“Біржа працы” для "цёмнага коніка"

№ 5 (1079) 02.02.2013 - 09.02.2013 г

“Гэта цікава...” І што далей?

Напрыканцы мінулага года на базе Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў паўстаў Цэнтр эксперыментальнай рэжысуры “Адкрытая пляцоўка”. Яго нараджэнне было ціхім ды непрыкметным, без “чырвонай стужкі” і пырскаў шампанскага. Зрэшты, яно і зразумела: сапраўдная прэзентацыя любога тэатральнага праекта адбываецца ў дзень прэм’еры яго першага спектакля. Тым не менш, цікавасць да новага ўтварэння ўжо з’явілася — прынамсі, у прафесійных колах.

Па вялікім рахунку, гісторыя Цэнтра пачалася на сустрэчы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з творчай моладдзю, якая адбылася 1 снежня 2011 года. Пад час шчырай гутаркі тэатральны рэжысёр, выкладчык Акадэміі мастацтваў Таццяна Траяновіч закранула праблему станаўлення маладых рэжысёраў, чыёй крэатыўнай энергіі бывае досыць цяжка знайсці свой “дах над галавой”. У выніку ідэя стварэння Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры была ўнесена ў пратакол даручэнняў Кіраўніка дзяржавы.

Нейкі час ініцыятыва лунала ў прасторы думак, шукаючы прыдатную глебу для “прызямлення”. Разглядаліся розныя варыянты: у тым ліку і стварэнне асобнай структуры. Але ў выніку спыніліся на больш сціплым ды эканамічным спосабе: Цэнтр быў створаны пры тэатральным факультэце БДАМ.

— Безумоўна, патрэба ў такой эксперыментальнай тэатральнай пляцоўцы наспела даўно, і таму мы ахвотна падтрымалі гэтую ідэю, — кажа рэктар Акадэміі Міхаіл Баразна. — Спадзяюся, Цэнтр стане тым месцам, дзе будзе бруіць маладая энергія, увасабляючыся не толькі ў тэатральныя паказы, але і ў дыскусіі, даследаванні, майстар-класы…

Творчы старт у “цяплічных” умовах

Пра тое, што айчынны тэатральны рэпертуар мог бы быць куды больш разнастайным ды плюральным у плане творчых падыходаў, пра адчувальны брак у афішах новых імёнаў у апошнія гады не напісаў хіба што лянівы. Але ж куды важней не проста канстатацыя факта, а — дыягностыка прычын.

— Сёння камерцыялізацыя беларускага тэатра стала ўжо неаспрэчнай тэндэнцыяй, хочам мы таго ці не, — лічыць аўтар ідэі Цэнтра, а цяпер і яго кiраўнiк Таццяна Траяновіч. — Небезвядомы “план па гледачы” змяшчае акцэнты, прымушаючы дырэктараў устаноў дбаць перадусім не пра мастацкія складнікі спектакляў, а пра іх касавасць. І ў гэтых варунках цалкам вытлумачальнае памкненне рабіць стаўку на “правераныя” рэжысёрскія прозвішчы. А калі ў тэатр прыходзіць малады творца са сваёй смелай ідэяй, яму звычайна кажуць: “Так, гэта цікава, але…”.

І таму першасная задача Цэнтра бачыцца яго кiраўнiку ў стварэнні тэатральнай пляцоўкі, адкрытай для эксперыментаў і вызваленай з-пад дамоклавага мяча кан’юнктуры. І таму здатнай даць маладым рэжысёрам магчымасць творчага старту ў “цяплічных” умовах, своеасаблівы “пачатковы капітал”.

— Пачынаць заўсёды вельмі складана, — кажа Таццяна Траяновіч. — Тым больш, тэатры зазвычай хочуць убачыць у ролі пастаноўшчыка “гатовы прадукт”, які дасць гарантаваныя вынікі. А малады рэжысёр — гэта заўсёды “цёмны конік”. І вось, наш Цэнтр павінен даць яму магчымасць прадэманстраваць, чаго ён варты, прычым не на словах, а на справе. У той самы час, прадстаўнікі тэатраў здолеюць больш пільна прыгледзецца да “маладняку” і, магчыма, адкрыюць для сябе цікавыя імёны. Гэта будзе нібы своеасаблівая “біржа працы”…

Цэнтр уваходзiць у склад тэатральнага факультэта як самастойная “творчая адзінка”, але ж свае ініцыятывы ён будзе ажыццяўляць у супрацы з кафедрамi рэжысуры і майстэрства акцёра. Як распавяла Таццяна Траяновіч, алгарытм адбору рэжысёрскіх заявак пакуль яшчэ ў стадыі абмеркавання. Вызначаны пакуль толькі адзін нюанс: на сённяшні дзень заяўкі могуць падаваць адно студэнты Акадэміі. Вядома, гэта моцна звужае “мэтавую групу”. Зрэшты, ужо неўзабаве яна мае крыху пашырыцца, уключыўшы і дыпламаваных рэжысёраў, якія прадоўжаць навучанне ў магістратуры пры кафедры.

