Эцюд вандроўніка на Белым возеры

№ 49 (1020) 03.12.2011 - 09.12.2011 г

Міхал Кулеша: у супрацьвагу многім “рамеснікам”…

/i/content/pi/cult/353/6696/pic.jpg(Працяг. Пачатак у № 48.)

 ...Невядома, як склаўся б далейшы лёс Міхала Кулешы, калі б хтосьці з важных персон (імя засталося невядомым; можа, гэта быў тагачасны рэктар Віленскага ўніверсітэта Юзэф Твардоўскі?) не ўзяў яго на парукі. І Кулеша вымушаны быў з'ехаць з Вільні ў Пінскі павет Мінскай губерні, дзе часова атабарыўся ў ціхім палескім мястэчку пад назвай Лунін. Там на Белым возеры "вядзецца птушка лунь" - гордая балотная птушка, якая красуецца на гербе Луніна. Шляхецкае ўладанне Малы Лунін вядомае з сярэдзіны XV ст. Пазней яго назвалі Малы Лунінец. Потым улады ВКЛ падарылі яго Дзяцяловіцкаму мужчынскаму манастыру. У сярэдзіне XIX ст. манастырскія землі перайшлі ў казну Расійскай імперыі, а жыхароў перавялі ў катэгорыю дзяржаўных сялян. Ужо пры Кулешу гэта было буйное паселішча Пінскага павета на шляху з Пінска ў Кажан-гарадок. Апошнія ўладальнікі гэтай сялібы - князі Друцкія-Любецкія. Міхала Кулешу якраз і прытуліў у сваёй "рэзідэнцыі" князь Эдвін Друцкі-Любецкі, даўшы мастаку магчымасць займацца любімай справай, як таго душа жадае. Дапускаю, што менавіта тут Кулеша пазнаёміўся з вядомым даследчыкам старажытнасцей Палесся - этнографам Рамуальдам Зянкевічам, таксама былым студэнтам Віленскага ўніверсітэта. На жаль, у 1918-м княжацкі палац быў поўнасцю спалены і ад яго засталіся толькі ўспаміны...  

Пра наступныя дзесяць гадоў жыцця мастака сведчанняў захавалася мала. Дзесьці прамільгнула паведамленне, што Кулеша вандраваў па Украіне, на Падоллі, пісаў там мясцовыя пейзажы і вывучаў гісторыю краю, гістарычны лёс якога моцна пераплятаўся з лёсам ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Пазней, у 1840-я гады, мастак скарыстае свае веды ў гуашавых кампазіцыях "Гусары" і "Гетман", якія знаходзяцца ў Літоўскім мастацкім музеі. (Пра гэтыя творы - ніжэй.) У 1837 г. Кулеша апынуўся ў мястэчку Крожы Шавельскага павета (Жамойця), дзе выкладаў рысаванне ў адзінай мясцовай школе. Дарэчы, Крожамі пачынаючы з XV ст. валодалі Кізгайлы, Завішы, Шэметы, Радзівілы, а ў сярэдзіне XVII ст. тут паспяхова працаваў кляштар бенедыкцінцаў. Пры Кулешу Крожы (з 1795 г. - у складзе Расіі, а з 1918-га - Літвы) налічвалі прыкладна 200 двароў: на той час лічба- сур'ёзная. Але падрабязнасцей двухгадовага жыцця Кулешы ў Крожах - невядомыя.

