Пакуль бульдозер яшчэ ў гаражы...

№ 12 (1086) 23.03.2013 - 30.03.2013 г

Права на існаванне для драўлянай легенды Гомеля

Старадаўнюю драўляную забудову Гомеля яшчэ зусім нядаўна ведала ды цаніла хіба купка энтузіястаў, але сёння карэспандэнты цэнтральных СМІ (не кажучы ўжо пра гомельскія гарадскія і абласныя) без ваганняў ужываюць у дачыненні да яе слова “брэнд”. Толькі вось інфармацыйная нагода зазвычай — не з прыемных. Шырокая аўдыторыя пачула пра тыя гарадскія сядзібы з шыкоўным дэкорам толькі тады, калі на даляглядзе замаячылі перспектывы іх зносу. Як бачым, бульдозер, згаданы ў нашай папярэдняй публікацыі на гэты конт (гл. “К” № 26 за 2012 г.), аказаўся дзейсным сродкам піяру... Вось і гэтым разам прычынай маёй камандзіроўкі ў Гомель стала не “крэатыўнае “ноу-хау” пераўтварэння “напаўаварыйнай” Папялушкі ў прэзентабельную для турыстаў прынцэсу, а ліст у рэдакцыю “К” грамадскага актывіста ў сферы аховы спадчыны Цімафея Акудовіча.

Адрасант паведаміў, што ў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь паступіла складзеная мясцовымі рупліўцамі прапанова аб уключэнні ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей шэрагу будынкаў па вуліцы Валатаўской. Як вядома, згодна з айчынным заканадаўствам, на аб’екты-кандыдаты распаўсюджваецца прынцып “прэзумпцыі невінаватасці” — пакуль Навукова-метадычная рада Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь не вынясе свой вердыкт, яны маюць статус помнікаў. Але на месцы аднаго з драўляных дамкоў сёння актыўна шчыруюць будаўнікі, узводзячы сучасны гмах...

Бульдозер выйграў спаборніцтва

Прыбыўшы на месца падзей, адразу ўпэўніўся ў тым, што будаўніцтва там і сапраўды ідзе. Той участак, дзе яшчэ не так даўно стаяў дом пад нумарам 23, уключаны ў прапанову аб наданні статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці, цяпер аточаны парканам, з-за якога выглядае высокі кран. Іншыя старасвецкія будынкі, якім прапануецца надаць падобны статус, стаяць як стаялі.

/i/content/pi/cult/419/8583/1-1.jpeg

Як паведаміла вядучы спецыяліст аддзела культуры Гомельскага гарвыканкама Наталля Грышкавец, адразу па атрыманні паведамлення з Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (адбылося тое яшчэ 27 лістапада 2012 года) інвестар быў праінфармаваны пра свае абавязкі і спыніў знос будынкаў. А той самы дамок № 23 аказаўся спляжаны яшчэ да набыцця свайго часовага ахоўнага статуса, прычым акурат за тыдзень...

— Калі гэта і сапраўды так, парушэння заканадаўства тут няма, — канстатаваў начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Беларусі Ігар Чарняўскі. — На жаль, часам рупліўцы праяўляюць ініцыятыву аб наданні статуса культурнай каштоўнасці ўжо запозна, хаця, здавалася б, яны не мелі ніякіх перашкод падрыхтаваць прапанову яшчэ тады, калі аб’екту нічога не пагражала...

Сапраўды, хаця драўляныя будынкі на Валатаўской “на слыху” ўжо не адзін год, першая спроба надаць ім юрыдычны статус мела месца ўжо тады, калі інвестыцыйна-будаўнічы махавік набыў значныя абароты. Зрэшты, у далейшым неабыякавыя гамяльчане спадзяюцца ўсё ж апярэдзіць бульдозер: прапанова аб уключэнні ў Дзяржспіс рэшткаў старой забудовы вуліцы Парыжскай камуны ўжо пададзена, а іх знос — толькі ў планах.

У той самы час, актывістка ў сферы аховы спадчыны з Гомеля Марыя Булавінская лічыць незаконнай будоўлю на Валатаўской. Паводле яе слоў, дэмантаж падмуркаў ды іншых каштоўных частак дома № 23 быў завершаны ўжо пасля 27 лістапада, ды і правядзенне будаўнічых работ у непасрэднай блізкасці ад “патэнцыйных” (дэ-юрэ) помнікаў спадчыны можа ладна нашкодзіць апошнім.

