“Фірмовы” прадукт з ініцыятывай

№ 19 (1042) 12.05.2012 - 19.05.2012 г

Што адчулі на сабе старыя муры Гродзеншчыны?

/i/content/pi/cult/377/7398/1-1.jpegДамовіцца пра інтэрв'ю з начальнікам упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Аляксандрам ВЯРСОЦКІМ было даволі складана: яго рабочы графік распісаны літаральна па хвілінах. Зрэшты, гэта вытлумачальна: сёлета Гродзеншчына апынулася ў эпіцэнтры многіх маштабных падзей усебеларускага маштабу. Згадайма і заключныя мерапрыемствы IX Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, і форум "Музеі Беларусі - трэцяму тысячагоддзю", што стартуе ў кастрычніку, і, урэшце, Дзяржпраграму "Замкі Беларусі", абсалютная большасць самых складаных аб'ектаў якой сканцэнтравана менавіта ў дадзеным рэгіёне. Але ж пры гэтым наплыве падзей ніхто не адмяняў і звыклыя будні ўстаноў культуры. Іх мы таксама не абмінулі ўвагай у гутарцы.


- Фестываль нацыянальных культур, да фінальных акордаў якога засталіся ўжо лічаныя тыдні, арганічна спалучае сур'ёзны грамадскі пасыл і шырокую папулярнасць. Ці магчымы гэты сімбіёз і ў выпадку з музейным форумам - мерапрыемствам, здавалася б, "вузкапрофільным"?

- Чаму вузкапрофільным? Музеі існуюць, у першую чаргу, менавіта для наведвальнікаў. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка неаднаразова звяртаў увагу на тое, што ўстановы культуры павінны дбаць пра сваю запатрабаванасць сярод людзей. Таму прыярытэтная задача, якую мы ставім перад гэтым форумам, - папулярызацыя музейнай справы, прыцягненне да яе ўсебаковай увагі: грамадскасці, СМІ, мецэнатаў, турыстычных фірм і, урэшце, тых самых "шараговых наведвальнікаў". Сёння неабходна выпрацаваць падыходы, здатныя зрабіць беларускія музеі больш актуальнымі, каб потым паўсюдна рэалізаваць іх на практыцы. І таму ў музейнай сферы вельмі важны абмен досведам, у тым ліку і на міжнародным узроўні. Гродзенскі форум дасць такую магчымасць: свой удзел у ім ужо пацвердзілі прадстаўнікі Чэхіі, Германіі, Украіны, Расіі...

- Дзяржпраграма "Замкі Беларусі" фармальна ўступіла ў дзеянне. Ці "адчулі" ўжо гэта самі старыя муры?

- Яна ўступіла ў дзеянне не толькі фармальна: на Гродзеншчыне праектныя і рэстаўрацыйныя работы ўжо вядуцца амаль на ўсіх уключаных у гэтую праграму аб'ектах. Пра Навагрудскі замак вы, мабыць, ведаеце: кансервацыя яго руін распачалася і працягнецца сёлета. У Лідскім замку работы ідуць поўным ходам - у бягучым годзе на гэтыя мэты выдаткавана амаль 4 мільярды рублёў. Любчанскі замак адраджаецца сіламі энтузіястаў з аднайменнага фонду, але ж і мясцовыя ўлады не застаюцца ўбаку. Прыкладам, ёсць дамоўленасць з Навагрудскім райвыканкамам аб адсяленні тых сем'яў, якія жывуць у былым палацавым флігелі. Гэты крок дазволіць рухацца далей: шукаць інвестараў. Не выключана, што на тэрыторыі комплексу будуць спалучаны дзве формы ўласнасці: прыватная і дзяржаўная.

Акурат днямі наведаў Гальшанскі і Крэўскі замкі. Усе прынцыповыя рашэнні аб правядзенні кансервацыі іх руін ужо прыняты, і я не маю ніякага сумневу ў тым, што гэтыя работы распачнуцца ў тыя тэрміны, якія вызначаны Дзяржпраграмай. Што да аднаўлення Старога замка ў Гродне... Старт гэтага буйнога рэстаўрацыйнага праекта запланаваны на наступны год. Праведзена маштабная даследчыцкая работа, падрыхтавана праектная дакументацыя... Гэта той нябачны воку падмурак, без якога рэстаўрацыя немагчымая.

- І наша выданне, і калегі з іншых СМІ ўжо звярталі ўвагу на даволі праблемны стан устаноў культуры самога Гродна. Якія крокі робяцца па выпраўленні гэтай сітуацыі?

