А ў меню сталіцы — адно “аліўе”...

№ 51 (1022) 17.12.2011 - 24.12.2011 г

Чаму Мінск па-за спісам святочных тур-івэнтаў?

 

Нашы традыцыі святкавання Новага года, чыя барада даўжэйшая за "асобую прыкмету" Дзеда Мароза, неўзабаве ўжо можна будзе ўносіць у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Але... часам успрымаеш усур'ёз зашмальцаваную фразу пра "ноч цудаў і дзівосаў". І таму многім хочацца правесці яе неяк незвычайна - ці, прынамсі, не так, як летась. Некаторыя шукаюць арыгінальныя варыянты на радзіме, іншыя выпраўляюцца ў падарожжа... Індустрыя турызму і забаваў тонка адчувае гэтыя чалавечыя памкненні - навагодняя ноч яе "год корміць". Чамусьці такія думкі выклікала ў мяне знаёмства з планам навагодніх культурна-забаўляльных мерапрыемстваў у Мінску. Як распавёў на нядаўняй прэс-канферэнцыі намеснік начальніка ўпраўлення Мінгарвыканкама Сяргей Мядзведзеў, сёлета горад прапануе сваім жыхарам і гасцям каля 80 такіх імпрэзаў - на некалькі дзясяткаў болей, чым летась.

 Здавалася б, сама колькасць у дадзеным выпадку павінна была абумовіць разнастайнасць. Але зірнуўшы ў прапанаванае "меню", можна лёгка прыйсці да высновы, што выбіраць там, па вялікім рахунку, няма з чаго. Святочная навагодняя праграма "З Новым годам, сталіца!", навагоднія масавыя гулянні "З Новым годам!", святочная праграма для дзяцей і бацькоў "Прывітанне, Новы год!" etc. - гэта не што іншае, як увасабленні традыцыйнага фармату "ёлачак". Экзатычныя пальмы альбо шляхетныя туі ў гэты лес не патрапілі.

 У тым выпадку, калі дадзеныя імпрэзы пройдуць на добрым узроўні, кансерватыўны "сярэднестатыстычны" спажывец будзе задаволены. Іншыя - наўрад ці. І ўжо зусім малаверагодна, што гэтае "меню" будзе да густу тым турыстам, якія вырашаць сустрэць Новы год у Мінску ды іншых беларускіх гарадах. Бо салат "аліўе" можна паесці і дома, а ў святочным падарожжы хацелася б пакаштаваць нейкіх больш арыгінальных "страваў".

Праграма не прадугледжвае...

Завядзёнка сустрэць Новы год у замежным прыгожым горадзе для нас зразумелая. І з нядаўняга часу палка мае абодва канцы: едзем не толькі мы, але і да нас, прычым усё болей ды ахвотней. Не даяце веры? Тады вось вам факты. Айчынная турфірма, якая найбольш актыўна "адкрывае" нашу краіну для турыстаў з суседніх краін (і перадусім- Расіі), сёлета падрыхтавала ажно 25 разнастайных навагодніх праграм, якія прапануюць сустрэць свята не толькі ў Мінску, але таксама і ў Гродне ды Брэсце. Гэтыя туры нельга назваць бюджэтнымі - за тыя самыя дзве-тры сотні еўра (без уліку дарогі ды святочнай бяседы) можна добра "панавагодзіць" і ў любой з прыбалтыйскіх сталіц. І тым не менш...

- Ужо сёння можна прагназаваць, што попыт перавысіць прапанову,- кажа дырэктар фірмы Галіна Патаева.

Толькі адзін гэты аператар за калядны час прывязе ў нашу краіну болей за тры тысячы замежных турыстаў! Тлумачыць поспех можна рознымі фактарамі: добрым іміджам Беларусі, эфектам "сарафаннага радыё" (водгукі расіян на Інтэрнэт-форумах - спрэс станоўчыя!), рэпутацыяй самой фірмы і яе ўменнем падаць і прадаць свой тавар... Але наўрад ці ў гэты пералік патрапяць і яркія навагоднія турівэнты. Чаму? Глядзі вышэй.

- Безумоўна, для нас такія імпрэзы вельмі патрэбныя, - кажа Галіна Патаева. - Сёння нам іх вельмі нестае. Але падкрэслю: бракуе менавіта імпрэзаў густоўных ды якасных.

Патрапіўшы каляднай парой у Мюнхен альбо Вену, турыст атрымлівае задавальненне ад самастойнага і нязмушанага шпацыру па цэнтры гэтых гарадоў - з разнастайнымі бятлемамі-шопкамі, традыцыйнымі кірмашамі з глінтвейнам, жывой музыкай... Праграма тураў на Беларусь "вольны час" амаль не прадугледжвае.

