Мастацкі збор: тысячагоддзе непарыўнага кантэксту

№ 38 (1112) 21.09.2013 - 27.09.2013 г

Праект партнёрства
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь разам з Нацыянальным мастацкім музеем у сакавіку — ліпені 2014 года па ініцыятыве і пры фінансавай падтрымцы ААТ “Белгазпрамбанк” арганізуе выстаўку “Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі”.

Мэта гэтай буйнамаштабнай экспазіцыі — прадставіць з дапамогай артэфактаў і лепшых станковых твораў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва краіны, пачынаючы з XI стагоддзя і да нашых дзён, аб’ектыўны працэс развіцця культуры Беларусі ў яго поўным і непарыўным кантэксце сусветнай цывілізацыі.

Плануецца ўключыць у выстаўку артэфакты, якія былі народжаны на землях, што ўваходзяць у сучасную Беларусь, а таксама прадметы мастацтва, створаныя выхадцамі з гэтых мясцін, але за іх межамі. Экспанаты для выстаўкі прадаставяць “Белгазпрамбанк”, музейныя ўстановы Беларусі, а таксама іншых краін, у тым ліку — беларускія і замежныя калекцыянеры, з якімі ўжо сёння вядуцца перамовы. Прытым перавага аддаецца артэфактам, што раней не выстаўляліся ў Мінску.

Выстаўка будзе складацца з 17 разделаў, якія адлюстроўваюць галоўныя этапы развіцця культуры краіны, кожны з якіх мае падраздзелы: жывапіс, графіка, скульптура, дэкаратыўна-прыкладная творчасць, архітэктура. Усё мяркуецца прэзентаваць з адпаведнымі эксплікацыямі на беларускай, рускай і англійскай мовах. У агульную прастору экспазіцыі ўключаны таксама арт-кафэ, месцы для прагляду відэафільмаў па тематыцы выстаўкі і праграмы інфакіёскаў, якія дазволяць азнаёміцца са зместам прадстаўленых рукапісаў ды друкаваных выданняў і г.д.

Членамі Экспертнага савета выстаўкі, у склад якога ўваходзяць высокапрафесійныя музейшчыкі, культуролагі, экспазітары, мастакі. Куратары праекта — Уладзімір Шчасны (ААТ "Белгазпрамбанк") і Надзея Усава (Нацыянальны мастацкі музей). Ужо распрацаваны падрабязны праект гэтай унікальнай акцыі з яе канцэпцыяй ды структурай. Ён з дапаўненнямі і заўвагамі быў прыняты на пасяджэнні Савета, якое адбылося ў музеі 12 верасня. Да адкрыцця выстаўкі выдавецтвам “Чатыры чвэрці” будзе выпушчаны фундаментальны ілюстраваны альбом-каталог, работа над якім ужо пачалася.

Колькі слоў скажу пра залы, у якіх плануецца размясціць гэтыя ўнікальныя творы. Першая зала — так бы мовіць, прастора Візантыйшчыны: ад культуры старажытнабеларускіх княстваў (вобразатворы найбольш значных беларускіх сабораў і цэркваў, Полацкае, Тураўскае і Аршанскае Евангеллі, копія Крыжа Ефрасінні Полацкай, ювелірнае мастацтва і малая пластыка) да ўплываў візантыйскіх традыцый на развіццё культуры Беларусі XIV — XVIII стст. з адпаведнымі артэфактамі.

Другая зала, паводле задумы арганізатараў, прысвечана развіццю культуры на беларускіх землях у XIV — XVIII стст. Пры гэтым на падмурку артэфактаў будзе зроблены дамінантны акцэнт на высокі ўзровень дзяржаўнага ладу, адукацыі, мастацтва, навукі, а таксама на этнічную і канфесійную разнастайнасць і гармонію на землях ВКЛ.

