Каму — Эльдарада, каму — поўны штыль

№ 11 (1034) 17.03.2012 - 24.03.2012 г

“Маладзёжная-2012”: с’est la vie…

/i/content/pi/cult/369/7135/2-1.jpg

Мінуў год з часу, калі адбылася выстаўка "Маладзёжная-2011". Тады яна мне падалася даволі трывіяльнай, з адсутнасцю "энергетычнага фарміравання экспазіцыі". А што ж цяпер, калі ў тым жа Палацы мастацтва і ў тых жа залах працуе чарговая "Маладзёжная"? Адразу адкажу: па канцэптуальным бачанні свету, па свежых пошуках вобразна-выяўленчых сродкаў яна, на жаль, мала чым адрозніваецца ад мінулагодняй.


Хіба толькі тым, што сёння большасць аўтараў - дзяўчаты, сярод якіх сустракаюцца вельмі таленавітыя/i/content/pi/cult/369/7135/2-3.jpeg графікі, жывапісцы ды прыкладнікі. Як і летась, на выстаўцы ёсць нейкі сімвал плюралізму, калі побач працуюць і "чыстыя" рэалісты, у асноўным у жанрах пейзажа і нацюрморта, і шукальнікі сучаснай мовы ў мастацтве лічбавага друку (К.Кулацкая, В.Паўлава), і прадстаўнікі "ілюзорнага дэкаратывізму" (трыпціх "Аскепкі" А.Кашляк), і прыхільнікі сацыяльнага пафасу, што гучыць, да прыкладу, у інсталяцыі А.Кудрашова, у графічных кампазіцыях А.Жыткевіча "Умяшальніцтва" і "Даследаванне", у палатне А.Губарава "НЛП" ці "Мадонна без немаўляці" В.Крупскай. Ёсць тут шматслойная метафара (дыптых "Вандроўка" Д.Бунеевай, скульптура "Гукі" С.Караевай) і дзёрзкая поза ("Толік" Р.Сяргеева, "Танга № 5" А.Балдакова), адкрыты сімвалізм (палотны "Сожскі матыль" і "Рух чарапахі" Г.Отчыка, "У ракавінцы" І.Дударавай), сумны сарказм, спроба даследаваць сваё "Я" (дыптых У.Грамовіча "Па-дарожжа") і рамантычная колерарытміка ("Мне сніцца горад..." Т.Патваравай, "З гісторыі браслаўскіх азёраў" В.Богдана). Адчуваецца на выстаўцы гармонія сучаснай пластыкі ("Івянецкая мелодыя" Я.Ярэські "а-ля Селяшчук") і поўны сыход у старадаўнія тэмы і сюжэты, аж да біблейскіх (скажам, "Сон Іякава" А.Карпянкова, цікавыя маленькія каляровыя афорты У.Квартальнага да старажытнагрэчаскіх сюжэтаў; І.Саўрыцкую і А.Еўдакіменка, кожную па-свойму, асабліва прыцягвае міф пра "Выкраданне Еўропы"), а ёсць і проста творы "пастановачныя", на ўзроўні вучэбна-студэнцкіх заданняў. Прысутнічаюць і чыста абстрактныя работы (А.Вайцэхоўскі, А.Балдакоў), штосьці "авангарднае" - у скульптуры, кераміцы і шкле, але іх, характэрных для ўсякіх аналагічных маладзёжных экспазіцый, тут, на дзіва, мала. Ёсць і пахвальнае імкненне да фальклорна-стылізатарскіх пошукаў, як гэта робіць у сваім жывапісе Г.Іванова або Д.Кавалько ў нацюрморце "Кветкі". Шмат чаго ёсць...

