Загадкавая сфера Міхала Клеафаса, або “Дэдлайн” на шляху да “Паўночных Афінаў”

№ 48 (1019) 26.11.2011 - 02.12.2011 г

Нягледзячы на восеньскую слоту, рэстаўрацыя палаца Агінскіх у Залессі ідзе без прастояў, і яе першы плён ужо навідавоку. Лічаныя месяцы таму да старога будынка прысуседзілася пабудова з сучасных матэрыялаў. Без сумневу, яе паўстанне выкліча нямала пытанняў сярод неабыякавых людзей. Як, зрэшты, і некаторыя іншыя аспекты гэтага рэстаўрацыйнага працэсу. Аднак людзі, якія ім кіруюць, гатовы даць адказы на кожнае з іх. Гісторыя рэстаўрацыі “Паўночных Афінаў” даволі доўгая. Работы распачаліся яшчэ напрыканцы 80-х, але неўзабаве былі спынены, не прывёўшы да належнага выніку. Прычына — тыповая для той пары: брак фінансавання спыніў у прамежкавай стадыі многія сур’ёзныя рэстаўрацыйныя праекты. Але гэтым разам жыхары Смаргоншчыны ўпэўнены ў тым, што сумная гісторыя амаль 20-гадовай даўніны ўжо не паўторыцца. Тым больш, сродкі з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў паступаюць спраўна. А неўзабаве мае з’явіцца і яшчэ адна крыніца фінансавання: аб’ект трапіў у праграму транспамежнага супрацоўніцтва “Літва — Латвія — Беларусь”.

/i/content/pi/cult/352/6657/Clip_7.jpgГатэль "Дом садоўніка"

Калі б хтосьці меў магчымасць агледзець краявіды Залесся з ладнай вышыні, ён бы са здзівам адзначыў, што палац сёння нагадвае сваімі абрысамі літару "П", а не "Г", як гэта было яшчэ нядаўна. Дык адкуль узялася тая дадатковая рыска?

 Як патлумачыла навуковы кіраўнік рэстаўрацыі Людміла Іванова, яна "матэрыялізавалася" на глебе архіўных пошукаў і археалагічных даследаванняў:

- Мэта адбудовы другой аранжарэі і дома садоўніка - гэта, перадусім, аднаўленне помніка спадчыны ў яго першасным выглядзе. Раскопкі, якія праводзіліся яшчэ напрыканцы 80-х гадоў, выявілі падмуркі той даўно страчанай часткі будынка. Архіўныя дакументы дазволілі ўявіць яе знешні выгляд. І ў выніку з'явілася тая фактаграфічная база, на якой і стала магчымае аднаўленне. Іначай мы ніколі не прынялі б такое рашэнне...

Можна спадзявацца, што з'яўленне другой аранжарэі зробіць дворык палаца больш завершаным, утульным. Прычым "навадзел" мае выконваць сваю адпачатную функцыю: там ізноў, як і ў часы Агінскіх, будуць круглы год красавацца экзатычныя кветкі. А ў той частцы, дзе раней жылі садоўнікі, размесціцца невялічкі гатэль.

Адпаведна, з'яўленне прыбудовы абумоўлена не толькі памкненнем даткліва аднавіць страчаны элемент, але і цалкам прагматычнымі матывацыямі: для турыстычнага комплексу гэтыя плошчы сапраўды спатрэбяцца.

 Па словах Людмілы Івановай, тая акалічнасць, што навабуд зроблены з сучасных матэрыялаў, не будзе кідацца ў вочы:

 - Паколькі гэтая прыбудова будзе атынкаванай, памер і якасць цэглы, з якой яна зроблена, не мае ніякага значэння. А вось тынкоўку мы будзем выкарыстоўваць не абыякую, а толькі высакаякасную...

 На аўтэнтычных сценах рэстаўратары куды больш пераборлівыя ў плане выкрыстання матэрыялаў. У прыватнасці, перавагу яны будуць аддаваць менавіта вапнавым рошчынам, звёўшы да мінімуму выкарыстанне цэменту.

Як адзначыў вядучы інжынер упраўлення капітальнага будаўніцтва Смаргонскага райвыканкама Віктар Корхаў, у рэстаўрацыі сядзібы выкарыстоўваюцца выключна айчынныя матэрыялы. І на іх якасць нараканняў пакуль няма.

