Вечная тайна Памяці

№ 21 (1044) 26.05.2012 - 01.06.2012 г

На саісканне Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. “Сімфонія” барацьбы і перамог

/i/content/pi/cult/379/7456/8_1.jpg“І памятае свет уратаваны…” — менавіта так называецца цыкл манументальных работ, створаных скульптарам, заслужаным дзеячам мастацтва Уладзімірам Слабодчыкавым і архітэктарам Ігарам Марозавым (2005 — 2009 гг.). Ён прысвечаны ўвекавечанню Памяці Герояў Вялікай Айчыннай вайны і памяці ахвяр Другой сусветнай вайны. Гэта адзіны па сваім мастацка-тэматычным змесце і фармальна-пластычным рашэнні цыкл, вылучаны Вучоным саветам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў на атрыманне Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусі 2012 года ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры.

Гэтая вобразна-пластычная “сімфонія” барацьбы і перамог уключае два мемарыяльныя знакі, якія ўстаноўлены ў былых фашысцкіх канцлагерах “Равенсбрук” і “Заксенхаўзен” (Германія), мемарыял “Набат вечнай славы” ў Светлагорску на месцы брацкага пахавання савецкіх воінаў, што загнулі пры вызваленні горада, і мемарыял “Дзецям вайны” ў Магілёве.

Што аб’ядноўвае гэтыя, на першы погляд, розныя паводле вобразна-выяўленчай, архітэктурна-пластычнай і сюжэтнай канцэпцыі? Зразумела, тэма Святой Памяці. І — адзіны мастацкі метад, адзіны стылістычны прыём, заснаваны на сінтэзе візуальнай вобразнасці і сімволікі, апавядальнасці і шырокай метафары, канкрэтнага расповеду і алегорыі, дакументальнага і мастацкага абагульнення.

Мемарыяльныя знакі ў памяць вязняў гітлераўскіх канцлагераў “Равенсбрук” і “Заксенхаўзен” — гэта першыя творы, ініцыяваныя Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь для ўстанаўлення іх на тэрыторыі чужой краіны. У той жа час, яны прысвечаны тэме, святой для кожнага беларуса. У першым выпадку — акцэнтам мемарыяла з’яўляецца бронзавы цярновы вянок на расстрэльнай сцяне, якая ўвекавечвае трагедыю: цудоўныя жаночыя целы палаюць агнём. У цэнтры помніка — надпіс на беларускай і нямецкай мовах: “У памяць аб ахвярах з Беларусі, сотні якіх былі закатаваны ў канцэнтрацыйным лагеры “Равенсбрук”. 1941 — 1945. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. 2006 год”. У другім помніку  адлюстравана прастрэленая роба вязня. Бакавыя краі гэтых гранітных роб — ірваныя: сімвал тысяч закатаваных, замардаваных людзей, што навечна прыхіліліся адно да аднаго. І адзін выстрал на ўсіх — як агульны шматпакутны і трагічны лёс. І — такі ж тэкст: “У памяць аб ахвярах з Беларусі, сотні якіх былі закатаваны ў канцэнтрацыйным лагеры “Заксенхаўзен”. 1941 — 1945. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. 2007 год”.

Прайшло ўжо колькі гадоў з дня адкрыцця гэтых помнікаў журбы і смутку, і сёння яны сталі абавязковымі аб’ектамі для наведання дэлегацый розных краін свету./i/content/pi/cult/379/7456/8_2.jpg

Светлагорскі мемарыял, які створаны ў кананічных праваслаўных традыцыях, — гэта бронзавы пяціметровы расколаты Звон-Набат са скульптурнымі гарэльефамі, якія ідуць ўздоўж звона і раскрываюць найважнейшыя эпізоды вайны: ад адыходу салдат 41-га на фронт  да апошняй кропкі вялікай барацьбы за свабоду і незалежнасць  — узяцця Рэйхстага. На ўнутранай паверхні звона — імёны 264 воінаў, якія загінулі пры вызваленні Светлагорска і пахаваны тут, пад яго скляпеннямі. П’едэстал — маналітныя чырвоныя гранітныя пліты. Яны ўвасабляюць супольнасць гераічных лёсаў тых савецкіх салдат ды афіцэраў, што перамаглі самага страшэннага ворага ў гісторыі чалавецтва.

Чацвёрты помнік — “Дзецям вайны” — размешчаны ў Магілёве: асірацелыя дзеткі адчайна замерлі ў праёме ўласнага дома, ахопленага полымем. На яго яшчэ ацалелым вушаку — сімвалічная зарубка Дзяцінства: “1941”. З праёма вырываецца і навісае над дзецьмі полымя. У яго ззянні — гарэльеф з адлюстраваннем памятных для дзяцей вайны падзей: “Провады бацькі на фронт”, “Бежанцы”, “У партызанах”, “На працоўным фронце”, “У фашысцкіх катавальнях”, “Вяртанне бацькоў” і, у рэшце рэшт, “Свята Перамогі”...

А яшчэ хочацца сказаць вось што. Аўтары дадзеных твораў цудоўна адчуваюць тую вечную “тайну” сінтэзу выяўленчага мастацтва і архітэктуры, пра які вось ужо шмат дзесяцігоддзяў ідуць дыскусіі і спрэчкі. Аглядаючы прадстаўленыя на атрыманне прэміі творы, бачыш, як гарманічна зліліся ў іх рознамаштабная скульптурная пластыка, манументальная і ландшафтная архітэктура ў кантэксце горадабудаўніцтва, экспрэсіўны строй, абагульненыя і гістарычныя дэталі. У выніку гэтыя помнікі сталі ў адзін шэраг з лепшымі творамі манументальнага мастацтва, якія былі створаны ў Беларусі за ўвесь пасляваенны перыяд.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"