Пра існаванне лонданскага музея каралевы Вікторыі і прынца Альберта я ведаў яшчэ са студэнцкіх гадоў. Ведаў, што ён з’яўляецца, мабыць, лепшым музеем свету па зборы прыкладнога, дэкаратыўнага мастацтва і дызайну, а таксама па найбагацейшай калекцыі жывапісу Джона Канстэбла. Але не мог уявіць сабе, што маленькую часцінку (83 экспанаты) з велізарнага збору Музея (звыш 4,5 мільёнаў твораў!) мы пабачым у Мінску і Нясвіжы! Але — пабачылі: 15 жніўня — у Нацыянальным мастацкім музеі (49 твораў), 16 жніўня — у Залатой зале Палаца Радзівілаў Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” (34 творы).
Словам, дзве экспазіцыі — на любы густ. Тут можна пабачыць усё: ад рызы і маніпулы з венецыянскіх карункаў (з камплекта богаслужэбнага адзення) да пальчатак са сталі, золата, срэбра, шоўку сыноў Філіпа ІІІ Іспанскага. Паказаны рэчы ад бронзавага бюста Папы Рымскага Інакенція Х разца Дамініка Гуідзі да чароўнага партрэта знакамітай маркізы дэ Пампадур пэндзля Франсуа Бушэ (гэты партрэт мы друкавалі ў мінулым нумары на першай паласе), ад настольнага дубовага камплекта пачатку ХVІІІ ст. з выкарыстаннем чарапахавага панцыра, перламутру, латуні, срэбра і інкрустацыі да жанравай карціны “Арэлі” Нікаля Ланкрэ эпохі Людовіка ХV. Пабачыць беларускі глядач палатно “Зняцце з Крыжа” Шарля Лебрэна, прыдворнага каралеўскага жывапісца, нямецкі “Малітоўнік” ХVІІІ ст. у сярэбранай аправе з выявай укрыжавання і старазапаветнага сюжэта “Ахвярапрынашэнне Ісаака”, італьянскую “Рэліквію” ХVІІ ст. з часцінкай дрэва ясляў, у якія быў пакладзены нованароджаны Хрыстос, цудоўныя мініяцюры іспанца Гераніма Радрыгеса дэ Эспіноза, класічныя афорты “Павешанне” Жана Кало з серыі “Бедства вайны”, мармуровы партрэт Томаса Бэйкера разца Джавані Берніні, конную статую Генрыха ІV, які топча ворага, выкананую, па адной з версій, Юберам ле Сюерам у 20-я гады ХVІІ ст. І нават можна пабачыць барочную гітару са слановай косці немца Іахіма Тыльке (канец ХVІІ ст.)!
А вось акварэльная мініяцюра з выявай Пятра І у ваенных даспехах і арапчанём. Аўтар — барон Густаў фон Мардэфель выканаў карціну яшчэ пры жыцці расійскага імператара.
У Нясвіжы — не менш цікавыя рэчы. Напрыклад, медная белая табакерка з выявай карты Еўропы ХVІІІ ст. — часу Сямігадовай вайны. Тут ёсць і беларускі горад Гродна! А якія цудоўныя пісталеты Людовіка ХV, вееры і туфлікі арыстакратак, талерка з пейзажам ды жабай, якую размаляваў майстра Ваджвуд для Кацярыны ІІ. А Вакха і Купідона можна сузіраць на ручках відэльца ды нажа ХVІІ ст. Пра твор Рубенса я ўжо і не кажу — лепш яго пабачыць уласнымі вачыма. Гэта ўзор маленькай тытульнай старонкі пад назвай "Вайна і Перамога". Вельмі нязвыклы "жанр" для вялікага мастака, выкананы алеем па дрэве.
Але мяне яшчэ вельмі цікавіць гісторыя стварэння і развіцця на працягу 160 гадоў Каралеўскага музея Вікторыі і Альберта. Не ўсе яе ведаюць, таму трошкі раскажу пра яе. Не памылюся, калі адзначу, што гэты Музей — “плод” кахання вялікай жанчыны і яе мужа, не менш вялікага Альберта. Так, менавіта “плод” кахання…
Англійская прынцэса Вікторыя стала каралевай у 1837 г., калі ёй споўнілася васямнаццаць гадоў. А трошкі раней яна шапачна пазнаёмілася са сваім… кузенам і равеснікам Альбертам, герцагам Саксон-Кобургам-Гоцкім. Але спадабаліся яны адно аднаму адразу. Праз тры гады, у лютым 1840-га, ажаніліся ў Віндзорскім замку і разам пражылі ў вялікай любові і сяброўстве дваццаць адзін год, пакуль “мілы анёл”, “каштоўны, непараўнальны” Альберт не памёр ад брушнога тыфу ва ўзросце сарака двух гадоў. Вікторыя пасля смерці мужа кіравала Англіяй яшчэ сорак гадоў, і ў памяць пра каханага зрабіла шмат чаго ў культурнай і сацыяльнай сферах. “Яго [Альберта] погляды на ўсё ў гэтым свеце будуць цяпер маім законам”, — скажа яна пасля смерці мужа.
Дык вось, прынц Альберт, гэтая “хадзячая энцыклапедыя”, таленавіты архітэктар, мастак-самародак, музыкант, фехтавальшчык і г.д., з’яўляецца ініцыятарам стварэння ў 1852 г. сённяшняга музея. Ён спачатку называўся музеем мануфактур, потым музеем дэкаратыўнага мастацтва. А ў 1899 г. каралева Вікторыя незадоўга да сваёй смерці заклала камень у новы будынак Музея, які і атрымаў сваю назву ў гонар каралевы Вікторыі і прынца Альберта.
Праз сорак гадоў пасля смерці прынца Вікторыя ўз’ядналася са сваім сужэнцам на нябёсах. Так скончылася доўгая віктарыянская эпоха, мабыць, самая стабільная за ўсю гісторыю Англіі.
І Музей, можна сказаць, з’яўляецца люстэркам гэтай эпохі, у культуру якой свой выдатны ўклад унёс асабіста прынц Альберт.
Фота аўтара і Юрыя ІВАНОВА