У Гальшанскім замку пакуль без змен?, або Самы просты метад захавання помніка — узяць ды скасіць тую крапіву

№ 12 (1035) 24.03.2012 - 31.03.2012 г

Як “удыхнуць” у “руіны трывалыя” душу і навошта ў дэкоры аб'екта спадчыны клеткі для трусянят?

/i/content/pi/cult/370/7170/1-1.jpeg

У Гальшанскім замку пакуль без змен: старая цэгла пакрысе ператвараецца ў друз, падпарадкоўваючыся няўмольнаму закону энтрапіі. Але "зваротны адлік" ужо пачаўся. Добра "раскручаны" нашым класікам Уладзімірам Караткевічам помнік спадчыны фігуруе адразу ў дзвюх дзяржаўных праграмах: "Культура Беларусі" і "Замкі Беларусі". І гэта - не фармальны факт у гісторыі Гальшанскага замка, але акурат тое звяно, якое забяспечыць яе працяг.

Праграмы пачалі дзейнічаць. На захаванне замка ўжо выдаткавана паўмільярда рублёў з бюджэту Гродзенскай вобласці, а да канца года гэтая сума мае павялічыцца, прынамсі, удвая за кошт бюджэту рэспубліканскага.

- Наша першачарговая задача - правядзенне супрацьаварыйных работ, - распавёў начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Чарняўскі. - Пачаць плануецца з той кутняй вежы замка, якая захавалася лепш за іншыя яго часткі. Тым больш, ёсць навуковыя падставы для правядзення яе паўнавартаснай рэстаўрацыі.

- Кутняя вежа знаходзіцца ў структуры руініраванага корпуса, - дадае навуковы кіраўнік аб'екта Нэлі Дарашкевіч. - Адпаведна, як толькі мы закранём яе кансервацыйнымі ці рэстаўрацыйнымі мерапрыемствамі, непазбежна давядзецца распачаць работы і на прылеглай частцы замка. Акрамя таго, мы не павінны забывацца і на экспазіцыйныя вартасці аб'екта, каб не пагоршыць звыклы вобраз помніка.

Руіны вялікай залы маюць быць закансерваваны і стаць "руінамі трывалымі". На гэтым першы этап адраджэння Гальшанскага замка, які і прадугледжваюць згаданыя дзяржпраграмы ды закладзены ў іх аб'ём фінансавання, павінен паспяхова завяршыцца - як мяркуецца, для гэтага спатрэбіцца ўсяго некалькі гадоў. Хочацца верыць, што ў такім жа самым тэмпе працягнецца і кансервацыя астатняй часткі замка. А ў адрэстаўраванай вежы з'явіцца невялічкая музейнай экспазіцыя.

Але ж многія пытанні, датычныя функцыянавання руін як паспяховага тураб'екта, усё ж застануцца нават і пасля гэтага. Іх паэтапнае вырашэнне запатрабуе не адзін год. Дый, мабыць, не адна дзіда будзе зламана ў вострых дыскусіях на тэму, як можа і павінен выглядаць замак у ХХІ стагоддзі. Няцяжка прадбачыць і тое, што ў іх эпіцэнтры апынуцца папраўдзе смелыя ды неардынарныя ідэі, якія прапануюць старшыня архітэктурнага бюро Беларускага камітэта ICOMOS Ігар Раханскі ды яго паплечнікі. Ужо чатыры гады яны на грамадскіх пачатках распрацоўваюць імаверныя варыянты будучыні пашчэрбленых руін.

Зрэшты, тую будучыню ім трэба яшчэ забяспечыць... Як адзначыў Ігар Чарняўскі, менавіта гэта сёння з'яўляецца прыярытэтнай задачай.

На пачатку -

лініі электраперадач

Ашмянскі раён распачаў падрыхтоўку да кансервацыі замка задоўга да зацвярджэння згаданых дзяржаўных праграм. Для мясцовых улад гэтая ініцыятыва даўно стала "праграмнай". Колькі гадоў таму мы абмяркоўвалі яе з тагачасным намеснікам старшыні райвыканкама Валянцінай Лузінай (цяпер - дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу краіны). Ейны наступнік на гэтай пасадзе Аляксандр Саванец ледзь не слова ў слова паўтарыў пазіцыю сваёй папярэдніцы: захаваць замак - наш першачарговы маральны абавязак. Адпаведна, да кардынальных зрухаў у гэтай справе на Ашмяншчыне рыхтаваліся паслядоўна і... не толькі маральна.

