Юліян Фалат і яго Беларусь

№ 33 (1107) 17.08.2013 - 23.08.2013 г

“Бог цябе сюды паслаў — любі Нясвіж, як Нясвіж цябе палюбіў…”

(Працяг. Пачатак у №№ 31 — 32.)

/i/content/pi/cult/441/9189/15-1.jpeg

Ю. Фалат. Аўтапартрэт. 1910 г.

…Канешне ж, сюжэты большасці твораў Фалата, на першы погляд, — непераборлівыя, сціплыя. Але гэта жывыя кавалачкі “дакументальнай” рэальнасці, па якіх сёння можна разважаць і пра побыт беларускага сялянства, і пра норавы беларускай шляхты канца XIX стагоддзя. Дарэчы, у 2010-м на мінскай выстаўцы “Польскае выяўленчае мастацтва 2-й паловы XVIII — 1-й паловы XX стст.” (з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі) былі прадстаўлены алоўкавы партрэт егера і акварэльны партрэт Станкевіча.

У час фашысцкай акупацыі Польшчы, у жніўні 1944 года, две карціны Фалата — “Паляванне” і “На паляванне” — былі вывезены нацыстамі з Нацыянальнага музея Варшавы ў Германію, а потым нейкім чынам апынуліся ў ЗША. Прадстаўнікі польскага пасольства ў Штатах выпадкова знайшлі іх у 2006-м у нью-ёркскіх аўкцыённых дамах “Christie’s” і “Doyle”. Адразу ж звярнуліся да амерыканскага ўрада з просьбай ініцыяваць адпаведнае расследаванне. Яно доўжылася амаль чатыры гады. І толькі ў снежні 2010-га Манхэтанскі суд пастанавіў, што карціны павінны быць вернуты Польшчы, бо ўяўляюць з сябе незаконна вывезеную ў час Другой сусветнай вайны маёмасць. Такім чынам, творы Фалата былі перададзены толькі што абранаму новаму Прэзідэнту Польшчы Браніславу Камароўскаму, які знаходзіўся якраз у гэты час у Нью-Ёрку на сесіі Генеральнай асамблеі ААН…

Нейкі час гэтыя творы Фалата ўпрыгожвалі варшаўскі Палац Прэзідэнта (на вуліцы Кракаўскае прадмесце, 46/48), там, дзе знаходзіцца і карціна нашага земляка Януарыя Сухадольскага “Смерць Цыпрыяна Гадэбскага пад Рашынам”. Потым палотны былі перададзены ў Нацыянальны музей.

/i/content/pi/cult/441/9189/15-2.jpeg

Ю.Фалат. "Лось". 1888 г.

…Акрамя Нясвіжа Фалат часта выязджаў у іншыя рэгіёны Беларусі. На Гродзеншчыне, напрыклад, ён пісаў ды рысаваў лясных гаспадароў — ласёў, шмат пейзажаў, асабліва зімовых. З гэтага цыкла ў Львоўскай карціннай галерэі і сёння экспануюцца творы “Снег” і “Ручай у снезе”.

Цікавыя малюнкі, у якіх адлюстраваны беларускія сяляне, занятыя сваёй штодзённай працай. Вось, напрыклад, стары селянін у доўгай белай кашулі і ў беларускіх лапцях з лыку. Ён рамантуе граблі, а яго старэйшы сын вострыць касу. Тут жа іншыя прылады працы — саха ды барана. І такіх творчых прыкладаў, дзе яўна адчуваецца сімпатыя мастака да простых беларусаў, — шмат.

Фалат, сам па натуры нястомны падарожнік, бываў і на возеры Свіцязь, і ў Міры, Навагрудку, Барысаве, абыходзіў берагі Бярэзіны ды Студзёнкі, дзе рабіў накіды ды пісаў эцюды. Гэтыя эцюды праз некалькі гадоў паслужылі зыходным матэрыялам для стварэння (разам з Войцэхам Косакам) вялікай гістарычнай панарамы, прысвечанай напалеонаўскай эпапеі 1812-га — драматычнай пераправе французскай арміі праз Бярэзіну. У 1896 годзе яна была ўстаноўлена ў Берліне, у спецыяльным будынку на Герварштрасэ. Вышыня гэтага ўнікальнага твора была 16 метраў і 120 (!) метраў у акружнасці. Усе зімовыя пейзажныя матывы па-майстэрску выканаў Юліян Фалат, фігуратыўную частку — Войцэх Косак.

Колькі слоў пра гэтага выдатнага жывапісца, аўтара многіх гістарычных і батальных палотнаў, прысвечаных эпосе Напалеона і Тадэвуша Касцюшкі, польска-беларуска-літоўскаму паўстанню 1830 года супраць Расійскай імперыі. Ён напісаў шмат ваенных сюжэтаў часу Першай сусветнай вайны, у якой сам удзельнічаў. Вучыўся ў Кракаве, Мюнхене і Парыжы. З 1916-га настаўнічаў у Варшаўскай школе прыгожых мастацтваў. Памёр у акупаваным немцамі Кракаве 29 ліпеня 1942 года. Лічыцца аднім з лепшых мастакоў-баталістаў Еўропы, аўтар трох буйных панарам — “Бярэзіна” (сумесна з Юліянам Фалатам), “Рацлавіцы” (пра перамогу касіянераў Тадэвуша Касцюшкі над рускай арміяй генерала Аляксандра Тармасава 4 красавіка 1794 г.), “Егіпецкі паход Напалеона”, — а таксама карцін “Крывавая нядзеля. 9 студзеня 1905 года. Пецярбург”, “Напалеон на беразе Нёмана”, “Князь Юзаф Панятоўскі ў 1812 годзе”, “Гусар на снезе”, “Касцюшка на кані”, “Прысяга Касцюшкі на Кракаўскім рынку 24 сакавіка 1794 года”, “Касцюшка вядзе ў атаку”, “Грунвальд” і шматлікіх іншых палотнаў.

