Маналогі маэстра пра "многіх" і прафесію

№ 27 (1049) 07.07.2012 - 13.07.2012 г

Міхаіл Фінберг: драматургія і “болевыя кропкі” беларускага Сан-Рэма

 

ХІІ Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне, прысвечаны 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, - гэта акурат тая культурная падзея, што не толькі адлюстроўвае паўсядзённыя тэндэнцыі, але і стварае іх ды актуалізуе. Менавіта таму відовішчнай частцы імпрэзы абавязкова наступнічае і аналітычная.

Колькі нумароў таму "К" змясціла артыкул рэдактара аддзела музыкі Надзеі Бунцэвіч, якая выявіла свой крытычны погляд на некаторыя аспекты форуму. Гэтым разам сваімі думкамі дзеліцца дырэктар фестывалю - мастацкі кіраўнік Заслужанага калектыву краіны Нацыянальнага акадэмічнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь, народны артыст
Беларусі, прафесар
Міхаіл ФІНБЕРГ.

Мухі і слон

- Ведаеце, у любой творчай справе - няхай гэта будзе стварэнне новай музычнай праграмы або напісанне артыкула - вельмі важна вызначыць, з чаго пачынаць. Дык вось, я глыбока перакананы ў тым, што аналіз сёлетняга Фестывалю беларускай песні і паэзіі трэба пачынаць не з крытыкі, не з выяўлення недахопаў, але менавіта з канстатацыі здзяйсненняў. У адваротным выпадку, мы рызыкуем засяродзіць усю ўвагу на "мухах" і не заўважыць "слана".

Самы галоўны набытак відавочны кожнаму. Фестываль - адбыўся, ён стаў знакавай культурнай падзеяй. Дзякуючы пастаяннай увазе і падтрымцы з боку нашай дзяржавы і асабіста яе Кіраўніка Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі ў маладзечанскага форуму адкрылася "другое дыханне".

Сёлета працаваць у Маладзечне музыкантам стала лягчэй і камфортней. Прычынай таму - выдатная арганізацыйная работа, праведзеная Мінскім абласным выканаўчым камітэтам на чале з яго старшынёй Барысам Батурам. Карыстаючыся нагодай, хацелася б выказаць яму найвялікшую падзяку за тую падтрымку, якую ён аказвае гэтаму фестывалю.

Новы амфітэатр, новае гукавое і светлавое абсталяванне, асаблівая атмасфера канцэртаў пад адкрытым небам... Я нездарма назваў Маладзечна нашым, беларускім, Сан-Рэма! Так, нашым, беларускім, нацыянальным! Калі роднае слова гучыць з такой шыкоўнай сцэны, гэта надае ёй аўтарытэт і шацунак.

Больш за тое: мы засведчылі, што культурную падзею падобнага маштабу беларускія артысты могуць "пацягнуць" сваімі сіламі, без дапамогі "залётных" гастралёраў. На жаль, многія па-ранейшаму пакуль не надта давяраюць нашым творцам. Прыязджайце наступным разам у Маладзечна - і вы самі пераканаецеся, што яны - самыя лепшыя ў свеце!

Праграма "Дзве яркія зоркі", прымеркаваная да юбілею Янкі Купалы і Якуба Коласа, стала чарговай вяхой у творчай біяграфіі нашага аркестра, які сёлета святкуе сваё 25-годдзе. Мы рэпеціравалі яе цягам года - у прамежках паміж іншымі шматлікімі канцэртамі і фестывалямі! Большасць песень, якія прагучалі са сцэны амфітэатра, - прэм'ерныя. І, мне падаецца, хаця б дзеля элементарнай справядлівасці варта падзякаваць усім тым творцам, хто прымаў удзел у стварэнні праграмы: салістам, музыкантам, кампазітарам, аранжыроўшчыкам... Праграма атрымала вельмі станоўчую ацэнку Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Міхаіла Мясніковіча, міністра культуры краіны Паўла Латушкі, многіх іншых паважаных асоб.

