“Нашу сваё неба з сабою…”

№ 5 (1079) 02.02.2013 - 09.02.2013 г

Юбілейны вернісаж у кантэксце часоў

Дзіўная справа: калі да адкрыцця вялікай юбілейнай выстаўкі Леаніда Шчамялёва ў Нацыянальным мастацкім музеі застаецца ўсяго тры дні, маэстра ўсё роўна з 11-й гадзіны — у сваёй майстэрні за мальбертам, з пэндзлем у руках! Працуе, штосьці раздумвае, успамінае… Канешне ж, час ідзе, і ніяк яго не спыніць. Але пражыць 90 гадоў — гэта вам не жартачкі. І не проста пражыць як “поле перайсці”, а з лішкам увабраўшы ў сябе і цяжкія трыццатыя, і “сороковые-роковые” Вялікай Айчыннай, і пасляваенныя вельмі складаныя палітычныя, сацыяльныя і культурныя метамарфозы ў краіне, захаваць у сваім шчырым сэрцы той маральны фундамент, на якім трымаюцца такія “катэгорыі”, як пяшчота і мужнасць, дабрыня і душэўная чысціня, надзея і вера ў тое, што чалавеку, нягледзячы ні на што, будзе заўсёды ўтульна, камфортна ў гэтым свеце...

/i/content/pi/cult/409/8371/2-1.jpeg

І вось наспеў час, каб на другім дзясятку XXI стагоддзя заявіць са спакойнай упэўненасцю: Леанід Шчамялёў — гэта не толькі лідар беларускага выяўленчага мастацтва на працягу апошніх, скажам, трох дзесяцігоддзяў, але і адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў нацыянальнай культуры наогул. Больш за тое: сябруючы з мастаком амаль паўстагоддзя, магу смела сцвярджаць: Шчамялёў даўно ўжо выйшаў за рамкі, так бы мовіць, беларускай творчай “ментальнасці” і “рэгіянальнасці”. Яго мастацкая папулярнасць у краінах бліжняга і дальняга замежжа — таму пацвярджэнне. Мне здаецца, што сёння ў нашым мастакоўскім племені, у тым ліку і ў маладых творцаў, ужо рэдка можна сустрэць такую шчамялёўскую асаблівасць, як добразычлівасць — творчая і чалавечая. Відавочна, гэта ўнутраная сутнасць і трывалая аснова ўнікальнага таленту. Таму жывапіс майстра прымаецца людзьмі незалежна ад іх нацыянальнасці, узросту, адукацыі, веравызнання, сацыяльнай прыналежнасці. Таму ён сапраўдны народны мастак (не толькі па званні, а і па пакліканні), бо творыць для людзей, і яны яму адказваюць шчырай любоўю.

/i/content/pi/cult/409/8371/2-2.jpeg

Так, 5 лютага, акурат у дзень нараджэння Маэстра, мы прыйдзем у музей на вялікае свята — ягоную выстаўку, дзе пабачым спавядальныя жывапісныя паэмы, песні, балады і графічныя навелы “пра час і пра сябе”. Па вялікім рахунку, карціны словамі немагчыма тлумачыць — іх можна толькі палюбіць. Адчуць. Зразумець. І толькі тады, у адзіным парыве суперажывання, калі душа твая адгукнецца на боль ды адчай, развагі мастака, ягоныя палотны будуць належаць табе гэтак жа, як належаць самыя патаемныя ўспаміны. І на вернісажы мы ўбачым пасівелага, мудрага, канешне ж, усхваляванага Леаніда Дзмітрыевіча, заўсёды падцягнутага, прыгожага, сардэчнага, з лёгкай, такой знаёмай многім, добрай усмешкай. Асабіста хачу сказаць яму: “Вялікі дзякуй, дарагі Лёня!”  — за вернасць нашаму шматгадоваму сяброўству, а найперш — за падораную людзям прыгажосць, за радасць і сонца, за цішыню мінскага зімовага ранку і барву восені Ракава і Валожына, блакітнае неба вясны роднай Віцебшчыны і спякоту летняга івянецкага дня, за вабнае мроіва Лагойшчыны і палымнеючыя фарбы руж, за тую нашу гісторыю і культуру, што ты так ярка ўвасобіў пэндзлем на палотнах, за ўсе тыя чароўныя, светлыя, захопленыя фарбы, якія я заўсёды называў “шчамялёўскімі”…

Дык што ж такое для Леаніда Шчамялёва мастацтва? Французы б сказалі: le comble honheur! Быць на вяршыні шчасця! Я ўдакладніў бы: верх цяжкага шчасця! Няхай яно заўсёды спадарожнічае мастаку, які абраў для сябе нялёгкі жыццёвы шлях: як казалі нашы продкі, per aspera ad astra… У “Ладдзі роспачы” Уладзіміра Караткевіча ёсць такія красамоўныя радкі: “Чалавек носіць сваё неба з сабою…”. Леанід Шчамялёў натхнёна таксама носіць сваё неба з сабою — у прасторах жывапісных палотнаў і ў прасторах шчодрай ды адкрытай усяму свету душы…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"