Праекты сярод руін "Версальскай гісторыі"

№ 20 (1043) 19.05.2012 - 26.05.2012 г

Ці развеяліся хмары мінулага над маёнткам Хмараў?

/i/content/pi/cult/378/7422/1-2.jpeg

Ад дагледжаных ускраін Мінска да былога котлішча роду Хмараў у вёсцы Сёмкава - усяго дзесяць хвілін на машыне. І таму кантраст асабліва ўражвае. Паўз закінутыя тыпавыя спаруды савецкага часу разбітая грунтоўка вядзе да пашчэрбленых руін палаца, якія здатныя выклікаць толькі шкадаванне, а не захапленне. І зусім няўцям, чаму гэтае месца некалі называлі беларускім Версалем. Нягледзячы на блізкасць да горада, турысты дый проста цікаўныя людзі сюды амаль не завітвалі. Яно і не дзіва: у гэтым валадарстве запусцення пачуваешся трохі вусцішна.

Зрэшты, атмасфера тут пачынае спакваля змяняцца. Летась сядзіба, чыя будучыня здавалася ўжо перадвызначанай, урэшце набыла гаспадара. Гэта відаць нават няўзброеным вокам, і таму ёсць надзея, што пакручасты лёс маёнтка зрабіў чарговы піруэт - гэтым разам угару.

У дзень Вялікай Перамогі ў былой сядзібе зноў было шматлюдна - упершыню за многія гады. Пошчакі птушак зліваліся са спевамі царкоўнага хору. Паніхіда была адслужана ў памяць пра нявінныя ахвяры вайны. Так аднавілася традыцыя згадак пра самы драматычны і гераічны эпізод гэтага месца. Доўгі шлях адраджэння былой велічы маёнтка яго новы ўласнік - выдавецтва Беларускай Праваслаўнай Царквы - пачаў менавіта з адраджэння гістарычнай памяці.

- Гэтае месца і прыгожае, і рамантычнае, і страшнае - як і сама мінуўшчына нашага народа, - кажа выканаўчы дырэктар міжнароднага дабрачыннага фонду Сяргей Собалеў, які сёння з'яўляецца своеасаблівым "аканомам" маёнтка.

БПЦ мяркуе стварыць у былой сядзібе Цэнтр праваслаўнай сям'і. У той самы час, аб'ект будзе разлічаны адначасова і на турыстаў, і на аматараў спартыўнага адпачынку, і на моладзь... Праект - вельмі маштабны ды комплексны, але ж грунт, на якім яго мяркуецца рэалізоўваць, - гэта менавіта беларуская гісторыя.

Шлях ад кардону да цэглы

У 1755 годзе магнат Міхал Сапега падарыў гэты маёнтак свайму прыяцелю Адаму Хмару. Той неўзабаве разгарнуў будаўніцтва на шырокую нагу. Як мяркуецца, узвядзенне палацавага комплексу было даручана маладому, але ўжо даволі вядомаму Карла Спампані. Вытанчаны і арыгінальны твор дойлідства здзівіў нават звышпатрабавальных сучаснікаў. Інтэр'еры палаца тады і сапраўды мала чым саступалі Версалю, а вопіс каштоўных рэчаў гаспадароў уяўляў з сябе цэлую кнігу. Таму ад V.I.P.-гасцей адбою не было.

- Зусім нядаўна мы адшукалі дакументы, якія сведчаць, што ў гэтым палацы больш за месяц пражыў апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, - інтрыгуе Сяргей Собалеў.

Не так даўно на тэрыторыі сядзібы была выпадкова знойдзена масіўная гранітная пліта з надпісам на лацінскай мове. З філасофскай грунтоўнасцю Адам Хмара тлумачыў сваё памкненне збудаваць тут шыкоўны палац, каб пакінуць пра сябе памяць нашчадкам.

- Безумоўна, гэта вельмі каштоўная знаходка. Проста цуд, што яна да нас трапіла, - кажа Сяргей Собалеў. - І мы ўжо думаем, як можна яе экспанаваць самым пачэсным чынам...

Сумны і цікавы парадокс! Артэфакт, з якога распачынаўся перыяд росквіту Сёмкава, - гэта адзінае, што ад таго перыяду засталося. Новыя ўласнікі ставяць сабе надзвычай амбітную мэту: аднавіць названы час.

- Будзе тут і вадзяны млын, і пабудовы, пакрытыя трыснягом, і дагледжаныя прысады ў парку, і лодкі па сажалцы будуць плаваць з кавалерамі і дамамі... - распавядае "аканом" маёнтка.

