"Падарожная" да аднаго лёсу

№ 5 (1079) 02.02.2013 - 09.02.2013 г

Мікалай Шчакаціхін: "Я паспеў зрабіць штосьці для навукі..."

(Заканчэнне. Пачатак у "К" №№ 2, 3, 4 за 2013 г.)

…Так, Шчакаціхін — адзін з піянераў беларусізацыі гістарыяграфіі. Да гэтага спрадвечна беларуская гісторыя разглядалася як частка гісторыі Расіі. Цяпер, дзякуючы намаганням Шчакаціхіна і яго калег-аднадумцаў, яна стала набываць самастойны статус вучэбнай дысцыпліны, самастойную галіну гістарычных даследаванняў. Між іншым, ён першым увёў у навуковую тэрміналогію паняцці “беларускае барока”, “беларускае Адраджэнне” і ў першым томе “Нарысаў з гісторыі беларускага мастацтва” (1928 г.) зрабіў спробу перыядызацыі гісторыі нацыянальнай выяўленчай культуры. На жаль, ужо ў другой палове 1930-х гадоў беларуская гісторыя зноў разглядалася як неаддзельная частка агульнай “Гісторыі СССР”. Прыйшлі іншыя часы. І, дарэчы, да канца 50-х самастойнай кафедры гісторыі Беларусі ў нашым ўніверсітэце не існавала…

А ўся кардынальная перабудова сацыяльна-палітычнага і культурнага жыцця нашай краіны, звязаная з устанаўленнем сталінскай дыктатуры, пачалася прыкладна праз дзесяць гадоў пасля стварэння БССР.

/i/content/pi/cult/409/8380/2-1.jpeg

Гэтая генеральная “перабудова” асабліва закранула беларускую інтэлігенцыю, у тым ліку і прадстаўнікоў БДУ ды Інбелкульта. У 1929 г. пасля праверкі нацыянальнай палітыкі БССР камісіяй ЦКК КП(б) Украіны (пры чым тут Украіна?) на чале з Уладзімірам Затонскім, ён жа — наркам Рабоча-сялянскай інспекцыі УССР, разгарнулася жорсткая кампанія барацьбы супраць так званых нацыянал-дэмакратаў і “вялікадзяржаўных шавіністаў”. Па сфабрыкаванай справе “Саюза вызвалення Беларусі” праходзіла 188 чалавек, у тым ліку В.Ластоўскі, Я.Дыла, А.Смоліч, Я.Лёсік, Я.Пушча, В.Дубоўка, Б.Эпімах-Шыпіла і, канешне ж, У.Пічэта з М.Шчакаціхіным. Пічэта быў зняты з усіх пасад, у верасні 1930-га — арыштаваны, абвінавачаны ў контррэвалюцыйнай дзейнасці і сасланы ў Вятку. Больш у Беларусь выдатны вучоны не вярнуўся (пайшоў з жыцця ў 1947 годзе ў Маскве)… Шчакаціхіна ўзялі яшчэ раней: 21 ліпеня 1930-га. Узялі глыбокай ноччу, проста ў кватэры № 5 таго самага “прафесарскага” дома № 5/30, які знаходзіўся на рагу вуліц Кірава і Валадарскага. І — на дзевяць месяцаў кінулі ў падвал ГПУ, пасля чаго адправілі ў башкірскую ссылку, пакуль што на пяць гадоў. Акадэмік Мікалай Нікольскі, вядомы гісторык-усходазнаўца, тагачасны загадчык сектара Інстытута гісторыі АН БССР, прапанаваў калегам па Універсітэце і Акадэміі аказаць арыштаванаму Шчакаціхіну матэрыяльную дапамогу на дарогу ў ссылку, але прапанова не была нікім падтрымана…

Такім чынам, можна лічыць, Шчакаціхін аказаўся ці не першай ахвярай сярод беларускіх пасіянарных інтэлектуалаў. Канешне ж, яго адразу звольнілі з Акадэміі навук, дзе ён у той час якраз узначальваў Камісію гісторыі мастацтваў пры кафедры гісторыі Беларусі. І ў наступным годзе, згодна з пастановай калегіі АГПУ (арт. 58, пункты 4, 7, 10, 11), ён быў накіраваны ў ссылку ў башкірскі г. Белябей. Расстрэлы пакуль што яшчэ “ў моду” не ўвайшлі. А між тым, дзяржаўная “перабудова” ішла поўным ходам: пачалася рэарганізацыя музеяў, з якіх сталі знікаць экспанаты, што мелі дачыненне да дарэвалюцыйных часоў. Цалкам былі прыпынены пошукі і даследаванні твораў старажытнабеларускага мастацтва, а тыя, што былі сабраны ў 20-я гады, — схаваны ў запасніках або наогул знішчаны. Іх месца ў музеях занялі работы, галоўным чынам, рускіх майстроў. І — так ва ўсіх галінах навукі, культуры, літаратуры, палітыкі, усяго соцыуму. А самыя страшэнныя 1937 — 1938 гады “чырвонага кола” і “вялікага тэрору” былі ўжо не за гарамі, калі толькі беларуская навука страціла больш за 2 500 выдатных вучоных, з іх — 25 акадэмікаў і супрацоўнікаў Акадэміі навук… Дарэчы, той самы першы “інспектар” па беларускіх “культурных” справах Уладзімір Затонскі таксама быў расстраляны…

