ШТО Я ВЕДАЮ ПРА ГІБЕЛЬ ПЭНА?

№ 13 (1087) 30.03.2013 - 06.04.2013 г

Эксклюзіўныя ўспаміны ўнучатай пляменніцы мастака, тэатразнаўцы Ганны Герштэйн

…Прыкладна месяц таму мне патэлефанавала мая добрая знаёмая і калега па крытычным цэху Ганна Рыгораўна Герштэйн, унучатая пляменніца Юрыя Пэна, мабыць, апошняя прамая сваячка вядомага беларускага жывапісца. Яна прапанавала для нашай газеты ўспаміны аб віцебскіх сустрэчах са сваім знакамітым родзічам, у тым ліку — пра трагічнае завяршэнне ягонага жыццёвага шляху ў ноч з 28 лютага на 1 сакавіка
1937 года.

“К” пачынае публікаваць гэтыя ўспаміны, а таксама мае роздумы наконт той самай віцебскай трагедыі, якая дасюль не разгадана…

Б.К.

— Юрый (Іегуда) Масеевіч Пэн — дзядзька майго бацькі, тэатральнага артыста Рыгора Герштэйна. З мастаком ён быў цесна звязаны яшчэ ў час свайго дзяцінства і юнацтва. Часта выязджаў на малую радзіму Пэна — горад Нова-Аляксандраўск Ковенскай губерні (цяпер — г. Зарасай, Літва) да сваёй бабулі — маці Юрыя Масеевіча. А ў 1915-м ці ў 1916 годзе, яшчэ не вылечыўшыся ад ран, атрыманых на фронце Першай сусветнай, жыў у Віцебску на Гогалеўскай вуліцы, д. 1 — непасрэдна ў кватэры мастака. Потым тэатральнае жыццё закруцілася ў Маскве ды іншых гарадах Саюза, і сваяцкія сувязі з Пэнам аднавіліся толькі ў 1931-м, калі мае бацькі-акцёры — тата і маці Эма Фадзееўна Капчэўская — былі запрошаны ў Мінск у Дзяржаўны яўрэйскі тэатр (ГОСЕТ). І тады мы часта прыязджалі ў Віцебск ды гасцявалі ў майго дзядзькі Юрыя Масеевіча Пэна, знакамітага жывапісца і педагога, настаўніка многіх выдатных асоб, пачынаючы ад Шагала, Цадкіна, Мешчанінава і заканчваючы зусім юнымі тады Азгурам, Чашнікам, Юдзіным, Зевіным, Юдовіным і, трошкі пазней, Ранам, Я.Ціхановічам, Бароўскім, Явічам, Ткачонкам…

Упершыню я пабачыла Пэна ў верасні 1931-га. Якраз у гэты час мае бацькі прыехалі з тэатрам у Віцебск на гастролі. Гастролі зацягнуліся амаль на паўгода, бо ў Мінску ішоў рамонт стацыянара, і мы больш за месяц пражылі ў Пэна. Добра памятаю мой першы прыезд. Кватэра мастака зрабіла на мяне ашаламляльнае ўражанне: буйной мэблі было мала, затое ўсе сцены чатырох пакояў — ад прыхожай да спальні — былі ўвешаны карцінамі, пра што я падрабязней скажу ніжэй.

Гадкоў мне было зусім мала, і мае ўспаміны — гэта ўражанні дзяцінства, ранняга юнацтва і тое, што адклалася ў памяці ад расповедаў дарослых. Да сярэдзіны 1936-га я з бацькамі гасцявала ў Юрыя Масеевіча некалькі разоў і, канешне ж, жыла ў яго кватэры — ад некалькіх дзён прабывання да некалькіх тыдняў. У мяне часта пытаюцца, чаму Пэна клічуць рознымі імёнамі: Іегуда, Юдаль, Юрый. Справа ў тым, што ў 1921 годзе, запаўняючы анкету, Пэн сам выбраў такую транскрыпцыю свайго прозвішча — Юрый Масеевіч Пэн. І свае лісты сябрам падпісваў так жа: Юрый. З таго і пайшло...

Апошнім разам я сустракалася з ім у маі 1936 года, у час чарговых гастролей тэатра ў Віцебску, г. зн. за восем месяцаў да трагічнай гібелі мастака. Тады я пабачыла ў тым яго пакоі, дзе быў балкон, новую карціну на мальберце: аголеная жанчына “бальзакаўскага ўзросту”, якая сядзела ў крэсле. І вось у адной размове Пэн сказаў майму бацьку, што прыняў кардынальнае рашэнне: усю сваю калекцыю карцін (а гэта каля 800 твораў!) перадаць за мяжу, бо тут, у Віцебску, ён не разлічвае на тое, што яны будуць патрэбны дзяржаве пасля яго сыходу ў іншы свет.

/i/content/pi/cult/420/8632/2-1.jpeg

Ю.Пэн. 1905 г.

Не бяруся судзіць, ці ведала гарадское кіраўніцтва пра такое рашэнне мастака. Але дакладна ведаю, што ў мінскім Аргкамітэце Саюза савецкіх мастакоў БССР былі ў курсе. Адзін з тагачасных яго кіраўнікоў — скульптар і жывапісец Абрам Бразер, ведаючы пра нашы роднасныя сувязі з Пэнам, сустрэў майго бацьку на вуліцы Карла Маркса і вельмі прасіў яго паехаць у Віцебск, каб адгаварыць Пэна ад неабдуманых дзеянняў. Бразер сябраваў з Пэнам яшчэ з таго часу, калі яны разам настаўнічалі ў Віцебскім мастацка-практычным інстытуце пры рэктарстве Веры Міхайлаўны Ермалаевай, і нават напісаў яго жывапісны партрэт. Аднак мой бацька ў той час трапіць у Віцебск да Пэна не змог, бо быў вельмі заняты ў рэпертуары тэатра, калектыў якога рыхтаваўся да новага сезона. І тады Бразер сам ці з кім яшчэ выехаў у Віцебск. Пазней, ужо ў працэсе судовага следства, Абрам Маркавіч скажа, што пасля іх сустрэчы Пэн цалкам змяніў сваё рашэнне, спадзеючыся, што ў Віцебску ўсё ж будзе арганізаваны яго музей…