/i/content/pi/cult/369/7135/2-2.jpgАле не буду далей працягваць каталожны пералік маладых аўтараў ды іхніх твораў. Іх шмат. Толькі, на жаль, не магу падлічыць, колькі мастакоў з рэгіёнаў прынялі ўдзел у выстаўцы, бо на шыльдачках нічога пра гэта не гаворыцца. А пад некаторымі работамі наогул няма ніякіх адзнак. Напрыклад, стаў "невядомым" аўтар карціны "Дубок" (мо гэта У.Сайко?) і яшчэ аўтар пяці керамічных кампазіцый у зале ДПМ.

Але зараз не пра тое гаворка. Хачу сказаць вось што. Пакуль пакаленне сённяшняй моладзі не можа выбудаваць у поўнай меры свае быційныя ідэалы (мо іх наогул няма?), свае мары, роздумы, сваё бачанне свету і сябе ў гэтым свеце. Калісьці, у 1960 - 70-я гады, творы маладых прыцягвалі ўсеагульную ўвагу. Помніцца, іхнія работы выклікалі часам самую бурную палеміку. Творы маладых "парушальнікаў спакою" то "са скрыпам" прымалі, то адмаўлялі, але яны, бясспрэчна, хвалявалі ўсіх: і праціўнікаў, і прыхільнікаў. Менавіта адтуль, з той эпохі "буры і націску", выйшлі М.Селяшчук і У.Савіч, У.Тоўсцік і Г.Скрыпнічэнка, З.Літвінава і браты Ф. ды І. Кашкурэвічы, А.Родзін і Л.Русава, А.Кузняцоў і М.Бушчык, Г.Гаравая і Т.Сакалова ды шмат іншых імёнаў, якія потым сталі асновай новага сучаснага беларускага мастацтва.

Сёння - поўны штыль у адносінах да маладых. Маўчаць СМІ, шырокія, не кулуарныя, абмеркаванні выставак ужо даўно не праводзяцца, ды і адпаведнай рэкламы ў горадзе такіх выставак, як і каталогаў, таксама няма. Затое на кожным кроку, на кожнай тумбе цудоўныя маляўнічыя афішы заклікаюць нас на чарговы канцэрт або спектакль заезджых "зорак", для якіх Беларусь бачыцца сапраўдным Эльдарада, дзе можна нібыта лёгка напоўніць свае кішэні. А вось што да нашых дасягненняў (а яны - ёсць!) у прасторы выяўленчай культуры, дык хто пра іх ведае, акрамя вузкіх спецыялістаў? Канешне, на ўсё ёсць свае прычыны, аб'ектыўныя ў тым ліку. Як кажуць, c'est la vie... Але ўсё ж хацелася б разабрацца ў тых шляхах-дарогах, па якіх крочыць сучасная наша моладзь.

Восенню плануецца правядзенне грандыёзнай Усебеларускай выстаўкі сучаснага выяўленчага мастацтва. І я думаю: што, да прыкладу, можна было б туды ўзяць, скажам, з дзвюх апошніх рэспубліканскіх маладзёжных выставак 2011 - 2012 гадоў? Пытанне - складанае. З іншага боку, ведаю, што магло б увайсці ў тую экспазіцыю з іншай выстаўкі, якая паралельна з маладзёжнай экспануецца ў тым жа Палацы мастацтва і прысвечана каліграфіі. Не хачу іх параўноўваць, але і самі творы, і сама экспазіцыя з цудоўнымі інсталяцыямі ды перформансам зроблены, без перабольшання, на сапраўдным еўрапейскім узроўні.

Але - адно я ведаю: нашай яшчэ не "загартаванай" у мастакоўскіх "баях" моладзі трэба дапамагчы - і з боку дзяржавы, і з боку творчага саюза ды Акадэміі мастацтваў, і з боку прэсы ды тэлебачання, крытыкаў і мастацтвазнаўцаў. І, думаю, ужо наспела пытанне пра арганізацыю напрыканцы бягучага года Рэспубліканскай канферэнцыі па праблемах сённяшняга жыцця маладых беларускіх мастакоў.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"