- Сёлета на рамонт і рэканструкцыю аб'ектаў культуры Гродна выдаткавана больш за 116 мільярдаў рублёў - сума, папраўдзе рэкордная! У Гродзенскім тэатры ляляк ідзе грунтоўная рэстаўрацыя, на якую ў бягучым годзе мае быць асвоена 20 мільярдаў рублёў. Амаль у паўтара раза больш сродкаў пойдзе сёлета на рамонт абласной філармоніі - гэтая канцэртная зала будзе адпавядаць найвышэйшым сучасным патрабаванням. У хуткім часе плануем распачаць работы і на яшчэ адной знакавай для горада пляцоўцы - былым Палацы тэкстыльшчыкаў. Неўзабаве з'явяцца і новыя ўстановы культуры, прызначаныя задаволіць запыты таго пакалення, якое асабліва патрабуе нашай увагі: два сучасныя і шматфункцыянальныя маладзёжныя цэнтры.

- Дзяржпраграма адраджэння і развіцця сяла ў свой час прадугледжвала маштабнае аднаўленне сельскіх устаноў культуры. Хочацца верыць, што запачаткаваная ёю ініцыятыва не спыніцца...

- Вы правільна сказалі: ініцыятыва! Ад каго яна павінна зыходзіць? Безумоўна - ад саміх работнікаў культуры з рэгіёнаў. Ім зусім не выпадае чакаць, што нехта прыйдзе і адрамантуе іх клуб. Ёсць галава, ёсць рукі, стварай будаўнічыя брыгады - і, калі ласка, асвойвай сродкі! Па ініцыятыве старшыні аблвыканкама Сямёна Шапіры, сёлета прынята рашэнне зарэзерваваць у абласным бюджэце 110 мільярдаў рублёў на рамонт аб'ектаў сацыяльнай сферы гаспадарчым спосабам. І яны дастануцца менавіта таму, хто праявіць ініцыятыву.

- І тут паўстае пытанне: ці павінен работнік культуры займацца будаўнічымі работамі? Усё ж ён - натура творчая, далікатная...

- А я і не кажу, што цымбаліст або скрыпач мусіць адкласці ўбок музычны інструмент ды ўзяцца за будаўнічыя прылады. Іншая справа - начальнік аддзела культуры. Хто, як не ён, павінен ініцыяваць ды каардынаваць рамонт давераных яму аб'ектаў? Схема тут вельмі простая. Набраць рабочых па дагаворах падраду, вызначыць ім аб'ёмы, кантраляваць працэс выканання... Натуральна, гэта атрымліваецца значна танней, чым у выпадку прыцягнення будаўнічых арганізацый. У некаторых раёнах ужо не адна ўстанова культуры была даведзена да ладу менавіта гаспадарчым спосабам. Але нехта ўсё яшчэ "ў задуменні"...

Некаторыя калегі кажуць: так, але ж адукацыя ў нас зусім не будаўнічая. У мяне - таксама! Атрымаўшы свой першы дыплом у БДПУ імя Максіма Танка (ужо значна пазней я скончыў і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь), праз нейкі час стаў дырэктарам школы ў Смаргоні. І з задавальненнем прыкладаў намаганні для яе рамонту. Як мне падаецца, можна толькі марыць пра тое, каб былі сродкі для "навядзення прыгажосці" ў сваім родным доме. Таму пытанне тут можна ставіць хіба такім чынам: хто, як не я?

- Пытанне ініцыятывы важнае і ў іншай галіне - пошуку пазабюджэтных сродкаў. Гродзеншчына - гэта рэгіён, дзе, безумоўна, ёсць свая спецыфіка...

- Спецыфіка ёсць у кожнага рэгіёна. У выпадку Гродзеншчыны адзін з такіх рэсурсаў - гэта магчымасць прыцягнення сродкаў па лініі транспамежнага супрацоўніцтва. Як вядома, наша вобласць трапляе адразу ў дзве праграмы Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства: "Латвія - Літва - Беларусь" і "Польшча - Беларусь - Украіна". Кожная прадугледжвае немалы аб'ём фінансавання. Але ж тут усё залежыць таксама ад ініцыятывы - у тым ліку і работнікаў культуры. Трэба знайсці партнёра сярод суседзяў, распрацаваць цікавую ідэю, абгрунтаваць яе актуальнасць...

