Сачыце за рукамі!

№ 34 (1108) 24.08.2013 - 30.08.2013 г

Адзін вядомы літаратурны герой раіў не чытаць газет перад ежай. Надарылася нагода зразумець, што ён мае рацыю — нягледзячы на дармовы Wi-Fi, які спакусліва прапануе сваім наведвальнікам ці не кожная кавярня.

/i/content/pi/cult/442/9190/4-1.jpeg

Часова аддаліўшыся ад родных краёў з нагоды ўласнага адпачынку, вырашыў неяк за абедам пацікавіцца, што ж там робіцца ў Беларусі. І вось, на вочы трапіўся матэрыял на адным папулярным інтэрнэт-партале: “Спіс каштоўнасцей Беларусі могуць скараціць больш чым у сем разоў”. Натуральна, мая сківіца адвісла, і апетыт быў незваротна сапсаваны. Бо можна сабе толькі ўявіць, чым пагражае айчыннай спадчыне падобнае скарачэнне.

Не дзіва, што гэты сенсацыйны артыкул быў “скапіпэйшчаны” яшчэ добрым тузінам разнастайных рэсурсаў, ды і вал каментарыяў, якія эмацыйна, але даволі аднастайна выяўлялі народны гнеў, таксама цалкам заканамерны. Маўляў, што ж дзеецца ў роднай старонцы?

Як ні дзіва, адказ на гэтае пытанне хаваецца ў самім матэрыяле. Гаворка вядзецца там пра вынікі сёлетняга даручэння Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь аб правядзенні аналізу існага Дзяржспіса. Далей аўтар цытуе начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры нашай краіны Ігара Чарняўскага, які паведаміў, што мясцовыя ўлады ў сукупнасці прапанавалі пазбавіць статуса амаль 700 аб’ектаў.

А далей — самае цікавае, сачыце за рукамі... Аўтар згадвае, што агулам пазіцый у Дзяржспісе — 5 379. І раптам прыходзіць да высновы: калі ўсе прапановы будуць адобраны Навукова-метадычнай радай (менавіта за ёй замацавана права выносіць рашэнні), Спіс збяднее больш чым у сем разоў. Дзіўная рахуба. Але ж 700 — гэта амаль 1/8 ад 5 379...

І справа нават не ў тым, што канкрэтна ўзяты журналіст зрабіў арыфметычную памылку, адмерыўшы “сем разоў” замест адной сёмай. Памылкі з усімі здараюцца. Але ж да чытача гэты матэрыял павінны былі ўбачыць карэктар, рэдактар... Менавіта наяўнасцю такіх звёнаў і адрозніваецца СМІ (не важна, у якім фармаце) ад чыйгосьці прыватнага блога. Ды і на іншых рэсурсах кідкі загаловак быў змешчаны ў яго адпачатным выглядзе. Бо “чукча ж — не “считатель”...

Гэты красамоўны і бадай анекдатычны выпадак у нечым ілюструе айчынную медыятэндэнцыю. Матэрыялы, што ўтрымліваюць развагі на складаную тэму аховы спадчыны (і яе “вытворныя”: ці патрэбны рэвізіі Дзяржспіса і што ўвогуле рабіць з занядбанымі помнікамі “з шыльдачкай”?), трапляюцца гады ў рады. Кідкіх загалоўкаў куды больш. І менавіта таму шараговаму рэцыпіенту вельмі цяжка ацаніць агульны стан рэчаў ды сфарміраваць сваю ўласную думку на гэты конт, якая, магчыма, стане асновай і нейкага канкрэтнага дзеяння. Замест гэтага “юзару” застаецца толькі плыць па хвалях эмоцый.

Да кантэнту, што трапляе да нас праз той самы Wi-Fi, мы ставімся куды менш уважліва, чым да інгрэдыентаў піцы, якую ў гэты самы час паглынаем. Гатаванне апошняй, безумоўна, патрабуе дасведчанасці, высілкаў, а таксама грашовых затрат. І гэта ўсе разумеюць. З медыякантэнтам, на жаль, пакуль іначай.

Што ж да ўласна рэвізіі Дзяржспіса... Наўрад ці гэтую задачу выпадае лічыць найактуальнай менавіта ў сённяшніх варунках, але, без сумневу, такая справа не лішняя. Вось маленькі прыклад: у вёсцы Паграбёнка Сенненскага раёна ёсць паштовая станцыя ХІХ стагоддзя, якая мае пачэсную другую катэгорыю — помнік нацыянальнага значэння. Наступная ж станцыя па тым самым тракце — у вёсцы Грышаны — пазначана ўжо “троечкай”, хаця яны “блізняты”, збудаваныя па адным тыпавым праекце. Зрэшты, лёс іх абедзвюх пакуль вельмі няпэўны, і менавіта гэта — галоўная праблема.

Вырашыць яе шляхам зрывання шыльд наўрад ці ўдасца: гэта проста самападман. Калі помнік ёсць і калі ён сапраўды варты месца ў Дзяржспісе (а ў многіх выпадках гэта можа вызначыць нават неспецыяліст: возьмем хаця б тую ж “Мураванку” ў Шчорсах), значыць, з ім неяк трэба лічыцца. Але калі Рада прыйдзе да высновы, што помніка як такога і няма, а статус быў некалі нададзены паспешліва...

Тут варта нагадаць: беларускае заканадаўства пакідае вельмі мала магчымасцей для пазбаўлення аб’екта з Дзяржспіса яго статуса — яно куды больш катэгарычнае, чым у многіх суседзяў. І праблемны тэхнічны стан помніка не можа быць такой прычынай — насуперак надзеі асобных чыноўнікаў “на месцах” спрасціць сабе жыццё…