Уласнік сядзібы за апошнія дзесяцігоддзі змяняўся ўжо неаднойчы. Некалі яна належыла смаргонскаму сілікатабетоннаму заводу, потым перайшла ў муніцыпальную ўласнасць, потым лічылася філіялам Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры... І вось, летась адбыўся чарговы піруэт: котлішча Агінскіх было перададзена на баланс аддзела культуры Смаргонскага райвыканкама.

- Гэтым разам - мабыць, надоўга, - кажа яго начальнік Таццяна Ражава, выяўляючы гатоўнасць узяць адказнасць за такі складаны аб'ект.

Натуральна, што разам з матэрыяльнай спадчынай Агінскіх і брэндам "Паўночныя Афіны" новаму ўласніку дастаўся і вагон з вазком розных клопатаў: спярша - рэстаўрацыя, потым - музеефікацыя, потым - утрыманне... Тым больш, і аб'ект гэты будзе зусім нетыповы для рэгіянальнай культурнай палітры. Але ж клопаты, непазбежныя для любой смелай ініцыятывы, супрацоўнікаў аддзела культуры не палохаюць.

Заказчыкам рэстаўрацыйных работ выступіла ўпраўленне капітальнага будаўніцтва Смаргонскага райвыканкама, а генпадрадчыкам - мясцовы будтрэст. Натуральна, абедзве гэтыя арганізацыі не спецыялізуюцца на аднаўленні спадчыны, няма ў іх і досведу працы на аб'ектах такога (не абы-якога!) узроўню.

Адсюль і пэўная насцярожанасць: маўляў, ці справяцца гэтыя арганізацыі з такім нетыповым для сябе аб'ектам?

 Як адзначыла Людміла Іванова, на сённяшні дзень яны цалкам спраўляюцца. Тым больш, што нейкія спецыфічныя і звышскладаныя работы на аб'екце пакуль і не вядуцца. А вось калі справа дойдзе, скажам, да дэкору, які захаваўся на старой аранжарэі, мяркуецца запрасіць на субпадрад і "вузкапрофільных" спецыялістаў.

Урэшце, апрача кампетэнтнасці, немалую ролю адыгрывае і іншы фактар - неабыякавасць. Віктар Корхаў, які непасрэдна курыруе работы на аб'екце, здатны правесці выдатную экскурсію па сядзібе, дарэчы - на добрай беларускай мове. І па ўсім відаць, што цікавіцца в я д у ч ы інжынер не толькі вузкаспецыяльнымі аспектамі рэстаўрацыйнай справы. Адпаведна, можна меркаваць, што "халтуры" ён не дапусціць.

Як сведчыць гісторыя, будавалі палац у Залессі таксама і мясцовыя жыхары. Якасць іхняй працы ўжо прайшла выпрабаванне часам: старыя сцены стаяць амаль два стагоддзі. Адпаведна, цяперашнія будаўнікі павінны трымаць марку.

 

Панацэя ад лішніх нолікаў

Сёлета будаўнікі маюць асвоіць на рэстаўрацыю тры з паловай мільярды рублёў. Па словах Віктара Корхава, для паспяховага завяршэння праекта спатрэбіцца яшчэ дзевяць. Сродкі, па вялікім рахунку, зусім не астранамічныя - яны супастаўныя, скажам, з добрым капітальным рамонтам ды мадэрнізацыяй якога-небудзь раённага Дома культуры. Аднаўленне многіх іншых сядзіб, якія сёння зеўраюць пустымі аканіцамі, запатрабуе куды большых выдаткаў. Чаму?

- У палацы ёсць літаральна некалькі "вузкіх месцаў", рэстаўрацыі якіх будуць спадарожнічаць асаблівыя высілкі ды сродкі, - распавядае Людміла Іванова. - А ў цэлым, стан яго захаванасці - адносна някепскі...

Сакрэт тут вельмі просты. Зацягнуты перыяд "міжчасоўя", пад час якога будынак пуставаў, а яго лёс "завіс у паветры", не прывёў да катастрафічных страт. Даліся ў знакі і праведзеныя рэстаўрацыйныя работы, пад час якіх будаўнікі паспелі ў м а ц а в а ц ь падмуркі, з р а біць кроквенную сістэму і дах, і адмысловыя захады па кансервацыі. Дзякуючы ім вільгаць унутр амаль не трапляла.