- Працуючы тут, сёння трэба разлічваць менавіта на ўласныя сілы, усё арганізоўваць самім,- кажа Галіна Патаева. - Хаця, зразумела, мы выкарыстоўваем і тыя ўдалыя напрацоўкі, якія добра ўпісваюцца ў канву экскурсій. Нас не цікавіць "папса", не цікавіць і псеўданародны кіч, які часам выдаецца за аўтэнтыку. Іншая справа - той жа фальклор, альбо, скажам, культура шляхты, пададзеныя сапраўды на высокім узроўні.

Гісторыка-культурны складнік не проста прысутнічае ў кожнай з 25 навагодніх праграм - па сутнасці, ён праходзіць "чырвонай ніткай". І справа тут, мабыць, не толькі ў патрыятызме, але і ў прагматызме. Аператар мае дастаткова досведу, каб беспамылкова вызначаць прыярытэты. І калі ён кажа, што патрабавальных турыстаў у нашым краі вабіць перадусім мінуўшчына часоў ВКЛ, а таксама аўтэнтычная народная культура, яму можна даць веры.

 Таму "навагоднія" турысты пакатаюцца на санях у Дудутках (калі пашчасціць з надвор'ем), паглядзяць анімацыю ў Лідскім замку, завітаюць ва ўнікальны храм у Мураванцы, не абмінуць, вядома, і Міра з Нясвіжам... А вось наведванне хаця б адной з гарадскіх імпрэз у Мінску, Гродне альбо Брэсце ў праграме не значыцца. Хаця такія пункты просяцца туды самі сабою. Аглядную экскурсію па сталіцы, якая пройдзе 31 снежня, завершыць арганны канцэрт у Архікатэдры Найсвяцейшай Панны Марыі. Выбар густоўны, але... усё ж трохі дзіўны для пярэдадня Новага года. Тым болей, на безальтэрнатыўнай аснове. "А што яшчэ мы маглі бы прапанаваць сваім гасцям у такі час?"- запыталася ў адказ Галіна Патаева.

 "Наш адказ" Дзеду Марозу

Пару гадоў таму ў Латвіі задумаліся аб павелічэнні аб'ёму ўязнога турызму. Прыблізна ў гэты час з нетраў мінуўшчыны быў выцягнуты дакументальна пацверджаны факт: аказваецца, радзімай каляднай ёлкі з'яўляецца менавіта Рыга. А тут раптам прыспеў і яе 500-гадовы юбілей - акурат год таму. З гэтай нагоды была запушчана маштабная рэкламная кампанія на рынках суседніх краін. І тут раптам выявілася, што дакладна такую самую прынаду для турыстаў летась падрыхтавалі і піяршчыкі з Берліна! Болей за тое - радзімай ёлкі лічаць сябе і Страсбург, і Талін... Але самі турысты наўрад ці надта пераймаюцца высвятленнем ісціны. І хапае іх на ўсе гэтыя "радзімы"!

Зрэшты, Беларусь таксама можа пахваліцца сваім узорам навагодняга крэатыву. Зюзя Паазерскі "матэрыялізаваўся" на Пастаўшчыне ў 2005 годзе- і вокамгненна зрабіўся знакамітасцю! Яго "татам" стаў дырэктар мясцовай турфірмы Ягор Шушкевіч. А "мамай" - супрацоўніца раённага метадычнага цэнтра Людміла Чатовіч. Дзякуючы такому дзяржаўна-прыватнаму партнёрству ў праекце былі ўдала пераплецены розныя складнікі- камерцыйны і культурны, гістарычны і забаўляльны.

- Некаторыя лічаць Зюзю прыдумкай, але ж насамрэч у нас на Пастаўшчыне старыя людзі і пагэтуль згадваюць гэтае імя, - кажа Людміла Чатовіч.

Для раскруткі Зюзі не спатрэбілася асаблівых сродкаў ды высілкаў. Журналісты ахвотна ўхапіліся за гэтую экзотыку. Праект, які распачынаўся на лакальным узроўні, набыў вядомасць не толькі ў краіне, але нават і па-за яе межамі. І пачаў прыносіць адчувальныя дывідэнды. Турысты павалілі тысячамі, сядзіба Зюзі абрасла адпаведнай па духу інфраструктурай: карчмой, кірмашом рамёстваў...

 Мабыць, менавіта камерцыйны фактар і стаў галоўнай прычынай разладу партнёрства. Летась турфірма адмовілася ад супрацоўніцтва з аддзелам культуры, вырашыўшы працягваць праект саматужна. Крэатыўны ўнёсак сцэнарыста ў ім, вядома, застаўся - Зюзі нікуды ад яго не падзецца. Зусім "палюбоўна" разысціся ў дадзены выпадку не ўдалося, але работнікі культуры не сталі ўпарта даводзіць свае аўтарскія правы на Зюзю і ўжо гатовы прэзентаваць новы прадукт, прысвечаны традыцыям лазні ў кантэксце агратурызму.

