“Як стары Рэмбрант…”

№ 1 (1024) 07.01.2012 - 13.01.2012 г

Генадзь ШУТАЎ — мастак, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь зазначае: ”Шчыра кажучы, я — мастак “старадаўняга” жанру — нацюрморта, які існуе ў свеце стагоддзямі”.

/i/content/pi/cult/358/6824/4_3.jpeg- Многія мастакі розных краін і эпох дасягнулі ў гэтым выдатных вынікаў, пераўзысці якія ў наш час не так і проста, - працягвае ён. - Але я намагаюся ў акварэльных нацюрмортах выявіць не толькі ўласнае светаўспрыманне, сваё бачанне свету прадметаў, што непасрэдна звязаны з жыццём і побытам чалавека, - я хачу праз "музыку" і "цішыню" гэтых прадметаў раскрыць чалавечую душу... Я не фантаст, бо больш залежу ад мінуўшчыны, чым ад будучыні. Мяне цікавяць людзі і рэчы, якія пражылі вялікае чалавечае і «прадметнае» жыццё, пакрытае пацінай часу. Я - рабочы ў мастацтве, бо працую кожны дзень - і ў выхадныя, і ў святы. Жыву ў такім стане, дзе жыццё і творчасць непадзельныя. Для мяне творчасць - гэта жыццё, а жыццё - творчасць. Паўтаруся, мая галоўная тэма - Чалавек, Прадмет, Час: іх узаемадзеянне, іх мірнае, любоўнае, альбо варожае суіснаванне. Гэта, на мой погляд, сур'ёзнае філасофскае пытанне. Падкрэслю, што знайсці ўзаемасувязь паміж прадметамі ў нацюрморце так сама важна, як у пейзажы - паміж небам і зямлёй. Гэта не простыя задачы, але іх вырашэнне прыводзіць да сапраўднай гармоніі. Менавіта гармонія і рытм робяць работу блізкай да музыкі, якую я вельмі люблю, і нават працую пад класіку або царкоўныя песняспевы. Стары Рэмбрант казаў, што не хацеў бы паміраць, бо толькі цяпер, у старасці, пачаў нешта разумець у жывапісе. І я, прапрацаваўшы ў акварэлі больш за 50 гадоў, стаў таксама сёе-тое кеміць у гэтым складаным мастацтве. У наш час, калі знікае прывабнасць маральнасці, хачу спадзявацца, што мае нацюрморты нясуць адчуванне цеплыні і дабрыні, якія так патрэбны сённяшняму грамадству...

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"