Патрабаванне з прэтэнзіяй № 119, або Чаго чакаць ад “зембінскага кансэнсусу”?

№ 21 (1044) 26.05.2012 - 01.06.2012 г

Што ж такое помнік спадчыны, што менавіта трэба найперш ратаваць і захоўваць? Гэта не трасіроўка даўно зніклых вуліц і не дамы, якія перакачавалі з архіўных дакументаў у прыгожыя рэндэры. Гэта тыя руіны, помнікі, што ацалелі ад мінулых эпох... Пра сітуацыю вакол аднаго з іх — гэты артыкул.

У “К” № 7 за гэты год з’явіўся артыкул Ільі Свірына “А калі “выкарчаваць” вежу?, або Барысаўскі гіпербалоід інжынера Шухава”. Сярод іншага, гутарка там вялася і пра выратаванне аднаго з найкаштоўнейшых помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны Барысаўшчыны — руін касцёла Узнясення Панны Марыі ў вёсцы Зембін. Аўтар выказаў думку, што іх кансервацыя магла б стаць добрым досведам супрацоўніцтва паміж мясцовымі ўладамі і грамадскімі арганізацыямі, у прыватнасці — Беларускім добраахвотным таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры.

Рэакцыя на гэты матэрыял была, прызнацца, крыху нечаканай. 17 мая на адрас рэдакцыі прыйшоў ліст пад нумарам 119 за подпісам старшыні БДТАПГіК Антона Астаповіча. Пад загалоўкам “Ці хопіць волі і прафесіяналізму?” там быў выказаны шэраг прэтэнзій і да мясцовых улад Барысаўшчыны, і да згаданага матэрыялу, які члены Таварыства палічылі “недакладным і некарэктным”.

/i/content/pi/cult/379/7449/4_1.jpegЯк выявілася, супрацоўніцтва паміж Таварыствам ды Барысаўскім райвыканкамам і сапраўды пачалося пасля выхаду нашага артыкула. Праўда вось... неўзабаве паміж партнёрамі ўзніклі непаразуменні. “Звяртаемся да рэдакцыі з законным патрабаваннем аб публікацыі паўторнага матэрыялу, прысвечанага праблеме захавання ўнікальнага помніка ў Зембіне, у якім былі б прааналізаваны прычыны бяздзейнасці выканаўчых і распарадчых органаў Барысаўскага раёна ў вырашэнні праблем захавання помнікаў, нават калі грамадскія аб’яднанні прапануюць канкрэтныя і рэальныя мерапрыемствы, сумесная рэалізацыя якіх пайшла б толькі на карысць справы аховы гісторыка-культурнай спадчыны”, — піша адрасант.

Безумоўна, ультыматыўны тон тут з’яўляецца проста залішнім. Мы ва ўсялякім выпадку не абмінулі б увагай гэтую тэму. Тым больш, змагацца з бяздзейнасцю адказных асоб — гэта святая справа. Але... Перш чым рабіць пэўныя высновы, варта і сапраўды прааналізаваць прычыны непаразуменняў. Вось і прааналізуем.

“Неабходна пачынаць работу”

На пачатку — кароткая прэамбула гэтай гісторыі. Ці не апошні па часе будаўніцтва барочны касцёл на беларускіх землях, пашкоджаны ў часы Вялікай Айчыннай вайны і кінуты пасля яе на волю лёсу, прыйшоў папраўдзе ў крытычны стан. Летась некаторыя прадстаўнікі мясцовых улад Барысаўшчыны паставілі пытанне аб зносе гэтых руін: яны і сапраўды патэнцыйна пагражаюць жыццю людзей. Рэакцыя Міністэрства культуры краіны і грамадскасці была цалкам прадказальнай ды абапіралася на айчыннае заканадаўства ў сферы аховы спадчыны (падрабязней гл. “К” № 22 за 2011 г.). Помнік застаўся — у сваім прамежкавым стане паміж быццём і купкай друзу. Удыхнуць у яго паўнавартаснае жыццё ўласнымі сіламі мясцовая каталіцкая парафія не можа: яна надта маленькая.

