Кепскі менеджмент “залатой жылы”?

№ 12 (1086) 23.03.2013 - 30.03.2013 г

Высокі паркан вакол інвестпраекта — непазбежны, але...

Яшчэ нядаўна лёс былых шляхецкіх сядзіб у Падароску ды Савейках быў даволі няпэўны. Першыя аўкцыёны па іх продажы не адбыліся, і зацікаўленая публіка гадала, прададуць, іх, урэшце, ці не. Інтрыга знікла: купілі абедзве. Неаспрэчна, гэты факт стаў чарговым аргументам на карысць і без таго відавочнай ісціны: “бездапаможных” сядзіб не бывае. І калі мы бачым “мярзоту запусцення” ў шыкоўных некалі мясцінах, дык павінны разумець: справа не ў браку попыту на такую спецыфічную нерухомасць, не ў праблемах яе геаграфічнага месцазнаходжання (дзіўны парадокс: “запатрабаваныя” маёнткі ў гэтым сэнсе зазвычай нават саступаюць па-ранейшаму занядбаным) і, натуральна, зусім не ў адсутнасці турпатэнцыялу падобных аб’ектаў (а такую думку неаднойчы даводзілася чуць у кабінетах муніцыпальнай улады).

Справа — у кепскім менеджменце “на месцах” і яго вытворных: банальнай неруплівасці або стварэнні непрымальных для інвестараў умоў. Вось вам канкрэтны прыклад. За мільён з гакам долараў пакупнік для савейкаўскай сядзібы не знайшоўся, але калі цана пасля чатырохгадовых пакут знізілася ў пяць разоў, маёнтак адразу адарвалі з рукамі.

Агулам лік набытых сядзіб набліжаецца ўжо да двух дзясяткаў. Зрэшты, дарэмна думаць, што паспяховы аўкцыён кардынальна вырашае лёс сядзібы: продаж у прыватныя рукі — гэта толькі пачатак (ці, дакладней, магчымы пачатак) яе рэвіталізацыі. Далейшы лёс тых маёнткаў, што зноў сталі прыватнай уласнасцю, мы абмяркоўвалі з вядомым архітэктарам-рэстаўратарам Вадзімам ГЛІННІКАМ, які з’яўляецца навуковым кіраўніком ажно чатырох такіх сядзіб.

/i/content/pi/cult/419/8585/1-1.jpeg

— Што матывуе інвестараў набываць такую нерухомасць? Для іх гэта хобі або чыста камерцыйны інтарэс?

— Па-рознаму. Прывяду канкрэтны прыклад. Адна маладая сям’я не так даўно атрымала зусім занядбаныя рэшткі гаспадарчага двара ў вёсцы Сула. Што з гэтага атрымалася, усе мы ведаем: першае месца на леташнім конкурсе “Лепшы прыклад аховы гісторыка-культурнай спадчыны”. А што кіравала гэтымі інвестарамі... Тут мой адказ, які грунтуецца на пэўным досведзе нашай сумеснай працы, будзе адназначны: гэта патрыятызм і любоў да беларускай гісторыі. Інвестары — людзі нябедныя, яны падарожнічаюць па Еўропе, шмат чаго бачаць і як грамадзяне сваёй краіны прыкладаюць уласныя намаганні, каб у нас было, прынамсі, не горш, “чым дзе”. Сціпла, без пафасу, але вельмі дзейсна! І гэта нармальныя, шчырыя памкненні. Натуральна, пры жаданні можна знайсці і зваротны іх бок. Пагадзіцеся, трошкі дзіўнавата заходзіць у былы кароўнік — і бачыць там інтэр’еры замка або палаца...

— Акурат у гэтым я не бачу нічога дзіўнага: звычайны прыклад джэнтрыфікацыі, якая ў дадзеным выпадку становіцца выратаваннем для помніка спадчыны. Бо аднаўляць кароўнік у якасці кароўніка — камерцыйна немэтазгодна…

— Тут не паспрачаешся. Такі прыём рэвіталізацыі культурных каштоўнасцей, неаспрэчна, мае права на існаванне. Ды і гэтыя мае прыдзіркі — папросту пытанне густу. Тым больш, ператварэннем кароўніка ў V.I.P.-аб’ект кіравала, мабыць, нават не столькі камерцыйная матывацыя, колькі, зноў жа, высакародныя памкненні. Гэта прага “людзьмі звацца”, прага кампенсацыі недахопу ў нашай культуры нейкага арыстакратычнага складніка. Прыкладна з той самай прычыны дарослыя дзядзькі ствараюць рыцарскія клубы.