— Тут я пакуль лічу патрэбным устрымацца ад каментарыяў, — адзначыў Ігар Чарняўскі. — Але калі прадстаўнікі грамадскасці насцярожаны з названай прычыны, няхай бы яны не паленаваліся скіраваць да нас канкрэтную інфармацыю, і ў такім выпадку магу запэўніць, што будуць прыняты ўсе прадугледжаныя заканадаўствам меры на падставе рэальных фактаў. Зрэшты, тут, мабыць, трэба акцэнтаваць увагу перадусім нават не на канкрэтным канфлікце, але ўвогуле на захаванні ўнікальных для Беларусі гомельскіх традыцый драўлянага дойлідства і дэкору. На жаль, казаць пра наяўнасць цэласнага канцэптуальнага падыходу да гэтай праблемы, як мне падаецца, пакуль няма падстаў...

Дамкі з ліштвамі ў “кепскім суседстве”

Шпацыруючы па Валатаўской, разумееш, што праблема гэтая — зусім не з простых. Хаця б таму, што цэласны культурны ландшафт страчаны даўно ды незваротна, і побач з драўлянымі дамкамі красуюцца малацікавыя ўзоры савецкай і постсавецкай архітэктуры. Адпаведна, турыстычная вуліца тут наўрад ці калі атрымаецца. І тое ж самае датычыцца, не раўнуючы, усіх падобных мясцін у цэнтры Гомеля. Драўляныя дамкі з ліштвамі трапляюцца “сям-там”, плямамі, нідзе не ўтвараючы вялікага суладнага ансамбля. А “прарэхі” паміж імі запоўнены менавіта новай забудовай.

І пры гэтым дамкі знаходзяцца ў прывабнай для дэвелапераў цэнтральнай частцы горада. Вось і на Валатаўской пачалося будаўніцтва элітнага жылога шматпавярховіка... Натуральна, спыненне працэсу на цяперашняй яго стадыі будзе балючым для інвестара: атрыманы ўсе ўзгадненні, падрыхтавана праектна-каштарысная дакументацыя, дый нават праведзена рэкламная кампанія “дома мары”.

Намеснік старшыні Гомельскага гарвыканкама Ігар Корсак звяртае маю ўвагу і на такі аспект праблемы, як нерацыянальнасць далейшага выкарыстання драўлянай забудовы ў яе жыллёвай функцыі: маўляў, гісторыя гісторыяй, а побыт побытам.

— Наўрад ці знойдуцца ахвотныя прамяняць камфартабельную кватэру на струхлелы дом, дзе выгоды — “на вуліцы”, — кажа ён. — Вось і многія жыхары будынкаў, якія плануецца знесці, даўно мараць перасяліцца ў жытло ХХІ стагоддзя.

Па словах Наталлі Грышкавец, у падобнай “падвешанай” сітуацыі апынуліся і людзі з тых дамоў на Валатаўской, што могуць атрымаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці: яны ўжо, можна сказаць, валізкі спакавалі, а тут раптам... Гарадскія ўлады задаюцца рэалістычным пытаннем: якім будзе далейшы лёс тых шасці дамоў, калі ім усё ж пашанцуе ацалець? Хто і за які кошт верне іх да жыцця? Бо іхні стан — напаўаварыйны...

Сапраўды, жыллёвая функцыя для такіх будынкаў сёння выглядае непатрэбным анахранізмам. І таму ёсць боязь, што з функцыянальным прыстасаваннем патэнцыйных помнікаў на Валатаўской могуць узнікнуць праблемы. Зразумела ж, тыя дамкі запатрабуюць сур’ёзных укладанняў. Ды і абавязкі, якія накладае на ўласніка статус каштоўнасці не дадаюць інвестпрыцягальнасці аб’ектам. Вось і будучыня некалькіх самавітых драўляных дамоў па вуліцы Пушкіна, пра якія мы згадвалі ў мінулагоднім артыкуле, за гэтыя месяцы так і не вызначылася...

— І тым не менш, нам удалося знайсці інвестара, які гатовы ўкласці сродкі ў аднаўленне дома № 17 на Валатаўской, цудоўна ўсведамляючы пры гэтым свае законныя абавязкі, — кажа Марыя Булавінская. — Ён ужо падаў сваю прапанову ў аблвыканкам. Мы ж, у сваю чаргу, гатовы ўдзельнічаць у аднаўленчых работах на валанцёрскіх пачатках…

У той самы час, адна з грамадскіх арганізацый Гомеля таксама звярнулася з прапановай узяць пад сваю апеку гэты дамок, каб у перспектыве стварыць там культурны цэнтр.

