Магніт Сапегаў і... магніцікі

№ 4 (1078) 26.01.2013 - 02.02.2013 г

Аглядаючы вартыя жалю руіны, якіх, па волі гісторыі, у нашай краіне не бракуе, многія шчыра перакананы, што лёс апошніх адназначна фатальны і ніколі ўжо ў пашчэрбленыя муры не вернецца жыццё. Колішняя рэзідэнцыя Сапегаў у Ружанах адпрэчвае гэты стэрэатып і дадае аптымізму.

Яшчэ гады тры таму шыкоўны некалі комплекс насялялі адно козы ды іншая жыўнасць. Яшчэ летась адноўлены і пакрыты бялюткай тынкоўкай правы флігель выразна кантраставаў са “шкілетам” свайго гаротнага левага сабрата. Сёння ж абодва яны выглядаюць аднолькава эфектна і прымаюць наведвальнікаў.

У экспазіцыі музея не так і шмат рарытэтаў. Як-ніяк, усе скарбы Сапегаў былі вывезены за межы Беларусі задоўга да нашага часу. Але прадуманая і візуальна выразная экспазіцыя пакідае самыя лепшыя ўражанні, асабліва — у спалучэнні з экскурсіяй. Ды і адрэстаўраваныя флігелі разам з брамай не выглядаюць навадзелам: нібыта так яно ўсё і было...

Як адзначыў галоўны спецыяліст упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Вячаслаў Гарбузаў, пад час рэстаўрацыі гістарычныя руіны не пацярпелі: іх удалося захаваць, нягледзячы на кепскі тэхнічны стан. Натуральна, пад час работ выкарыстоўвалася адмысловая цэгла, зробленая, між іншым, непадалёк адсюль, на Століншчыне. А непасрэдна ў час рэстаўрацыі выявіліся і сапраўдныя цікавосткі — скажам, падлога з той сядзібы, што яшчэ папярэднічала цяперашняй.

Вядома, тут адразу ўзнікае пытанне: а што далей? Тым больш, ставіць кропку ў гэтым месцы неяк не лагічна: адрэстаўравана ж пакуль толькі частка ацалелых пабудоў, а астатнія — у руінах.

Варта таксама дадаць, што гэтыя работы збольшага выкананы менавіта за кошт раённага бюджэту. Шмат было размоў пра ўключэнне дадзенага аб’екта ў Рэспубліканскую інвестыцыйную праграму, але...

— Пытанне, на жаль, пакуль не вырашана, — распавёў начальнік аддзела культуры Пружанскага райвыканкама Канстанцін Панімаш. — Але, нягледзячы на ўсе цяжкасці, будзем рухацца далей. На бягучы год раёнам на працяг рэстаўрацыйных работ выдаткаваны 1 мільярд 200 мільёнаў рублёў. Так што неўзабаве прыступім да аднаўлення сапегаўскага тэатра — праектная дакументацыя ўжо рыхтуецца. Вядома, сродкі — невялікія, але...

— Самае галоўнае, што аднаўленню быў дадзены старт, што ўжо і сёння актыўна едуць людзі, — падхапіў Вячаслаў Гарбузаў.

І сапраўды, “нованароджаны” музей адразу стаў карыстацца попытам сярод турыстаў. Летась іх было больш за 18 тысяч. І многія, трэба меркаваць, з’ехалі адсюль не з пустымі рукамі. Дырэктар установы Руслан Кніга дэманструе кубкі, магніцікі ды іншыя няхітрыя і недарагія сувеніры. Але на кожным з іх — не якаясьці “рака Хуанхэ”, а відарысы Ружанаў, герб Сапегаў, партрэт легендарнага канцлера... Гэта эксклюзіўныя сувеніры, якія можна набыць толькі тут.

— Арганізаваць іх вытворчасць было зусім не складана, — падзяліўся досведам дырэктар. — Адзін пружанскі прадпрымальнік ахвотна за гэта ўзяўся. Попыт — неблагі, і план платных паслуг мы даўно ўжо перавыканалі. Летась зарабілі дзесьці мільёнаў сто...

/i/content/pi/cult/410/8397/6-1.jpeg

Зрэшты, няма сумневу ў тым, што гэта — толькі прамежкавыя вынікі. У плане турпрыцягальнасці Ружаны маюць усе падставы для канкурэнцыі нават з самім Нясвіжам  — вядома, калі рэстаўрацыя прадоўжыцца і ёй будзе спадарожнічаць такі самы эфектыўны маркетынг, якім была забяспечана леташняя Культурная сталіца.

І ўжо дакладна можна разлічваць на тое, што многія турысты не будуць абмяжоўвацца адно экскурсіяй па музеі, а вырашаць застацца ў Ружанах даўжэй ды патраціцца не толькі на кубкі ды магніцікі. Балазе гэта адно з нешматлікіх у краіне мястэчак, якое захавала свае гістарычныя дамінанты і адпаведны каларыт. А культурны ландшафт, атачэнне галоўнай турыстычнай “прынады”, — дарагога варты!

/i/content/pi/cult/410/8397/6-2.jpeg

Старадаўнія царкву ды касцёл можна ўжо сёння з гонарам дэманстраваць турыстам. Як распавёў Вячаслаў Гарбузаў, у хуткім часе мае вырашыцца лёс яшчэ аднаго помніка сакральнага дойлідства — капліцы Святога Казіміра, размешчанай на маляўнічым пагосце. Дах у ёй і сапраўды ўжо ледзь не дзіравы. А вось сінагога, якую колісь наведваў маладзенькі Ізя Езярніцкі — будучы ўтрапёны змагар за незалежнасць Ізраіля, — а потым і яго Прэм’ер-міністр Іцхак Шамір, па-ранейшаму мае рваную рану ў баку. Праз яе, а таксама праз ператвораны ў рэшата дах вільгаць сочыцца на ацалелую дэталь інтэр’ера — біму.

/i/content/pi/cult/410/8397/6-3.jpeg

На вялікі жаль, прадстаўнікі мясцовых улад не абнадзеілі нас сваімі задумамі адносна рэвіталізацыі або хаця б захавання помніка спадчыны. Яно і зразумела: стан у яго зараз гаротны, атачэнне — не дужа прывабнае, дарма што самы цэнтр мястэчка.

/i/content/pi/cult/410/8397/6-4.jpeg

Зрэшты, гэта зараз. Але ў перспектыве сітуацыя можа істотна змяніцца. Таму хочацца верыць, што планы муніцыпальных улад па кансервацыі сінагогі, пра якія распавёў Вячаслаў Гарбузаў, неўзабаве ўрэчаісняцца. Сапраўды, тут галоўнае — хаця б дзіры ў даху зацыраваць...

Фота Юрыя ІВАНОВА

Рэзюмэ “К” у дарозе

Што да намаганняў па аднаўленні аб'ектаў гісторыка-культурынай спадчыны на Пружаншчыне, дык тут сапраўды прыкладзены вялікія намаганні — вышуковыя, фінансавыя. І па разліках мясцовых крэатыўшчыкаў канцэпцыя стаўкі на брэндавыя помнікі абавязкова спрацуе. Дакладней, ужо пачала працаваць, згадваючы пра традыцыйны летні фэст у атачэнні старадаўніх муроў.