Такім чынам, вось адна з матывацый. Між іншым, у пэўнай ступені яна ўласцівая і іншаму інвестару, які набыў шыкоўны некалі маёнтак у Лынтупах. Гэта вельмі адукаваны масквіч, які хацеў бы для ўласнага прэстыжу мець шляхецкую сядзібу на самай мяжы з Еўрасаюзам. Аб’ём інвестыцый у дадзеным выпадку чакаецца папраўдзе неверагодны, задумы — звышамбітныя, і таму архітэктурны праект, што ішоў у “нагрузку” пры продажы гэтага аб’екта ды каштаваў дзясяткі тысяч долараў, страціў сваю актуальнасць і цяпер перарабляецца наноў...

 — Амбітнымі задумамі ў нас нікога ўжо не здзівіш, а вось справы... Ёсць пара-тройка сядзіб, што перайшлі ў прыватную ўласнасць гады тры-чатыры таму, але ж там і пагэтуль конь не валяўся. Яны як руйнаваліся спакваля, так па-ранейшаму і руйнуюцца. Згадайма хаця б праслаўлены Купалам маёнтак у вёсцы Пламя Сенненскага раёна...

— Даруйце, але Лынтупы — зусім не той выпадак. Перш-наперш перад намі стаяла задача закансерваваць даўно занядбаны палац — пагатоў, пад час пазалеташняга ўрагану ён пазбавіўся даху. І вось, мы ўжо паспелі яго аднавіць, атрымаўшы на тое адпаведны дазвол Міністэрства культуры краіны. Паралельна з гэтым вялася і расчыстка тэрыторыі шыкоўнага некалі парку. А сёлета расплануем пачаць і рэстаўрацыйныя работы.

Канцэпцыя аб’екта — арыстакратычная сядзіба, прызначаная, скажам, для вяселляў. Маладыя ды госці прыязджаюць туды і маюць чым заняцца цягам цэлага тыдня. Тут і палі для гольфу, і тэнісныя корты, і гатэль, зразумела, — у будынку былой школы. А сам палац мае выконваць перадусім рэпрэзентатыўную функцыю: там будзе рэстаран, зала прыёмаў...

— Сама гісторыя лынтупскай сядзібы, як вядома, таксама звязана з каханнем — праўда, няўдалым. Як вы лічыце, ці не зведае фіяска і новы ўласнік?

— Па словах інвестара, на “вясельную” тэматыку ён натхніўся праз уласны досвед. Не так даўно гэты прадпрымальнік сам браў шлюб ды вырашыў зладзіць яго ў адной з адноўленых падмаскоўных сядзіб. Але ж усе яны забраніраваны ўжо на паўгода наперад! Адпаведна, попыт нават перавышае прапанову.

 — Мінулым летам давялося пабываць у адной з самых перспектыўных для інвестыцый сядзіб — Паўлінаве. Выкшталцоная архітэктура, прыгожы парк з воднай сістэмай, побач — магутная транзітная траса М1(Е30)... І таму ўбачанае асабліва ўразіла. У сядзібе, якая ўжо даволі даўно стала прыватнай уласнасцю, па-ранейшаму пануе запусценне, дзверы ў палацы — насцеж, затое побач з ім красуецца “адрэстаўраваная” з сілікатнай цэглы стайня, а яшчэ адну гаспадарчую пабудову мы заспелі ў стане дэмантажу. Наколькі мне вядома, вы з’яўляецеся навуковым кіраўніком гэтага аб’екта...

— А ў дадатак яны яшчэ і старыя дрэвы спілавалі... Натуральна, я не маю да гэтага ніякага дачынення. І ўвогуле збіраюся адмовіцца ад кіраўніцтва аб’ектам, бо паразумення з адным з уласнікаў (а іх цяпер ужо некалькі) мне дасягнуць не ўдалося: яны не хочуць прыслухоўвацца да парад, дый нават увогуле ведаць пра маё існаванне. Напэўна, аб’ектыўную ацэнку таму, што робіцца цяпер у Паўлінаве, могуць даць толькі праваахоўныя органы. Падаецца, яны ўжо ўсур’ёз зацікавіліся гэтай тэмай...

 — Але ж належны кантроль за дзейнасцю інвестараў у першую чаргу павінны ажыццяўляць супрацоўнікі раённых аддзелаў культуры, адказныя за тэму спадчыны. Ці справяцца яны?

— Пры ўсёй павазе да саміх супрацоўнікаў, мушу ў гэтым усумніцца. Згаданы вамі выпадак — таму сведчанне. Ён лішні раз актуалізуе патрэбу стварэння Дзяржаўнай інспекцыі па ахове гісторыка-культурных каштоўнасцей, укамплектаванай кваліфікаванымі кадрамі і падкантрольнай непасрэдна Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь. Зрэшты, ваша выданне пісала пра гэта неаднаразова...