Урэшце, застаецца яшчэ адно пытанне: як старасвецкія будынкі будуць выглядаць побач з сучаснымі гмахамі? Узораў такога “суседства эпох” можна знайсці нямала, і большасць з іх — вядома, няўдалыя. Возьмем, скажам “Жоўтую” царкву ў Мінску, “паглынутую” шматпавярховікамі, або драўляную “Беларускую хатку”, змешчаную ў зусім ужо непрэзентабельнае ўрбаністычнае атачэнне: на задворках... Але наўрад ці хто асмеліцца сказаць, што гэтыя помнікі спадчыны псуюць сваё наваколле: як ні круці, але з імі ўсё адно лепш. А Валатаўскую, з яе сённяшняй эклектыкай, увогуле цяжка сапсаваць, тым больш — гістарычнымі будынкамі.

Тут паўстае пытанне: а ці вартая аўчынка вырабу? Ці вартыя тыя дамы на Валатаўской высілкаў ды сродкаў па іх захаванні, ці настолькі яны каштоўныя, каб абгрунтаваць сваё “месца пад сонцам” на дарагой зямлі цэнтра горада? Марыя Булавінская пераканана ў тым, што іх руйнаванне будзе непапраўнай стратай для Гомеля: па яе словах, той жа дом № 17 з’яўляецца ўнікальным для мясцовай архітэктурнай традыцыі. У сваю чаргу, прадстаўнікі гарадской адміністрацыі ацэньваюць яго мастацкую вартасць куды больш сціпла: не больш чым “шараговы ўзор” пабудоў свайго часу, якіх нямала можна знайсці на гомельскіх вуліцах.

Зрэшты, выносіць канчатковы вердыкт адносна каштоўнасці/звычайнасці тых або іншых гістарычных будынкаў мае кампетэнцыю толькі Навукова-метадычная рада. Думаецца, ён прагучыць ужо ў хуткім часе. Мы ж можам хіба выказваць свае думкі.

Намеснік старшыні гарвыканкама Алена Клічкоўская спытала і маё меркаванне на гэты конт. Шчыра прызнаўся: калі бульдозер усё ж дабярэцца да таго дамка з ліштвамі, у мяне сэрца будзе крывёю аблівацца…

Дарэчы, дамок адметны не толькі архітэктурнай формай і дэкорам, але таксама і гісторыяй — ці, хутчэй, міфалогіяй. Як мяркуюць некаторыя краязнаўцы, менавіта ў ім правяла свае апошнія гады жыцця састарэлая гомельская княгіня, знакамітая мецэнатка Ірына Паскевіч, пазбаўленая савецкай уладай усёй сваёй маёмасці.

 — Гэта гарадская легенда, якая не мае дакументальнага абгрунтавання, — прызнае Марыя Булавінская. — Але... Чаму легенда не мае права на існаванне, асабліва калі яна ўзбагачае вобраз горада нейкімі новымі сюжэтамі ды адценнямі?..

Гістарычны канструктар

Урэшце, вернемся да слоў Ігара Чарняўскага: самае важнае — гэта ў цэлым вызначыцца з канцэпцыяй захавання тых народных традыцый Гомеля, якія ўжо страцілі сваё нематэрыяльнае вымярэнне (гэта значыць, пераемнасць), але пакуль яшчэ захаваліся ў матэрыяле, прычым такім нетрывалым, як дрэва.

/i/content/pi/cult/419/8583/1-2.jpeg

— Наўрад ці хто наважыцца сцвярджаць, што мы не робім захадаў па захаванні гэтай традыцыі, — кажа Алена Клічкоўская. — Праведзена сур’ёзная даследчыцка-аналітычная работа, сабраны вычарпальны аб’ём матэрыялу, адбываецца фотафіксацыя тых дамоў, якія зносяцца, а іх дэкаратыўныя элементы збіраюць супрацоўнікі Музея гісторыі Гомеля. Часта адны і тыя ж самыя карункі паўтараюцца, але пакуль музей мае такія магчымасці, ён бярэ пад сваю апеку ўсе ўзоры разьбы. Пытанне — ці трэба захоўваць аднолькавыя ўзоры арнаменту — паўстане толькі тады, калі запоўняцца фондасховішчы. Думаем і пра нейкія больш маштабныя турыстычныя праекты...

Зразумела ж, прапанаваныя вышэй варыянты — дамкі ў аблозе шматпавярховікаў альбо музейныя матэрыялы замест дамкоў — цяжка назваць дасканалымі. Таму канчатковае вырашэнне праблемы і гарадскія ўлады, і грамадскія актывісты бачаць у стварэнні адмысловага турыстычнага аб’екта, які сакумуляваў бы ў адным месцы найцікавейшыя ўзоры драўлянай забудовы Гомеля, якія могуць быць сабраны з розных вулачак, бо прадугледжаны Генпланам пад знос. Балазе, як зазначыў Ігар Чарняўскі, перавага будынкаў з дрэва заключаецца ў тым, што іх можна разабраць і сабраць на іншым месцы.

