“Золата — не золата, не пабыўшы пад молатам”

№ 7 (1030) 18.02.2012 - 25.02.2012 г

"Уся палітра яго падпарадкоўвалася выяўленню "нутра" чалавека"

Са следчай справы: "Яфім Сямёнавіч Мінін, 1894, г. Віцебск, беларус, жыў - Віцебская вобласць, Віцебскі раён, /i/content/pi/cult/365/7026/2-1.jpegВіцебск, 1-я Ветэрынарная вуліца, 34. Арыштаваны 1 лістапада 1937 г. 19 лістапада 1937 г. прысуджаны Камісіяй НКУС СССР і Пракуратурай СССР да расстрэлу па артыкулах 64, 72, 76 КК БССР - член ПАВ".

ПАВ - гэта так званая контррэвалюцыйная шпіёнска-дыверсійная паўстанцкая арганізацыя: "Польская арганізацыя вайсковая", якой на самой справе ў 1930-я ў прыродзе не існавала. Дакладней кажучы, яна з'явілася яшчэ на пачатку Першай сусветнай вайны пад кіраўніцтвам Ю.Пілсудскага, але за савецкім час была "адроджана" ў нетрах ягода-яжоўскага НКУС для барацьбы з "ворагамі народа" - беларусамі і палякамі, што трапілі ў кола рэпрэсій 1934 - 1938 гадоў на тэрыторыі Беларусі. Тады па згаданай справе былі рэпрэсіраваны каля 10 тысяч беларусаў і 9 тысяч палякаў. Цяжка сказаць, як трапіў у лік апошніх Мінін, які не меў ніякага дачынення да "польскага пытання". Вядома адно: праз 40 дзён пасля прыгавору, 29 снежня, 43-гадовы Яфім Мінін быў расстраляны там жа, у Віцебску. Рэабілітаваны - 19 мая 1958-га ваенным трыбуналам БВА.
У 1950 - 90-я г. усе беспадстаўна рэпрэсіраваныя па справах ПАВ таксама былі рэабілітаваны.

Паміж гэтымі датамі - расстрэлам Мініна і яго рэабілітацыяй - пустэча. У прэсе ды ў кніжных выданнях пра яго - ні слова, нібыта ніколі і не існавала такога чалавека. І толькі ў 1970 - 80-я гады ягонае імя паступова пачало з'яўляцца на старонках перыядычнай прэсы і ў некаторых кніжных выданнях. Першымі "адкрывальнікамі" гэтай асобы пасля яе рэабілітацыі былі мастацтвазнаўцы В.Шматаў і П.Герасімовіч. Свае вусныя і пісьмовыя ўспаміны пра Мініна пакінулі З.Азгур, М.Керзін, Ф.Лейтман, Л.Ран, В.Ціхановіч, пляменніца мастака - Л.Мініна. Крыніцазнаўчае даследаванне пра творцу зрабіла дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Г.Запартыка. Вось на сённяшні дзень, мабыць, і ўсё.

Між тым, гэты чалавек заслугоўвае таго, каб пра яго ведалі і людзі XXI стагоддзя, бо ён унёс значны ўклад не толькі ў беларускую графіку, але і ў педагагічную дзейнасць. Дастаткова сказаць, што яго вучнямі ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме (вучылішчы) былі А.Бембель, А.Глебаў, С.Селіханаў, Я.Зайцаў, М.Пашкевіч, Р.Семашкевіч, Я.Нікалаеў, В.Цвірка, будучы народны архітэктар СССР У.Кароль, а блізкімі сябрамі з'яўляліся П.Даркевіч, Л.Лейтман, М.Міхалап, Ф.Фогт, М.Эндэ, В.Дзежыц, В.Руцай. А што да ўласнай творчасці, дык Мінін быў цудоўным гравёрам, майстрам экслібрыса, тонкім ілюстратарам кніг, маляваў алеем, гуашшу ды акварэллю элегантныя пейзажы і нацюрморты. Але, канешне ж, ён быў і найдасканалым майстрам ксілаграфіі, і ў гэтай складанай тэхніцы ў 30-я гады на Беларусі яму не было роўных. Дарэчы, сёння дадзеная тэхніка разьбы па дрэве сустракаецца вельмі рэдка.

У розных крыніцах дата нараджэння Я.Мініна не супадае: ці то 1897 г., ці то 1898-ы, ці то 1894-ы. Але ўдалося атрымаць копіі пашпарта і вайсковага білета мастака, уласнаручна падпісанага Мініным, забраных пад час арышту: "Мінін Яфім Сямёнавіч. 8 кастрычніка 1894 г., Віцебск, беларус, вайсковаабавязаны нач. скл. 7". Бацька - Сямён Цімафеевіч Мінін - паходзіў са старажытнага стараверскага роду, вядомага з пачатку XVIII ст. Маці - Ганна Міхайлаўна (Казакова) - была дачкой начотчыка стараверскай абшчыны Віцебска. Продкі Мініна калісьці беглі ад ганенняў царскага ўрада з Паволжжа ў дрымучыя лясы Віцебшчыны, дзе жылі ў дуплах велічэзных стогадовых, у некалькі абхватаў, дубоў. А тут - нашэсце Напалеона. Некаторыя з Мініных праславіліся ў баях супраць французаў, і, паводле ўспамінаў аднаго з нашчадкаў Мініных (Трыфілія Ціханава-Мініна), за праяўленую мужнасць "...гасудар узнагародзіў Мініна фальваркам Сумы з сотняй дзесяцін зямлі. З гэтага часу наш прадзед заваяваў права дастойнага грамадзяніна - Героя Айчыннай вайны 1812 года...".

