Канцэптуальны “падмурак” для аднаўлення дахоўкі

№ 6 (1029) 11.02.2012 - 18.02.2012 г

Любая справа пачынаецца з падмурка. Рэстаўрацыя і захаванне помнікаў гісторыка-культурнай спачыны — таксама не выключэнне. Мінулы год парадаваў не толькі і нават не столькі сваім чаканым плёнам, увасобленым у прыгожай дахоўцы той жа Радзівілаўскай рэзідэнцыі ў Нясвіжы, колькі менавіта падмуркам новых ініцыятыў. Шэраг іх быў заяўлены ў дзяржпраграмах “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады, зацверджанай Саветам Міністраў краіны, і “Замкі Беларусі”, якая набыла юрыдычную сілу ўжо на пачатку бягучага года, але распрацоўвалася акурат летась па Даручэнні Кіраўніка дзяржавы.

У гэтых дакументах фігуруе не так і шмат новых звышмаштабных рэстаўрацыйных праектаў (такіх, як аднаўленне былой велічы Старога замка ў Гродне), але затое абедзве праграмы ахопліваюць ладны шэраг тых нацыянальных скарбаў, што аб'ектыўна апынуліся пад пагрозай знікнення. У іх ліку - і руіны Навагрудскага замка, кансервацыя якіх паспяхова стартавала летась, і рэшткі замкаў у Крэве, Гальшанах, Быхаве, што таксама маюць неўзабаве спазнаць доўгачаканую кансервацыю. Каштарысы падобных праектаў не выглядаюць астранамічнымі, аднак іх плён папраўдзе немагчыма пераацаніць. Без сумневу, рэалізацыя згаданых дзяржпраграм паспрыяе захаванню немалога пласта нацыянальнай спадчыны ды пашырыць "турыстычны асартымент" краіны на дзясяткі новых пунктаў і цэлыя "трэндавыя" маршруты.

Яшчэ адна адметная тэндэнцыя ў сферы адраджэння спадчыны - усплёск "ініцыятывы на месцах". Тое пераўвасабленне, якое літаральна на вачах спазнаюць руіны Сапегаўскай рэзідэнцыі ў Ружанах, папраўдзе ўражвае. А між тым, галоўным "рухавіком" рэстаўрацыі гэтага маштабнага аб'екта выступіў менавіта Пружанскі райвыканкам, які не спалохаўся вялікай справы. Ён жа летась запачаткаваў і традыцыю выдатнага турівэнту - фэсту "Ружанская брама" ў першую суботу чэрвеня.

Згадайма тут і доўгачаканы старт аднаўленчых работ у Залессі, і рэстаўрацыю палаца ў Шчучыне, распачатую таксама па мясцовай ініцыятыве. Падобныя прыклады, вядома, можна доўжыць, але... Пакуль што яны, на жаль, падаюцца не агульнай тэндэнцыяй, а, хутчэй, прыемным выключэннем з правілаў. Захады па захаванні сваіх "брэндавых" адметнасцей (вядома, пасільныя і рэальныя) назіраліся летась далёка не ў кожным раёне. Прыкладам, пад час вандроўкі на Аршаншчыну (гл. "К" № 33 за 2011 г.) нашы карэспандэнты такіх высілкаў чамусьці не заўважылі. Патэнцыял для гісторыка-культурнага турызму ў гэтым краі - наймагутны, а вось яго ККД па-ранейшаму блізкі да нулявой адзнакі.

Увага да тэмы аховы спадчыны з боку Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь і заключэнне ёю пагаднення з Міністэрствам культуры краіны істотна дысцыплінавала "гаспадароў" гісторыка-культурных каштоўнасцей і нялішні раз нагадала некаторым спецыялістам па іх ахове "на месцах" пра ўласныя абавязкі. На легкаважныя жарты з праваахоўнымі органамі наўрад ці хто ў нас наважыцца. Таму праблемы некаторых аб'ектаў - кшталту "забіць вокны і зацыраваць дах" - вырашыліся за лічаныя дні. Хаця раней рукі не даходзілі дзесяцігоддзямі...

А некаторыя з такіх помнікаў спадчыны неўзабаве спазнаюць і куды больш глабальныя пераўвасабленні. Дзяржаўная ініцыятыва па перадачы закінутых маёнткаў у прыватныя рукі летась прынесла плён: добры дзясятак такіх сядзіб займеў гаспадароў. Прагнозы адносна інвестыцыйнай непрыцягальнасці падобных аб'ектаў не спраўдзіліся - нават на даўно закінутым палацы ў Дзедзіне, што ў міёрскім краі, у бліжэйшы час маюць распачацца рэстаўрацыйныя работы. Балазе праектная дакументацыя замоўлена.

Дахоўка (хочацца верыць, што менавіта сапраўдная, керамічная) на такіх будынках з'явіцца яшчэ не хутка, але... Канцэптуальны падмурак іх адраджэння закладзены, і працэс, як кажуць, пайшоў.