Ноч музеяў альбо ноч з "Еўрабачаннем": хто ж перамог?

№ 21 (1095) 25.05.2013 - 31.05.2013 г

Каб музейныя цуды сталі камфортнымі…

Сёлетняя Ноч музеяў у Мінску прадоўжыла ўсе тутэйшыя традыцыі гэтай акцыі. Як станоўчыя — разняволеная атмасфера свята, крэатыўнасць ды разнастайнасць праграм і, як вынік, народная папулярнасць, — так, прызнаемся, і адмоўныя: брак рэкламы ды інфармацыі і, што парадаксальна, вялізныя чэргі да дзвярэй у музеі.

Апошняе тым больш дзіўна хаця б з дзвюх прычын. Па-першае, сёлета білеты зазвычай абыходзіліся наведвальніку ў зусім не сімвалічную суму. А па-другое — акцыя прыпала на працоўную суботу, да таго ж, яшчэ і выпадкова супаўшы з фіналам "Еўрабачання". Таму адданасць мінскай публікі сведчыць пра тое, што музейнае свята трывала ўвайшло ў народную свядомасць: яго ведаюць і чакаюць. Адпаведна, з'яўляецца матывацыя не спыняцца на дасягнутым ды шукаць рэзервы для развіцця. Прычым задумацца пра гэта самы час ужо сёння: нагадаем, што наступная Ноч музеяў трапіць у самы эпіцэнтр сусветнага Чэмпіянату па хакеі, які прывабіць у Мінск дзясяткі тысяч патэнцыйных удзельнікаў акцыі.

Таму панядзелкавая планёрка "К" сама сабой перарасла ў дыскусію адносна ўрокаў ды перспектыў сталічнай Ночы музеяў.

Сяргей ТРАФІЛАЎ: — Без сумневу, можна канстатаваць, што Ноч музеяў у Мінску стала моднай ды запатрабаванай. Ды, разам з тым, некаторыя праблемы, гутарка пра якія вядзецца вось ужо каторы год, так пагэтуль і не вырашаны. Прыкладам, гід, які ўтрымліваў бы вычарпальную інфармацыю пра ўсе падзеі ў сталіцы і, вядома, спецыяльную карту. Сёлета падобныя праекты спрабавалі саматужна рэалізаваць асобныя вэб-СМІ, але ахапіць усё ніводнаму з іх, здаецца, не ўдалося. Яно і зразумела, бо скласці пазл з асобных прэс-рэлізаў, якія дасылалі (ці забывалі даслаць) на рэдакцыйную пошту самі музеі, — задача не з простых. Ды і ўвогуле... Рэкламы як такой я асабліва і не заўважыў — хіба некаторыя ўстановы самі парупіліся пра размяшчэнне афіш у метро ды анонсаў у сацыяльных сетках.

Ілья СВІРЫН: — Самы змястоўны збор усіх пунктаў праграмы Ночы музеяў па краіне я бачыў на спецыялізаваным партале "Музеі Беларусі", але і яго не выпадае назваць поўным: прыкладам, там прадстаўлены толькі ўстановы галіны Міністэрства культуры краіны (на сайце якога таксама змяшчаўся суправаджальны план), хаця ў акцыі ўдзельнічалі і ведамасныя ды прыватныя... Ды і сам партал разлічаны перадусім на музейныя колы, а не на шырокага спажыўца.

Канстанцін АНТАНОВІЧ: — Дык а навошта рэклама, калі публікі і без таго не бракуе?

Яўген РАГІН: — Перадусім такі компас патрэбен нам, гледачам, каб хаця б трохі арыентавацца ў той віхуры. У меншых гарадах куды прасцей: падзей падобнага плана там зусім вобмаль, выбіраць няма з чаго, а як толькі нешта плануецца, пагалоска разыходзіцца вокамгненна...

Ілья СВІРЫН: — Так, аднак толькі ў межах самога гарадка! Як падаецца, Ноч музеяў можа стаць дадатковым стымулам яго наведаць: турысты будуць разумець, чым ім заняцца ўвечары. Таму "раскрыць усе карты" ў межах нейкага цэнтралізаванага інфармацыйнага рэсурсу і сапраўды вельмі актуальна.