Дзед Яфіма Мініна - Цімафей Іванавіч Мінін, глава стараверскай абшчыны, - меў дзесяць дзяцей і пражыў 103 гады, а бацька - Сямён Цімафеевіч - 80 і памёр у 1940-м. У юнацтве ён, "...блакітнавокі прыгажун з капою русых валасоў і ростам 190 сантыметраў...", служыў у Пецярбургу ў гусарскім палку. А калі вярнуўся дадому, у Віцебск, узяў шлюб з Ганнай Казаковай. Яна памерла ў 43 гады, калі сыну Яфіму было ўсяго 12. Так пачалася новая старонка жыцця будучага мастака...
/i/content/pi/cult/365/7026/2-2.jpeg
Спачатку Яфім вучыўся ў Віцебскім камерцыйным вучылішчы і паралельна займаўся ў прыватнай рысавальнай школе Юдаля (Юрыя) Пэна, бо маляваць пачаў вельмі рана. У пляменніц Мініна захаваліся яго раннія творы: адлюстраванне вішні і млына на Віцьбе, два нацюрморты і галінка ружы з гронкай вінаграда. Скончыўшы камерцыйнае вучылішча, Мінін выправіўся ў Петраград, дзе паступіў у Політэхнічны інстытут. Але праз тры гады вярнуўся ў Віцебск, каб прадоўжыць сваю мастацкую адукацыю ў Пэна. Хутка яго мабілізавалі ў Чырвоную Армію, дзе ён служыў у 33-й Ваенна-інжынернай дружыне, якую ўзначальваў яго старэйшы брат Сільвестр Мінін. У 1919 годзе Яфім быў дэмабілізаваны і адразу ж паступіў у Віцебскі мастацка-практычны інстытут (з 1923-га - Віцебскі мастацкі тэхнікум), дзе сам хутка стаў педагогам.

Заір Азгур успамінае: "...У інстытуце Мінін выкладаў гісторыю мастацтваў. Перад намі адкрываўся працэс стварэння выдатных эстэтычных каштоўнасцей як працэс мастацкага свету. Мы пачыналі ўлоўліваць тую меру абумоўленасці з'яў мастацтва, калі гістарычны рух грамадства дыктуе не толькі тэмы для адлюстравання рэчаіснасці, але і сам эстэтычны ідэал. Прыблізна так можна абагульніць сутнасць выказванняў Я.Мініна пры разглядзе розных перыядаў развіцця мастацтва. Іншым разам ён рабіў спасылку на прыказку: "Золата - не золата, не пабыўшы пад молатам". "Молатам" для мастацтва наш педагог лічыў час, які выкоўвае патрэбныя яму формы эстэтычнага асэнсавання рэчаіснасці. Вядома, прыхільнік такіх поглядаў вельмі цікавіў студэнтаў і як жывапісец, і як графік. Мы падоўгу ўглядаліся ў яго работы. Які дакладны малюнак Мініна! Як дарэчы кожны мазок! Якое тонкае пачуццё каларыту! Памятаю, хтосьці з нас ці то паўжартам і з іроніяй, ці то сур'ёзна назваў яго песняром фарбаў. І на самой справе: фарбы ў яго на палатне "гучалі", выразна характарызуючы воблік таго, хто быў адлюстраваны. Вонкавае падабенства - бездакорнае. Больш за тое: мастак унікаў у псіхалагічную сутнасць мадэлі, і ўся палітра яго падпарадкоўвалася выяўленню "нутра", раскрыццю сутнасці чалавека...".

Лазар Ран дапаўняе, праўда, пра трошкі больш познія часы, калі Мінін, акрамя лекцый па гісторыі мастацтваў, вёў у тэхнікуме малюнак і гравюру: "...На занятках Яфім Сямёнавіч кіраваў нашымі кампазіцыйнымі і натурнымі работамі. Ён быў вельмі стрыманым, спакойным, а манера падачы матэрыялу - вельмі канкрэтнай. У майстэрню да студэнтаў заходзіў жыццярадасны, заўсёды з усмешкай, захапляючы нас сваёй весялосцю. Да студэнтаў ставіўся добразычліва. Мы яго любілі і паважалі...".

Самае цікавае, што Мінін, наогул, так і не атрымаў скончаную акадэмічную адукацыю! Дык што гэта: такі ўплыў Пэна? Або іншых мастакоў "віцебскага Рэнесанса", якія тады абкружалі маладога Мініна на кожным кроку: М.Шагала, К.Малевіча, Р.Фалька, Л.Лісіцкага, А.Бразера, М.Дабужынскага, С.Юдовіна? М.Керзін, напрыклад, казаў, што Мінін "...з групай і самім Шагалам вельмі сябраваў, але ў мастацтве заставаўся на рэалістычных пазіцыях". Мабыць, гэта - так, бо абодва - Мінін і Шагал - былі вучнямі Пэна, і, магчыма, менавіта Марк Захаравіч запрасіў свайго малодшага сябра ў Мастацка-практычны інстытут.