— Наколькі мне вядома, непаразуменні з інвестарам узнікалі і на іншым вашым аб’екце — у Альшэве...

 — Новых уласнікаў гэтай сядзібы ніхто і ў вочы не бачыў. Зрэшты, яно і зразумела: гэта вялікая фінансавая група з Масквы, якая валодае мноствам аб’ектаў па ўсім свеце. Перамовы ад яе імя вядуць паўнамоцныя прадстаўнікі — людзі вельмі кампетэнтныя ды зацікаўленыя. Што да непаразуменняў... Так, напачатку яны і сапраўды ўзнікалі. Інвестары не лічылі патрэбным траціць грошы на навуковыя даследаванні, якія павінны папярэднічаць рэстаўрацыі помніка спадчыны, ды меркавалі, быццам на ўласнай тэрыторыі яны могуць будаваць тое, што палічаць патрэбным. Але мы хутка запэўнілі іх у неадпаведнасці такога падыходу айчыннаму заканадаўству, і яны без прымусу змянілі сваю пазіцыю.

У дадзеным выпадку сядзіба разглядаецца як чыста камерцыйны аб’ект, пра мецэнацтва тут гаворкі не вядзецца. А каб яна была рэнтабельнай, патрэбны дадатковыя плошчы. Таму вырашана адбудаваць даўно страчаны палац. Пра поўнае аднаўленне аўтэнтычнага выгляду казаць не выпадае: матэрыялаў для такой рэканструкцыі мы маем недастаткова. Але стыль захаваны — здалёк ніхто, мабыць, і не здагадаецца, што гэта навадзел.

Гістарычны ландшафт і ўсе ацалелыя архітэктурныя помнікі, вядома ж, будуць захаваны. Больш за тое: пад час навуковых даследаванняў мы выявілі новыя гаспадарчыя пабудовы той сядзібы: лядоўню і кароўнік. Раней навукоўцы лічылі, што яны з’явіліся ўжо за савецкай парой, але варта было толькі пільна да іх прыгледзецца... Уласнік не мае нічога супраць надання ім статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці. Больш за тое: ён за свае сродкі распрацаваў праект зон аховы, хаця, па шчырасці, парупіцца пра тое мусілі мясцовыя ўлады.

І вось тут, дарэчы, я хацеў бы звярнуць увагу на яшчэ адну праблему. Тэрыторыя колішняй сядзібы ў Альшэве падзелена паміж трыма ўласнікамі. Гэта Нацыянальны парк “Нарачанскі”, мясцовая гаспадарка і, уласна, сам інвестар... Усё вяло да таго, што партэр перад адноўленым палацам мела рассекчы агароджа, праведзеная па дыяганалі. Без яе ніяк: дзікі ўсё спляжаць, ды і людзі таксама. Але ж справа не ў партэры, вядома... Гістарычны комплекс, па сутнасці, аказаўся рассечаны на кавалкі, што, канешне ж, недапушчальна…

— Звыклая сітуацыя. На вашу думку, ці ёсць варыянты вырашэння гэтай праблемы?

 — У дадзеным выпадку, яно было доўгім ды пакутлівым, удзел у ім узялі не толькі мясцовыя ўлады, але і спецыялісты Міністэрства культуры краіны. Інвестары пагадзіліся ўжо з тым, што дагляд за прыгожым (але, канешне ж, дужа занядбаным) старым паркам таксама ўваходзіць у іх кампетэнцыю — хаця прыбытку гэта, вядома, не прынясе, аднак пакуль яны не могуць да яго прыступіцца: іншая форма ўласнасці... Спадзяюся, што неўзабаве сітуацыя ўсё ж вырашыцца: скажам, праз падпісанне трохбаковай дамовы аб сумесным выкарыстанні тэрыторый. Бо касіць там усё адно камусьці трэба, а сёння гэта ніхто не робіць...

— Можа быць, ёсць сэнс юрыдычна аб’ядноўваць падзеленыя паміж рознымі ўласнікамі помнікі спадчыны яшчэ да продажу з аўкцыёну? Бо, урэшце, гэта ж не клопат інвестара...

— Натуральна! Інвестар павінен адразу мець магчымасць планаваць сваю дзейнасць ды адпаведныя выдаткі. Усе згаданыя вышэй юрыдычныя клопаты неабходна вырашаць яшчэ да продажу, бо сёння мы часам прадаём “ката ў мяху”, і гэта зусім не спрыяе поспеху справы.