Людміла КРУШЫНСКАЯ: — Адразу паўстае пытанне: чаму б турыстычным фірмам не стварыць адмысловыя маршруты, прымеркаваныя да Ночы музеяў, хаця б нават у межах Мінска? Ці звяртаўся нехта да тураператараў з такімі прапановамі? Падаецца, тут ізноў можна казаць пра брак каардынацыі дзеянняў устаноў культуры і суб’ектаў туріндустрыі.

Сяргей ТРАФІЛАЎ: — Як вядома, у сталіцы не так даўно з’явіўся прыгожы двухпавярховы аўтобус для гарадскіх экскурсій, але ў Ноч музеяў ён, здаецца, прастойваў… А ў ідэале, і ўвогуле было б выдатна, каб гэтым вечарам цікаўныя гледачы маглі выправіцца на спецыяльным транспарце і ў прылеглыя да Мінска музеі — той жа Заслаўскі запаведнік…

Канстанцін АНТАНОВІЧ: — Але тут мы закранаем тыя пытанні, вырашыць якія самім музейшчыкам амаль немагчыма: гэта ж не іх "парафія"…

Людміла КРУШЫНСКАЯ: — У тым і справа! Той маштаб, якога ўжо дасягнула свята, сведчыць, што яго арганізацыя не павінна быць прэрагатывай адных музейшчыкаў. На патрэбы акцыі мусіць працаваць уся патрэбная гарадская інфраструктура: і спецыяльны транспарт, які курсіраваў бы паміж музеямі, і тыя ж суседнія кавярні, што таксама маглі б уплесціся ў агульнае рэчышча, прапанаваўшы нешта ў даважку да свайго звычайнага меню — скажам, лёгкую тэатралізацыю… Гэтае свята не павінна абмяжоўвацца адзінкавымі кропкамі, але — запаўняць сабою вуліцы.

Сяргей ТРАФІЛАЎ: — Гэтым разам так, на жаль, не атрымалася. Прыкладам, вуліца Карла Маркса ў Ноч музеяў не стала пешаходнай: мабыць, з той прычыны, што акцыя сёлета выпала на працоўную суботу. Таму размешчаны на ёй Нацыянальны гістарычны стаў адзінай выспачкай…

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ: — Многія ўпарта задаюць пытанне, датычнае назвы акцыі: маўляў, ці адпавядае яна нашым рэаліям? І сапраўды, сярод мінскіх устаноў усю ноч працаваў хіба Музей-майстэрня Заіра Азгура, у дворыку якога быў зладжаны джазавы open air. Астатнія ж зачыніліся максімум апоўначы, калі не значна раней…

Яўген РАГІН: — А вось у Лідзе, між іншым, Ноч музеяў была з шасці вечара да шасці раніцы...

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ: — Яшчэ адна традыцыйная тэма для крытыкаў — уваходныя білеты. Маўляў, у свеце гэта не прынята...

Ілья СВІРЫН: — Сапраўды, гэтым разам іх цана ў большасці выпадкаў ужо дакладна не была сімвалічнай: недзе 40 — 50 тысяч рублёў. Тым больш, калі ўлічыць, што ў Ноч музеяў мінская публіка прызвычаілася не "завісаць" у адным месцы, але фланіраваць з адной "кропкі" ў іншую. А калі прыкінуць, у якую суму абыходзілася наведанне двух-трох музеяў для сярэднестатыстычнай сям’і — тут ужо нават страшна становіцца!

Яўген РАГІН: — А вы хацелі б, каб усё было задарма?

Людміла КРУШЫНСКАЯ: — Ды ні ў якім разе! Справа ў іншым: чаму б не ўвесці для такіх цікаўных гледачоў своеасаблівы абанемент, прадугледзеўшы і спецыяльны варыянт для сем’яў? Тым больш, за мяжой нешта падобнае ўжо даўно практыкуецца. Бо пакідаць у музейных касах 200 — 300 тысяч рублёў за вечар — гэта і праўда ўжо занадта для сямейнага бюджэту...