І тады Барысаўскі райвыканкам агучыў сур’ёзны намер захаваць помнік спадчыны ў яго цяперашнім стане праз правядзенне работ па кансервацыі. Ды не проста агучыў, але і зрабіў канкрэтныя крокі ў гэтым кірунку. Паштальён даставіў у райаддзел культуры прыблізны каштарыс, падрыхтаваны адной са спецыялізаваных праектных арганізацый.

Сумы там фігуравалі немалыя. За адну толькі падрыхтоўчую дзейнасць (інжынерна-пошукавыя работы, комплексныя даследаванні і, уласна, праектная дакументацыя) спецыялісты выставілі цэннік ад 400 да 800 мільёнаў рублёў. Для раённага бюджэту такія выдаткі аказалася непад’ёмнымі. Сталі думаць далей...

— У сакавіку ў Зембін выязджала вялікая нарада з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Мінскага аблвыканкама,  — распавядае начальнік аддзела культуры Барысаўскага райвыканкама Ала Ленкіна. — Мы разам думалі, што рабіць, шукалі магчымасці распачаць працы. І менавіта пад час гэтай нарады з’явілася ідэя наладзіць партнёрскія стасункі з Таварыствам аховы помнікаў…

Сказана — зроблена. Балазе і грамадская арганізацыя адрэагавала аператыўна: ужо напрыканцы сакавіка на стале старшыні Барысаўскага райвыканкама Уладзіміра Мірановіча ляжаў зварот за подпісам Антона Астаповіча. Дакумент утрымліваў канкрэтны план правядзення работ па кансервацыі помніка, які складаўся з дзевяці пунктаў. Канцэпцыя, як падаецца, — паслядоўная і рэалістычная.

Як вядома, усім сур’ёзным работам на помніку спадчыны павінна папярэднічаць атрыманне дазволу Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і прызначэнне навуковага кіраўніка аб’екта. Таварыства прапанавала на гэтую ролю сваю кандыдатуру — маладога архітэктара Антона Вантуха. Райвыканкам не запярэчыў.

Супрацоўніцтва амаль стартавала. Як распавяла спецыяліст аддзела культуры Іна Сайчык, былі ўжо праведзены і сумесныя нарады. А вось далей... Далей пачаліся суцэльныя непаразуменні, якія нагадваюць дзіцячую гульню ў сапсаваны тэлефон.

У сваім лісце ў рэдакцыю “К” Антон Астаповіч піша: “На жаль, да гэтага часу грамадскае аб’яднанне не атрымала пісьмовага адказу па сваіх прапановах”. На яго думку, гэта з’яўляецца сведчаннем бюракратызму і прыкладам “дыскрэдытацыі ідэі дзяржаўна-грамадскага партнёрства ў сферы аховы спадчыны”.

У адказ на такія абвінавачванні Ала Ленкіна дэманструе мне копію таго самага звароту да старшыні Барысаўскага райвыканкама Уладзіміра Мірановіча. Ягонай уласнай рукой выведзена рэзалюцыя: “Неабходна пачынаць работу”.

Наступныя па часе з’яўлення дакументы сведчаць, што яе выкананне не прымусіла сябе чакаць: работа сапраўды распачалася. Ужо праз лічаныя дні пасля атрымання звароту, на пачатку красавіка, у Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь былі накіраваны запыты аб атрыманні дазволу на выкананне навукова-даследчых і праектных работ і аб прызначэнні Антона Вантуха навуковым кіраўніком.

У адным з матэрыялаў на афіцыйным інтэрнэт-сайце БДТАПГіК, датаваным 25 красавіка, ёсць такое сцверджанне: “На жаль, з-за пазіцыі Барысаўскага райвыканкама нашы спецыялісты не могуць прыступіць нават да распрацоўкі эскізных прапаноў па будынку касцёла. На гэта няма дазволу Мінкульта, які атрымлівае звычайна заказчык работ па аб’екце, а ў дадзеным выпадку гэта органы мясцовай адміністрацыі”.