- Яшчэ некалькі гадоў таму з тэрыторыі гэтай культурнай каштоўнасці былі вынесены лініі электраперадач, - распавядае метадыст аддзела культуры райвыканкама Сяргей Жылік. - Гэта абышлося райбюджэту ў немалую суму: 110 мільёнаў рублёў. А літаральна напрыканцы мінулага года быў зацверджаны і праект ахоўных зон...

Сродкі на правядзенне рэстаўрацыі і кансервацыі выдаткоўваюцца з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў, а вось выконвацца работы будуць "сваімі сіламі". Заказчыкам выступіць раённае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва, а генпадрадчыкам - мясцовая будаўнічая арганізацыя. Кіраўніцтва Ашмяншчыны мяркуе, што "тутэйшыя" будаўнікі справяцца з гэтымі спецыфічнымі задачамі. Але - пры адной умове: належнай дапамозе прафесіяналаў у справе рэстаўрацыі. Няма сумневу ў тым, што ў дадзеным выпадку яна неабходная.

- У свеце існуе шэраг тэхналогій кансервацыі падобных помнікаў спадчыны, нашым спецыялістам яны таксама знаёмы, - распавядае Ігар Чарняўскі. - Возьмем, да прыкладу, замак у Каўнасе: у яго кансервацыі мы не ўбачым ніякіх "хітрамудрых" прыёмаў. Метал з палімерным пакрыццём, каронкі на сценах, часам кансервацыйную функцыю выконваюць новыя фрагменты муроўкі, адбудаваныя спецыяльна для таго, каб "прыкрыць" аўтэнтычную.... Таму застаецца толькі выбраць тыя тэхналогіі, якія найбольш пасуюць канкрэтнаму аб'екту, яго цяперашняму стану. І гэта справа не толькі архітэктараў, але і хімікаў, тэхнолагаў...

Комплексныя даследаванні Гальшанскага замка праводзіліся на пачатку 1980-х гадоў. Ігар Чарняўскі прымаў у іх удзел у якасці археолага ў складзе архітэктурна-археалагічнай экспедыцыі колішніх Спецыяльных навукова-рэстаўрацыйных вытворчых майстэрняў Міністэрства культуры БССР.

 - Плён гэтай працы быў багаты, але, зразумела, зусім не вычарпальны, - распавядае ён. - Нам удалося высветліць этапы будаўніцтва замка, "адшукаць" у яго абліччы тыповыя рэнесансавыя прыёмы... Сярод знаходак была і кафля з гербам Сапегаў. Але археалагічныя шурфы тады ставілі сабе за мэту менавіта падмацаваць архітэктурныя даследаванні. Адпаведна, капаць у замку яшчэ ёсць дзе. Праўда, вельмі сумняваюся, што на яго тэрыторыі поўнасцю захаваўся культурны слой: як вядома, там знаходзіўся кароўнік, і ўсё карыснае магло быць вывезена разам з гноем...

Тым не менш, даследаванні замка павінны прадоўжыцца адначасова з яго кансервацыяй. Амаль уся тэрыторыя пакрыта цяпер бітай цэглай, перамяшанай з зямлёю. Нэлі Дарашкевіч спадзяецца, што расчыстка гэтых завалаў можа не толькі паспрыяць далейшаму вывучэнню помніка, але і значна "пашырыць" яго плошчу ды павялічыць інтарэс турыстаў. Пагатоў, чуткі пра сутарэнні ды лёхі з'явіліся тут ці не ўпершыню на Беларусі.

Што ж да бітай цэглы... Раней яе проста вывозілі на сметнік. Але Ігар Раханскі перакананы ў тым, што нават друз можа зноў пайсці ў справу. Сплеценыя з лазы кошыкі-габіёны ў пачатку XVII стагоддзя выкарыстоўвалі як сродак палявой фартыфікацыі, а сёння яны набылі "другое дыханне": зробленыя з жалеза
клеткі-габіёны, напоўненыя каменнем, выкарыстоўваюцца ў архітэктуры і ландшафтным дызайне.

