Кліч: далёкі і блізкі

№ 50 (1021) 10.12.2011 - 17.12.2011 г

“Касмічныя” матывы ў Нясвіжскім палацы

/i/content/pi/cult/354/6751/9-5.jpg

У Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку "Нясвіж" працуе персанальная выстаўка габелена і батыка лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Ніны Пілюзінай, якая арганізавана Мінаблвыканкамам і Беларускім саюзам мастакоў. Яна называецца "Далёкі кліч".

Ніна Васільеўна па вобразе думак, творчай ментальнасці і абсалютнай самааддачы - глыбока беларуская мастачка. Аднак па душэўнай мяцежнасці, па патрабавальным імкненні да бясконцага і ўсеагульнага яна выходзіць далёка за межы ўласна "беларускасці". Таму яе творчасць заканамерна ўспрымаць у кантэксце не толькі нашай сучаснай айчыннай культуры, але і ўсёй славянскай у цэлым. І гэта не перабольшанне. Любоў да ўсяго існага, чыстага, сапраўднага, зямля беларуская "пад белымі крыламі" і таямнічы Космас - вось тыя тры галоўныя кіты, на якіх грунтуецца мастацтва Н.Пілюзінай.

Народныя вытокі яе габеленаў і /i/content/pi/cult/354/6751/9-4.jpgбатыкаў, якія прадстаўлены ў экспазіцыі, відавочныя: яны заўважныя і ў тэматыцы, і ў прыхільнасці да фальклорных традыцый, і ў востра-сучасным спосабе вобразнага мыслення. Але было б памылкай бачыць у мастачцы такога наіўнага самародка, таксама як і спакушанага стылізатара. Часта ўмоўнасць алегарычнага вобраза альбо сімволіка, якая даходзіць да складаных абстрактных форм, аказваецца ў яе не менш пераканаўчай, чым адчувальная верагоднасць жыццёвых рэалій.

Але яна - менш за ўсё бытапісальнік. Ніна Пілюзіна - паэт, і навакольны свет яна бачыць вачыма творцы, для якога складаныя асацыятыўныя сувязі, сімвалічныя іншасказы, выяўленчыя гіпербалы, умоўнасці метафарычнага мыслення такія ж натуральныя, як і родныя мова. У яе творах моцна скрыжаваліся ўплывы этнасу і разнастайныя імпульсы еўрапейскага прафесійнага мастацтва, таму Пілюзіна - мастачка сучасная, з грамадзянскай спеласцю светапогляду, ускладнёнасцю духоўнага жыцця, характэрнымі для пачатку ХХІ ст. "Часы не выбіраюць", - сказаў паэт Аляксандр Кушнер. Затое выбіраюць свае адносіны да іх, да часоў, - магла б сказаць Ніна Пілюзіна.

Вось пра ўсё гэта яе нясвіжская выстаўка, якая мае трошкі настальгічную назву "Далёкі кліч". Кліч - у мінулае. Кліч - у дзень сённяшні. Вось я ўспомніў цяпер, у дні, калі мы святкуем 120-гадовы юбілей М.Багдановіча, яе даўні габелен "Ой, ляцелі гусі ды з-пад Белай Русі...", які яна зрабіла ў Гурзуфе да 90-годдзя аўтара "Слуцкіх ткачых". Успамінаю, як у сонечным коле гэтага габелена нечакана журботна засвяціўся кавалачак таго самага Крыма, да якога ў апошнія тры месяцы жыцця быў пяшчотна прывязаны наш вялікі паэт. Гэты твор сёння ўпрыгожвае экспазіцыю Усерасійскага музея дэкаратыўнага мастацтва ў Царыцыне, што пад Масквой. Нашы - і там таксама...

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"