Ала Ленкіна кладзе перада мною копію таго самага “адсутнага” дазволу за подпісам намесніка міністра культуры Віктара Кураша. Дата выдачы — 20 красавіка!

— Але, вядома, па пошце ён прыйшоў да нас трохі пазней, — тут жа ўдакладняе яна.

Зварот аб прызначэнні навуковага кіраўніка быў разгледжаны таксама на некалькі дзён пазней. Зрэшты, “замінка” тут цалкам вытлумачальная: гэтае пытанне знаходзіцца ў кампетэнцыі Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады, а яе пасяджэнні адбываюцца далёка не штодня. Тым не менш, ужо 4 мая справа вырашылася. Рада выказала прынцыповую згоду надзяліць Антона Вантуха гэтымі адказнымі паўнамоцтвамі, але прапанавала яму папярэдне прадставіць канцэпцыю правядзення кансервацыі — “з улікам асаблівасцей работы на азначаным помніку архітэктуры, а таксама — адсутнасці ў кандыдата вопыту ажыццяўлення функцый навуковага кіраўніка”.

Здавалася б, усё зразумела, і нагоды для нараканняў няма. Але, ізноў жа, паштальёну спатрэбіўся пэўны час, каб прынесці гэтую вестку ў аддзел культуры... Так і ўтварылася паўза.

— Весці перапіску, якая не ўтрымлівае ніякай змястоўнай інфрамацыі, мы лічым марнаваннем часу, — патлумачыла сваю “бяздзейнасць” Ала Ленкіна. — Таму да вырашэння гэтых пытанняў і не давалі БДТАПГіК ніякіх пісьмовых адказаў…

Але кіраўніцтва Таварыства, мабыць, вырашыла не чакаць паштальёна. І паспяшалася скіраваць на адрас супрацоўнікаў Барысаўскага райвыканкама нямала эмацыйных слоў. Няўжо яны спрыяюць плённаму развіццю супрацоўніцтва?

Рыдлёўкі нарасхват/i/content/pi/cult/379/7449/4_2.jpeg

У сваім лісце Антон Астаповіч згадвае і яшчэ адзін факт: 21 красавіка члены Таварыства зладзілі ў Зембіне суботнік, прымеркаваны да Міжнароднага дня аховы помнікаў і гістарычных мясцін. Але ж па прыездзе на месца падзей валанцёры не былі забяспечаны інвентаром і ім было адмоўлена ў гарачым харчаванні за іхнія ж грошы. Прынамсі, так распавядаецца ў лісце ў рэдакцыю “К”.

Як адзначыла Ала Ленкіна, тут атрымалася прыкрая накладка: у той самы дзень на прылеглай да касцёла тэрыторыі адбыўся і іншы суботнік — з удзелам барысаўскай моладзі.

— Мы рыхтаваліся да яго вельмі сур’ёзна, акцыя была запланавана яшчэ задоўга да 21 красавіка, — распавядае яна. — Вось ужо цягам трох гадоў у нас актыўна працуе валанцёрскі атрад, куды ўваходзяць члены БРСМ, навучэнцы, рабочая моладзь... Гэтым разам сабралася 35 чалавек, і мы прадоўжылі тую работу па добраўпарадкаванні, якой займаліся яшчэ летась. І будзем рэгулярна падтрымліваць належны санітарны стан такімі суботнікамі…

Тым не менш, абедзве талакі паспяхова адбыліся, іх удзельнікі адно аднаму не заміналі.

— Натуральна, мы не забаранялі членам Таварыства працаваць, — запэўніла Ала Ленкіна. — Наадварот: удзячныя кожнаму, хто падахвоціцца зрабіць добрую справу...

