Буккросінг і "тэмпература"

№ 45 (1067) 10.11.2012 - 17.11.2012 г

Выязная рэдакцыя журналістаў “К”: праблемы, тэндэнцыі, ідэі Гомель сустракаў “культураўскі дэсант” сіверам ды мокрым снегам, і выскачыўшы з машыны, мы ледзь не подбегам памкнуліся да дзвярэй Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі. Хутка пераканаліся, што ў яе сценах можна заўсёды знайсці паратунак не толькі ад непагадзі, але і ад уласцівага для яе тужлівага настрою. Сімвалічна, што ў сёлетні Год кнігі наша праграма візіту на Гомельшчыну пачалася з наведання менавіта гэтага “аазісу культуры”.

Галоўную бібліятэку Гомельшчыны нярэдка называюць “малодшай сястрой” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, падкрэсліваючы гэтым як вялікі аб’ём фонду (болей за мільён адзінак захоўвання!) ды ўнушальную колькасць карыстальнікаў, так і папраўдзе сучаснае разуменне ролі самой сутнасці бібліятэчнай установы — не толькі “скарбніцы ведаў”, але і поліфункцыянальнага сацыякультурнага цэнтра.

/i/content/pi/cult/399/8081/1-3.jpeg

У дадатак, гэта і своеасаблівы аналаг колішніх салонаў, дзе гучалі вершы ды абмяркоўваліся новыя мастацкія тэндэнцыі. Дырэктар установы Валянціна Дуброва і яе намеснік Алег Ананьеў, які з’яўляецца пастаянным аўтарам “К”, распавялі пра шэраг самых разнастайных выставачных ды літаратурных праектаў, што няспынна падтрымліваюць належную “творчую тэмпературу” ў сценах установы — і, зрэшты, у самім Гомелі. З задавальненнем мы пабывалі і ў Музеі рэдкай кнігі, які нагадвае, што свае вытокі бібліятэка брала з багатых кніжных збораў Паскевічаў.

/i/content/pi/cult/399/8081/1-2.jpeg

Безумоўна, гэта зусім не адзіны музей, які мог бы размясціцца ў сценах ГАУБ, каб не брак плошчы ды рэсурсаў. Відавочна, што немалога будынка для дзейнасці гэтай установы, тым не менш, замала, але бібліятэка знайшла эфектыўны ды “бюджэтны” спосаб пашырэння сваёй фізічнай прасторы: праз выйсце ў віртуальную. Завітаўшы на звышінфарматыўны і “дагледжаны” сайт установы, можна не толькі даведацца пра самыя апошнія навіны з яе жыцця (у тым ліку і пра наш “круглы стол”), але і пабываць у віртуальных музеях літаратурных класікаў родам з Гомельшчыны: Андрэя Макаёнка, Івана Шамякіна, Барыса Сачанкі, Івана Навуменкі.

І, безумоўна, у звязку з гэтым нельга не згадаць і яшчэ пра адно “ноу-хау”, заўважанае намі не толькі ў сценах бібліятэкі, але і ў многіх іншых установах культуры вобласці: стол альбо палічка з шыльдачкай “Буккросінг” дзесьці ў фае на бачным месцы. Кожны ахвотны можа ўзяць там патрэбную кнігу ды пакласці нешта наўзамен. Здавалася б, зладзіць такую акцыю вельмі проста, а вынік будзе што трэба! Буккросінг — “фішка” модная, маладзёжная. А менавіта на гэтую аўдыторыю асабліва разлічаны Год кнігі.

Рэзюмэ”К” у дарозе

Без сумневу, вэб-праект, які дзейнічае ўжо восем гадоў, — выдатны адказ на “вечнае” пытанне, што гучыць амаль у кожным нумары “К”: як палепшыць працу бібліятэк? Не экстэнсіўным спосабам, дзе ўсё так ці інакш упіраецца ў фінансы, але менавіта інтэнсіўным — праз крэатыўнасць мыслення.