Палац быў уратаваны і ад іншай шкоднай "стыхіі" - дробнага марадзёрства. Ніводнага дня ён не прастаяў без дагляду. Вялікі энтузіяст Сяргей Верамейчык доўгія гады выконваў ролю своеасаблівага захавальніка genius loci сядзібы Агінскіх, маючы пры гэтым і цалкам афіцыйныя пасады.

 Згаданыя захады не запатрабавалі касмічных выдаткаў альбо энергазатрат. Але, у той самы час, яны дазволілі зберагчы не адзін мільярд бюджэтных сродкаў і таму вартыя ўсеагульнага пераймання: для таго, каб у каштарысах не з'яўляліся лішнія нолікі, калі справа дойдзе да рэстаўрацыі іншых палацаў (а справа, не сумняваюся, дойдзе).

У многіх закінутых сядзібных дамах яшчэ захаваліся фрагменты інтэр'ера: ляпніна, роспісы, кафля, прыгожыя каваныя лесвіцы... Палацу Агінскіх у гэтым сэнсе пашчасціла куды менш: ацалелі толькі сцены, і таму іх "начынку" давядзецца ствараць з нуля.

Па словах Людмілы Івановай, у некалькіх памяшканнях плануецца аднаўленне гістарычных інтэр'ераў. На дапамогу тут прыйдуць старыя інвентары, якія ўтрымліваюць вельмі падрабязнае апісанне кожнай драбніцы, і прынцып гістарычных аналогій - падбор рэчаў, якія адпавядалі той або іншай эпосе. А таксама - спрыянне мясцовых жыхароў.

- У час майго дзяцінства, калі ў палацы была бальніца, мы хадзілі туды на экскурсіі, - згадвае галоўны спецыяліст аддзела культуры Марыя Клуйша. - Памятаю, што кафля на адным з камінаў яшчэ захавалася...

Як распавёў Віктар Корхаў, у мясцовых жыхароў яшчэ можна знайсці ўзоры той пліткі. І ўжо па іх эталоне зрабіць новую.

Сёння ў падлозе палаца можна ўбачыць глыбокія канаўкі. Віктар Корхаў тлумачыць, што туды будуць схаваны ад вачэй турыста ўсе сучасныя камунікацыі. Праект рэстаўрацыі прадугледжвае забеспячэнне сядзібы тымі выгодамі цывілізацыі, пра якія нават і не марылі яе гаспадары. Іх прысутнасць будзе адчувальная, але... нябачная. У прыватнасці, аб'ект займее і сваю кацельню.

Па словах вядучага інжынера, адноўлены палац будзе адпавядаць усім сучасным патрабаванням і нарматывам. Беларускае заканадаўства, як быццам, робіць для помнікаў спадчыны выключэнне, аднак на справе нарматывы выконваюцца і ў гэтым выпадку. Вось і кроквенная сістэма сядзібы стала больш трывалай і вытрывае любы снегапад.

Падарожнікі, якія наведвалі Залессе ў мінулыя гады, ужо прызвыча-іліся да неахайна-шэрага выгляду палаца. Але неўзабаве ён стане бялюткім і пакрыецца зялёным фальцавым дахам. На спічастай вежы з'явіцца гадзіннік, а завяршаць яе будзе загадкавая сфера, падобная на глобус, якая з'явілася яшчэ ў часы Міхала Клеафаса.

"Дэдлайн" для задум

Зрэшты, завяршэнне рэстаўрацыі зусім не азначае канец клопатаў па адраджэнні сядзібы, бо адразу ж узнікне пытанне: чым напоўніць гэтыя прыгожыя сцены?

 У адным з рызалітаў, на гістарычным месцы, размесціцца музычны салон з утульнай залай на 80 месцаў, ідэальнай для правядзення камерных імпрэз - і нейкіх семінараў, і, натуральна, канцэртаў. На сродкі, закладзеныя ў праграму транспамежнага супрацоўніцтва, плануецца набыццё ў палац двух раяляў.

Значная частка палаца будзе аддадзена пад музейную экспазіцыю. І ствараць яе давядзецца фактычна з нуля. Мяркуецца, што сядзіба стане філіялам Смаргонскага гісторыкакраязнаўчага музея. Як распавяла яго дырэктар Вераніка Забрамская, установа вельмі разлічвае на дапамогу Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры і асабіста яго кіраўніка Зінаіды Кучар, якая ўжо даўно збірае матэрыялы, прысвечаныя Агінскім.