І сапраўды, удзельнікі талакі Таварыства не абмежаваліся толькі навядзеннем парадку на старых прыкасцельных могілках — у той дзень імі была зроблена і яшчэ адна вельмі карысная справа: абмеры ды графічная рэканструкцыя зембінскай міквы. Далей Таварыства выступіла з вельмі своечасовай ініцыятывай па ўнясенні апошняй у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Тыя нямногія пакуль турысты (у прыватнасці, аўтар гэтых радкоў), якія ўжо пабывалі ў Зембіне, нават і не ведаюць пра гэтую цікавостку. Адметная паводле сваёй архітэктуры і занядбаная сёння камянічка служыла некалі для прадугледжанага ў іудаізме рытуальнага ачышчэння, а заадно — і ў якасці простай лазні... На рэндэрах, зробленых членамі архітэктурнай секцыі Таварыства, яна выглядае прывабным музейчыкам або аб’ектам агратурызму. І для вёскі такая адметнасць, відавочна, не будзе лішняй — разам з касцёлам, мастацкай галерэяй ды царквой, сумна вядомай з-за варварскага разбурэння дзеля аднаго кінематаграфічнага эпізоду, яны здатныя ўтварыць добрую гронку цікавых аб’ектаў паказу.

Імператыў або варыянт?

Другая частка ліста Антона Астаповіча ў рэдакцыю “К” датычыцца ўласна згаданага вышэй матэрыялу. Там я літаральна ў некалькіх словах згадаў праекты Таварыства па аднаўленні двух фрагментаў страчанай асяроддзевай забудовы Мінска канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя: на вуліцы Зыбіцкай і паўднёва-ўсходняй частцы Замчышча. Канстатаваўшы, што гэтыя прапановы не знаходзяць падтрымкі сярод членаў Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады і гарадскіх улад (тут я не вінаваты!), выказаў уласную думку: архітэктары-валанцёры прынясуць куды большы плён там, дзе іх сапраўды чакаюць (напрыклад, у Зембіне). Антон Астаповіч чамусьці ўбачыў у гэтых словах “знявагу”. І выказаў спадзяванні адносна публікацыі ў нашым выданні “матэрыялу, у якім аб’ектыўна будуць разгледжаны праблемы выканання работ у гістарычным цэнтры Мінска”.

Зрэшты, як мог бы заўважыць уважлівы чытач, такіх артыкулаў за апошнія гады на старонках “К” выйшла не адзін і не два — у тым ліку і пра вуліцу Зыбіцкую (да прыкладу, гл. “К” №43 і 44 за 2010 г.). Нешта дадаць тут будзе сапраўды складана.

Што праўда, аб’ектыўным можна назваць далёка не кожны з матэрыялаў на гэтую тэму: з той простай прычыны, што газетная плошча часам станавілася пляцоўкай для дыскусій паміж прафесіяналамі, якія адстойвалі самыя розныя пункты гледжання. І гэта, пагадзіцеся, цалкам нармальна! Як і тое, што складаная архітэктурная задача можа мець некалькі варыянтаў рашэння.

Вось і на пачатку 2010 года на нашых старонках разгарнулася сур’ёзная палеміка вакол новага аблічча Мінскага замчышча. Заўважым — яшчэ ў той час, калі прапановы Таварыства не былі шырока агучаны.

У чым сутнасць дыскусіі? Не заўсёды магчыма зразумець гэта з тых шматлікіх крытычных матэрыялаў, што “гуляюць” па Інтэрнэце (не бяромся сцвярджаць, але, мабыць, без удзелу нашага апанента не абышоўся ніводзін з іх). Таму тут варта адразу расставіць кропкі над “і”.

Квінтэсенцыя гісторыка-культурнай каштоўнасці Мінскага замчышча — гэта тыя арыгінальныя артэфакты часоў Сярэднявечча, што па-ранейшаму тояцца ў нетрах культурнага слою. Апошняе нават не абмяркоўваецца, і таму цалкам вытлумачальна, што ўсе архітэктары, якія браліся за гэтую тэму, рабілі асаблівы акцэнт менавіта на іх захаванні ды экспанаванні. Спрэчкі тычацца толькі “аблямоўкі” гэтага “дыямента”.