У 1933-м горад адзначаў 50-годдзе творчай дзейнасці мастака. Я, дзесяцігадовая дзяўчынка, добра памятаю той час. Але хачу прывесці фрагмент тэксту аднаго ліста Юрыя Масеевіча да яго маскоўскага сябра І.Мальцына: “Я вельмі аслабеў апошнім часам, і моцны галаўны боль перашкаджае нават працаваць, як раней. Мне зусім не да юбілеума, і я нічога не меў бы супраць, калі б мяне пакінулі ў спакоі, бо не схільны ў цяперашні час да нейкіх святкаванняў, якія жадаюць правесці нашы рабочыя не на практыцы, а ў тэорыі. Мне нічога не патрэбна ад іх. Адзінае маё жаданне — каб мае творы, над якімі я працаваў 50 гадоў, не валяліся на падлозе, каб мелі свой прытулак і ўмовы для агляду публікай, якая ходзіць сотнямі з розных устаноў, але, па іх словах, гэта немагчыма з-за адсутнасці свабодных памяшканняў. Значыць, усё па-старому, і будзем жыць, як жылі нашы продкі ў цішыні ды спакоі да наступнага, 100-гадовага юбілеума...”

Пэназнаўцы часта кажуць, што мастак быў сухаваты, адхілены ад людзей чалавек. Сапраўды, выклікаць прыхільнасць да сябе яму было няпроста. Аднак гэтая сухасць, як мне здавалася, была своеасаблівай абароннай маскай, знешняй формай самавыяўлення. Яна хавала дабрыню, сардэчнасць, якую я адчувала на сабе, і безумоўную ўнутраную ранімасць. А яшчэ яму было ўласціва пачуццё ўласнай годнасці. У маю свядомасць ён урэзаўся як чалавек незласлівы, ніколі не бачыла яго знерваваным, шумным, непрыязным да чужой думкі.

/i/content/pi/cult/420/8632/2-2.jpeg

Ліст М.Шагала да Ю.Пэна ад 7 студзеня 1937 г.

Скажу яшчэ вось што. Пэн ніколі не прадаваў свае карціны. Усе яны былі яго ўласнасцю. Аднойчы мая маці спытала яго, чаму ён так робіць, чаму не хоча палепшыць сваё матэрыяльнае становішча? Трошкі падумаўшы, Пэн адказаў: “Дзетачка! Я не гандлюю сваім натхненнем!” Але ў сярэдзіне 1930-х ён стаў сур’ёзна турбавацца за захаванасць сваёй калекцыі. Пра гэта казаў і нам ды пісаў сваім маскоўскім сябрам. Трывожыўся, што ягоныя творы застануцца безгаспадарнымі, могуць згубіцца, альбо іх проста скрадуць. Лічыў недапушчальным знаходжанне карцін “у архівах” (сховішчах), дзе яны пакрываюцца пылам і ніхто іх не бачыць. Не прызнаваў размяшчэнне дзвюх-трох работ аднаго мастака ў калектыўнай, агульнай экспазіцыі, бо гэта ніяк не раскрывае індывідуальнасць аўтара, ягоныя пошукі, метад, майстэрства, яго творчую тэму.

“Творчая тэма” для Пэна была святой. Ягоныя партрэты і карціны ўваскрасаюць даўно адышоўшыя з жыцця тыпы і характары яўрэяў-рамеснікаў: краўцоў, гадзіншчыкаў, вулічных музыкантаў, шаўцоў, гандляроў, шкляроў, пекараў, якія жылі ў шматнацыянальнай Расіі не дзвесце гадоў, як сцвярджаў А.Салжаніцын, а амаль тысячагоддзе. Пісаў таксама салдат, студэнтаў, маладых дзяўчат, мастакоў. Бязмерна любіў жывапісны Віцебск, часта маляваў яго ўскраіны і берагі Дзвіны, узараныя чорныя палі Віцебшчыны, паплавы, якія ў яго заўсёды дыхалі вільгаццю або цёплымі вятрамі ды цешылі вока пранізлівай зелянінай.

/i/content/pi/cult/420/8632/2-3.jpeg

Ю.Пэн. "Ля веснічак". 1900-я гг.

Здаецца, у 1934 годзе па Віцебску пранесліся чуткі, што месца для пэнаўскага музея знойдзена. Аднак, як аказалася, гэто было вільготнае паўпадвальнае памяшканне, дзе размясціць жывапісныя творы было зусім немагчыма.

...У ноч з 28 лютага на 1 сакавіка 1937-га 83-гадовы Юрый Масеевіч быў па-зверску забіты ў сваёй віцебскай кватэры. Ізноў вяртаюся да яго рашэння аб перадачы карцін за мяжу, бо лічу, што — гэта адна з галоўных прычын трагедыі мастака, хаця на следстве, наколькі мне вядома, яна ніяк не была агучана. Значыць, камусьці ў высокіх інстанцыях гэта было не выгадна, з пункта гледжання вялікай палітыкі, і ўвесь судовы працэс ішоў па чыста крымінальна-бытавым кірунку, дзе забойцы ды іхнія падзельнікі “ва ўсім прызналіся” і атрымалі розныя тэрміны. Праўда, на судзе ўсе яны адмовіліся ад сваіх паказанняў...

(Працяг будзе.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"