Смаргонскі музей пакуль што і сам знаходзіцца ў стадыі станаўлення, якая ўжо яўна зацягнулася. Мы неаднаразова пісалі пра гэты аб'ект"даўгабуд", які ўжо каторы год не можа "дайсці да кандыцыі". І вось, лёд пакрысе зрушваецца. У музеі давялося ўбачыць мастакоў, якія шчыравалі над вялізнымі манументальнымі роспісамі першых залаў пастаяннай экспазіцыі. Таму мара жыцця колішняга дырэктара ўстановы, аўтара яе навуковай канцэпцыі Марыі Майсевіч пакрысе здзяйсняецца - няхай ужо і не пры жыцці руплівіцы, якая нядаўна пайшла з жыцця.

Марыя Майсевіч была і адным з "краевугольных камянёў" створанага не так даўно дабрачыннага фонду "Паўночныя Афіны". Як адзначыў старшыня яго праўлення, намеснік старшыні камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, справах сям'і і моладзі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Пётр Южык, задача гэтай ініцыятывы - усебаковае спрыянне папулярызацыі спадчыны Агінскага.

- Рэстаўрацыя - гэта, вядома, не тая справа, якую мы можам пацягнуць, - распавядае Пётр Уладзіміравіч. - Для яе рэсурсаў дабрачыннага фонду будзе недастаткова. Іншая справа - выдавецкія праекты і разнастайныя імпрэзы, якія спрыяюць вяртанню Залессю статуса "Паўночных Афінаў". Мы распрацавалі своеасаблівы план дзеянняў на бліжэйшыя гады. Сёння я вяду актыўныя перамовы з тымі людзьмі, чыя дапамога будзе для нас вельмі карыснай: творчымі асобамі, прадпрымальнікамі, навукоўцамі, журналістамі... Звярнуўся ўжо больш як да дваццаці такіх асоб - і паўсюль нам удалося дасягнуць паразумення...

Пётр Южык - родам з Залесся. Ён ужо даўно рупіцца аб ушанаванні і адраджэнні спадчыны Агінскіх і таму з радасцю ахвяруе свой імпэт на справы фонду.

- Мы проста працягваем і пашыраем тую дзейнасць, якая ўжо ажыццяўлялася і да стварэння фонду,- адзначыў ён. - Але ж яго паўстанне дасць справе новы штуршок, здолее сканцэнтраваць высілкі больш шырокага кола зацікаўленых...

Адзін з напрамкаў дзейнасці - гэта менавіта пошук экспанатаў для будучага музея, а таксама і сродкаў, патрэбных для іх набыцця. Справа гэта няпростая, асабліва калі ўлічыць, што галоўнай крыніцай папаўнення фондаў патэнцыйна з'яўляюцца замежныя аўкцыёны ды прыватныя калекцыянеры.

Натуральна, чакаць, што ініцыятыва энтузіястаў цалкам заменіць захады дзяржавы ў справе адраджэння гісторыка-культурнай спадчыны, наўрад ці выпадае. Але ж унёсак у агульны яе кантэкст такое пачынанне можа зрабіць не абы-які: рабочых рук будзе не ставаць у любым выпадку. І таму застаецца толькі пажадаць, каб падобныя фонды ўтвараліся і вакол іншых помнікаў спадчыны.

- Калі нічога не рабіць, дык нічога і не атрымаецца, - упэўнены Пётр Южык. - Але калі прыкласці агульныя намаганні, можна чагосьці і дасягнуць. Мы будзем звяртацца да падпрымальнікаў па фінансавую дапамогу ў ажыццяўленні тых або іншых нашых задум - такіх, як, скажам, падрыхтоўка і выданне мемуараў Агінскага. Калі проста прасіць грошы, дык ніхто не дасць. Іншая справа - пад канкрэтныя праекты, якія пададуцца мецэнату цікавымі ды карыснымі...

Як адзначыла Людміла Іванова, рэстаўрацыя палаца - гэта толькі пачатак доўгатэрміновых захадаў па адраджэнні "Паўночных Афінаў". Далей справа дойдзе і да шыкоўнага некалі парку. Сёння ён выглядае даволі рам а н т ы ч н а , ды... усё ж трохі занядбана.