Агулам у рэпертуары Нацыянальнага канцэртнага аркестра ўжо назапасілася 32 праграмы на творы класічнай беларускай паэзіі. Здавалася б, гэта несумненны скарб, які папросту не можа не быць запатрабаваны - хаця б нават на ўроку беларускай літаратуры. І таму многія задаюць мне пытанне: а чаму ж тыя праграмы не запісваюцца ў студыі, не выходзяць на кампакт-дысках, не гучаць па радыё і тэлебачанні?.. Даруйце, але пытанне - не да мяне. Наш аркестр - гэта толькі выканаўца. Я як ягоны кіраўнік надаю вельмі шмат увагі адміністрацыйным функцыям, аднак... Не ўсё залежыць ад нас. Дадам яшчэ, што на гэтым асветніцкім напрамку сваёй дзейнасці аркестр не зарабляе, у адрозненне ад іншых, - а мы ж таксама існуём у рыначных умовах!

Прывіваць любоў да сваёй краіны, да роднай мовы, да нацыянальнай культуры (менавіта такую мэту ставіць сабе маладзечанскі фестываль) трэба змалку. Гэтым разам да ўдзелу ў канцэртнай праграме, прысвечанай нашым Песнярам, я запрасіў чатырох дзетак з невялічкага гарадка Любань, і ў перапынках паміж музычнымі нумарамі яны чыталі ўрыўкі твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа. На жаль, журналіст не заўважыла, што ўжо другі год запар мы ладзім канцэрт беларускай песні ў выкананні зусім маленькіх дзетак, а гэта дарагога каштуе, асабліва па цяперашнім часе. Калі мне было гадоў шэсць-сем, я ведаў на памяць і "Чабарок", і "Чаму ж мне не пець...", і "Лявоніху", і яшчэ ладны шэраг песень. А ці праспявае іх сённяшняя малеча? У мяне ёсць падставы ў гэтым сумнявацца.

Перакананы ў тым, што ўважлівы аналітык не абмінуў бы ўвагай і яшчэ адну вельмі важную тэндэнцыю: пастаянны рост тэматычнага дыяпазону фестывалю "Маладзечна". Сёлета ў яго праграме быў прадстаўлены і драматычны тэатр, і джаз, і беларускі танец... Варта выказаць словы вялікай падзякі на адрас Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі пад кіраўніцтвам Валянціна Дудкевіча: канцэрт гэтага выдатнага калектыву стаў адным з яркіх эпізодаў свята.

Сёлета ў рамках фестывалю мы зладзілі камерны канцэрт, прысвечаны кампазітарам ХХ стагоддзя - тым постацям, чые імёны ўсеагульна вядомымі, на жаль, не назавеш. Наш аркестр даўно і паслядоўна вядзе гэтую асветніцкую лінію: мы правялі ўжо 150 фестываляў камернай музыкі ў малых гарадах Беларусі. На кожным з іх - чатыры-пяць новых праграм. Ці часта ў публікі з'яўляецца магчымасць пачуць музыку Льва Абеліёвіча, Генрыха Вагнера, Дзмітрыя Смольскага? Нават 120-годдзе з дня нараджэння такой знакавай постаці, як Рыгор Шырма, на жаль, не мела ў нас належнага размаху. А мы прысвяцілі класіку цэлую праграму.

Урэшце, фестываль дазваляе разбурыць і яшчэ адзін стэрэатып: маўляў, класічная паэзія і сур'ёзны прафесійны падыход не ацэнены публікай. У вялізным амфітэатры быў аншлаг. Так, на канцэрце-адкрыцці ніхто не апладзіраваў: з той простай прычыны, што ўсе гледачы трымалі ў руках парасоны. Але жудасная залева не "прарадзіла" шэрагі. Таму перакананы, што гераізм маладзечанскай публікі варты згадкі ў кожным артыкуле пра фестываль.

Кузня кадраў

- Фестываль дэманструе набыткі нашай эстраднай музыкі, якімі мы маем поўнае права ганарыцца. У той самы час, ён паказвае і "слабыя месцы", на якія ўсім нам трэба звяртаць асаблівую ўвагу, выяўляе своеасаблівыя "болевыя кропкі", што патрабуюць неадкладнага рэагавання. І пачнём мы, напэўна, з конкурсу маладых выканаўцаў. Балазе ён папраўдзе ўнікальны для беларускай культурнай прасторы.