Што ж да панарамы “Бярэзіна”, то яе лёс вельмі драматычны. Спачатку ўсё ішло добра: грандыёзны твор на пачатку 1900-х паказалі ў Варшаве, Кіеве, Маскве. Яго ўсе хвалілі як “лепшую панараму ў свеце”. Але ў 1907 годзе панарама аказалася разрэзанай на фрагменты і… распрададзена. Прычынай таму, па некаторых сведчаннях, была сварка яе стваральнікаў — Войцэха Косака і Юліяна Фалата. Мабыць, канфлікт гэты разгарэўся з-за ступені ўдзелу аўтараў у стварэнні панарамы? Дакладна не ведаю. Словам, дайшло да дуэлі. Косак выстраліў першым, але прамахнуўся. Фалат жа ў апошні момант страляць не захацеў. Былыя сябры і аднадумцы моўчкі разышліся ў розныя бакі. Але справа скончылася тым, што ў 1907 годзе Войцэх Косак уласнаручна разрэзаў панараму на часткі, кожную, якую лічыў “сваёй”, падпісаў “Wojciech Kossak”, а пазней пусціў на продаж…

Пошук гэтых фрагментаў у далейшыя гады — гэта асобная старонка амаль дэтэктыўнай гісторыі ХХ стагоддзя. Адзін з фрагментаў трапіў у Люблянскі музей напрыканцы 60-х гадоў пасля таго, як яго прадаў за вялікія грошы прыватны калекцыянер. Твор з выявай стомленых асуджаных салдат былой “Вялікай арміі” быў у жудасным стане, але ўмелыя рукі польскіх спецыялістаў змаглі яго адрэстаўраваць.

Наступны, мабыць, самы вялікі, фрагмент “Спальванне сцягоў” (цэнтральная частка панарамы) знаходзіцца ў Нацыянальным музеі Кракава. Пасля шматдзённых кровапралітных бітваў, голаду і нягод, армія Напалеона 23 лістапада 1812 г. прыбыла ў беларускае мястэчка Бобр. Тут імператар атрымаў паведамленне пра заняцце войскамі Чычагава горада Барысава. Такім чынам французы апынуліся як бы ў акружэнні. І тады Напалеон загадаў сабраць штабныя паперы, частку абозу і сцягі (“арлы”) усіх карпусоў трох гвардзейскіх дывізій ды кавалерыі і спаліць, каб яны не дасталіся праціўніку. А праз тры дні пачаў пераправу праз Бярэзіну пры вёсцы Студзёнка — за шэсць вёрст вышэй Барысава. Эпізод “Спальванне сцягоў” аўтары панарамы перанеслі бліжэй да Бярэзіны, тым самым трошкі парушыўшы гістарычную праўду. Але ў дадзеным выпадку вялікай ролі ў мастацкім творы гэта не іграе.

І вось той фрагмент: перад вогнішчам на барабане сядзіць імператар у гвардзейскім мундзіры і футры (яго пасля падпісання летам 1807 г. нявыгаднага для Расіі Тыльзіцкага міру падарыў Напалеону яго “сябра”, рускі цар Аляксандр I). Побач — панурыя маршалы, салдаты-гвардзейцы, кавалерысты. Сцэна, канешне ж, вельмі паказальная: тут, у Беларусі, на гэтым месцы, па сутнасці, скончылася бліскучая ваенная эпапея вялікага палкаводца ўсіх часоў і народаў. А слова “Бярэзіна” для кожнага француза стала гаваркой назвай. Мабыць, невыпадкова Косак напісаў пад карцінай знакамітае выслоўе: “Так мінае людская слава…”.

Гэты фрагмент з’явіўся ў Варшаўскам музеі яшчэ да Другой сусветнай вайны. Сын вядомага палітыка пачатку ХХ стагоддзя, маршала Сейма Галіччыны Станіслава Бадэні — Стэфан Бадэні і ягоная жонка Марыя Ябланоўская купілі яго (яшчэ да ад’езду з акупаванай Польшчы ў Будапешт) на аўкцыёне ды падарылі музею. Потым Стэфан апынуўся ў канцлагеры Маўтхаўзен, але цудам выжыў. Памёр у Дубліне ў 1961-м, а ягоная жонка пайшла з жыцця яшчэ 20 гадоў да таго. На пачатку 2000-х карціна таксама ўпрыгожвала Прэзідэнцкі палац, а потым яе вярнулі на законнае месца...

(Працяг будзе.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"