- Прасцей кажучы, гэта штучныя мадэлі, сплеценыя з простай сеткі-рабіцы (вельмі падобныя знешне на клеткі для трусянят), якія напаўняюцца кавалкамі цэглы з разборкі завалаў у руінах і могуць служыць своеасаблівымі элементамі дэкору неэстэтычных кансервацыйных канструкцый, - распавядае праекціроўшчык. - І руіны ад друзу расчысцім, і аўтэнтычны матэрыял для нашчадкаў захаваем, і на ўтылізацыі смецця сэканомім. Выдаткі ж - мізэрныя. Рэстаўратары з Італіі тут, як вы самі разумееце, не спатрэбяцца, затое з'явіцца праца для мясцовых жыхароў. Дарэчы, непасрэдна далучыць іх да адраджэння замка - гэта найлепшая прафілактыка вандалізму. Чалавек псіхалагічна не здатны нішчыць тое, што ён зрабіў сваімі рукамі...

Супрацьвандальны

антымост

Добра памятаю той час, калі да замка трэба было ісці па гразі, ды і "водар" там быў характэрны. Натуральна, тыя праблемы даўно вырашаны "мясцовымі сіламі", і просценькія дарожкі са жвіру выглядаюць тут нават лепш, чым маглі б выглядаць "праменады", выкладзеныя сучаснай пліткай.

Па словах начальніка аддзела культуры Ашмянскага райвыканкама Галіны Балінскай, суботнікі ў Гальшанскім замку ладзяцца рэгулярна: толькі работнікі культуры раёна выпраўляюцца туды з гэтай мэтай, прынамсі, двойчы на год. Але... "Для поўнага шчасця" гэтых захадаў, відавочна, недастаткова. Дый магчымасці Гальшанскага сельсавета, на чыім балансе знаходзіцца замак,  - зусім мізэрныя. А вось асобнай стаўкі для чалавека, які падтрымліваў бы гэтае месца ў парадку  - хаця б на пасадзе вартаўніка або дворніка,  - на жаль, пакуль што не прадугледжана.

Параўноўваць Гальшанскі замак са сметнікам сёння зусім некарэктна, але... бітыя пляшкі пасярод муроў часам усё ж сустракаюцца. Чым можа скончыцца такая "рамантычная вячэра", не трэба нават і тлумачыць, бо перасоўвацца па гальшанскіх руінах без рызыкі для здароўя здатныя хібы толькі прывіды.

- Добраўпарадкаванне - адзін з найважнейшых элементаў нашай працы, - запэўніў Аляксандр Саванец. - Той стан, у якім тэрыторыя замка знаходзіцца цяпер, абсалютна недапушчальны!..

Варта спадзявацца, што частковая музеефікацыя замка сама сабой паспрыяе падтрыманню парадка. Але пытанне абмежавання доступу на даволі вялікую тэрыторыю помніка спадчыны ўсё адно застанецца адкрытым. І яно актуальнае не толькі з меркантыльных прычын - "бясплатных" замкаў у Еўропе небагата. Важны і іншы аспект: перафразуючы прымаўку, у сям'і не без... вандала.

Менавіта дадзеная акалічнасць, актуальная не толькі для нашай краіны, і абумовіла з'яўленне ці не самай спрэчнай дэталі ў атачэнні Мірскага замка - жалезнай агароджы. Напэўна, аўтары гэтай задумы цалкам прадбачылі той шквал крытыкі, які на іх меў абрынуцца - і абрынуўся! Але ўсё ж такі скарысталіся "тэорыяй меншага зла".

 Тым не менш, чалавечая думка не стаіць на месцы. Ігар Раханскі прапанаваў свой варыянт супрацьвандальных захадаў, які не глядзіцца бяльмом на фоне старых муроў. Чаму б не абкружыць руіны запоўненым вадой ровам? Ці, дакладней, яго "муляжом", бо рэканструяваць сапраўдны сёння немагчыма з-за поўнай адсутнасці звестак пра яго. Архітэктар прадумаў і арыгінальны спосаб легальнага пераадолення гэтай воднай перашкоды. Нечым ён нагадвае вядомы эпізод з Бібліі пра фарсіраванне Чырвонага мора пасуху.

- Я назваў гэтую канструкцыю антымостам, - дадаў Ігар Раханскі.

На рэндэрах яна выглядае эфектнай, але даволі простай: дзве сцяны ўтвараюць паміж сабой вузкі "сухі" тунэль, што перасякае тоўшчу вады (а не навісае над яе паверхняй), які ўдзень будзе перакрываць білецёр, а ўночы - жалезныя краты. На агульную панараму замка ўсе гэтыя дэталі, як падаецца, амаль не паўплываюць. І ўжо хаця б таму такі варыянт варты ўвагі.