А вось дэталі гэтай задумы выклікаюць палкія дыскусіі. Мэрыя схільная бачыць такі комплекс недзе ўбаку ад цэнтра горада, а то і зусім на яго ўскраіне — у выглядзе рэкрэацыйнай зоны. Аргументы тут наступныя: турыстычныя аб’екты не павінны канцэнтравацца толькі ў цэнтры, ды і паколькі культурны ландшафт усё ж будзе мадэлявацца штучна, не так і важна, дзе гэта рабіць: на вуліцы “з гісторыяй” або ў чыстым полі. Аднак актывістаў такі падыход не задавальняе.

— Мы гутарым пра мяшчанскую, гарадскую забудову, а зусім не пра сельскую, — кажа Марыя Булавінская. — І гістарычная адпаведнасць — адзін з аргументаў на карысць таго, што ёй месца менавіта ў гарадскім асяроддзі. Пагадзіцеся, для захавання “повязі часоў” вельмі важна адлюстраваць, як Гомель выглядаў стагоддзе таму. А тады ён на 90% быў драўляным. Гэта такая наша рэгіянальная асаблівасць: іншых будаўнічых матэрыялаў тут бракавала…

Летась малады гомельскі архітэктар Сяргей Ляпін зрабіў праект своеасаблівага турыстычнага комплексу, разлічаны для цяперашняй пусткі па вуліцы Арцёма, што непадалёк ад палацава-паркавага ансамбля. На рэндары мы бачым крыху ідэалізаваную старасвецкую забудову, і выглядае яна досыць эфектна. Галоўны ідэйны недахоп праекта заключаецца ў тым, што аўтар разлічваў на стылізаваны “навадзел”, а не на перанос ды прыстасаванне рэальных помнікаў спадчыны. Зрэшты, гэтая хіба выпраўляльная...

Іншай перспектыўнай пляцоўкай для такога аб’екта гомельскія актывісты лічаць вуліцу Пралетарскую ў колішняй Спасавай Слабадзе, якая таксама за два крокі ад палацава-паркавага ансамбля. Там ужо сёння можна ўбачыць досыць густую канцэнтрацыю гістарычных будынкаў, а вось каго там не ўбачыш, дык гэта турыстаў.

Але ці стане для іх прыцягальнай тая драўляная забудова? Тут меркаванні таксама розняцца, як, зрэшты, і густы турыстаў. Пра сябе магу сказаць адназначна: з задавальненнем павячэраў бы ў кавярні з ліштвамі! І, думаю, не я адзін...

— Ужо неаднаразова мне даводзілася бачыць рэакцыю замежнікаў на тыя драўляныя дамкі, і гэтай рэкцыяй было захапленне! — кажа Марыя Булавінская. — Яны прызвычаіліся ўжо да замкаў або палацаў, а вось нейкія рэгіянальныя, народныя традыцыі выклікаюць у іх куды большую цікавасць, чым агульнаеўрапейскія архітэктурныя “трэнды”. На жаль, большасць сённяшніх гамяльчан яшчэ не паспела ўсвядоміць каштоўнасць таго, што яны маюць, бо гэта іх паўсядзённасць... Хаця гэтае ўсведамленне з кожным годам усё пашыраецца…

Стартавы турыстычны капітал Гомеля быў незайздросны: як ні круці, але ж гісторыя любога іншага нашага абласнога цэнтра куды багацейшая. Але апошняе дзесяцігоддзе пераканаўча засведчыла: справа нават не ў патэнцыяле, а ў актыўнасці ды крэатыўнасці яго рэалізацыі. Мы летась ужо параўноўвалі Гомель з суседнім Чарнігавым (гл. “К” № 19 за 2012 г.) — адным з патэнцыйна найпрывабных для турыстаў гарадоў рэгіёна. Здавалася б, гэта ўвогуле розныя вагавыя катэгорыі, і тым не менш...

А ўся справа ў тым, што адна гомельская “Папялушка” ўжо стала “прынцэсай”, атрымаўшы нядаўна Гран-пры з дыпломам лепшага музея Беларусі. Без усялякіх чарадзействаў — толькі дзякуючы паслядоўнай муніцыпальнай палітыцы. Так, вельмі важна яшчэ раз нагадаць: усё гэта рабілася перадусім “сваімі сіламі”, не чакаючы “добрага дзядзьку” па імені Рэспубліканскі Бюджэт. Здаецца, вынікамі задаволены ўсе, і перадусім — самі гамяльчане. Але сённяшні час патрабуе няспыннага развіцця. А таксама — веры ва ўласныя перспектывы.

