе ён мае рацыю — калі ўзяць пад увагу той магутны ўплыў, які зрабіў Багушэвіч на станаўленне беларускай нацыянальнай ідэі.

Урэшце, нейкім цудам трапляем- такі ў Свіраны. Краявіды там сапраўды Багушэвічавы. Побач — вёска, што складаецца ўсяго з трох хат. Як падаецца, жыццё там не надта змянілася за апошнюю сотню-другую гадоў. Нейкі тамтэйшы хлапчук акурат завіхаўся з канём, нібы ладзячы
анімацыйную праграму.

Пазнаць тое месца сёння вельмі складана: яно ніяк не маркіравана. Але ж яшчэ зусім нядаўна ўсё было інакш. На параўнальна свежых фота з Інтэрнэту можна ўбачыць шэраг розных саматужных праяў манументальнага мастацтва: шыльду, прысвечаную Багушэвічу, барэльеф з яго партрэтам... Дык куды ж яно ўсё падзелася?

Як выявілася, да нядаўняга часу Свіраны апекаваў пісьменнік Юрась Гіль, які прыязджаў туды з Вільні разам з купкай энтузіястаў, даглядаў мясціну, ладзіў невялічкія імпрэзы... А таксама штогод усталёўваў усё новыя і новыя мемарыяльныя аб’екты — няхай сабе, вядома, і вельмі сціплыя. Юрась Гіль называў Свіраны “народным мемарыялам”. Але гады чатыры таму руплівец пайшоў з жыцця...

— З таго часу амаль ніхто з беларусаў сюды і не прыязджае, — распавядае мясцовая жыхарка — спадарыня Станіслава.

Паводле яе слоў, колькі гадоў таму навальніца паваліла збудаванні “народнага мемарыялу”. І паколькі ніхто пра іх лёс не парупіўся, мясцовыя жыхары вырашылі “навесці парадак”. Таму на ростанях засталіся толькі крыж ды фігурка Маці Божай Ружанцовай. А Багушэвіч — нібыта знік.

Пра яго нагадвае хіба яшчэ адна мемарыяльная дошка, усталяваная некалі на сцяне дома спадарыні Станіславы. Але было тое гадоў -наццаць таму, і літары з часам амаль сцёрліся…

Вядома, усё гэта вельмі сумна. Тым больш, праблема не такая і складаная. Тут не трэба ўзводзіць палацы — можна абысціся зусім малымі сродкамі: стварыць прыгожы мемарыяльны знак (няхай сабе нават валун з шыльдай), паклапаціцца пра ўказальнік ды раз на год касіць траву. Мабыць, гэтага было б дастаткова, каб Свіраны вярнуліся на нашу культурную карту. Пытанне толькі ў тым, каму належыць парупіцца пра згаданыя простыя захады.

 

Ліфт у данжоне

Замкі ў літоўскім Медзінінкаі і беларускім Крэве лучыць нават геаграфія: абодва яны знаходзяцца ля той самай шашы “Мінск — Вільнюс”, самі сабой утвараючы адзіны турмаршрут. Балазе і гісторыя склалася амаль аднолькава. Абодва кастэлі — узоры “тыпавога будаўніцтва” часоў Сярэднявечча (Лідскі — таксама з той “кампаніі”), якія ўжо вякі таму страцілі абарончыя ўласцівасці, былі закінутыя, але ўсё ж датрывалі да ХХІ стагоддзя. Крэўскі замак моцна пацярпеў пад час Першай сусветнай, Медніцкі — пад час Другой... Доўгі час абодва яны былі занядбаныя. Але і будучыня іх чакае аднолькава аптымістычная: замкі было вырашана часткова аднавіць ды закансерваваць. Прынцып — прыблізна адзін і той жа: рэканструкцыя адной з вежаў для стварэння там музейнай экспазіцыі. Розніца хіба ў тым, што ў Крэве гэтыя работы — яшчэ толькі на праектнай стадыі, а вось музей у Медніцкім замку адкрыўся акурат год таму — 21 верасня 2012-га. Рэстаўрацыйныя работы праведзены дзякуючы фінансавай падтрымцы Еўрасаюза. Агульны іх каштарыс — каля трох мільёнаў долараў. Тэрмін рэалізацыі — даволі кароткі: усяго некалькі гадоў.

На сёння музей у Медзінінкаі з’яўляецца філіялам Тракайскага. Натуральна, такі свежы досвед рэстаўрацыі і музеефікацыі не мог застацца па-за нашай увагай. Як мы і чакалі, паралеляў назапасілася вельмі багата.

