Да чаго жадалі наблізіцца?

№ 51-52 (1073-1074) 22.12.2012 - 29.12.2012 г

Мы жывём у час пераацэнкі каштоўнасцей. Акрэсліваюцца іх шкалы, хаця новыя крытэрыі яшчэ не з’явіліся. У бітве за “свабоду творчасці” аўтарытэты разбураюцца альбо адсоўваюцца на другі план. Час, безумоўна, адбірае наймацнейшых, каб прад’явіць, нарэшце, такі неабходны мастацтву, але непрыемны, “гамбургскі” рахунак...

У гэтым працэсе кожная падзея (а гаворка — менавіта пра сыходзячы 2012 год) робіцца аргументам і падставай: усё, што здзяйсняецца цяпер, “за” альбо “супраць” таго, што было раней, “за” альбо “супраць” таго, да чаго мы жадалі наблізіцца. У тым ліку выстаўкі — розныя, незалежна ад намераў іх арганізатараў.

А такіх выставак у краіне адбылося сотні: рэспубліканскіх, персанальных, групавых, замежных, “тэматычных” — па відах і жанрах мастацтва. Канешне ж, найбольш цікавыя для гледачоў экспазіцыі прайшлі ў Нацыянальным мастацкім музеі: калекцыя з лонданскага Музея каралевы Вікторыі і прынца Альберта (у тым ліку ў Нясвіжы), выстаўкі “Мастакі Парыжскай школы з Беларусі”, “Марк Шагал. Жыццё і любоў”, слуцкіх паясоў з Вільнюса і некаторыя сучасныя персанальныя, якія таксама выклікалі цікавасць (Г.Скрыпнічэнкі, У.Савіча, М.Селешчука, Г.Буралкіна).

У выставачнай дзейнасці шмат чаго зрабілі ўласна Беларускі саюз мастакоў і Музей сучаснага выяўленчага мастацтва (прыватныя галерэі я не бяру пад увагу), а таксама музеі, карцінныя галерэі абласных цэнтраў ды рэгіёнаў, дзе культурнае жыццё не спынялася ні на адзін дзень.

Добрым вынікам года сталі і буйныя выстаўкі: Першае Мінскае трыенале сучаснага мастацтва і Трэцяе Біенале жывапісу, графікі, скульптуры “Тэстамент”, якія далі шмат матэрыялу для асэнсавання мастацкіх працэсаў сённяшняга і заўтрашняга дня.

Шырока было адзначана 125-годдзе з дня нараджэння Марка Шагала ў Мінску і Віцебску. На жаль, юбілей нашых Песняроў — Я.Купалы і Я.Коласа — у кантэксце выяўленчага мастацтва прайшоў да крыўднага вельмі сціпла. Працягвалася праца і ў галіне манументальнай скульптуры. Я маю на ўвазе скульптурнае афармленне г. Глыбокае сіламі мастакоў Віцебска і Мінска да Дня беларускага пісьменства, помнік дойліду Іаану ў Полацку, праектаванне помнікаў Максіму Танку і Міндоўгу. Інакш кажучы, ёсць што ўспомніць. А таксама — пагаварыць пра тое, якой будзе заўтра наша нацыянальная выяўленчая культура…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"