Стоячы сярод руін, у гэта верыш з цяжкасцю. І, мабыць, менавіта таму новыя ўласнікі маёнтка вырашылі візуалізаваць гэтыя свае памкненні. Навучэнка Мінскай гімназіі № 75 Марыя Беразіна зрабіла макет палаца, што адлюстроўвае будынак у найлепшыя для яго часы. Датклівай і вельмі якаснай працы папярэднічаў збор гістарычнай інфармацыі, ініцыяваны новым уласнікам сядзібы. А паралельна адбывалася распрацоўка праекта ахоўных зон.

Аднаўленне палаца з руін запатрабуе вялізных сродкаў. Сяргей Собалеў спадзяецца і на дзяржаўную падтрымку, але перадусім - менавіта на мецэнатаў ды інвестараў. Але ж апошніх трэба яшчэ зацікавіць...

Калі патэнцыйны інвестар бачыць перад вачыма панылыя руіны, ён наўрад ці запаліцца імпэтам. Іншая справа - калі для кантрасту яму прапануюць зірнуць на той самы макет, на прыгожыя каляровыя планшэты з інфармацыяй пра слаўны лёс тых мясцін. Усё гэта ўжо сёння можна ўбачыць у Сёмкаве - і наўрад ці ўбачыш на большасці іншых падобных аб'ектаў.

Памяць рассыпаецца /i/content/pi/cult/378/7422/1-1.jpegў друз

Пасля рэвалюцыі незлічоныя багацці гаспадароў сядзібы бясследна зніклі, а ў палацы размясціўся дзіцячы дом. Потым грымнула вайна... Эвакуіраваць дзяцей не паспелі, і яны засталіся ў Сёмкаве. Малыя былі літаральна пакінуты на волю лёсу, амаль без апекі дарослых. Як распавядае выхаванка гэтага дзіцячага дома Ніна Кабанава, якая і сёння жыве ў Сёмкаве, узімку памяшканне нават не ацяплялася...

 - Нас, малечу, выратоўвалі хіба што старэйшыя дзеці, якія выпрошвалі па навакольных вёсках ежу ды пароўну дзялілі яе між усімі, - распавядае яна. - Ды яшчэ, бывала, партызаны ўначы прыедуць і пакормяць...

Ніна Пятроўна трапіла ў гэты дзіцячы дом шасцігадовай дзяўчынкай. Бацьку немцы забілі ў яе на вачах, амаль уся сям'я загінула ў слуцкім канцлагеры... Але ж лічыць сябе ўратаванай было зарана. У Сёмкаўскім дзіцячым доме дзеці паміралі ад нягод адно за адным. На пачатку вайны іх было каля 500, а да лютага 1944 года засталося толькі 276...

Зрэшты, фінал мог быць яшчэ больш трагічным. У тым самым лютым 1944-га кіраўніцтва партызанскай брыгады "Штурмавая", якая дзейнічала ў ваколіцах Мінска, атрымала агентурныя звесткі: фашысты плануюць вывезці ўсіх дзетак у Трасцянец, у лагер смерці, каб вызваліць палац для сваіх патрэб. Камісар брыгады Ілья Фёдараў тэрмінова сабраў на нараду камандзіраў атрадаў...

- Мой муж быў педагог па адукацыі, і ўжо хаця б таму не ўмяшацца ў гэтую сітуацыю ён не мог, - распавядае ўдава Ільі Мартынавіча, былая партызанская разведчыца Марыя Міхайлаўна. - Тым больш, і камандзіры атрадаў яго падтрымалі. Мы ўсе прыйшлі да высновы, што дзяцей трэба ратаваць любой цаной...

Выхаванцаў дзіцячага дома вырашылі ўпотайкі вывезці на фурманках у партызанскую зону. Задача была не з лёгкіх. Па-першае - зіма... Па-другое, начны шлях па акупаванай тэрыторыі - поўны небяспек...

- Уначы, калі мы спалі, з'явіліся партызаны і загадалі хутка сабрацца, - распавядае Ніна Кабанава. - Пагрузілі на фурманкі, накрылі парашутнай тканінай: для маскіроўкі. І мы рушылі...

Непадалёк ад Сёмкава дыслацыраваліся некалькі буйных нямецкіх гарнізонаў. Дарога праходзіла зусім блізка ад іх. Партызаны (а гэта былі найлепшыя байцы з самай лепшай зброяй) зладзілі засады, каб у выпадку трывогі завязаць бой і забяспечыць прыкрыццё. На шчасце, такой патрэбы не ўзнікла. Усе шасцьдзясят фурманак шчасліва дабраліся ў партызанскую зону на Лагойшчыне...

- Як былы афіцэр я магу толькі дзівіцца таму, наколькі дасканала была спланавана і праведзена гэтая аперацыя, - кажа Сяргей Собалеў. - Галоўны поспех у тым, што ўсё абышлося без адзінага стрэлу!..