/i/content/pi/cult/446/9313/10-2.jpeg

Ці не самая тыповая прэтэнзія да айчынных рэстаўратараў — маўляў, нават цэглу яны не могуць падабраць “пад даўніну”. Літоўскія калегі таксама “не справіліся” з гэтай задачай. Адноўленая вежа нібыта складаецца з дзвюх частак — аўтэнтычнай і сучаснай, прычым мяжа паміж імі прачытваецца вельмі выразна. Лішне нават казаць, што гэта зроблена цалкам наўмысна: у адпаведнасці з міжнароднымі рэстаўрацыйнымі нормамі, усе “новаўвядзенні” павінны візуальна адрознівацца ад арыгінала, каб унікнуць яго фальсіфікацыі. Бо помнік — гэта дакумент, і гледзячы на яго, уважлівы назіральнік адразу “прачытае” эпохі.

Ля самой вежы — два рэканструяваныя фрагменты баявой галерэі. Жаданне хаця б пункцірам паказаць гэты элемент фартыфікацыі выглядае цалкам заканамерным, а вось жалезныя лесвіцы, што злучаюць галерэі з зямлёй, выклікаюць шчырае недаўменне. Тым больш, яны нават не “закамуфляваны” пад даўніну.

— Не падабаецца? — загадчык філіяла Данатас Жукаўскас ловіць нашы позіркі. — Я вас цудоўна разумею! Але такія ўжо правілы пажарнай бяспекі, і ўсе іх абавязаны выконваць…

Мы ківаем галовамі, згадваючы, колькі разоў гэты аргумент меў вырашальную ролю і пад час рэстаўрацыйных работ на Беларусі. Уваходзім унутр вежы. Першае, што кідаецца ў вочы, — шкляны ліфт, які злучае пяць ярусаў. Тут жа згадваем яго “суродзіча” ў Мірскім замку, які яшчэ і дасюль з’яўляецца мішэнню для кпін.

— Вядома, многія былі супраць таго, каб у сярэднявечнай вежы ўстанавілі ліфт, аднак патрабаванні “фундатараў” рэстаўрацыі з Еўрасаюза насілі папраўдзе ўльтыматыўны характар, — кажа Данатас Жукаўскас. — Паводле сучасных нарматываў, музейны аб’ект павінен быць даступным для наведвання людзьмі сталага веку альбо непаўнаспраўнымі…

Рушым угару па вінтавой лесвіцы. Яе габарыты — цалкам сярэднявечныя, а вось прыступкі — з бетону. На тое таксама ёсць сваё тлумачэнне: аўтэнтычныя ж не захаваліся, і замест муляжа рэстаўратары свядома зрабілі “навадзел”. Тое ж самае датычыцца і пліткі, якой абкладзена аглядная пляцоўка на версе вежы. Ну, і шыбаў у байніцах за Гедымінам, натуральна, не было. Але... Без іх сцюдзёна і мокра…

Між тым, як адзначыў Данатас Жукаўскас, неўзабаве распачнецца рэалізацыя другой чаргі праекта. Яна прадугледжвае будаўніцтва пляцоўкі для адукацыйных праграм. Так-так, самы што ні ёсць навадзел! Па словах загадчыка філіяла, на тым месцы былі выяўлены падмуркі нейкіх старых пабудоў, але... Гэтага “алібі” яўна недастаткова для таго, каб ужыць тут тэрмін “навуковая рэканструкцыя”.

І тут ізноў няўмольна ўзнікаюць паралелі. Колькі шуму было, калі на тэрыторыі Лідскага замка вырашылі пабудаваць некалькі дамкоў для музейнага персаналу ды іншых сучасных патрэб!

Адміністратыўныя памяшканні супрацоўнікаў Медніцкага музея знаходзяцца ў “навадзеле”, які прысуседзіўся да аднаго з замкавых муроў яшчэ ў ХІХ стагоддзі ды быў рэканструяваны ўжо ў наш час. Вядуць туды бетонныя прыступкі, а інтэр’еры — цалкам сучасныя. Затое ўмовы не горшыя, чым у добрым офісе: можна і адпачыць, і падсілкавацца.

А вось да аўтэнтычных элементаў рэстаўратары паставіліся з сапраўднай пашанай, і кантраст з новаўвядзеннямі толькі лішні раз засяроджвае ўвагу на тых ацалелых з часоў Гедыміна каменьчыках. Адно з праслаў замка выглядае так, нібыта яго наогул не чапалі: ніякіх слядоў рэстаўрацыйных работ.

— Гэты мур таксама закансерваваны, але паводле іншай методыкі, — патлумачыў Данатас Жукаўскас.