Міхаіл Керзін дапаўняе: "...Пазнаёміўся я з Мініным восенню 1923 г. Гэта быў русы, высокі, хударлявы, культурнай знешнасці малады чалавек... Ён быў сціплы, прыгожы і прыемны ў размове. Я быў членам Саюза РАБИС і бываў на сходах Ізасекцыі. Часта выступаў, і мяне добра ведалі. Як прамоўца я карыстаўся поспехам, граміў усіх укланістаў, але асабіста Мініна - ніколі, хаця ён і быў у іхняй кампаніі. Работы Мініна мне падабаліся... Ягоныя гравюры былі выдатныя і па прыгажосці, і па бездакорным выкананні... У сваіх работах ён ствараў памяць пра Віцебск. На яго гравюрах - старажытныя помнікі: Дабравешчанская і Ільінская цэрквы, Успенскі сабор, касцёл Святога Антонія, ратуша, Духаў Яр, драўляная царква ля могілак, рэшткі царквы Чорнай Троіцы і многае іншае. Большай часткі гэтых помнікаў ужо не існуе..."

Міхаіл Аркадзьевіч трошкі хітруе: ён "забыўся", што ў 1926 - 1927 гг., з'яўляючыся дырэктарам тэхнікума, звольніў Мініна з пасады педагога за нязгоду апошняга з новымі рэформамі ў дзейнасці мастацкай установы. І Яфіму Сямёнавічу давялося заглыбіцца ў працу Віцебскага акружнога таварыства краязнаўства і прыняць актыўны ўдзел у юбілейным камітэце па правядзенні 30-гадовага творчага прабывання ў Віцебску Ю.Пэна, каб дабіцца для яго памяшкання пад ягоны персанальны музей, заслужанай пенсіі і звання Героя працы. Праўда, трошкі пазней Керзін вярнуў Мініна ў тэхнікум.

Усё гэта так, але ўласна гравюрай на дрэве (ксілаграфіяй, або дрэварытам) Мінін стаў займацца толькі ў 2-й палове 1920-х гадоў. Тады ў гэтай тэхніцы працавалі толькі некалькі чалавек: акрамя Мініна - З.Гарбавец і С.Юдовін. Але менавіта Мінін стаў фактычна адным з першых ксілографаў паслярэвалюцыйнай Беларусі, творы якога і сёння вылучаюцца адмысловай кампазіцыяй, артыстычнай, філіграннай тэхнікай разьбы і яркім нацыянальным каларытам. Праўда, пасля арышту мастака многія работы яго кудысьці зніклі, зведаўшы тую ж долю, што і творы Рамана Семашкевіча пасля яго расстрэлу. Але і па тым, што захавалася (больш за 30 мінінскіх гравюр і экслібрысаў), мы можам разважаць пра свежы і яскравы талент Яфіма Сямёнавіча.

Мабыць, трэба трошкі сказаць уласна пра тэхніку ксілаграфіі. Гэта адзін са старажытных відаў (у Кітаі - з VI ст., у Еўропе - з XIV ст.) пукатай гравюры, дзе адлюстраванне друкуецца з плоскай паверхні драўлянай дошкі, пакрытай фарбай. Бывае абразная (падоўжная) і тарцовая ксілаграфія. На Беларусі першыя ксілаграфіі з'явіліся ў выданнях Францыска Скарыны на пачатку XVI ст. Пазней склаліся цэлыя рэгіянальныя школы ксілаграфіі ў Магілёве ды Вільні. У гэтай тэхніцы тварылі П.Мсціславец, Ф.Ангілейка, М. і В. Вашчанкі. У XIX ст. ксілаграфія прыйшла ў заняпад, але ў першай трэці ХХ-га зноў адрадзілася дзякуючы Я.Мініну, С.Юдовіну, З.Гарбаўцу, І.Гембіцкаму, М.Сеўруку, А.Тычыне. З сучасных гравёраў вядомы А.Зайцаў, які, на жаль, некалькі гадоў таму пайшоў з жыцця. З усёй згаданай вышэй кагорты Яфім Мінін з'яўляецца, мабыць, найбольш адданым і верным гэтай тэхніцы і, што не менш важна, глыбока зацікаўленым праблемамі беларускага культурнага адраджэння. Цікава, што, у адрозненне ад ранейшых старадаўніх і сучасных ксілографаў, Мінін працаваў не на "ўздоўжных" дошках, як, да прыкладу, яго расійскі калега У.Фаворскі або віцябчанін З.Гарбавец, а ў галіне тарцовай гравюры. Інакш кажучы, Мінін адразу стаў на шлях сучаснага пераасэнсавання традыцый і ўзнаўляў іх у адпаведных часу яркіх нацыянальных формах...

(Заканчэнне будзе.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"