Вы спытаеце: дык а ў чым жа яго ўнікальнасць? Тлумачу: гэта адзіны конкурс такога ўзроўню, разлічаны на выканаўцаў менавіта беларускай, нацыянальнай песні. Цяжка нават пералічыць, колькі яркіх імён ён адкрыў за сваю гісторыю. І многія з гэтых спевакоў сёння не проста трывала стаяць на прафесійнай сцэне, але сталі ўжо сапраўднымі знакамітасцямі. Прызнаюся, для мяне ўдзел у конкурсе - адна з умоў уключэння саліста ў склад нашага аркестра. Гэта нібы знак якасці - як, да прыкладу, вышэйшая музычная адукацыя.

Зрэшты, толькі што я нездарма ўжыў слова "многія". Многія - гэта не ўсе. Сапраўды, здараліся выпадкі, калі "Маладзечна" станавілася не пачаткам, але пікам кар'еры выканаўцы: зорка запалілася - і адразу згасла. І вось тут вельмі важна прааналізаваць, як складваецца далейшы лёс пераможцаў конкурсу. Як і, галоўнае, чаму? Неабходна вызначыць механізмы, якія тут працуюць. І зрабіць усё, што ад нас залежыць, каб запаленыя тут маладыя зорачкі не паблякнулі, але разгарэліся яшчэ ярчэй.

Па шчырасці, слова "зорка" я не вельмі люблю ўжываць. У нас яно апошнім часам сярод публікі стала ледзьве не лаянкавым. І сапраўды, журналісты ды FM-станцыі нярэдка надаюць гэты эпітэт тым выканаўцам, чый узровень не перавышае планкі местачковай самадзейнасці. На маладзечанскім конкурсе ўсё інакш. Тут працуе строгае прафесійнае журы, якое не будзе хваліць за "прыгожыя вочы". Прафесіяналаў можна пераканаць толькі адным спосабам: выйшаўшы на сцэну і прадэманстраваўшы свой уласны прафесіяналізм. Адпаведна, тут спрацоўвае знакаміты прынцып "гамбургскага рахунку" - дух шчырага спаборніцтва, дзе няма падману і прадузятасці.

Карыстаючыся нагодай, хацеў бы задаць пытанне: чаму ж пераможцаў сёлетняга конкурсу мы не чуем у тэле- і радыёэфіры? Чаму да іх няма ўвагі з боку тых, хто адказны за музычную палітыку FM-станцый?

Між тым, новыя прафесійныя выканаўцы - гэта праблема, да якой я, пры ўсім жаданні, не магу ставіцца абстрактна. Для мяне яна мае і цалкам канкрэтнае вымярэнне. Прыкладам, наш аркестр з задавальненнем узяў бы ў свой штат тры-чатыры новыя яркія асобы, але... кандыдатур на даляглядзе пакуль не відаць. А адкуль ім узяцца: дзе "кузня кадраў"? Навучальныя ўстановы? Так, вядома. Але сёння мы не атрымліваем адтуль "гатовы прадукт" - эстраднага спевака, які можа адразу выйсці на вялікую сцэну і скалануць залу з першага ж куплета. Таму менавіта конкурс у Маладзечне становіцца для моладзі вельмі важнай школай.

Што да ўзроўню сёлетніх канкурсантаў... Безумоўна, трэба звярнуць пільную ўвагу на першыя туры конкурсу, якія праходзяць на раённых ды абласных узроўнях. Сям-там, як падаецца, працэдуру і механізм адбору варта істотна ўдасканаліць. Зрэшты, не хацелася б рабіць заўчасных эмацыйных высноў. Патрэбна спярша даткліва вывучыць гэтае пытанне.

Надзея Бунцэвіч наракае на тое, што ўручэнне дыпломаў лаўрэатаў не адбывалася на вялікай сцэне. Але сёлета фестываль супаў па часе з экзаменацыйнай сесіяй ў нашых навучальных установах. І выступіўшы на конкурсе, многія яго ўдзельнікі з усіх ног рынуліся дахаты, да сваіх падручнікаў ды канспектаў. Так, супадзенне няўдалае, але... Як жа яго абмінуць?

