Колеры, бы смарагды

№ 1 (1024) 07.01.2012 - 13.01.2012 г

Як вядома, яшчэ 14 жніўня 2011 года ў Мінску адбылося ўрачыстае асвячэнне капліцы ў гонар іконы Божай Маці “Знаменне” на Брацкіх могілках часоў Першай сусветнай вайны.

/i/content/pi/cult/358/6817/2_2.jpegСпрадвеку гэты вобраз нябеснай заступніцы шануецца ў нашай Айчыне як сімвал захавальніцы "всех городов, предградов и весей" ад розных варожых ваенных нашэсцяў, як сімвал абароны мірных людзей. Перад гэтай іконай нашы продкі маліліся напярэдадні перамаганосных бітваў.

І гэты мемарыял, створаны па рашэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, па-сапраўднаму стаў сімвалам духоўнага пераўтварэння грамадства і свяшчэннай памяці пра тых, хто склаў сваю галаву ў баях за Радзіму. Акрамя гарадскіх улад, архітэктараў, будаўнікоў, гісторыкаў - стваральнікаў помніка, вялікі ўнёсак у мазаічнае афармленне інтэр'ера капліцы зрабілі і беларускія мастакі-манументалісты Сяргей Бышнёў, Аляксей Суша і Валерый Чайка. Іх мазаічны цыкл уключае наступныя работы: "Маці Божая "Знаменне", "Этымасія з серафімамі, якія маюць быць", "Архангел Міхаіл", "Спас Нерукачынны" на ўбрусе", "Архангел Гаўрыіл" і ў купале - арнаментальная кампазіцыя. Усе гэтыя творы выкананы на найвышэйшым прафесійным узроўні. Кампазіцыйна-цэласныя, гарманічныя па колеры, ідэальна "ўкампанаваныя" ў інтэр'ер капліцы, сваім духоўным зместам яны ўзвышаюць і ачышчаюць душу чалавека.

Тут прадстаўлены традыцыйныя для праваслаўнага мастацтва вобразы, што цалкам адпавядаюць кананічным нормам. Дакладная выверанасць выяўленча-выразных элементаў і натхнёнасць формы цудоўна адлюстроўваюць духоўнае светаадчуванне аўтараў. Ім уласцівыя гарманічнае спалучэнне глыбіні зместу святых праваслаўных вобразаў і эмацыйных выразных сродкаў, зграбнасць прапорцый і гнуткасць контураў, суразмернасць руху і спакою, рацыянальны аналіз асаблівасці матэрыялу - смальты - і логіка функцыянальнага прызначэння. Колеры гучаць моцна, як смарагды, ззяюць надзвычайным бляскам, выяўляючы не недаўгавечнае хараство, а ўнутраную духоўную сутнасць...

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"