Рэаліі з нерэаліямі

№ 47 (1069) 24.11.2012 - 01.12.2012 г

Арабескі радасці Івана Кліменкі

20 лістапада ў адной з мастацкіх галерэй Мінска адкрылася персанальная выстаўка жывапісу вядомага беларускага мастака Івана Кліменкі. Тут экспануецца 19 ягоных карцін, напісаных у апошняе дзесяцігоддзе, у тым ліку і зусім новых, якія раней не выстаўляліся.

/i/content/pi/cult/401/8154/1-2.jpeg

Калісьці ў Маціса і Руо запыталіся, ці малявалі б яны на пустынным востраве. Анры Маціс не ўяўляе сабе мастака без публікі. А Жорж Руо не кінуў бы сваіх заняткаў, бо на незаселеным востраве “нас двое: я і Бог”. Кліменку па такім адказе бліжэй Руо, хоць па характары “радаснага” жывапісу бліжэй, канешне ж, Маціс.

/i/content/pi/cult/401/8154/1-3.jpeg

Ён — лірык сусветнай прасторы. Прыгожыя жанчыны, прыгожыя кветкі, прыгожыя ракавінкі — усё чароўнае, прывабнае, святочнае, словам, радасць быцця. Выстаўка так і называецца: “Марскія радасці”. Чаму “марскія”? Дык гэта як бы мастакоўскія ўражанні ад валошынскага Крыма з яго Чорным морам, ад акварэльнага Кактэбеля, але галоўнае ўсё ж — не сюжэт як такі, а тое колеравае магнітнае поле, у якім выпраменьваецца чыстая душа аўтара. Быццам у сне, дзе спачатку сплятаюцца канкрэтныя вобразы, потым успыхваюць нечакана яркай шматколернасцю і тут жа сціхаюць, пакідаючы ў сэрцах гледачоў ціхую радасць ці светлую журбу. Вось толькі некаторыя назвы палотнаў мастака: “У фарбах”, “Арабеска”, “Белыя архідэі”, “Восеньскае святло”, “Спакушэнне”. “Матыў ракавінкі”, канешне ж, чатыры версіі “Марскіх радасцей”, у тым ліку адна акварэль.

У рэшце рэшт, усё пытанне ў тым, што бачыць і адлюстроўвае жывапісец, ствараючы камбінацыі прыдуманых і рэальных прадметаў. І.Кліменка шукае ў кожных суадносінах гэтых прадметаў, фігур, колеравых плям, прасторавых плоскасцей і аб’ёмаў затоены духоўны сэнс, які пранізвае ўсё: пабудову формы, логіку рытму, сілу тону, інтэнсіўнасць светлавых рэфлексаў. Хіба ж, напрыклад, залаціста-чырвона-блакітная “Арабеска” не яркі прыклад таго, як добра на палатне могуць спалучацца звонкія жывапісныя акорды з музыкай, якая ліецца праз край рамы! Альбо своеасаблівы бліскучы дыптых “Дзяўчыны” — асацыятыўныя “эстэцкія” кампазіцыі, навеяныя шчырай любоўю да гармоніі жыцця…

Словам, рэаліі арганічна спалучаюцца, так бы мовіць, не з нерэаліямі, але з самой сітуацыяй жыцця натуральных незвычайнасцей. Мастак існуе ў сваім — вялікім, светлым і добрым — свеце. Такая ягоная сутнасць. Яна далёкая ад дробязей той рэальнасці, якую можна “пабачыць” непасрэдна і адразу “памацаць”, “панюхаць”. Аўтар як бы піша канкрэтны Крым, канкрэтныя кветкі ці канкрэтны бераг Чорнага мора, а ў выніку нараджаецца толькі ягоная, кліменкаўская, духоўная аўра прасторы. Мастацтва для Івана Кліменкі — гэта своеасаблівая гульня, быццам бы, лёгкая і радасная, але выбудаваная на подыху жыцця, у якім існуе сучасны чалавек. Аднак за гэтай гульнёй — цяжкая праца, перажыванні, памылкі, пакуты і вопыт. А яшчэ — інтуіцыя, падсвядомасць. Усё гэта разам і ёсць той шлях, якім мастак ідзе ад паэтычнай задумкі праз маляўніча-рытмічны лад да вобразнай экспрэсіі, што накладвае свае палаючыя водбліскі на адлюстраваны свет, поўны радасці, шчасця, хараства, суму, настальгічных успамінаў…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"