Мы ставім перад сабой задачу, каб кожны раён Гродзеншчыны прыняў удзел у адной з гэтых праграм. На сёння гэта зроблена ўжо ў 13 раёнах, чатыры пакуль што знаходзяцца ў пошуку. На жаль, ёсць раёны, якія трэба "падштурхоўваць". Але існуюць і адваротныя - станоўчыя - прыклады. Намаганнямі аддзела культуры Смаргонскага раёна, па лініі праграмы транспамежнага супрацоўніцтва было прыцягнута 187 тысяч еўра на аднаўленне былой велічы сядзібы Агінскіх у Залессі. А вядомы Літаратурна-краязнаўчы музей у вёсцы Гудзевічы, што на Мастоўшчыне, атрымаў па той самай лініі ажно 212 тысяч еўра!

У цэлым, установы культуры Гродзеншчыны атрымалі летась каля 12 мільярдаў рублёў пазабюджэтных сродкаў. Мы ставім перад сабой задачу кожны год падымаць працэнт акупнасці. Леташні яе паказчык па вобласці я ахарактарызаваў бы як даволі сціплы: 8,8%. Сёлетні план - 10%. І так паступова будзем развівацца ў абраным напрамку.

- Але ўзнікае пытанне: ці заўсёды можна знайсці рэсурсы для гэтага росту?

- Той, хто хоча рабіць, шукае магчымасці, а той, хто не хоча - прычыны. Я перакананы ў тым, што нашы рэзервы пакуль не вычарпаны. Калі вы апошнім разам былі на канцэрце ў Доме культуры аграгарадка? Даўнавата? І гэта не дзіва, бо зазвычай такія імпрэзы ладзяцца вельмі рэдка. Іншы шлях - рацыянальнае выкарыстанне тых сродкаў, якія выдаткоўвае на падтрымку культуры дзяржава. Возьмем хаця б тую ж праграму энергазберажэння...

- Аднак парадокс у тым, што перад тым, як эканоміць, трэба добра патраціць: на тыя ж шклопакеты альбо сучаснае асвятленне. Не кожная сельская ўстанова можа вырашыць такую праблему самастойна...

- Установы культуры Гродзеншчыны сёлета атрымаюць больш за 1 мільярд рублёў з абласнога бюджэту, каб ліквідаваць усе "вузкія месцы", датычныя эканоміі: замяніць вокны, дах, асвятляльныя прылады... Перакананы ў тым, што гэтыя сродкі стануць менавіта інвестыцыямі: у далейшым яны прынясуць шматкроць большы эканамічны эфект.

- Калі казаць пра рэзервы для росту, то на Гродзеншчыне ніяк не абмінуць увагай турызм. Адсюль і патрэба ў выпрацоўцы новых фарматаў супрацоўніцтва паміж прадстаўнікамі туріндустрыі і ўстановамі культуры, асабліва рэгіянальнымі...

- Перад кожным райаддзелам культуры Гродзеншчыны пастаўлена задача распрацаваць свой "фірмовы" турпрадукт, які можна прапанаваць турфірмам і які здатны рэальна працаваць. Прыкладам - адметны народны абрад альбо анімацыйную праграму. Перакананы, у такім накірунку сёння павінен рухацца кожны музей, кожная ўстанова культуры.

Пакуль што надта хваліцца тут нам, мусіць, не выпадае, але... Праца пачалася, і ўжо з'явіліся першыя вынікі. Яшчэ зусім нядаўна турысту было складана нават проста дабрацца да руін замка ў Геранёнах (які, дарэчы, уключаны ў Дзяржпраграму). Сёння гэты помнік спадчыны закансерваваны, шлях да яго расчышчаны ад зарасцяў, а турысты могуць разлічваць на цікавую тэатралізаваную праграму. І ўсё гэта - выключна намаганнямі аддзела культуры Іўеўскага райвыканкама.

- У стратэгіі развіцця галіны вы робіце асаблівы акцэнт менавіта на эканамічным складніку. Але ці не перашкодзіць ён творчасці, на якой і грунтуецца культура?

- Адно другому зусім не перашкаджае - хутчэй, наадварот! Менавіта паспяховая эканамічная дзейнасць дазваляе творцам рэалізаваць свае праекты. Я сцвярджаю гэта з такой упэўненасцю хаця б таму, што бачыў вочы супрацоўнікаў таго ж музея ў Гудзевічах, калі перад імі адкрыліся новыя перспектывы развіцця. Гэта вочы людзей, які атрымалі магчымасць урэчаісніць свае мары...

Фота Юрыя ІВАНОВА