Удзельнікі той падзеі пасля вайны запачаткавалі традыцыю: штогод збірацца ў Сёмкаўскім інтэрнаце. Людзі сцякаліся ў гэтае месца, не раўнуючы, з усяго Савецкага Саюза, каб са шчымлівым сэрцам згадаць мінулае, падзякаваць сваім выратавальнікам або зноў убачыць баявых сяброў.

Але... Неўзабаве гэтая традыцыя згасла. Бо збірацца ўжо не стала дзе. Сучасная гісторыя "беларускага Версаля" - сумная і тыповая, як тыя баракі з сілікатнай цэглы, што бяздумна ўклініліся ў гарманічнае асяроддзе маёнтка. У гады перабудовы інтэрнат быў закрыты, а яго нерухомая маёмасць - пакінута на волю лёсу. І, вядома, ліхіх людзей.

- Адзін вясковец цэлы дом збудаваў з цэглы палаца, - распавядае Ніна Кабанава. - Цягнулі адсюль усё, што толькі можна...

Апафеозам стаў пажар, выкліканы бамжамі - апошнімі насельнікамі каралеўскіх пакояў. Будынак, які някепска выглядае нават на паваенных фотаздымках, за лічаныя гады "змарнеў" ды ператварыўся ў руіны...

Дакрануўшыся да старога мура, адчуў, як цэгла літаральна ў руках рассыпаецца ў друз. А разам з цэглай сыходзіла ў нябыт і гісторыя гэтых мясцін. Вось і пра згаданую партызанскую аперацыю сёння вельмі мала хто ведае, нават у Інтэрнэце пра яе амаль нічога не знойдзеш. Новы ўласнік сядзібы стаў "каталізатарам" вяртання памяці.

- Паглядзеўшы тыя фільмы, што прапаноўвала на 9 Мая тэлепраграма, я быў у чарговы раз здзіўлены. Няўжо не засталося такіх сюжэтаў, якія здатныя сапраўды скалануць гледача, паказаць яму праўду вайны? - абураецца Сяргей Собалеў. І дадае, што абавязкова прыкладзе намаганні, каб зацікавіць падзеямі ў Сёмкаве айчынных кіношнікаў.

Ужо ў бліжэйшыя месяцы на тэрыторыі сядзібы будзе ўстаноўлены помнік дзецям, якія пакутавалі тут пад час вайны. Мяркуючы па рабочым макеце, ён атрымаецца вельмі камерным: хударлявая фігурка дзяўчынкі, якая нагадвае вобразы Мунка, выканана амаль у натуральную велічыню.

 - Думаецца, у дадзеным выпадку гігантаманія была б недарэчнай, - перакананы аўтар помніка, скульптар Леанід Яшэнка. - Сама тэма патрабуе зусім іншага падыходу.

Сутарэнні як прынада

Між тым, скарбонка гістарычных фактаў, звязаных з Сёмкаўскай сядзібай, не вычарпана нават і на гэтым. Дадзенае месца пазначана ў біяграфіі абодвух беларускіх Песняроў - праўда, былі яны тут у розны час. Зусім малады Янка Купала ў 1905-м уладкаваўся працаваць на мясцовую вінакурню. А ў 1920-я гады ў колішнім "панскім" флігелі любіў адпачываць ужо народны паэт Беларусі Якуб Колас. Захаваўся нават фотаздымак, дзе ён чытае свае вершы выхаванцам дзіцячага дома.

Па згаданых вышэй прычынах Сёмкава ў "купалаўскія" і "коласаўскія" турмаршруты пакуль не ўваходзіць. Але Сяргей Собалеў спадзяецца, што ўжо сёлета, у юбілейны год, сітуацыя зменіцца. На жнівень запланавана адкрыццё мемарыяльных дошак, прысвечаных Купалу і Коласу, а таксама і невялічкай музейнай экспазіцыі, падрыхтаванай пры дапамозе літаратурных музеяў Песняроў.

А ў адным з флігеляў, што на сёння ацалелі лепш за ўсё, мяркуецца адкрыць Музей этнаграфіі, які распавядаў бы пра побыт шляхты. Будзе і кавярня з беларускай кухняй. А таксама свая гаспадарка - як тое колісь і было.

- І абавязкова брычка ды верхавыя коні, - дадае Сяргей Собалеў. - На іх мы пачнём катаць ужо ў бліжэйшы час. Ды і сам буду ездзіць верхам, як сапраўдны аканом!..

"Рука гаспадара" адчуваецца ў маёнтку ўжо і сёння. Уваход на палацавую тэрыторыю блакіруецца "сур'ёзнай" агароджай (для турыстаў яе, вядома, адкрыюць), за парадкам там сочыць вартаўнік... Калі б такія элементарныя захады былі зроблены якіх дзесяць гадоў таму, цяперашні каштарыс аднаўлення маёнтка стаў бы зусім іншым.

