Гэта час выстройвае іх побач…

№ 18 (1041) 05.05.2012 - 12.05.2012 г

Каб не пагасла полымя Вечнага агню…

 

/i/content/pi/cult/376/7357/1-4.jpegУ 67-ы год Вялікай Перамогі ўсе мы, як заўсёды ў гэты вясновы час, асабліва адчуваем паняцце Радзімы. З гонарам і сумам азіраемся на тыя дзесяцігоддзі, што аддзяляюць нас ад пераможных дзён мая 1945-га.

Што б мы ні рабілі і аб чым ні думалі, у якія складаныя /i/content/pi/cult/376/7357/1-6.jpegперыпетыі жыцця ні траплялі б - яна жыве ў кожным з нас, Перамога, - як б'ецца полымя Вечнага агню на адной з плошчаў беларускай сталіцы.

Гады ідуць, і гады выстройваюць побач салдат Вялікай Айчыннай, партызанаў, падпольшчыкаў і тых хлопцаў, што яшчэ не паспелі атрымаць атэстат сталасці, ды - ірваліся на фронт... Асабліва пранізліва ўзіраемся мы ў творы тых мастакоў, якіх ужо няма з намі. Чым менш іх застаецца на зямлі, тым больш трапяткая памяць пра іх. Пра іх усіх: і тых, хто не дажыў да першага дня Перамогі, і тых, хто вярнуўся дамоў і знайшоў свой апошні прытулак на мірных могілках, да канца выканаўшы свой воінскі і мастакоўскі абавязак...

/i/content/pi/cult/376/7357/1-5.jpegСёння хачу перш за ўсё ўспомніць пра тых, хто загінуў у баях за Радзіму, хто сустрэў свае апошнія гадзіны жыцця ў фашысцкіх канцлагерах: А.Астаповіч, А.Жораў, М.Малевіч, А.Пашута, І.Фянюк, Ш.Пікус, А.Арлоў, А.Бразер, І.Мільчын, З.Мірынгоф... Немагчыма пералічыць усіх тых франтавікоў і партызанаў, хто ўнёс свой пасільны ўклад у скарбніцу выяўленчага мастацтва Беларусі: іх было больш за 120 творцаў, сярод якіх - адзін Герой Савецкага Саюза Міхаіл Зялёнкін, шэсць кавалераў ордэнаў Славы і баявога Чырвонага Сцяга, а тры чвэрці будучых членаў Саюза мастакоў былі ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны, баявымі медалямі "За адвагу", "За баявыя заслугі". Некалькі чалавек ўганараваны баявымі ордэнамі іншых краін./i/content/pi/cult/376/7357/1-3.jpeg

Сёння мастакоў - удзельнікаў і ветэранаў Вялікай Айчыннай засталося зусім мала: усяго чатырнаццаць чалавек, з іх дзесяць - з Мінска, чатыры - з Віцебска і Брэста. Дык вось, 3 мая восем з іх - мінчан - у гонар Дня Перамогі падарылі нам, гледачам, у Палацы мастацтва цудоўную выстаўку пад назвай "Фарбы пераможнай вясны". Вось іхнія імёны: народныя мастакі Леанід Шчамялёў і Віктар Грамыка, заслужаныя дзеячы мастацтваў Барыс Аракчэеў, Тарас Паражняк, Мікалай Назарэнка, Андрэй Заспіцкі, а таксама Мікалай Назарчук і Аляксей Зінчук. У экспазіцыі - жывапіс, скульптура, кераміка. Адметна, што большасць работ створана ў апошнія гады, таму глядач іх і не бачыў. Мастакі-ветэраны ў творчым сэнсе на пенсію не сыходзяць і працуюць у сваіх майстэрнях, як і ў маладосці, амаль штодзённа. Усе прадстаўленыя работы - гэта своеасаблівыя аўтапартрэты мастакоў, створаныя сэрцам і душой тых, хто ў "сороковые-роковые", "свинцовые, пороховые" абараняў нашу зямлю са зброяй у руках. А потым гэтыя ж рукі ўзялі пэндзлі, фарбы, разцы, /i/content/pi/cult/376/7357/1-1.jpgштыхелі, алоўкі...

Я глядзеў на творы ўдзельнікаў гэтай невялічкай выстаўкі, пра якіх у розныя часы мне так ці інакш даводзілася пісаць артыкулы ды нарысы, і думаў: так, усе яны ў сваім мастацтве імкнуліся казаць праўду і толькі праўду, якую ведалі, якую перажылі, здабылі многімі гадамі роздумаў і душэўных пошукаў. У іх творах - праўда. Іхняя праўда.

І ўсё ж, і ўсё ж... Выходзіў пасля выстаўкі трошкі з сумам. Так ужо, напэўна, павялося ў чалавечым родзе, што чым большая агрэсіўная бездухоўнасць у грамадстве, тым усё большае бяспамяцтва і нейкая ржа раз'ядае душы - ні спачування, ні ўдзелу, ні добрага руху сэрца... Неяк усё нема, адзінока ў мікрасвеце мастакоў-ветэранаў, якіх мы шчыра ўзгадваем толькі ў дні святаў. Ці адолеем бяду, ці не абрасцём мохам, ці не страцім наша чалавечае, нацыянальнае, так ярасна і беражліва пранесенае дзядамі і бацькамі праз нялёгкія гады маладосці і сталасці?/i/content/pi/cult/376/7357/1-2.jpg

А яшчэ я хачу павіншаваць, акрамя сённяшніх удзельнікаў экспазіцыі, і іншых мастакоў-ветэранаў з Брэста і Віцебска: заслужаных дзеячаў мастацтваў Пятра Аляксеевіча Данелію і Аляксандра Аляксандравіча Салаўёва, а таксама Рыгора Піліпавіча Клікушына і Анатоля Фёдаравіча Кавалёва. І - мінчан Мікалая Ігнатавіча Крукоўскага і Алега Вікенцьевіча Луцэвіча!

Жывіце доўга, дарагія сябры!

Са святам!

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"