Апаратура спяваць не ўмее

- Канцэрт-адкрыццё фестывалю ў Маладзечне - гэта своеасаблівая "дэманстрацыя сіл" нашага прафесійнага мастацтва. На айчыннай эстрадзе слова "прафесійны" наогул ужо прызабыта - складаецца ўражанне, быццам многім яго сэнс наогул няўцямны. Таму вельмі важна нагадваць пра існаванне той высокай планкі, якая дае артысту маральнае права выходзіць на вялікую сцэну, а кампазітару - пісаць новыя песні.

Я вельмі хацеў бы, каб моладзь звярталася да мяне па прафесійныя парады: Міхаіл Якаўлевіч, а як зрабіць тое або гэта? Але ж розныя нюансы і сакрэты майстэрства сёння мала каму цікавыя. Многія разлічваюць, так бы мовіць, на дурніцу. Памятаеце, раней нашы музыканты казалі: вось, дайце нам тую апаратуру, што маюць заходнія зоркі, і мы зробім прадукт такой самай якасці. Цяпер добрае абсталяванне ёсць ва ўсіх, але... На вялікі жаль, апаратура сама не грае ды не спявае.

Кампазітарам цяпер называе сябе кожны, хто здолеў асвоіць адпаведныя камп'ютарныя праграмы. Такіх "кампазітараў" у нас вельмі шмат. А вось новых песень, здатных папоўніць "залаты фонд" беларускай эстрады... З імі - акурат праблема, і я ведаю пра яе не па чутках. Сёння наш аркестр выратоўвае прызабытая спадчына: знаходзім старыя шэдэўры, вяртаем іх да жыцця, робім новыя сучасныя аранжыроўкі - і яны гучаць, нібыта былі напісаны літаральна сёлета. Так, гэта вельмі важная справа, і, канешне ж, мы будзем яе працягваць. Але хацелася б як мага часцей уключаць у рэпертуар і новыя песні, напісаныя на новыя вершы.

Выйсце з гэтай сітуацыі ўяўляецца мне вельмі простым. Трэба стварыць конкурс на напісанне новых эстрадных песень. Перакананы ў тым, што ён здолее выявіць многія новыя таленты. Гэта першае. А другое - нам неабходна пастаянна адсочваць ды аналізаваць тыя навінкі, што з'яўляюцца на эстрадных пляцоўках. Усе тыя песні, якія цяпер узнікаюць, - добрыя, кепскія - розныя... Адсочваць - і рабіць выбарку.

- На маім рабочым стале ўжо ляжыць праект праграмы фестывалю на наступны год. Усіх сакрэтаў раскрываць не буду, але галоўную задуму - агучу: нам трэба адрадзіць конкурс "Песня года". Калі гэтая імпрэза ўжо не праводзіцца ўзімку, яна можа цалкам упісацца ў кантэкст маладзечанскага фестывалю. Але ў такім выпадку першы этап акцыі павінен распачацца не пазней за 1 кастрычніка!

Таму, як бачыце, фестываль - гэта жывы арганізм, які пастаянна развіваецца. Але ж ніякіх радыкальных інавацый у нашых планах няма: яны могуць спарадзіць хіба бессэнсоўную валтузню. Гэта як у музычным творы. Уявіце: трубы распачалі партыю - і раптам заглухлі, саступіўшы месца скрыпцы; тая пайграла трошачкі - і таксама знікла бясследна. А слухач недаўменна паціскае плячыма... Такі падыход - няправільны. Калі "трубы" з'явіліся, яны павінны сцвердзіць сябе ў дзеянні, непрыкметна адысці на другі план, саступіўшы месца іншым інструментам, але ўрэшце "ўваскрэснуць", каб абгрунтаваць сваё з'яўленне ва ўверцюры. Вось і канцэпцыя фестывалю падуладная агульным законам драматургіі. Інакш развіцця чакаць не выпадае...

Нам цікавае ваша меркаванне па тэмах сённяшняга "Соцыуму". Пішыце на адрас: 220013, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 77 або kultura@tut.by, тэлефануйце ў рэдакцыю

па нумары 8-017-286-07-97, абмяркоўвайце тэму на www.facebook.com/kimpressby!