Літаральна за якую сотню метраў ад старых муроў - пабудовы зернесушыльнага комплексу. Як распавёў Аляксандр Саванец, іх вынас пакуль падаецца даволі праблематычным. Адпаведна, застаецца хіба што неяк іх "закамуфляваць". Адсюль - і новая задача для дызайнераў.

- Закрыўшы гэтыя пабудовы, скажам, нейкімі банерамі, мы здолеем нават пашырыць "сферу прысутнасці" замка, - лічыць намеснік старшыні райвыканкама.

Такім чынам, без крэатыву тут у любым выпадку не абысціся.

Інвестыцыйны бум

Па колькасці і значнасці гісторыка-культурных адметнасцей цяперашняя вёска Гальшаны - адзін з лідараў у сваёй "вагавой катэгорыі", разам са Смальянамі, што на Аршаншчыне. Турыстызацыя вотчыны Сангушкаў, лічы, яшчэ і не пачыналася, а вось у Гальшанах гэты рух ідзе поўным ходам. Ці шмат у нас вёсак, дзе на галоўнай плошчы размешчаны ажно тры кавярні і два гатэльчыкі? Прычым, як сведчаць мясцовыя жыхары, яны не пустуюць. Таму неўзабаве з'явіцца і яшчэ колькі аб'ектаў інфраструктуры: прыватнікі выкупілі каларытны будынак колішняй гміны і дысанансны кінатэатр савецкага часу. Толькі вось старэнькі млын пакуль гібее па-ранейшаму, хаця і ён ужо - прыватная ўласнасць! Па нашых мерках, дык сапраўдны інвестыцыйны бум!

- Мы перакананы ў тым, што замак трэба ўспрымаць як адзін з элементаў культурнага ландшафту Гальшанаў, які ўяўляе з сябе цэлую сукупнасць антрапагенных і прыродных складнікаў, - кажа Ігар Раханскі. /i/content/pi/cult/370/7170/1-2.jpeg

На маніторы яго камп'ютара з'яўляецца спадарожнікавая карта. З яе дапамогай архітэктар папулярна тлумачыць сутнасць паняцця "культурны ландшафт". У выніку атрымліваецца ладная экскурсійная праграма, няхай сабе і ў віртуальным фармаце:

- Непадалёк ад мястэчка - гарадзішча першага замка, пабудаванага яшчэ князем Гольшам. Ідзём далей - бачым старыя яўрэйскія могілкі: пліты з надпісамі на незразумелай мове, гэты сімвал прамінулай ужо эпохі жыцця Гальшанаў, нешта загадкавае для нас і кранальнае... Далей - прыроднае ўтварэнне, кар'еры з сажалкай. Адпаведна, у перспектыве маем добрую рэкрэацыйную зону. Далей рушым у самі Гальшаны, аглядаем касцёл з кляштарам, па вузкай вулачцы паўз старыя дамкі шыбуем да царквы, потым бачым прыдарожную капліцу... І толькі тады падыходзім да замка. Але ж не забудзьцеся яшчэ і пра адзін з пунктаў Дугі Струвэ, які размешчаны непадалёк ад мястэчка...

Добрая палова згаданых вышэй адметнасцей на сёння не з'яўляецца аб'ектамі паказу. Бо каб зацікавіць імі турыста, іх трэба належным чынам "падаць". Тая самая Дуга Струвэ са спісу Сусветнай спадчыны UNESCO трывала займае першае месца ў рэйтынгу славутасцей, пра якія ўсе чулі, але ніхто не ведае, што гэта такое.

На Ашмяншчыне спадзяюцца вырашыць гэтую праблему. Віртуальны музей, які неўзабаве з'явіцца ў Гальшанскай бібліятэцы дзякуючы выйгранаму аддзелам культуры гранту, прызначаны забяспечыць турыста належным аб'ёмам інфармацыі ў зручнай ды папулярнай форме. Адпаведна, і пункт Дугі Струвэ пасля гэтага павінен "запрацаваць".

Эфект ажыўлення,

або "З турыстамі мы

неяк размінаемся..."

Руіны Гальшанскага замка ўжо сёння "пераконваюць" тысячы турыстаў, але цяжка спрачацца з тым, што іх сапраўдны патэнцыял пакуль схаваны пад згаданым ужо друзам. Аляксандр Саванец звярнуў асаблівую ўвагу на "падачу" гэтага своеасаблівага аб'екта, які, безумоўна, належыць не толькі да матэрыяльнай спадчыны.