Міхаіл Баразна спадзяецца, што дзейнасць Цэнтра будзе арганічна ўплецена ў адукацыйны працэс, спрычыніўшыся да карысных метадалагічных інавацый, а таксама — у перспектыве — і да кадравых папаўненняў.

— Спадзяюся, найбольш плённыя выхаванцы Цэнтра некалі і самі стануць нашымі выкладчыкамі, — кажа ён. — Так, гэты працэс доўгатэрміновы, але... Іначай, зрэшты, і быць не можа.

Курс на рэнтабельнасць

Асноўнай пляцоўкай для ўвасаблення задум Цэнтра заканамерна стане студэнцкі Тэатр-студыя імя Е.Міровіча. Падавалася б, нішто не перашкаджала маладым рэжысёрам працаваць там і да стварэння Цэнтра, але…

— У апошні час мае студэнты досыць рэдка ставілі свае спектаклі на гэтай сцэне, — распавёў загадчык кафедры рэжысуры БДАМ Вітаўтас Грыгалюнас. — Цяпер жа, думаю, сітуацыя выправіцца. Тым больш, мы прыйдзем у тэатр не з пустымі рукамі, а з жывымі грашыма на пастаноўку…

Лішне нават казаць, што гэта вельмі важная акалічнасць: любы ўсплёск крэатыўнай энергіі патрабуе сякога-такога бюджэту. Канцэпцыя Цэнтра прадугледжвае фінансаванне чатырох спектакляў у год. Можна зрабіць і больш, можна ўвасабляць задумы не толькі студэнтаў Акадэміі, а і ўсіх цікавых творцаў, аднак… Гэта ўжо за кошт іншых рэсурсаў: альбо ўласнаручна заробленых сродкаў, альбо спонсарскай дапамогі.

Дарэчы, у справе пошуку апошняй усё зусім не безнадзейна. Прыкладам, мастацкай часткай леташняй цырымоніі “Брэнд года” стаў спектакль студэнткі БДАМ Святланы Хацько “Чайка па імені Джонатан Лівінгстан”. Яго стварэнне цалкам прафінансавалі арганізатары прэміі.

Але знаходзіць толькі той, хто шукае. І таму ў структуры Цэнтра, якая, дарэчы, будзе складацца ўсяго з пяці чалавек, фігуруе спецыяліст, адказны за праектную дзейнасць. Адно толькі засмучае: яго заробак настолькі мізэрны, што ахвотных заняць вакансію пакуль не знайшлося…

Увогуле, “Адкрытая пляцоўка” ставіць сабе за мэту выйсці на самаакупнасць. Але, як адразу дадаюць яе стваральнікі, пра гэта можна будзе казаць толькі ў доўгатэрміновай перспектыве — ужо пасля таго, як Цэнтр “устане на ногі”. І, як адназначна запэўніла Таццяна Траяновіч, гэты тэатральны праект не будзе спрабаваць “рабіць касу” за кошт забаўляльных камерцыйных пастановак.

Ад бібліятэкі да вулічных імпрэз

Як ужо адзначыў вышэй Міхаіл Баразна, дзейнасць Цэнтра не будзе абмяжоўвацца адно пастаноўкамі: яна мае некалькі профіляў, і адзін з іх — роля своеасаблівага інфармацыйнага рэсурсу, спецыялізаванага менавіта на сучасным тэатры, са сваёй бібліятэкай і відэатэкай, якая дазволіць студэнтам не толькі пачытаць пра апошнія тэндэнцыі сусветнай рэжысуры ў Інтэрнэце, але і ўбачыць іх сцэнічнае ўвасабленне — няхай і ў запісе. У якасці прыкладу такой інфармацыйнай базы Таццяна Траяновіч прыводзіць маскоўскі тэатральна-культурны Цэнтр імя У.Меерхольда, наладзіць кантакты з якім плануецца ў бліжэйшы час.

“Адкрытая пляцоўка” мае стаць і месцам рэгулярных тэатральных дыскусій, што сёння адбываюцца пераважна ў “кулуарах” — ды, вядома, патрабуюць куды больш сістэмнага характару.

