“Скажы мне, Шагал…”

№ 44 (1066) 03.11.2012 - 10.11.2012 г

Сто работ геніяльнага віцябчаніна

“Беларуская культура з’яўляецца часткай сусветнай, у тым ліку дзякуючы творам Марка Шагала”, — так 31 кастрычніка сказаў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка на адкрыцці выстаўкі “Марк Шагал: жыццё і каханне” ў Нацыянальным мастацкім музеі.

І гэта сапраўды так. Доўгачаканая выстаўка з 89 твораў Шагала, прывезеная з іерусалімскага Музея Ізраіля, яшчэ раз пацвердзіла тую аксіёму, што Марк Захаравіч належыць не толькі французскай ці якойсьці іншай замежнай культуры, але — і нашай, беларускай. Хаця сёння ў гэтым наўрад ці хто сумняваецца, у адрозненне ад, скажам, доўгіх дзесяцігоддзяў савецкай эпохі.

/i/content/pi/cult/398/8041/2-1.jpeg

Выстаўка адкрылася менавіта зараз, у юбілейны год мастака, і гэта шчасліва супала з паралельнай экспазіцыяй “Мастакі Парыжскай школы з Беларусі”, дзе прадстаўлены дзесяць твораў Шагала. Такім чынам, беларускі глядач зможа ўбачыць амаль сто яго работ!

Нагадаю, першая сустрэча землякоў з арыгінальнай творчасцю Майстра адбылася ў 1997 годзе, калі ягоныя ўнучкі Бэла і Мерэт Маер-Грабэ прапанавалі адзначыць Дзень нараджэння дзеда на яго радзіме — у Беларусі. З таго часу — да 2005-га — гэта сталася традыцыяй: прайшло некалькі выставак у Мінску ды Віцебску, у асноўным — акварэль, гуаш, эстампы.

А зараз мы, упершыню пасля 1920-х, пазнаёміліся і з алейным жывапісам Шагала (карціны “Закаханыя”, “Яўрэй, які моліцца”, “Сінагога ў Садэфе”), і на выстаўцы “Мастакі Парыжскай школы…” — таксама палатно пад назвай “Закаханыя”.

Дык вось, пра каханне. Гэта сапраўды на ўсё жыццё — улюбёная тэма Шагала. Хаця слова “тэма” тут неяк не гучыць. Хутчэй, каханне Шагала — “вобраз” душы мастака, які дадзены яму Богам, самой прыродай, продкамі, першай яго любай — Бэлай. І такое “каханне” прайшло праз усю творчую біяграфію маэстра: ад 1912-га да апошняга перыяду яго жыцця. І на выстаўцы мы ўсё гэта бачым. Ёсць тут цудоўны віцебскі перыяд (“Галовы трох мужчын”, “Чараўнік”), партрэт літаратурнага крытыка Ісідара Эльяшава з уласнаручным дарчым аўтографам Шагала на рускай мове, зноў жа, акварэльна-гуашавая “Прагулка” (“цытата” да знакамітай карціны) ды ілюстрацыі да аўтабіяграфічнай кнігі “Маё жыццё”, зробленыя ў 1923 г., адразу пасля ад’езду Шагала за мяжу, якія датычацца “віцебскіх” гадоў, — таксама пра любоў да роднай зямлі і яе людзей.

/i/content/pi/cult/398/8041/2-2.jpeg

Дарэчы, аркуш “Анёл, які падае” (1924 г.) захоўвае на сабе сапраўдны адбітак пальца мастака: ён выпадкова дакрануўся да яшчэ свежай акварэльна-гуашавай паверхні… Так і засталося: ці ж не цікава?

Так, любоў, каханне — вечная творчая радасць Шагала. І гэта сапраўды прасочваецца амаль ва ўсіх работах экспазіцыі, незалежна ад таго, чаму і каму яны прысвячаюцца: закаханым, біблейскім персанажам, роднаму Віцебску з яго Пакроўскай вуліцай і бацькоўскім домам на Пескаваціку, кветкам ці проста беглым адлюстраванням розных жыццёвых сітуацый, як у серыі накідаў да альбома “З маіх запісных кніжак”.

Так, Шагал шмат маляваў родныя, з дзяцінства дарагія мясціны Віцебска, з ягоным узорам драўляных, пахіснутых дамоў, нетаропкімі постацямі, што слізгаюць па пустыннай дарозе, ахінутыя дабратворным небам у лёгкіх наіўных аблоках…

Увогуле, лірычныя якасці Майстра не страціў да канца свайго жыцця і асабліва цаніў гэтыя рэдкія свае пейзажныя і жанравыя “карцінкі” Віцебска, называючы іх дакументамі. Таму і мне асабліва блізкія гэтыя “дакументы”, зробленыя з натуры, але ператвораныя ў шагалаўскае “візіянерства”, у нейкую настальгічную фантазію, казку, “навелу” пра тое, што было і што больш ніколі не паўторыцца.

Ды і ілюстрацыі да кніг “Басні” Лафантэна, “Мёртвыя душы”, “Першая сустрэча”, “Палаючыя агні” — таксама пра каханне, пра любоў мастака да сваіх літаратурных герояў, якіх ён так любоўна рысуе. Я ўжо не кажу пра “Біблію”. У экспазіцыі прадстаўлена на гэтую “тэму” звыш дзесяці твораў. А малюнак тушшу і бяліламі “Магіла Рахілі” Шагал асабіста падарыў Музею Ізраіля. Дарэчы, амаль усе асабістыя шагалаўскія творы з’яўляюцца падарункамі яго дачкі Іды і прыватных асоб з краін Еўропы, ЗША, Ізраіля.

Луі Арагон аднойчы напісаў верш: “Скажи мне, Шагал, / Всё кругом — не живопись ли, / Обманывающая нас? / Скажи мне, Шагал, что за / Странный язык у картины / — она говорит, а сама немота…”

Вось такую выстаўку, што гаворыць пра Жыццё і Каханне Марка Шагала, сёння прымае наш Нацыянальны мастацкі.

На здымках: работа М.Шагала "Закаханыя", выкарыстаная ў афішы да выстаўкі; экспазіцыя — у аб'ектыве.

Фота аўтар

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"