- Дагэтуль мы, па сутнасці, проста канстатавалі перад турыстамі факт наяўнасці гэтых руін, - кажа намеснік старшыні райвыканкама. - Сёння перад намі стаіць задача, куды больш складаная: трэба іх належным чынам паказаць, праэкспанаваць. Таму кансервацыі павінны наступстваваць менавіта гэтыя захады...

Рэвіталізацыю помніка спадчыны сёння многія разумеюць літаральным чынам: як яго "ажыўленне". Менавіта такое значэнне мае моднае слова "анімацыя". І сапраўды, "ажылы вобраз" у латах або доўгай сукенцы цудоўна стварае адпаведны антураж для турыстаў.Пад час кожнага з фестываляў "Гальшанскі замак", якія сталі ўжо традыцыйнымі, іх збіраецца па некалькі тысяч. У размаітай палітры айчынных "рыцарскіх" імпрэз гэтая вылучаецца перадусім той акалічнасцю, што яна арганізоўваецца без прыцягнення бюджэтных сродкаў. Партнёрства, наладжанае паміж аддзелам культуры і турфірмай з Мінска, не прынесла вялікіх грашовых дывідэндаў ніводнаму з бакоў. Затое эфект ажыўлення - навідавоку.

Сёлета фэст мяркуецца зрабіць дабрачынным - на карысць адраджэння замка. А налета ён мае набыць новыя маштабы. Аддзел культуры выйграў яшчэ адзін грант па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва. Ён дазволіць вельмі сур'ёзныя выдаткі і на добрыя гістарычныя касцюмы, і на печ для абпалу керамікі разам з ганчарным кругам, і нават на абсталяванне для ўласнага цэнтра турыстычнай інфармацыі... Адпаведна, праектная дзейнасць прыносіць свой плён. Калі ёю займацца.

Фэст, як вядома, хутка прамінае. А вазіць аніматараў-"варагаў" у Гальшаны было б нерэнтабельна. Адзіная "панацэя" тут - абыходзіцца ўласнымі сіламі. І ў сценах Гальшанскага СДК ужо падрыхтавана адмысловая праграма "з прывідамі". Праўда, турыстам яе пакуль не паказваюць, і зусім не з прывідных прычын.

- На жаль, з турыстамі мы неяк размінаемся, - уздыхае Галіна Балінская. - Іх прыезд сюды адбываецца незалежна ад нас. Раней, калі ў кляштары месціўся філіял Нацынальнага мастацкага музея, быў хаця б нейкі "цэнтр прыцягнення", а цяпер...

Кляштар пару гадоў таму заканамерна адышоў ва ўласнасць каталіцкай парафіі. Рэстаўрацыя напаўаварыйнага будынка пакуль не пачыналася, але затое на ім з'явіліся новыя вадасцёкі, а вокны пазабіваны свежымі шчытамі. Гэта толькі пацвярджае агульнавядомую аксіёму: калі ў помніка спадчыны ёсць сапраўдны ўласнік, ён знойдзе магчымасці, каб парупіцца пра захаванне маёмасці.

У тым, што музей у Гальшанах патрэбны бы паветра, сумнявацца не выпадае. На жаль, з часоў мінулай нашай публікацыі на дадзены конт (гл. "К" №№ 44 - 45 за 2008 г.) сітуацыя не змянілася. Але работы на Гальшанскім замку маюць вырашыць праблему. Менавіта для гэтага кутняя вежа будзе цалкам адрэстаўравана. Вядома, вялікую экспазіцыю там не змесціш, але нейкі цэнтр усё ж з'явіцца.

- Задумак багата, - распавядае Галіна Балінская. - Хочацца прадставіць дынастыю Ягелонаў: яе прамаці Софія Гальшанская - гэта наш своеасаблівы "брэнд", які нам трэба піярыць як толькі магчыма.

Падыход

у "родных пенатах"

Ёсць, зрэшты, і прынцыпова іншы погляд на гэтую праблему. Канцэпцыя экспанавання Гальшанскага замка была распрацавана яшчэ чатыры гады таму па замове Ашмянскага райвыканкама. Аўтарскі калектыў пад кіраўніцтвам Ігара Раханскага прапанаваў ператварыць руіны ў своеасаблівую гіперінсталяцыю, якая адсылала б гледача да "вечных тэм" ды натхняла на філасофскія роздумы. "Музей у "адноўленым замку"? Не, музей "з руін замка" - так фармулюецца "соль" гэтай ідэі. "Сцэнарый экспанавання руін задуманы як уяўны рытуал "пасвячэння ў спадкаемцы", - тлумачаць аўтары, вызначаючы тры фазы гэтага працэсу: азнаямленне, ацэньванне, асваенне.