— Ці маюць інвестары з Расіі цікавасць да гісторыі той сядзібы, якую яны купляюць?

— Інвестары, без залежнасці ад краіны іх паходжання, цікавяцца зусім іншым аспектам — здагадайцеся з першага разу, якім. Для іх гэта — бізнес, а іначай і быць не можа. Выпадак з той сям’ёй, якая аднавіла сядзібу ў Суле, — хутчэй, выключэнне. Таму наша задача — пераканаць пакупнікоў, што гісторыя канкрэтнай мясціны можа мець маркетынгавы патэнцыял ды прымножыць яе рэнтабельнасць. А яна, між іншым, апрыёры зусім невысокая. Нават у Міжземнамор’і гатэлі акупляюцца толькі праз чвэрць стагоддзя. Адпаведна, чалавек, якому ўжо за пяцьдзясят, можа нават і не пакаштаваць пладоў з пасаджанага ім дрэва...

— На жаль, тыя інвестары, якія ўкладаюць сродкі ў аднаўленне спадчыны, маюць толькі маральныя прэферэнцыі...

— Не так даўно немцы, каб захаваць свае сярэднявечныя замкі, перадавалі іх за ўмоўны кошт — адну дойчмарку! У суседняй Польшчы і зараз, каб прывабіць інвестараў, навуковыя даследванні выконваюцца за дзяржаўны кошт. Але ж пры гэтым новаму ўласніку ўручаць і рэгламент дзеянняў, ад якога ён не павінен адступацца ні на крок. У нас жа інвестар нават па набыцці аб’екта мусіць вырашыць мноства праблем: той жа адвод зямлі...

 — А ці існуе небяспека, што “ўзнятыя” з руін V.I.P.-комплексы будуць аддзелены ад навакольнага жыцця непераадольным парканам, стаўшы ўвасабленнем так званай егіпецкай мадэлі турызму?

— У Егіпце ёсць Чырвонае мора, піраміды і сонца круглы год! На Беларусі такіх турыстычных “прынад” няма, і ўжо хаця б таму гэтая мадэль не мае ў нас ніякіх шансаў на плённае ўкараненне. Чым мы можам прывабіць гасцей? Вядома ж, сваімі прыроднымі адметнасцямі: старыя гаі, прыгожыя азёры... У ваколіцах тых жа Альшэва і Лынтупаў іх процьма, але ж турысты павінны мець магчымасць спакойна ды бяспечна вандраваць: на конях, веласіпедах, байдарках... І калі мясцовыя хлопцы будуць на іх нядобразычліва касавурыцца, камфортнага адпачынку не атрымаецца.

Менавіта таму і самі ўласнікі сядзіб не павінны грэбліва дыстанцыравацца ад навакольнага жыцця і тых праблем, якія мае мясцовая супольнасць, бо інвестары так ці іначай з’яўляюцца яе часткай — нягледзячы на вышыню паркана. І калі яны не будуць гэтага разумець, на іх будуць глядзець, як на чужынцаў, ды можа нават узнікнуць лакальны сацыяльны канфлікт.

Зрэшты, многія разумеюць. Прыкладам, гаспадары маёнтка ў Суле аказваюць спонсарскую падтрымку тамтэйшай школе мастацтваў, а ў аднаўленчых работах былі актыўна задзейнічаны майстры менавіта таго рэгіёна.

Безумоўна, рэвіталізацыя сядзіб стварае рабочыя месцы, у чым мы ўжо пераканаліся ў Лынтупах. І чым далей, тым больш. Турысты не любяць сядзець у нумарах — яны ходзяць па ваколіцах, завітваюць у крамы... У тых жа Лынтупах яны сёння не здолеюць набыць ні цікавых сувеніраў, ні мясцовых прадуктаў (скажам, сыра ці каўбасы па рэцэпце “ад цёткі Тэклі”), але гэтая сітуацыя павінна змяніцца, і перадусім — стараннямі саміх местачкоўцаў: гэта — у іхніх інтарэсах.

— Досвед нават такога папулярнага мястэчка, як Мір, сведчыць, што пакуль мясцовыя жыхары не ўмеюць зарабляць на турыстах...

— Значыць, трэба вучыцца! За мяжой схемы развіцця сельскага турызму распрацаваны ўжо даўно, і нам застаецца іх толькі засвоіць. Падаецца, у гэтым працэсе больш актыўнымі павінны быць мясцовыя ўлады. І калі яны зразумеюць, што аднаўленне занядбаных сядзіб з’яўляецца фактарам устойлівага развіцця рэгіёна, справа адразу зрушыцца з мёртвай кропкі…

Фота Юрыя ІВАНОВА