Пазіцыя доктара архітэктуры Армена Сардарава (гл. “К” № 4 за 2010 г.) — пакінуць гістарычнае месца ў спакоі, не будаваць там ніякіх “навадзелаў”. У сваю чаргу, навуковы кіраўнік гістарычнага цэнтра Мінска Сяргей Багласаў перакананы ў тым, што гэтае месца павінна быць больш “камунікатыўным”, “зразумелым” для шырокага кола наведвальнікаў (падрабязней — у "К" № 10 за 2010 г.). Адсюль і ідэя музейнага макета вуліцы ХІІ стагоддзя. Падкрэслім: задачу аднаўлення помнікаў спадчыны той далёкай ад нас пары архітэктар нідзе не агучваў — насуперак некаторым выказванням яго апанентаў. Ды і характарыстыка гэтай задумы адным словам “балаганчык” падаецца, як мінімум, некарэктнай. Урэшце, трэці варыянт — аднавіць забудову Ніжняга і Мяснога рынкаў...

Не ведаю, як каму, але мне, па шчырасці, даспадобы ўсе тры. І я лічу кожную з гэтых версій вартай права на існаванне. Але... ясная справа, што ўвасоблена будзе толькі адна. Такія ўжо законы жыцця.

Не зусім разумею толькі адно: чым матывуюцца выказванні старшыні Таварыства пра канчатковае зніштажэнне гістарычнага цэнтра Мінска, якія вось ужо не першы год паслухмяна трансліруюць з гэтай нагоды некаторыя журналісты? Што і хто зніштажае?

Антон Астаповіч папракае аўтара дадзеных радкоў у няведанні міжнародных метадычных дакументаў у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Досыць дзіўна на іх спасылацца, адстойваючы праекты адбудовы “з нуля”. Венецыянская хартыя 1964 года: “Усялякія работы па аднаўленні выключаны...”. Такая пазіцыя была даўно выкрышталізавана супольнасцю прафесіяналаў у галіне рэстаўрацыі і аховы спадчыны. Яе лаканічна і безапеляцыйна агучыў шматгадовы кіраўнік Дзяржаўнай інспекцыі па ахове помнікаў культуры Латвіі Юрыс Дамбіс: калі архітэктурны помнік страчаны, ён страчаны незваротна. І кропка.

Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што гэтай жорсткай пазіцыі на практыцы прытрымліваюцца далёка не заўсёды. Прыкладам, у 1997 годзе ў нарвежскім Бергене была адноўлена драўляная царква ХІІ (!) стагоддзя, дазвання спаленая незадоўга да гэтага членамі радыкальнай групоўкі язычніцка-нацысцкага профілю. Чалавек нават псіхалагічна не можа пагадзіцца з тым, што апошняе слова ў дыскусіі “быць ці не быць” застаецца за герастратам. І ці можна тут папракаць чалавека?

Таму Рыжская хартыя аб аўтэнтычнасці і гістарычнай рэканструкцыі, прынятая краінамі нашага рэгіёна, дапускае пэўныя выключэнні (выключэнні!) для помнікаў, “якія маюць высокую мастацкую каштоўнасць ды з’яўляюцца сімвалам для дадзенай краіны (рэгіёна) і якія былі страчаны ў выніку прыродных або сацыяльных катаклізмаў”. Ці распаўсюджваецца яна на шараговую грамадзянскую забудову?

У айчынных публікацыях часта згадваецца досвед паваеннага аднаўлення Варшавы. Прыклад — пераканаўчы, але... Ёсць і іншыя: скажам, берлінскі Патсдамерпляц. Колішні фешэнебельны квартал у вайну быў моцна разбураны, а потым трапіў у самы эпіцэнтр новай вайны — Халоднай. Суседства з Берлінскай сцяной зусім не спрыяла рэстаўрацыі, і таму герою-наратару кінашэдэўра “Неба над Берлінам” (1987 г.) заставалася толькі аддавацца ўспамінам на парослай бур’яном пустцы.