Паводле іх задумы, комплекс павінен быць падзелены на тры зоны: "Паветраны замак", "Паралельны свет", "Жыццё пасля смерці". Усе яны знітоўваюцца ў лагічны сцэнарый з запланаваным катарсічным эфектам. Але варта адразу адзначыць, што згаданы тэматычны падзел бадай не аб'ектываваны самой семантыкай прасторы: у руінах тыя дэмаркацыйныя лініі амаль не прасочваюцца - іх "дамалёўвае" аўтарская фантазія. Адпаведна, адзіны "артэфакт" гэтага музея - рэшткі муроў - напаўняецца сучаснай арыгінальнай "начынкай", пра якую Сапегі нават думаць не думалі. "Асяроддзе фарміруецца сродкамі розных тэхналогій выяўленчага мастацтва (а не толькі архітэктуры), уключна са стварэннем своеасаблівых пластычных мадэлей рэальных прадметаў у якасці дэкаратыўна аздобленага музейнага абсталявання", - загадкава дэталізуюць свае задумы аўтары канцэпцыі.

Варта адзначыць, што такі падыход, звыклы для замежжа, у родных пенатах падаецца, бадай, рэвалюцыйным: гэта даволі рашучае адмаўленне ад прынцыпаў узнаўлення муляжоў помнікаў на падставе навуковай рэканструкцыі, якіх у нас - у той ці іншай ступені ды з пераменным поспехам - зазвычай прытрымліваюцца ў падобных выпадках. Канкрэтны помнік спадчыны, па сутнасці, прапануецца зрабіць нагодай і пляцоўкай для выяўлення аўтарскіх ідэй прадстаўнікоў розных творчых галін.

 Ці прымяняльны такі падыход да помнікаў спадчыны ў прынцыпе? Ці дапушчальны такі "гібрыд" замка і - па сутнасці - твора сучаснага мастацтва?

- Чаму ж не? - адказаў на маё пытанне Ігар Чарняўскі. - Калі мысліць катэгорыяй "у прынцыпе", гэта ўсё дапушчальна, але... Мы павінны быць рэалістамі і дакладна вызначаць надзённыя прыярытэты. Бо інакш прымяняць тыя "ноу-хау" папросту не будзе дзе. Так, іх можна і трэба выкрышталізоўваць, іх варта абмяркоўваць пад час дыскусій ды семінараў, каб ужо загадзя падрыхтавацца да наступных этапаў рэвіталізацыі помніка. Аднак паўтаруся: на сёння Гальшанскі замак патрабуе перадусім элементарных мер па захаванні. І гэта датычыцца, дарэчы, зусім не толькі яго, але і многіх іншых нашых гістарычных набыткаў, якія патрабуюць менавіта самых простых і танных захадаў па іх уратаванні. Калі мы не зоймемся гэтым зараз, дык і дыскутаваць неўзабаве ўжо не будзе пра што. Таму сёння трэба зрабіць абсалютна канкрэтныя, практычныя захады па ўратаванні помніка, разлічваючы на тыя сродкі, якія ёсць у наяўнасці. А потым, калі наступны этап наспее сам сабою, можна будзе спакойна абмеркаваць усе смелыя ідэі...

Па вялікім рахунку, з такой стратэгіяй паэтапных (і пасільных) дзеянняў згодны і Ігар Раханскі. Тым больш, ён гатовы падзяліцца ўласным досведам яе ўвасаблення ў жыццё:

- Гэтым летам мы вырашылі даследаваць руіны замкавай капліцы, але... Тое месца спрэс зарасло крапівой, і рэшткі муроўкі цалкам у ёй патаналі, нават дабрацца да іх не было як. Нам закарцела нешта зрабіць для замка ўласнымі рукамі. Паставілі задачу - і кожны чацвер ездзілі ў Гальшаны. Выкасілі крапіву, абмерылі руіны, удакладнілі абрысы, разам з мясцовымі жыхарамі мы зрабілі крыж, каб пазначыць гэтае месца... І адразу туды пайшлі турысты. Самы просты метад экспанавання - узяць ды скасіць тую крапіву...

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск - Гальшаны - МІнск