Планы на бліжэйшае лета даволі вялікія. На тэрыторыі сядзібы мае адбыцца валанцёрскі летнік, удзельнікі якога будуць расчышчаць парк. А выкладчыкі і студэнты Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта ўжо рыхтуюцца прыступіць да археалагічных раскопак.

- Мы ставім сабе за мэту знайсці падмуркі капліцы, - распавядае Сяргей Собалеў. - Але самае галоўнае - паспрабуем адшукаць падземныя хады. Тым больш, звесткі пра іх захаваліся. Кажуць, уласнік сядзібы ў выпадку небяспекі мог перайсці пад рэчкай на іншы яе бок, да сваіх стайняў, дзе яго ўжо чакаў верны конь...

Падобныя гісторыі выклікаюць хіба скептычную ўсмешку: іх, у той або іншай варыяцыі, можна пачуць літаральна ў кожным нашым паселішчы, дзе захаваўся хоць які помнік спадчыны. Але... Тут легенда мае пацвярджэнні сведкаў.

- Сама памятаю, як сёмкаўскія хлапчукі натрапілі на ўваход у лёху, праз цікаўнасць туды палезлі, заблукалі, - распавядае Ніна Кабанава. - Паветра там было вельмі затхлае - яны пачалі задыхацца. І толькі нейкім цудам змаглі адтуль вырвацца. А пасля гэтага настаўнікі парупіліся, каб засыпаць усе ўваходы...

Навошта аканому сядзібы спатрэбіўся падземны ход? Адказ вельмі просты: каб прывабіць наведвальнікаў у гэтае зусім "нераскручанае" пакуль месца. Тым больш, канкурэнтаў пакуль няма: паўсюль турыстам прапануюць хіба абрыдлыя расповеды-байкі, а не рэальныя аб'екты паказу. Нават у тых мясцінах, дзе лёхі і сапраўды існуюць.

...Кавалер высокіх царкоўных узнагарод Сяргей Собалеў - не бізнесмен. Ён займаецца ў царкве сацыяльнай дзейнасцю і ставіць адпаведныя мэты. Але ж разумее, што менавіта руплівы дзелавы падыход можа паспрыяць іх увасабленню ў жыццё...
Нечаканы працяг сацыяльнай тэмы

Матэрыял, прысвечаны будучыні гродзенскага гістарычнага раёна “Новы Свет” (гл. “К” № 17 за 2012 г.), займеў зусім нечаканы для нас працяг. На мінулым тыдні там былі разабраны адразу тры старыя будынкі, у тым ліку і так званы дом Беклямішава  — адметны помнік міжваеннага драўлянага канструктывізму.

Як адзначылі “К” ва ўпраўленні культуры аблвыканкама, прычынай зносу стаў тэхнічны стан пабудоў, пацверджаны адпаведнымі даследаваннямі. Аднак яны не ўлічвалі гісторыка-культурнай каштоўнасці “лядашчага” будынка.

Начальнік упраўлення ідэалагічнай работы Гродзенскага аблвыканкама Павел Скрабко зазначае, што праблема з захаваннем унікальнай тэрыторыі, якая мае назву “Новы Свет”, дэталёва разглядаецца на ўзроўні губернатара. Галоўныя праблемы начальнік упраўлення бачыць у кепскім стане драўляных будынкаў і адсутнасці зацікаўленасці ў захаванні занядбаных дамоў ці не паловы іх уласнікаў. Разам з тым, сёлета плануецца, у тым ліку з дапамогай студэнтаў гродзенскіх ВНУ, пафарбаваць будынкі, прывесці ў належны выгляд — у першую чаргу знешняе — аблічча адметных аб’ектаў, якія маюць гісторыка-культурную каштоўнасць.

Як і амаль уся забудова Новага Свету, “дом Беклямішава” не меў афіцыйнага статуса помніка спадчыны. Дакументы з прапановай аб яго наданні не так даўно былі накіраваны ў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, аднак... Выглядае на тое, што Навукова-метадычная рада проста не паспела іх разгледзець.

З агульнай канцэпцыяй падыходу да аховы спадчыны (і "Новага Свету" — у прыватнасці), якая на Гродзеншчыне ўвасоблена ў канкрэтны План мерапрыемстваў, гэтыя факты не вельмі стасуюцца. Таму хочацца верыць, што яны зусім не адлюстроўваюць тэндэнцыю. Напэўна, многія неабыякавыя людзі спадзяюцца і на тое, што характэрныя ды запамінальныя абрысы “дома Беклямішава” мы ўсё ж здолеем убачыць ізноў — няхай сабе, і ў выглядзе якаснай копіі.