Не менш за рэстаўрацыю нас цікавіла таксама і музейная экспазіцыя. Балазе тут мы сутыкнуліся са знаёмай для Беларусі сітуацыяй: аўтэнтычных элементаў інтэр’ераў у медніцкім данжоне, вядома ж, не захавалася. Адпаведна, перад музейшчыкамі немінуча паўстала пытанне: што выстаўляць?

Адказ на яго быў знойдзены даволі нестандартны: толькі два з пяці ярусаў вежы адлюстроўваюць замкавую тэматыку і адпаведны ёй гістарычны “бэкграўнд”. Яшчэ адзін паверх займае камерная зала, а вось астатнія... Многім падасца, што яны як бы ўвогуле не з гэтага музея. І калі цудоўная калекцыя срэбраных вырабаў — ад Сярэднявечча і ажно па сённяшні дзень — выглядае досыць арганічна, дык выстаўка паляўнічых трафеяў колішняга Прэзідэнта Літвы Альгірдаса Бразаўскаса ўсё ж можа выклікаць пэўнае недаўменне.

Зрэшты, сітуацыя ў цэлым зразумелая: матэрыялаў археалагічных раскопак замала для стварэння атракцыйнай экспазіцыі. Часткова праблема была вырашана дзякуючы прыватным калекцыянерам, якія перадалі свае каштоўнасці на дэпазіт, але... Мяркуючы па ўсім, і гэтага не хапіла. І тады музейшчыкі зрабілі сапраўды варты пераймання праект: вядомы літоўскі мастак Генрыс Казімірэнас атрымаў замову на стварэнне маштабнага палатна, прысвечанага Грунвальдскай бітве.

— У палякаў ёсць знакаміты твор Матэйкі, а вось у нас гэтая ніша пакуль была не занята, — патлумачыў ідэю Данатас Жукаўскас.

Мастацкае афармленне — папраўдзе бездакорнае. Ды і выстаўка срэбра, калі разабрацца, — гэта яшчэ адзін бяспройгрышны варыянт: насыціць музейную прастору каштоўнымі артэфактамі, няхай сабе яны наўпрост і не суадносяцца з самім аб’ектам... Тым не менш, як падаецца, было б нялішнім больш падрабязна спыніцца на гісторыі замка ды самога мястэчка.

На думку дырэктара філіяла, адноўлены помнік павінен жыць сучасным жыццём, пераўтварыўшыся ў запатрабаваны грамадска-культурны цэнтр. Дыскатэкі, шоу, рок-канцэрты — усё гэта цалкам дарэчы ў старых мурах.

— Першы рыцарскі фэст у нас пройдзе акурат 21 верасня. Анімацыйныя праграмы пакуль яшчэ не ўкаранёны ў паўсядзённую практыку, — распавядае спадар Жукаўскас. — Але гэта справа самага бліжэйшага часу…

Калі мы расказалі, колькі турыстаў штодня наведвае Нясвіжскі або Мірскі замкі, наш літоўскі візаві, падобна, нават не даваў веры. Бо адкрыты пасля рэстаўрацыі літоўскі аб’ект за год наведала ўсяго каля дваццаці тысяч чалавек… Працэнт сярод іх нашых суайчыннікаў — у межах статыстычнай хібнасці. І тое папраўдзе дзіўна, асабліва калі ўлічыць, колькі турыстаў штодня рушыць па Мінскай шашы літаральна за кіламетр ад замка…

Сувеніры ў музеі ёсць на любы густ і кішэню: ад літаграфій з выглядам замка, якія каштуюць пад сотню долараў, і да зусім танных паштовачак ды магніцікаў. Па словах Данатаса Жукаўскаса, установа сама пра ўсё гэта рупіцца, замаўляючы новыя партыі ў невялічкіх прыватных фірмах. Тое ж самае, дарэчы, вельмі паспяхова робяць і асобныя беларускія ўстановы — прыкладам, зусім маладзенькі музей у Ружанах.

Але асаблівая “фішка”, якой у нас, здаецца, яшчэ няма,  — гэта магчымасць уласнаручна выбіць манету з выявай замка. Тэхналогія — танная і немудрагелістая, і таму ад ахвотнікаў патрымаць кувалду проста няма адбою…

Вільнюскі раён (Літва)

Фота аўтараў

 

Папярэднія матэрыялы Турпраекта "К"-2013 "Па колішнім віленскім краі":

Частка І / Як зрабіць адметнасцю каханне Адама з Марыляй замест запраўкі і крамы "Duty Free"?

Частка ІІ / Рамантычныя руіны ўтопіі: ці зробяць іх кансервацыю суседзі?

Частка ІІІ / Калі “адвісалі сківіцы”, а калі ў нас было лепш

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"