Неўзабаве па сканчэнні здымак сітуацыя змянілася, і Патсдамерпляц ізноў апынуўся ў цэнтры аб’яднанага Берліна. Але ж замест аднаўлення старых камяніц пустка была забудавана высоткамі ў стылі хай-тэк, якія імгненна сталі новай адметнасцю горада. А вось цудам ацалелыя парэшткі прамінулай эпохі былі ўмела ўплецены ў шкляныя вежы, апынуўшыся бы ў музейнай вітрыне. Уражанні ад гэтага спалучэння — проста фантастычныя!..

Уласна, я — да таго, што аднаўленне гістарычнай забудовы ў “чыстым полі”  — не імператыў. Так, гэта варыянт, і варыянт, безумоўна, варты ўвагі. Але... ён далёка не адзіны дапушчальны. А міжнародны метадычны дакумент, дзе чорным па белым напісана, што аднаўляць страчаныя помнікі трэба абавязкова, мне і сапраўды невядомы.

Маю думку з папярэдняга артыкула, які і выклікаў такое абурэнне, можна сфармуляваць і наступным чынам: увесь цымус тут, мабыць, у прыярытэтах. Правёўшы маніторынг публікацый на сайце Таварыства, неабазнаны ў тутэйшых рэаліях чалавек можа зрабіць вельмі дзіўную выснову: няўжо самыя галоўныя праблемы аховы спадчыны на Беларусі палягаюць у аднаўленні двух фрагментаў шараговай грамадзянскай забудовы? Гэтым праектам прысвечаны шматлікія артыкулы ды акцыі Таварыства, іх яны доўга і паслядоўна адстойваюць праз некаторыя СМІ...

Тая самая Венецыянская хартыя дазваляе нам выразна ўсвядоміць, што ж такое помнік спадчыны, што менавіта трэба найперш ратаваць і захоўваць. Гэта не трасіроўка даўно зніклых вуліц і не дамы, якія перакачавалі з архіўных дакументаў у прыгожыя рэндэры. Гэта тыя руіны, што ацалелі ад мінулых эпох. Адным словам — Зембінскі касцёл.

Аналагічных паводле сваёй тыпалогіі помнікаў, якія маюць аналагічныя праблемы, на Беларусі не адзін і не два: згадайма старадаўнія ды велічныя касцёлы ў Вялікай Бераставіцы, Княжыцах, Селішчы, Лыскаве, Смальянах, Беніцы, Астроўне, Расне... Або Ануфрыеўскі манастыр ды Белую царкву... Або Кальвінскі збор у Першамайску... Або сінагогі ў Століне, Быхаве, Ружанах... Без сумневу, усе пералічаныя вышэй аб’екты ўваходзяць у “залаты фонд” беларускай культурнай спадчыны. Страта хаця б аднаго з іх будзе трагедыяй папраўдзе нацыянальнага маштабу.

Многія з такіх занядбаных шэдэўраў беларускага дойлідства фігуруюць у дзяржаўных праграмах “Культура Беларусі” і “Замкі Беларусі”. Многія, але... далёка не ўсе. Як падаецца, тут да месца евангельскія радкі: “Ніва  — багатая, а сейбітаў — мала”...

— Учора ўвечары я мела тэлефонную гутарку са спадаром Астаповічам, і мы прызначылі чарговую рабочую сустрэчу на 30 мая, — паведаміла Ала Ленкіна напрыканцы нашай размовы.

Неаспрэчна, гэта найлепшы фінал апісанай намі гісторыі. Бо ён дазваляе спадзявацца, што “Чырвоная кніга” беларускіх помнікаў спадчыны зменшыцца хаця б на адзін радок. А выпрацаваная сумеснымі намаганнямі метадалогія ратавання такіх аб’ектаў спародзіць “ланцуговую рэакцыю”.

 

Нам цікавае ваша меркаванне па тэмах сённяшняга "Соцыуму". Пішыце на адрас: 220013, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 77 або kultura@tut.by, тэлефануйце ў рэдакцыю

па нумары 8-017-286-07-97, абмяркоўвайце тэму на www.facebook.com/kimpressby!