Банальны вандалізм

№ 19 (1093) 11.05.2013 - 18.05.2013 г

Праблемы Грушаўкі. Серыя №…

Усяго пару тыдняў таму рэдакцыя "К" зладзіла талаку на адным з самых праблемных помнікаў спадчыны Беларусі — сядзібе Рэйтанаў у Грушаўцы, што на Ляхавіччыне. Дахаты мы вярнуліся проста акрыленыя: вясна, свежае паветра, фізічная праца і, галоўнае, — усведамленне яе важнасці... Але крылы нам хутка падрэзалі.

/i/content/pi/cult/426/8775/2-4.jpeg

Так і не зацыраваная гаспадарчай групай

аддзела культуры Ляхавіцкага райвыканкама

дзіра ў даху адной з грушаўскіх пабудоў.

Адзін з удзельнікаў суботніка — куратар фестывалю "Дах" Зміцер Юркевіч пабываў у Грушаўцы ў мінулую нядзелю. А потым змясціў на наш акаунт у Facebook свежыя фотаздымкі. Як выявілася, прарэх у даху спіртоўні, праз які гэтая будыніна імкліва разбураецца, так пакуль і не зацыраваны, нягледзячы на абяцанні гаспадарчай групы аддзела культуры Ляхавіцкага райвыканкама (гл. "К" № 17). Але гэта — не бяда: мужчыны там працуюць салідныя, і сваё слова яны, без сумневу, стрымаюць — няхай сабе і на некалькі тыдняў пазней за агучаны тэрмін "на наступным тыдні".

Бяда ў іншым: дзверы ў аварыйны палац ізноў выламаны, хаця апошнім разам іх "зачынілі", здавалася б, грунтоўна... Усталяваны намі інфармацыйны шчыт таксама камусьці не спадабаўся: выдзерлі "з мясам" ды кінулі на зямлю…

/i/content/pi/cult/426/8775/2-5.jpeg

Грушаўка. Ізноў з расчыненымі дзвярыма.

Ну што тут скажаш? Гэта — банальны вандалізм! Тыповы ўзор дэвіянтных паводзін, які даўно і грунтоўна апісаны многімі псіхіятрамі. Вядома, носьбіты гэтай хваробы такіх кніжак не чытаюць. І не толькі такіх. Пытанне ў іншым: як з гэтай з’явай змагацца? Натуральна, шчыт мы зноў установім на месца — вышэй і мацней, дзверы зноў перакрыюць металічнай засаўкай — яшчэ больш мажнай, чым у мінулы раз... Але гэта хіба толькі раздражніць нашых апанентаў. Дык хто ж выйграе эстафету?

/i/content/pi/cult/426/8775/2-6.jpeg

Вандалы парупіліся, каб шчыт, прымацаваны пад час прэс-суботніка,

даводзілася падымаць з зямлі.

Трохі перафразуем пытанне: куды б вы звярнуліся ў тым выпадку, калі нехта ўзламае дзверы на ваша лецішча? Ясна, куды: бясплатны званок ад усіх аператараў — 102. Балазе Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь прадбачліва прадугледзіў падобныя варыянты дэвіянтных паводзін. Асабліва калі гутарка вядзецца пра помнік гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння...

/i/content/pi/cult/426/8775/2-7.jpeg

Што ж да ўніверсальнай "панацэі". Яна таксама ўжо вынайдзена і апрабавана. Вось ужо ў які раз згадаю прыклад сядзібы ў Дубаі (не ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, натуральна, а ля Пінска). Там уласнік знайшоў магчымасць увесці стаўку наглядчыка — і, галоўнае, адшукаў зацікаўленага чалавека, які не толькі траву пакасіць умее, але і экскурсію можа правесці. Атрымаўся ультрабюджэтны — і якасны! — тураб’ект. І вандалы разумеюць, што ім там няма чаго рабіць — бо мала не падасца! А вось у Грушаўцы пакуль усё інакш...

Фота Зміцера ЮРКЕВІЧА