“Пейзажны” перыяд

№ 2 (1025) 14.01.2012 - 20.01.2012 г

“Прасторы вольныя зямлі” — так называецца выстаўка беларускага пейзажа 1950 — 2000-х гадоў у Нацыянальным мастацкім музеі, якая адкрылася 12 студзеня. Экспазіцыя — працяг музейнага праекта “Нашы калекцыі”, што гэтым разам уключае каля 80 пейзажаў з фондаў музея. Тут мы бачым творы, якія ўжо сталі класікай, а таксама і трохі падзабытыя ці малавядомыя гледачу.

Канешне, "пейзажны" перыяд для Беларусі - найбольш цікавы, бо тут ён звязаны з жывой памяццю Вялікай Айчыннай, са своеасаблівай прыгажосцю пасляваеннай беларускай зямлі, са спробай не толькі стварыць унутраны эмацыйны стан прыроды, але і прадставіць абагульнены вобраз Бацькаўшчыны - і ў камерным, і ў мемарыяльным, і ў гераічным плане.

А ў 1990 - 2000-я з'яўляюцца палотны, дзе "рэальныя" матывы, у асноўным, у новага пакалення творцаў, набываюць цікавыя асацыятыўна-метафарычныя і сімвалічна-напоўненыя рысы. Пейзажныя творы такіх мастакоў, як В.Цвірка, І.Карасёў, П.Масленнікаў, Л.Шчамялёў, В.Грамыка, Г.Вашчанка, В.Шкаруба, А.Скавародка, М.Казакевіч, П.Данэлія, М.Ісаёнак, А.Бараноўскі, С.Каткоў, І.Ахрэмчык, Р.Ландарскі, М.Бушчык і іншыя, што ўвайшлі ў "залаты фонд" беларускага пейзажнага жывапісу, можна будзе пабачыць у залах НММ.

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"