/i/content/pi/cult/409/8380/2-2.jpeg

У 1940-м адзін з арганізатараў Віцебскага мастацкага тэхнікума — скульптар Міхаіл Керзін пісаў: “…У 1928 годзе нацдэмы былі разгромлены, але далёка не ўсе. Ацалелыя подлыя паслядоўнікі — трацкісты, бухарынцы і буржуазныя нацыяналісты, — падманваючы давер партыі, прабіраліся на адказныя пасады і працягвалі сваю агідную справу: пад выглядам барацьбы з паслядоўнікамі нацдэмаўшчыны яны спрабавалі знішчыць тое здаровае, што было створана клопатамі партыі і ўлады…” Не ведаю, каго меў на ўвазе Керзін, бо ў 1928-м яшчэ ніхто з дзеячаў культуры і мастацтва не пацярпеў, але яго стаўленне да такіх, як Шчакаціхін, Філіповіч, Мінін, вядомае, пра што мне расказвалі калісьці і Алена Аладава, і Міхаіл Станюта. Тут Міхаіл Аркадзьевіч Керзін — дзесьці побач з такімі ганіцелямі Шчакаціхіна, як С.Вальфсон, Л.Бабровіч, М.Грынблат, Н.Шпілеўскі, якія абвінавачвалі вучонага ў тым, што беларускія гістарычныя помнікі патрабаваліся яму “для замазвання палітычнай тэндэнцыі нацдэмаўскага парыву да старажытнасці”.

Урэшце, яшчэ да арышту над галавой Шчакаціхіна пачалі збірацца навальнічныя хмары. У прэсе сталі з’яўляцца артыкулы, якія кампраметавалі навуковую дзейнасць Мікалая Мікалаевіча. Як успамінае Г.Ц. Шчакаціхіна, некаторыя газеты сцвярджалі, што ў яго кабінеце — падумаць толькі! — вісіць распяцце Ісуса Хрыста! Так, сапраўды вісела: твор мастацтва XVI стагоддзя. Больш за тое: выданні вучонага паказвалі рабочым непасрэдна на заводах і фабрыках: “Гэта шкодніцтва!” — казалі лектары, паказваючы на рэпрадукцыі архітэктурных помнікаў Беларусі — цэркваў, касцёлаў і манастыроў, змешчаныя ў кнігах.

/i/content/pi/cult/409/8380/2-3.jpeg

…У жніўні 1932 г. з Мінска ў Белябей да ссыльнага Шчакаціхіна пераехала яго сям’я — жонка з трыма дзецьмі. А Мікалай Мікалаевіч, як загнаны воўк, кідаўся з аднога месца да другога ў пошуках больш-менш прыстойнай работы, каб пракарміцца самому ды пракарміць сям’ю. Быў на пасадзе статыстыка Белябееўскага райспажыўсаюза, рахункавода гарадскога спажывецкага таварыства, потым — планавіка. Працаваў настаўнікам у мясцовай трохгадовай школе Кааператыўна-гандлёвага вучнёўства, выкладаў нямецкую мову ў сярэдняй школе №1. Тут яго зноў арыштавалі, звольнілі з работы і пасадзілі ў турму ў адну камеру з крымінальнікам, які пакутаваў на сухоты. Праз паўгода Шчакаціхіна выпусцілі. Ён застаўся беспрацоўным, да таго ж, цяжка хворым. І толькі восенню 1936-га ўладкаваўся працаваць у Татарскае педагагічнае вучылішча настаўнікам нямецкай і рускай мовы і літаратуры, а таксама даваў урокі лацінскай мовы вучням белябееўскай аптэкі № 17. У вольны час вывучаў чувашскую, татарскую і башкірскую мовы.