Наступны перыяд біяграфіі мастака і педагога звязаны з Гроднам, дзе ён спачатку знайшоў сабе месца - таксама настаўніка рысавання - у адной з прыватных школ, але потым поўнасцю перайшоў на ўласна творчасць, звязаную з паездкамі па краіне, а таксама з кароткачасовымі наведаннямі Пецярбурга і Крыма. Па дарозе на поўдзень затрымліваўся ў Мінску. У 1845 г. гасцяваў на Берасцейшчыне ў маёнтку Кабакі ў свайго старога сябра-равесніка Фелікса Улодэка і яго жонкі Галіны Біспінг. Якраз у час прыезду Кулешы Улодэк заканчваў тут узвядзенне палаца, у якім, дарэчы, потым, на пачатку ХХ ст., працаваў на добрай пасадзе дзед славутага рок-музыканта Андрэя Макарэвіча - беларус Рыгор Андрэевіч Макарэвіч. Палац да нашых дзён не захаваўся. А Макарэвічы да скасавання прыгоннага права былі прыгоннымі ў сядзібе Улодэкаў.

Сябра Кулешы Фелікс Улодэк увайшоў у гісторыю яшчэ і тым, што яго сын, таксама Фелікс, быў вельмі актыўным ўдзельнікам паўстання 1863 года на Пружаншчыне, дзе ён камандаваў паўстанцкім атрадам у 300 чалавек і храбра змагаўся з расійскімі жаўнерамі і казакамі. Пасля паражэння паўстання 25-гадовы Фелікс Адам Ян Улодэк, прыняўшы апошні бой пад вёскай Пяскі ў Пінскім павеце, вымушаны быў уцячы ў Каралеўства Польскае, а потым - у глыбіню Еўропы. Дзе і калі ён памёр, засталося невядомым, але ўсё гэта здарылася ўжо пасля смерці Міхала Кулешы. Аднак можна дапусціць, што абодва яны маглі сустракацца дзесьці на Беласточчыне напрыканцы 1850 - на пачатку 1860-х гадоў, бо "паралелі і мерыдыяны" іхніх лёсаў у гэты перыяд праходзілі зусім побач...

Такім чынам, вяртаюся трошкі назад. У 1844 г. М. Кулеша перабраўся ў Гродна. Можна лічыць, што гэты - гродзенскі- перыяд (да ад'езду яго ў Беласток) з'яўляецца самым плённым у творчасці мастака. Польскі пісьменнік і публіцыст Юзэф Ігнацы Крашэўскі ў лісце да гісторыка мастацтва К.Камарніцкага пісаў, што "...Кулеша ў Гродне збірае літвінскія рэчы, але яны да гэтага часу яшчэ не выдадзены", і называе мастака найлепшым з сучасных летапісцаў, які ў супрацьвагу многім "рамеснікам" займаўся сапраўднай творчай працай. Што за "рэчы" меў на ўвазе Крашэўскі, дакладна не вядома. Хутчэй за ўсё - тыя жывапісныя і графічныя творы, якія Кулеша прысвячаў гісторыка-культурным помнікам старажытнай Беларусі і падзеям гісторыі ВКЛ, дзе адсочваецца адна-адзіная тэма: Радзіма і яе колішняя веліч. Праз некалькі гадоў першы сшытак альбома з шасці літаграфій Кулешы з відамі руін старажытных замкаў і цэркваў усё ж быў выдадзены ў Парыжы. На жаль, на тым справа і спынілася: штосьці перашкодзіла далейшаму выпуску альбомаў.

Літаграфія "Царква Барыса і Глеба на Каложы. /i/content/pi/cult/353/6696/pic_2.jpgГродна" з'яўляецца найбольш характэрнай з работ майстра цыкла вобразатвораў гістарычных помнікаў Беларусі. У правай частцы аркуша, на фоне высокага светлага неба, аўтар адлюстраваў старажытную ўнікальную царкву XII ст., якая, як крэпасць, узвышаецца над магутным Нёманам. Пасярэдзіне ракі ціха плыве адзінокі човен над ветразем. Ля берага - рыбацкія лодкі, на крутым пагорку - дрэвы. А на першым плане - фігуркі людзей, якія цудоўна ажыўляюць вельмі добра выбудаваную прасторавую кампазіцыю, поўную вольнага паветра і эпічнага раздолля. Трошкі ў іншым ключы Кулеша скампанаваў работу "Стары і Новы замкі ў Гродне", дзе галоўнае месца займае першы - прасторавы - план з адлюстраваннем прынёманскага берага з вялікім хмызняком і сялянскай хаткай, напалову схаванай у зарасніку. А замкавыя пабудовы аўтар змясціў у перспектыўнай глыбіні (як і ў натуры) на высокім пагорку, які стромка ўзвышаецца над левым берагам Нёмана. Пад літаграфіяй захавалася аўтарская назва твора (на польскай мове) і дата "1845".

