Праекты скульптара: 20х30

№ 19 (1042) 12.05.2012 - 19.05.2012 г

Няспраўджаныя мроі, якія могуць быць рэалізаваны…

/i/content/pi/cult/377/7381/2-2.jpegУ Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі працуе не зусім звычайная выстаўка пад назвай "Няспраўджаныя мроі ў творчасці маёй". Яе зладзіў Ганаровы грамадзянін Смаргоні, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Уладзімір Церабун. Экспазіцыя прысвечана 40-годдзю творчай дзейнасці скульптара - станкавіста і манументаліста.

Летась Уладзімір Васільевіч праехаў усю Гродзенскую вобласць і частку Мінскай, зрабіўшы фотахроніку сваіх твораў манументальнага мастацтва: мемарыяльныя комплексы, дэкаратыўна-паркавая скульптура, аздабленне інтэр'ераў у грамадскіх будынках, кампазіцыі са шкла, мазаікі ды металу і г. д. Усяго - каля 20 аб'ектаў. Экспануецца даробак творцы на метровых здымках. А побач - 30 праектаў, якія яшчэ не здзейснены. Гэта ілюстратыўны матэрыял ды эскізы ў пластыцы: /i/content/pi/cult/377/7381/2-1.jpgдобраўпарадкаванне санаторыя "Свіцязь", што на Навагрудчыне, прысвячэнне Адаму Міцкевічу, кампазіцыя "Трубяць трубы гарадзенскія", фантан "На Купалле" для горада над Нёманам, кампазіцыя "Мядзведжая акадэмія" для Смаргоні, скульптура "Бег" для будучага сталічнага раёна "Мінск-сіці", памятны знак у гонар воінаў-інтэрнацыяналістаў для Слоніма ды шмат іншых праектаў.

Цікава і тое, што Церабун распрацаваў дызайнерскі накірунак выстаўкі і ўвёў колер у падстаўкі: чырвоны, бардовы, зялёны - гэта надало экспазіцыі дадатковы эфект. Для яе быў падрыхтаваны і каталог твораў мастака.

Арганізатары выстаўкі - упраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама і аддзел культуры Смаргонскага райвыканкама.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"