Але ўсё гэта яго не вельмі задавальняла, бо ён марыў аб навуковай дзейнасці, для якой, уласна кажучы, і быў народжаны. Вось што пра гэты перыяд успамінае жонка Шчакаціхіна:
“…Са смуткам ён марыў аб навуковай працы, і тут, у ссылцы, садзіўся за стол, а я садзілася побач з ім, як некалі ў Мінску, каб хоць крыху нагадаць мінулае. Сям’я наша з пяці чалавек жыла ў адным пакоі. Мікалай Мікалаевіч перагарадзіў пакой шафамі, ствараючы ілюзію кабінета. Яго эстэтычныя пачуцці пакутавалі ад пустых, голых сцен. Вісеў толькі мой партрэт у авальнай раме, намаляваны ў Мінску мастаком Крыгерам (памылка: трэба — “Кругерам”. — Б.К.). Аматар прыроды, М.М. лічыў найлепшым заняткам паляванне і рыбную лоўлю. Увесь наш пакой быў застаўлены чучаламі птушак ды звяроў, зробленых ягонымі рукамі. Гэта стварала своеасаблівую ўтульнасць. Асабліва даражыў ён тым кавалачкам мінулага жыцця, які я здолела прывезці з сабой: часціну яго бібліятэкі і калекцыі, яго рукапісы. У нас заўсёды былі ў доме дзівоснай прыгажосці каты, чарапахі, якіх М.М. выходжваў ды прывучаў дзяцей любіць і шанаваць прыроду. Доўгімі зімовымі вечарамі мы часта бавілі час, напяваючы беларускія песні: “Ой, расцвіла ружа, расцвіла…”, “А ў полі вярба…”, “Зялёны дубочак” ды іншыя. Успаміналі Беларусь, і ён вельмі сумаваў аб ёй…”

У жніўні 1938-га Шчакаціхін атрымаў прызначэнне Наркамасветы на працу выкладчыкам старэйшых класаў у сярэднюю школу ў вёску Кальтаўка Інглінскага раёна, што за 20 кіламетраў ад чыгуначнай станцыі Інгліна і за 300 кіламетраў ад Белябея. Тады тут пражывала каля 500 чалавек (цяпер — амаль 800), з іх амаль усе — беларусы і рускія. У маі наступнага года Шчакаціхіна вызвалілі ад працы па інваліднасці, і ён ізноў пераехаў у Белябей, каб там, літаральна праз год, сысці ў іншы свет …

У заключэнне хачу прывесці ліст-тэстамент, які Шчакаціхін напісаў жонцы яшчэ 23 студзеня 1939 г. і запячатаў у канверт. На канверце пазначыў, што раскрыць яго трэба толькі ў выпадку ягонай смерці. Вось гэты тэкст: “Шаноўны мой сябра! Ты заўсёды, як пужлівы голуб, хавала галаву пад крыло ад размоў пра смерць, і мне ніколі не ўдавалася сур’ёзна пагаварыць з табой пра гэта. Цяпер, калі хвароба мая зацягнулася, ведаючы, што пры агульным стане майго арганізма ўсякія такія захворванні ўяўляюць для мяне пэўную небяспеку, і што за зыход, ва ўсялякім выпадку, нельга ручацца, я пішу табе з той нагоды, калі справа закончыцца смерцю. Мне трэба сказаць табе няшмат. Перш за ўсё, не тужы па мне і не плач занадта. Смерць мяне не палохае. І аб жыцці я не шкадую. Я меў у жыцці кавалачак шчасця: я паспеў зрабіць сёе-тое для навукі; я меў дзяцей ад каханай жанчыны. Не кожнаму ўдаецца хоць столькі атрымаць ад жыцця. Я задаволены і таму спакойны. Думай больш пра сябе і пра дзяцей. Пастарайся наладзіць сваё жыццё і выгадаваць іх добрымі людзьмі.

Цяпер пра справы. Пасля мяне застанецца няшмат, і просьбаў толькі тры.

Па-першае. Пазбірай разам усе мае рукапісы і нататкі па нумізматыцы, картатэку манетных скарбаў, нумізматычную калекцыю і калекцыю пячатак; усё гэта накіруй у Ленінград, у Дзяржаўны Эрмітаж (Набярэжная 9 студзеня, 34) з кароткім лістом, што вось, маўляў, ад мужа засталіся матэрыялы, якія ён прасіў аддаць вам: можа быць, камусьці спатрэбяцца.

Па-другое. Рукапіс “Вадзяныя знакі” з малюнкамі накіруй у Ленінград, у Дзяржаўную публічную бібліятэку (на рагу праспекта 25 Кастрычніка і вуліцы 3 ліпеня) з аналагічным лістом і просьбай захаваць рукапіс.

Па-трэцяе. Незакончаны лацінскі слоўнік паспрабуй спачатку прадаць Наркамздраву або выдавецтву “Биомедгиз” у Маскве як чарнавы матэрыял, а калі ніхто не купіць, накіруй медыцынскаму факультэту Маскоўскага ўніверсітэта, няхай робяць з ім, што пажадаюць. Вось і ўсё. Астатняе, што застанецца, не мае ніякага значэння. І пра яго не трэба гаварыць.

Успамінай часам, што быў чалавек, які кахаў цябе як умеў і памёр, не здраджваючы гэтаму каханню і думаючы пра цябе.

Твой Мікалай”.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"