— Як мне падаецца, першай тэмай для “круглага стала” маглі б стаць пошукі адказу на пытанне: а што ж такое, уласна, эксперыментальны тэатр сёння, якія паняційныя межы мае гэтае вызначэнне? — падзяліўся Вітаўтас Грыгалюнас.

Урэшце, яшчэ адзін кірунак дзейнасці — арганізацыя майстар-класаў з удзелам мэтраў, прычым не толькі айчынных. І сапраўды, калі спектаклі з “меню” найпрэстыжных міжнародных фестываляў беларускі глядач можа ўбачыць дзякуючы буйным тэатральным імпрэзам, якія апошнім часам ладзяцца ў нас з зайздроснай рэгулярнасцю, дык магчымасць сумоўя з іх стваральнікамі выпадае нячаста. А тым больш, калі казаць пра гутарку на прафесійныя тэмы…

— У хуткім часе я паеду ў Вільнюс і буду мець там сустрэчу з такім мэтрам, як Эймунтас Някрошус, — кажа Вітаўтас Грыгалюнас. — Прапаную яму правесці майстар-класы для нашых студэнтаў. Спадзяюся, што ён не адмовіць…

Натуральна, тут адразу паўстае пытанне: ці будзе гэтая пляцоўка адкрытай не толькі для студэнтаў Акадэміі, але і для куды шырэйшага кола — спраўджаных ды пакуль няспраўджаных рэжысёраў, дыпламаваных прафесіяналаў і схільных да самаадукацыі самародкаў? Як запэўнілі стваральнікі Цэнтра, яго дзверы будуць адкрыты для ўсёй зацікаўленай публікі, аднак некаторыя паслугі для “старонніх” плануецца зрабіць платнымі.

Увогуле, патрэба наладжвання ўзаемакарыснай камунікацыі паміж “акадэмічнай” і “нефармальнай” тэатральнай моладдзю, як падаецца, наспела ўжо даўно. І Цэнтр эксперыментальнай рэжысуры мае выканаць у гэтай справе вельмі важную ролю.

— У плане запрашэння акцёраў для пастановак рукі ў нас развязаны. Чаму б тады не зладзіць такі праект: студэнт Акадэміі становіцца рэжысёрам спектакля пластычнага тэатра — скажам, “Elemental”? — дзеліцца ідэямі Вітаўтас Грыгалюнас. — Тым больш, зноў жа, пад гэта будзе належнае фінансаванне…

Яшчэ адна цікавая задума — сабраць усе айчынныя вулічныя тэатры на невялічкі фэст. Балазе нават цяжка ўявіць лепшае месца для яго правядзення, чым утульны дворык Акадэміі.

Таццяна Траяновіч адразу прадбачыць, што далёка не ўсе праекты будуць упісвацца ў стандартную глядзельную залу. І таму ўжо сёння прашчупваецца глеба для нейкіх альтэрнатыўных пляцовак — напрыклад, тэатральнай кавярні. Ды і месца адпаведнае неўзабаве з’явіцца ў Акадэміі.

— Пакуль што там плануецца наладзіць харчаванне для студэнтаў, — кажа Вітаўтас Грыгалюнас. — Але гэта — удзень, а ўвечары… Чаму б не рабіць тэатральныя імпрэзы ў такой нефармальнай атмасферы?..

Натуральна, чакаць вырашэння ўсіх гэтых задач у найбліжэйшай перспектыве наўрад ці выпадае. Зрэшты, “Адкрытая пляцоўка” адразу нацэлена менавіта на паэтапнае развіццё. Гэта прынцыпова новая для нас культурная інстытуцыя “праектнага” тыпу, якая атрымлівае ад дзяржавы толькі патрэбны базіс ды сродкі пад канкрэтныя ініцыятывы, а справа яе развіцця — у ейных уласных руках.

— Таму цалкам заканамерна, што станаўленне Цэнтра будзе адбывацца паступова ды паэтапна, — кажа Міхаіл Баразна. — Тым больш, паспешлівасць можа прывесці да прыкрых памылак, асабліва ў такой датклівай і спецыфічнай справе, як рэжысура. Але ўсё, што ад нас залежыць, каб маладыя творцы маглі належна рэалізаваць свой патэнцыял, мы, вядома ж, забяспечым.

...І калі ўсё атрымаецца, з’явіцца тое месца, куды малады рэжысёр можа прынесці сваю ідэю ды сутыкнуцца з не зусім пакуль тыповай, але, пагадзіцеся, куды больш лагічнай рэакцыяй: “Так, гэта цікава, і таму…”