— На маю думку, не варта забудоўваць нашы гарады аднымі панэльнымі дамамі, — кажа Ігар Чарняўскі. — Так, можа, яны і “фінансава мэтазгодныя”, але... Трэба ж дбаць і пра захаванне спадчыны, і пра развіццё турызму, і, урэшце, пра міжнародны імідж Рэспублікі Беларусь. Да месца тут будзе згадаць, што наша краіна далучылася да Канвенцыі UNESCO аб ахове і заахвочванні разнастайнасці форм культурнага самавыяўлення. А гомельскія традыцыі драўлянай архітэктуры і дэкору акурат падкрэсліваюць самабытнасць гістарычнага лёсу гэтага рэгіёна, моцны ўплыў на які аказала культура старавераў. Ні ў Мінску, ні ў Гродне, ні ў Брэсце, ні ў якім іншым беларускім горадзе вы такіх дамкоў не знойдзеце!..

Як падаецца, палымяная дыскусія, што разгарнулася вакол старой гомельскай забудовы, усё ж мае шансы прывесці да канструктыўных вынікаў. Бо ўсе яе ўдзельнікі маюць адзіны базіс.

Маляваць Гомельскі гарвыканкам у аблічы Герастрата, як гэта дазваляюць сабе рабіць некаторыя СМІ і блогеры, усё ж няма падстаў. Вось і гарадскі спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, і без таго немалы, папоўніўся летась яшчэ на восем пазіцый. І самае важнае — сучасны стан унесеных у яго аб’ектаў зазвычай прыемна ўражвае. Толькі той, хто ведае будні руціннай работы, разумее, якіх высілкаў ад муніцыпалітэту вымагае такі вынік.

Са здзіўленнем даведаўся, што апрача апекі над усімі гарадскімі аб’ектамі спадчыны (уяўляеце, колькі ўласнікаў у шматкватэрным доме!) Наталля Грышкавец мае і нямала іншых абавязкаў. А вось функцыі кантролю, інструменты ўздзеяння... На жаль, апошнім часам паўнамоцтвы такіх спецыялістаў моцна рэдукаваны.

— Калі я іду па вуліцы і бачу яўнае парушэнне заканадаўства (скажам, хтосьці выбівае старую раму, каб замяніць яе на шклопакет), дык не магу падысці, прадставіцца і запатрабаваць ад уласніка выканання заканадаўства, — распавядае Наталля Грышкавец. — Бо для таго, каб умяшацца нават у такім дробным выпадку, патрэбна цэлая юрыдычная працэдура...

Між іншым, і дэвелапер, як выявілася, — зусім не беспрынцыпны “гоншчык за доўгім рублём”: пачуццё сацыяльнай адказнасці яму не чужое. У рэкламным артыкуле, прысвечаным будаўніцтву шматпавярховіка на Валатаўской, сцвярджаецца: “Забудоўшчыкі свядома ідуць на дадатковыя выдаткі, каб, захоўваючы лепшае для новага часу, захаваць і каштоўнасць мінулых гадоў. Калі па выніках незалежнай экспертызы драўляныя дамы па вуліцы Валатаўской прызнаюць культурна-гістарычнымі помнікамі, будуць разгледжаны варыянты іх захавання”.

Засталося хіба прыйсці да нейкага кансэнсусу. На думку актывістаў, гэтаму можа паспрыяць шырокае грамадскае абмеркаванне будучыні драўлянай забудовы. А далей — разам шукаць кампрамісы. Бо адразу відаць, што без іх дзве амаль палярныя пазіцыі — гістарызм і прагматызм — ніколі не паяднаюцца. І ў мяне склалася ўражанне, што гомельскія грамадскія актывісты (у адрозненне ад некаторых іншых) да разумных кампрамісаў цалкам схільныя.

...Безумоўна, набліжэнне бульдозера — зусім не найлепшая піяр-нагода для экскурсу ў гісторыю ды гутаркі пра геаграфічнае брэндзіраванне, але... Чамусьці так ужо павялося, што належная ўвага помніку спадчыны надаецца толькі ў крытычнай для яго сітуацыі. Зрэшты, як мы ведаем з медыцыны, выйсцяў з такой сітуацыі ўсё ж можа быць два... І пакуль бульдозер яшчэ ў гаражы, гэта абнадзейвае.

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Гомель — Мінск

Фота аўтара