Па кім звоняць званы?

№ 20 (1094) 18.05.2013 - 24.05.2013 г

У музыцы і жывапісе: гукі трыпціха

У сталічным Доме дружбы нядаўна завяршыўся першы этап выстаўкі “Званы…”, прысвечанай 140-годдзю з дня нараджэння Фёдара Шаляпіна і Сяргея Рахманінава. Аўтар экспазіцыі цыкла палотнаў — вядомы жывапісец і мастак кіно Уладзімір Чарнышоў.

Менавіта рахманінаўская паэма “Званы” для сімфанічнага аркестра, хору і салістаў натхніла мастака на стварэнне галоўнага “цвіка” экспазіцыі — трыпціха: “Канцэрт С.Рахманінава ў ЗША”, “Русь-тройка”, “Цар-звон”.

/i/content/pi/cult/427/8818/9-3.jpeg /i/content/pi/cult/427/8818/9-1.jpeg /i/content/pi/cult/427/8818/9-2.jpeg


У.Чарнышоў. Трыпціх "Званы. Прысвячаецца Сяргею Рахманінаву".

Па словах Чарнышова, “двое сяброў — Фёдар Шаляпін і Сяргей Рахманінаў” для мяне — як два вялікія вечавыя званы, якія ўзбударажылі і ўскаланулі творчую багему ўсёй планеты. Паэма была выканана напярэдадні Першай сусветнай вайны, вынікам якой з’явілася Грамадзянская вайна ў Расіі, а знакамітая “Русь-тройка” ўжо па інерцыі кацілася ў бездань вялікіх і малых канфліктаў. У працы над трыпціхам мне было важна зразумець і адчуць, па кім звоняць званы і пра што яны звоняць… Дарэчы, сёлета музычнай паэме С.Рахманінава “Званы” споўніцца акурат 100 гадоў…”

Акрамя трыпціха ў экспазіцыі былі прадстаўлены карціны, прысвечаныя Ф.Шаляпіну, над вобразам якога мастак працуе вось ужо больш за два дзесяцігоддзі. “Асобай Шаляпіна цікаўлюся з 1960-га, — кажа Уладзімір Фёдаравіч. — У час маёй вучобы ў Пензенскім мастацкім вучылішчы туды прыязджала дачка спевака Ірына Фёдараўна. Яна шмат расказвала пра бацьку. Актыўна працаваць над серыяй, звязанай з артыстам, я пачаў у сярэдзіне 1990-х. Прачытаўшы мноства ўспамінаў пра яго, стварыў шмат карцін, тым больш, што Шаляпін неаднойчы бываў у Мінску”.

Падкрэслю, што Уладзімір Фёдаравіч падарыў тры свае карціны — “Ф.Шаляпін у Мінску ля фантана “Хлопчык з лебедзем”, “Ф.Шаляпін у Мінску 8 сакавіка 1896 г.”, “Кветкі артысту. Трыумф” — Музею гісторыі горада Мінска.

У заключэнне, прывяду тры водгукі наконт выстаўкі “Званы…”:

Наталля Машэрава, грамадскі дзеяч: “Як добра, што вы падарылі нам, беларусам, вялікага Шаляпіна! Сёння гэта нам патрэбна як паветра, як жыццё, каб будучыня наша адбылася, цудоўная будучыня, якой яе бачыў мой бацька. Ваша мастацтва дае надзею. Дзякуй вам!”

Уладзімір Гілеп, старшыня Беларускага фонду культуры: “Паболей бы такіх грамадскіх з’яў, якія нагадвалі б пра багатае культурнае мінулае нашай краіны і Мінска, аб падзеях і асобах, што надавалі б нашаму краю і яго сталіцы імідж еўрапейскасці, а з ёю — цывілізаванасці. Радуе і тое, што грамадскасць Беларусі зацікаўлена спадчынай Шаляпіна — гэтага найвялікшага спевака Свету. І выстаўка У.Чарнышова “Званы…” — сведчанне павагі (а дакладней — любові) да гэтага Майстра”.

Юрый Іваноў, загадчык аддзела фотаілюстрацый газеты “Культура”: “У наш час — вялікі дэфіцыт на асветнікаў. Уладзімір Чарнышоў сваёй творчасцю выконвае гэтую місію. Шчыра. Высакародна. Таленавіта”.

Цягам года выстаўка твораў У.Чарнышова будзе экспанавацца ў іншых установах культуры горада.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"