Ілья СВІРЫН: — Самі музейшчыкі тлумачаць платны ўваход перадусім непазбежнымі пры правядзенні акцыі выдаткамі, пакрыць якія нейкім іншым спосабам проста немагчыма. Тым больш, асаблівасцю менавіта айчыннай Ночы музеяў даўно сталі не проста адчыненыя ў "пазаўрочны" час дзверы, а складаныя ды арыгінальныя праграмы…

Канстанцін АНТАНОВІЧ: — Як кажуць, попыт нараджае прапанову. Калі людзі гатовы плаціць за білеты немалыя грошы, цалкам заканамерна, што музеі імкнуцца прадаставіць ім такую магчымасць. На маю думку, праблема тут, хутчэй, у іншым: чэргі! Вось ужо які год ля Нацыянальнага мастацкага яны дасягалі проста неверагодных памераў. Ці прыйдзе чалавек наступным разам, калі ён прастаяў палову суботняга вечара ў чэргах?

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ: — Яны абумоўлены фізічнай умяшчальнасцю саміх музеяў, і тут ужо нічога не зробіш...

Людміла КРУШЫНСКАЯ: — Будынкі і сапраўды не гумовыя, але ж хто сказаў, што Ноч музеяў павінна абмяжоўвацца толькі сценамі апошніх?

Ілья СВІРЫН: — Сапраўды, проста на ганку таго ж самага Нацыянальнага мастацкага праходзіла цікавая канцэртная праграма, Музей сучаснага мастацтва таксама вынес частку дзеі на вуліцу, а Купалаўскі — актыўна задзейнічаў парк...

Людміла КРУШЫНСКАЯ: — Уласна, я не зусім пра тое. Як падаецца, свята цалкам здатнае хаця б у адзін вечар задаваць настрой усяму гораду, "выплеснуць" атмасферу з музейных будынкаў на вуліцы…

Сяргей ТРАФІЛАЎ: — Не так даўно выйшла кніга Леаніда Маракова, прысвечаная гісторыі галоўнай вуліцы Мінска — сучаснага праспекта Незалежнасці. Чаму б не задзейнічаць гэты матэрыял у Ноч музеяў? Зладзіць, да прыкладу, экскурсію па праспекце на нейкім адмысловым транспарце. Увогуле, у фармат гэтай акцыі можна было б арганічна інтэграваць і напрацоўкі Фэсту экскурсаводаў, які адкрывае для аўдыторыі новыя — і даўно знаёмыя! — адметнасці іх родных гарадоў.

Пётр ВАСІЛЕЎСКІ: — Тым больш, наш цэнтральны праспект і сапраўды з’яўляецца паўнавартасным музеем сваёй эпохі. Натуральна, па буднях мы пра гэта асабліва і не задумваемся, успрымаючы яго проста як транспартную магістраль. Але Ноч музеяў — той час, калі чалавек чакае дзівосаў і гатовы да іх. Штодня ты ўсведамляеш свой горад як нейкую функцыянальную структуру, спешна перамяшчаючыся па звыклых маршрутах (праца, дом, крамы...) ды не надта азіраючыся па баках. Аднак у той вольны ад надзённых клопатаў суботні вечар хочацца зірнуць на знаёмыя мясціны іншымі вачыма. І таму прастора музея сапраўды можа пашырацца, ахопліваючы гарадскія вуліцы з даўняй гісторыяй. Без сумневу, тады наша ўспрыняцце горада будзе змяняцца. Урэшце, нават тыя будынкі, якія большасць мінчан не лічыць гістарычнымі помнікамі, можна падаць як цікавы артэфакт. А кожны лапік зямлі тут мае сваю гісторыю...

Ілья СВІРЫН: — У Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва цягам сёлетняй імпрэзы адчынілі акно — мабыць, проста, каб было чым дыхаць. Атрымалася выдатная знаходка: акно ў музей! Мінакі, што шпацыравалі па праспекце, не праходзілі міма, і неўзабаве проста пасярод ходнікаў ужо утварыўся ладны натоўп. Людзі слухалі музыку і нават апладзіравалі!