Зусім не дзівіць, што нядаўна на Полаччыне з'явіўся свой "міфалагічны брэнд" - Лясун з уласнай сядзібай. Дзівіць тут акурат іншае: чаму такія праекты не пачалі расці, бы грыбы? Здавалася б, прыклад Пастаўшчыны павінен быць "заразлівым": ён сведчыць, што арыгінальны, прыцягальны для турыстаў і камерцыйна паспяховы турпрадукт можна стварыць уласнымі сіламі ды без касмічных выдаткаў.

І гутарка тут, вядома, не пра "кланіраванне" альбо плагіят. Перайманне досведу - гэта ўкараненне яўна выйгрышнага "ноу-хау" на ўласным, аўтэнтычным матэрыяле.

У мінулыя гады ідэі стварэння сваіх навагодніх "фішак" неаднаразова анансавалі і работнікі культуры з іншых куткоў краіны. Але на "фінішную прамую" гэтыя задумы чамусьці не выйшлі...

 І, між іншым, ва ўжо згаданым плане мінскіх мерапрыемстваў старадаўняя (і бадай "брэндавая") беларуская традыцыя калядак прадстаўлена ўсяго некалькімі пунктамі "раённага маштабу", прычым адзін з іх прапануе "бліны ды аладкі" чамусьці... акурат на посную каталіцкую Куццю.

 Гістарычны "сюр"

Зрэшты, рынкавая ніша пустой не бывае. І менавіта таму самі турфірмы сёлета як ніколі актыўна сталі яе запаўняць, не чакаючы, пакуль гэта зробіць хто іншы. Праз Крэўскі замак і кляштар у Барунах у навагодні час пройдуць адразу дзве арыгінальныя анімацыйныя праграмы.

- Звычайна нашы тэматычныя анімацыі прывязаны да пэўных гістарычных падзей, але гэтым разам, зважаючы на святочны фармат, сюжэт будзе ўтрымліваць элементы "сюру" - але, вядома, таксама з ухілам і ў мінуўшчыну, і ў нацыянальныя традыцыі, - распавядае дырэктар адной з турфірм Аляксандр Варыкіш.

 Канцэптуальна яго сцэнарый нагадвае звыклыя нам па дзіцячых ранішніках пошукі Дзеда Мароза, дзе станоўчым героям, як заўсёды, перашкаджаюць злыя рабаўнікі. Адметнасць гэтай казкі менавіта ў тым, што "архетыпічны" сюжэт тут пабудаваны менавіта на айчынным матэрыяле. Ролю Дзеда Мароза выконвае яго правобраз Святы Мікола, а замест "касмапалітычных" рабаўнікоў гледачы ўбачаць шайку тутэйшага шляхціца Крываноса.

- У сваім сцэнарыі я паспрабаваў спалучыць як мага болей атракцыйных элементаў: коні, стрэлы, фаер-шоу, бойка на шаблях... - распавядае Аляксандр Варыкіш.

Звярнуў увагу на адну акалічнасць: бойка з рабаўнікамі адбываецца ля руінаў царквы Перамянення Гасподняга ў вёсцы Новаспаск. Рэшткі базыльянскага храма XVIII стагоддзя, які быў зруйнаваны яшчэ ў гады Першай сусветнай вайны, раней ніколі не траплялі ў арганізаваныя маршруты. Але сцэнарый анімацыйнай праграмы дазволіць ім упершыню стаць тураб'ектам.

Каштуе гэтая анімацыйная праграма нятанна - прыкладна ўдвая даражэй за "звычайную" экскурсію. На сям'ю з чатырох чалавек выйдзе каля мільёна рублёў! Але попыт усё адно даволі вялікі. Тым болей, каляднай парой людзі гатовы дазволіць сабе тыя выдаткі на адпачынак, якія ў звыклы час пададуцца раскошай.

Здавалася б, гэты прадукт разлічаны перадусім на айчыннага спажыўца- надта ён укаранёны менавіта ў беларускую мінуўшчыну. Ды, як адзначыў Аляксандр Варыкіш, ужо пасля Новага года ладную частку экскурсантаў будуць складаць расіяне, якія прыедуць на Беларусь падчас сваіх калядных канікул. Аказваецца, наша гісторыя таксама для іх цікавая!

■ ■ ■

Многім гарадам Еўропы, мабыць, нават і не трэба вынаходзіць свае "калядныя фішкі" - яны там існуюць ужо не адно стагоддзе. Мінск, на жаль, у гэты спіс не ўвахозіць. І менавіта таму побач з традыцыйнымі "ёлачкамі" вельмі хочацца ўбачыць і нейкія крэатыўныя навінкі. Хай сабе гэта будуць апеляцыі да "сівой даўніны", альбо рэтра-стылізацыі навагодніх традыцый 20-ых, 50-ых, 70ых, альбо смелыя ідэі, увасобленыя з "чыстага аркуша", альбо... Прасторы для задумаў тут папраўдзе багата.