Уласна кажучы, Кулеша шмат маляваў архітэктурныя помнікі даўніны не толькі былога ВКЛ: гарадоў Гродна, Пінска, Наваградка, Ліды, Камянец-Падольска, Луцка. Будучы ў Пецярбургу, рысаваў у розных ракурсах і сам горад на Няве, і Пецяргоф, і Царскае Сяло. І тут я асмелюся зрабіць здагадку, што менавіта ў Пецярбургу ён пабачыў жывапісную карціну Аляксандра Арлоўскага пад назвай "Польскі крылаты гусар у латах". І, відаць, работа так уразіла, натхніла Кулешу, што ён па вяртанні на радзіму зрабіў - з некаторымі нязначнымі, не прынцыповымі, папраўкамі- версію (ці варыянт) той карціны ў тэхніцы гуашы. І калі параўнаць абодва гэтыя творы - Арлоўскага і Кулешы- дык адразу і не распазнаеш, дзе арыгінал і дзе "версія". Я не хачу сказаць, што Кулеша тут выступіў у якасці "плагіятара": аўтарскі подпіс адсутнічае, і, магчыма, творца і не хаваў сваё стаўленне да карціны Арлоўскага, а проста зрабіў прыватна "для сябе" твор, як гэта стагоддзямі рабілі мастакі, капіруючы вялікіх майстроў - сваіх папярэднікаў,- і тым самым набывалі каштоўны вопыт валодання пэндзлем. Хаця, па праўдзе кажучы, зрабіць дакладную копію, паўтор з арыгінала больш складана, чым "версію", у якую можна дадаць нешта сваё. Як гэта і зрабіў Міхал Кулеша. Больш за тое: ён нават выправіў у дэталях некаторыя, незаўважныя на першы погляд, памылкі, што дапусціў Арлоўскі ў сваім палатне (няправільна павесіў на баку гусара шаблю). Кулеша ўнёс у сваю карціну і новыя, свае, дэталі: злева, у глыбіні, намаляваў крэпасць з дзвюх спічастых вежаў, частакол, які штурмуюць удалыя гусары, шапку з пяром паўліна (султанам) на галоўным персанажы - вершніку, ды і дынаміка атакуючых гусараў у Кулешы іншая. Мужны твар "свайго" гусара Кулеша смела павярнуў анфас, проста на гледача, а не ў профіль, як у Арлоўскага. Усе астатнія атрыбуты гусара - "крылы" за спінай, прыцягнутыя да сядла, піка са штандартам, латная кіраса, накідка са скуры леапарда, набедранікі з накаленнікамі, наплечнікі з наручамі, чырвоназялёная конская гунька - засталіся аднолькавымі.

Нагадаю, крылатыя гусары ВКЛ упершыню з'явіліся ў нас, на Беларусі, з асяроддзя шляхты, пры Стэфане Баторыі ў 70-я гады XVI cт., і з таго часу праславіліся ў баях у якасці лёгкаўзброеных вершнікаў. Чаму крылатыя? Пры атацы на поўным скаку "крылы" за спінай вершніка быццам бы выдавалі такія гукі, якія моцна пужалі коней праціўніка. Але я прытрымліваюся іншай версіі: такія "крылы" проста на давалі магчымасці заарканіць вершніка- вось і ўся разгадка. Хаця і першая версія іх прызначэння мае права на існаванне...

(Заканчэнне будзе.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"