І гэта быў добры момант, каб задумацца пра сакрэт папулярнасці акцыі, а разгадаць яго, вядома, вельмі важна. Прыкладам, літаральна надоечы ў тым самым МСВМ за сімвалічны кошт выступаў сусветна вядомы львоўскі джазмен Юрый Ярамчук, і людзей на яго прыйшло ў разы менш, чым на тую моладзь, што грала пад час Ночы музеяў... Бо, як падаецца, публіку прываблівае перадусім агульная атмасфера, а не канкрэтныя прозвішчы. У Мінску культурнага і ў меру нефармальнага вечаровага жыцця відавочна бракуе, і таму акцыя, што называецца, патрапіла ў яблычак.

Пётр ВАСІЛЕЎСКІ: — Асабіста ў мяне як у чалавека кансерватыўнага заўсёды ўзнікае пытанне адносна фармату самой акцыі, яе творчага складніка. Пры ўсёй дэмакратычнасці імпрэзы, трэба, аднак, утрымліваць пэўную планку. Бо калі на выстаўку сучаснага мастацтва можна і ў шортах выправіцца, дык для класічных шэдэўраў патрэбны адмысловы дрэс-код. І не трэба ўводзіць людзей у зман, даводзячы, быццам дасягненне культурнага ўзроўню даецца празмерна лёгка. Таму гэты яўны ўхіл на відовішчнасць, які мы выразна назіраем у Мінску ды ўвогуле па ўсёй краіне, прызнацца, трохі насцярожвае. Памкненне музейшчыкаў прывабіць як мага больш публікі цалкам зразумелае, але, з іншага боку, нельга зніжаць свой узровень да "сярэднеспажывецкага".

Людміла КРУШЫНСКАЯ: — Тады акцыя будзе прызначана толькі для далучаных, а "сярэдні спажывец" застанецца сядзець ля тэлевізара. Ды і ўвогуле: што гэта за паняцце такое? Ноч музеяў прызначана для звычайных гараджан, якія маюць цалкам законнае права — між іншым, прадугледжанае самой Канстытуцыяй! — доступу да культурных здабыткаў. Тым больш, такі паход у кожным разе будзе карысны.

Ілья СВІРЫН:  — Больш за тое: Ноч музеяў сведчыць, што "звычайным" нашым гараджанам уласціва прага "далучэння да культуры". Ды і паводзяць яны сябе адпаведным чынам: ніхто семкі ў музеі не лузае.

Канстанцін АНТАНОВІЧ: — За мяжой у праграму Ночы музеяў трапляюць не толькі шоу, але і лекцыі, дыскусіі... Адпаведна, імпрэза ўтрымлівае як забаўляльны, так і інтэлектуальны складнік, а адзін аднаму яны не перашкаджаюць.

Увогуле, калі існуе такі ажыятажны попыт на культурную акцыю, дык абавязкова трэба яго задаволіць: праводзіць Ноч музеяў у Мінску не раз на год, а, скажам, тры, як гэта адбываецца на яе "радзіме" ў Берліне. Прадумана там усё вельмі рацыянальна, і купіўшы абанемент (каштуе ён, да слова, блізу 15 еўра), глядач можа бясплатна карыстацца спецыяльным транспартам, які курсіруе паміж музеямі.

Ілья СВІРЫН: — А вось, напрыклад, у Магілёве Ноч музеяў сёлета доўжылася не адзін дзень, а — два, і таму ахвотныя здолелі трапіць на ўсе яе імпрэзы. Адпаведна, на Беларусі ўжо з’яўляецца цікавы досвед, якім музейшчыкі могуць падзяліцца паміж сабой. Дый і увогуле, як падаецца, вырашэнне многіх пытанняў залежыць перадусім ад суладнасці "ўнутрыкарпаратыўных" стасункаў. А таксама, вядома, пазіцыі "ўласнікаў" тых гарадскіх вуліц і плошчаў, што могуць часова пераўтварыцца ў музеі, — муніцыпальных улад.

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ: — Урэшце, каб Ноч музеяў і сапраўды ўспрымалася як ноч цудаў, неабходна вырашыць усе практычныя пытанні, зрабіўшы тыя цуды камфортнымі для публікі…