Пра дрэс-код і Мадонну

№ 32 (1106) 10.08.2013 - 16.08.2013 г

Алег ЧЭЧАНЕЎ, акцёр, рэжысёр Мінскага абласнога драматычнага тэатра

/i/content/pi/cult/440/9145/5-1.jpeg

Сацыяльныя сеткі стракацяць групамі, прысвечанымі гораду Маладзечна. Колькасць падпісчыкаў перавальвае за тысячу і больш, паколькі згуртаванні даволі падрабязна і аператыўна асвятляюць падзеі, што адбываюцца ў горадзе ды раёне. Праглядаючы навіны, я натрапіў на фотарэпартаж, дзе глядач, крок за крокам, сфатаграфаваў выступленні маладых зорак беларускай эстрады з нагоды Дня горада, здаецца.

Разглядаючы ўборы выканаўцаў, згадаў азначэнне “дрэс-код”. Гэта значыць, што ў адным і тым жа смокінгу нельга ісці на прыём у пасольства, загараць на пляжы, стаяць з каляскай ля касы ці збіраць каларадскіх жукоў на бульбяным полі.

Вось возьмем хлопцаў з гурта “Litesound”. Іх можна паважаць за волю і характар, праяўленыя ў імкненні адстаяць сваё права выступіць на конкурсе “Еўрабачанне” ў 2012 годзе. Сваю частку святочнага канцэрта яны адпрацавалі ў немудрагелістых пацёртых джынсах і футболках. Пасля выступлення музыканты гурта, не пакутуючы на зорную хваробу, з задавальненнем фатаграфаваліся з усімі ахвотнымі, раздавалі аўтографы — усё ў тых жа футболках і джынсах. Я ўявіў сабе, як яны садзяцца ў машыну, едуць у Мінск, дзе расслабляюцца ва ўтульным кафэ, абмяркоўваюць мінулы дзень ды раз’язджаюцца па дамах. Усё ў тых жа футболках і джынсах. З хлопцамі ўсё зразумела: яны не надта задумваюцца наконт свайго іміджа. Іхні пасыл у глядацкую залу вельмі просты: мы нічым не выдзяляемся з натоўпу, мы такія ж, як і вы — маладыя ды энергічныя. Галоўнае, каб не знікаў адрэналін і не пераводзіліся прыхільніцы.

А вось з дзяўчатамі больш складана. "Чаго бракуе нашым выканаўцам?" — такое пытанне ўзнікла пры праглядзе канцэртных фота дзяўчат з гурта “Bycity”. Ува мне загаварыў голас гісторыка моды Аляксандра Васільева: “Аблягаючыя шорцікі — гэта добра для фітнес-клуба ці трэнажорнай залы. Гэта той жа дрэс-код”. Не вядома, каму прыйшла ў галаву ідэя пашыць якраз такія ж з бліскучай тканіны (так і напрошваецца: “Але з перламутравымі гузікамі”) ды апрануць у іх выканаўцаў. Адчуваецца, што на мэце было падкрэсліць зграбнасць маладых фігур, а на выхадзе атрымалася пародыя на баксёрскія шорты... Мне скажуць: маўляў, хопіць бурчаць, асабіста яны ні ў чым не вінаваты. Дам адказ: а як жа ўнутраны густ кожнай?

Мне запярэчаць: гэта наш эпатаж! Мадонне вунь усё можна — чаму ж нам нельга? Адкажу: Мадонна — гэта добра прадуманы бізнес-праект. У гэтым бізнесе працуюць сотні людзей, якія падкідваюць спявачцы новыя ідэі ды прадумваюць кожны ейны жэст і рух. Дзякуючы гэтаму яна і трымаецца на плаву не адно дзесяцігоддзе. І ў гусце, і ў пачуцці стылю ёй не адмовіш. Таленавіты акцёр, вывучыўшы тэкст ролі, зліваецца са сваім персанажам у адно цэлае, становіцца цалкам іншым чалавекам і — забывае пра свайго персанажа, ледзь толькі сціхаюць апладысменты залы. Тое ж самае, на мой погляд, можна сказаць і пра Мадонну.

Сцэна — гэта не начны клуб, дзе пануе іншая атмасфера і зусім іншая ступень раскаванасці публікі. Сцэна паказвае і раскрывае ўзровень ды ступень творчых здольнасцей — як выканацаў, так і тых, хто рыхтуе іх выступленні: стылістаў, візажыстаў ды іншых. Што выканаўца хоча паказаць сваім прыхільнікам, чаму навучыць, не жадаючы таго? Гледача можна эпаціраваць колькі заўгодна. Толькі — з густам, каб не ўзнікала адчування няёмкасці ад таго, што адбываецца, каб глядач не адводзіў вочы ад сцэны. Каб, нарэшце, не сачыняць адказ на наіўнае пытанне дзіцяці, якога бацькі ўзялі на канцэрт: чаму гэтыя дзядзі і цёці на сцэне — у такім выглядзе?

Добрых прыкладаў у сусветнай эстрадзе шмат. Можна для пачатку што-небудзь у каго-небудзь падгледзець і пераняць. Нават у той жа Мадонны.

Аўтар: Алег ЧЭЧАНЕЎ
акцёр, рэжысёр