Без сумневу, такіх арыгінальных навагодніх "брэндаў" патрабуюць не толькі турысты, але і самі жыхары. Хаця б дзеля разнастайнасці і тых новых уражанняў, якіх асабліва чакаеш менавіта ад гэтага свята.

Апытанне "К": чаго не стае для...

 Опера ды аэраплан - ідэя "пад ёлку"

Менш чым за два тыдні да навагодніх урачыстасцей карэспандэнты "К" пацікавіліся ў моладзі Мінска, якім хочацца ўбачыць святочны горад, чаго чакаюць маладыя людзі ад масавых мерапрыемстваў у сталіцы. Акрамя таго, рэспандэнты падзяліліся сваім бачаннем баўлення вольнага часу на вуліцах і плошчах у першыя дні 2012-га.

Пагутарыўшы з пяццю дзясяткамі маладых мінчан, выявіліся агульныя тэндэнцыі ў грамадскім разуменні "яскравага запамінальнага свята", якімі і мусяць быць навагоднія і калядныя дні, што ладзяцца ў кожным сталічным мікрараёне і зазвычай збіраюць вялікую аўдыторыю. Ці не ўсе рэспандэнты перакананы, што пры правядзенні масавых навагодніх мерапрыемстваў варта больш увагі надаваць арганізацыі адметных канцэртных выступленняў, якія б папулярызавалі не толькі народную творчасць, што само па сабе вельмі добра, але і класічныя музычныя традыцыі, а таксама сучаснае, часам нават і "нефарматнае" мастацтва.

- Хочацца ўбачыць крэатыўныя праекты з удзелам яркіх маладых артыстаў, спевакоў. Пагадзіцеся, самадзейнымі калектывамі сёння шмат людзей з дому не выцягнеш, - пераканана студэнтка БНТУ Алена. - Трэба, каб абавязкова было відовішча, магчыма, з удзелам нашых цудоўных піратэхнікаў.

 У сувязі з апошняй прапановай нямала апытаных намі мінчан з клопатам выказваліся наконт аўдыторыі масавых святочных мерапрыемстваў, значную частку якой складаюць не прыхільнікі добрай музыкі альбо цікавых праектаў, а аматары, як гэта не сумна гучыць, моцных напояў, а таксама саматужныя "піратэхнікі". А таму пытанні бяспекі пад час урачыстасцей гучаць вельмі актуальна.

- Спадзяюся, сёлета сітуацыя з выкарыстаннем петард і самаробных феерверкаў будзе больш жорстка кантралявацца, бо не перадаць, як непрыемна сябе пачуваеш, калі пад ногі ляцяць розныя небяспечныя рэчы, - адзначыла Вераніка, студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.- Разам з тым хочацца, каб ля навагодніх ёлак было больш дзяцей і моладзі, а не парушальнікаў грамадскага парадку.

Падобную праблему ўзняла і маладая маці Марына, нядаўняя выпускніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, якая вельмі шкадуе, што ў Мінску на маленькіх дзяцей кожны год разлічана зусім няшмат адпаведных іх узросту мерапрыемстваў.

- Прыкладам, у мінулым годзе сутыкнулася з такой сітуацыяй, калі за фотаздымак з Дзедам Марозам, што працаваў ля навагодняй ёлкі ў нашым мікрараёне, патрабавалася выкласці немаленькую суму. У той жа час, хацелася б, каб у такіх месцах праводзіліся карагоды, якія так любіць малеча. На жаль, не выпадае казаць пра дзіцячыя кавярні, якіх так не стае сёння Мінску.

 Шэраг заўваг мінчан была скіравана і на эстэтычны складнік навагодніх святкаванняў. Будучы дызайнер Вольга мяркуе, што святочнаму Мінску не хапае такіх адметных форм працы з шырокай грамадскасцю, як касцюміраваныя тэматычныя маскарады, якія, на думку студэнткі, можна праводзіць не толькі на вуліцы, але і ў прасторы музея.

- Галоўнае, каб выстаўка, у межах якой ладзіцца маскарад, была жыццярадаснай, настройвала на добры лад.

Сярод такіх мерапрыемстваў, якія можна арганізаваць пад час першых навагодніх дзён, прагучала і ідэя правядзення оперных канцэртаў. Не менш яркім шоу можа стаць, да прыкладу, і "зімовы парад" аэрапланаў, ідэю якога падказаў малады спецыяліст Дзмітрый.

К.А.