Зала трэцяя прадставіць гледачам класіцызм і традыцыйную культуру XIX — пачатку XX ст. Пасля далучэння беларускіх земляў да Расійскай імперыі, падаўлення паўстання Т.Касцюшкі, канфіскацыі ўладанняў буйных магнатаў, у прыватнасці, Радзівілаў, за падтрымку Напалеона Банапарта культурныя каштоўнасці перамясціліся з палацаў магнатаў у дваранскія маёнткі. Сярод артэфактаў — выявы гарадоў і мястэчак на творах Н.Орды і Л.Ходзькі, прыжыццёвыя выданні А.Міцкевіча, А.Адынца, Я.Чачота, Т.Зана, І.Дамейкі, творы мастакоў А.Гараўскага, І.Хруцкага, І.Аляшкевіча, Н.Сільвановіча, С.Заранкі, Ф.Рушчыца ды іншых, інсітнае мастацтва.

У зале пад нумарам чатыры знойдуць сваё адлюстраванне мастацкія школы Беларусі пачатку ХХ ст. — ад Рысавальных школ Якава Кругера і Івана Трутнева да Мастацкай школы Юрыя (Іегуды) Пэна. Імёны іхніх выхаванцаў сёння ўсім вядомыя: Х.Суцін, М.Кікоін, П.Крэмень, М.Шагал, З.Азгур, Л.Альпяровіч, Я.Драздовіч, С.Царфін, В.Цадкін, Л.Зевін, І.Ахрэмчык ды дзясяткі іншых найталенавітых творцаў.

Арт-кафэ на першым паверсе дэкарыравана ў стылі гарадской культуры з элементамі стылю мадэрн пачатку ХХ стагоддзя ў выглядзе адзення на манекенах і аксесуараў да яго ў вітрынах. Прастора кафэ будзе таксама прыстасавана пад выстаўку вырабаў са шкла завода “Нёман” і Барысаўскага шклозавода, відарысаў Мінска ды іншых гарадоў краіны таго часу.

Галерэя музея будзе запоўнена работамі, створанымі ў ХХ стагоддзі. Гэта — Віцебская мастацкая школа (1918 — 1923 гг.), Віцебскі мастацкі тэхнікум (вучылішча) 20 — 30-х; мастакі замежжа, уключаючы, напрыклад, Р.Геніна, А.Любіча, Я.Маісеенку, Г.Ніскага, Н.Хадасевіч-Лежэ; мастакі Заходняй Беларусі 1920 — 30-х гадоў (П.Сергіевіч, Я.Раздзялоўская, М.Сеўрук, П.Южык ды іншыя). Тут жа, у галерэі, — работы пра Вялікую Айчынную вайну, пасляваенныя творы і вялікае кола работ, спалучаныя з унёскам выхаванцаў і педагогаў ММВ — БДТМІ — БДАМ, мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педагагічнага інстытута (сёння — універсітэта) у нацыянальную выяўленчую культуру БССР і Рэспублікі Беларусь.

Канешне ж, адразу можа ўзнікнуць пытанне: ці дастаткова выставачных плошчаў Нацыянальнага мастацкага музея для размяшчэння ўсіх гэтых твораў? Пытанне — заканамернае, і яно на пасяджэнні Савета закраналася неаднойчы. Скажу толькі, што пакуль гэтае пытанне “пад пытаннем”. Магчыма, будуць задзейнічаны і іншыя выставачныя плошчы горада, напрыклад, Палац мастацтва. Бліжэйшы час пакажа, як дадзеная праблема будзе максімальна рэалізавана.

Так ці інакш, праект “Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі”, у якім, ізноў падкрэслю, будуць прадстаўлены экспанаты з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, іншых музейных і бібліятэчных устаноў нашай краіны ды замежных дзяржаў (з імі сёння вядуцца перамовы), — з’ява неардынарная. Выстаўка прадэманструе месца культуры Беларусі ў сусветнай цывілізацыі з мэтай фарміравання ў жыхароў краіны пачуцця патрыятызму і жадання ўнесці свой уклад у далейшае развіццё духоўна-культурнага працэсу.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"