- Дзякуючы сродкам, якія кожны год выдаткоўваюцца па лініі Міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяроддзя, а таксама высілкам валанцёраў парк падтрымліваецца ў больш-менш памысным стане, адбываюцца санітарныя вырубкі, - кажа архітэктар. - Але, вядома, аднаўленне яго былой велічы запатрабуе куды больш часу. У выпадку з помнікамі паркавага мастацтва гэта непазбежна...

Між тым, яшчэ напярэдадні мінулай рэстаўрацыі распачалася праектная праца па аднаўленні другога цэнтра сядзібы - яшчэ аднаго палаца, пабудаванага ў XVIII стагоддзі. Да нашых дзён ён не захаваўся.

- Але затое археалагічныя раскопкі дазволілі выявіць яго падмуркі, - распавядае Людміла Іванова. - Захаваліся таксама і падрабязныя інвентары, і ўсё гэта разам дазваляе вызначыць дакладную планіроўку будынка. Праблема была толькі з выглядам фасада. Але, калі мы ўжо паспрабавалі яго аднавіць, раптам знайшлася старая выява палаца. І яна, у прынцыпе, пацвердзіла нашу гіпотэзу: гэта быў вельмі прыгожы драўляны аднапавярховы дом...

Вадзяны млын, які быў узняты з падмуркаў яшчэ пад час мінулай рэстаўрацыі, усё яшчэ стаіць у струхлелых рыштаваннях. Адразу прыкінуў, што ў гэтым месцы атрымалася б выдатная кавярня. І, як выявілася, падобная думка з'явілася не толькі ў мяне. Па словах Марыі Клуйша, менавіта такое прыстасаванне млына падаецца найбольш верагодным. І, натуральна, перспектыва тут не настолькі далёкасяжная, як аднаўленне другога палаца.

Пётр Южык узгадаў таксама і пра задуму ўстаноўкі ў Залессі помніка Агінскаму. І запэўніў, што фонд "Паўночныя Афіны" будзе ўсяляк спрыяць гэтай затратнаму, але патрэбнаму праекту.

Тым часам, увасабленне яшчэ адной задумы ў сферы манументальнага мастацтва чакаецца ўжо ў найбліжэйшай будучыні. Значная частка работ па ўсталяванні маштабнага мемарыяла "Героям і ахвярам Першай сусветнай вайны" ўжо зроблена. Але, як паведамілі мне ў аддзеле культуры райвыканкама, адкрыццю павінна папярэднічаць вельмі сур'ёзнае добраўпарадкаванне тэрыторыі. А мясцовасць, дзе мае быць устаноўлена асноўная частка мемарыяла, уяўляе надзвычайную складанасць для архітэктараў. Тым больш, што аўтары гэтага маштабнага твора выкарыстоўваюць даволі шмат прасторы, ствараючы новыя маршруты экскурсій па Смаргоні.

- Гэты помнік будзе ўнікальны нават па сусветных мерках: яго аналагаў нідзе не знойдзеш, - кажа метадыст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Таццяна Касцюшэўская. - Але для нас, жыхароў Смаргоні, такі мемарыял мае асаблівае значэнне, бо тут, напэўна, няма ніводнай сям'і, якую не закранула б Першая сусветная вайна...

На думку Таццяны Зянонаўны, усталяванне мемарыяла - і, разам з тым, прыцягненне ўвагі да гісторыі Першай сусветнай - у перспектыве здатнае вырашыць лёс і яшчэ аднаго праблемнага помніка спадчыны: руін царквы Праабражэння Гасподняга ў вёсцы Новаспаск, якія добра праглядаюцца з дарогі Смаргонь - Крэва. Справа ў тым, што гэта не проста помнік архітэктуры (які, на жаль, не мае юрыдычнага статуса), але таксама і сведка жахлівых падзей той вайны. Сама вёска неаднаразова рабілася полем бітвы, і магутныя муры станавіліся стратэгічным аб'ектам - сведчанне чаго захавалася на іх і па сёння. З часоў вайны там мала што змянілася.

Адпаведна, гісторыка-культурнаму турызму на Смаргоншчыне сапраўды ёсць куды развівацца. Прастора тут - неабсяжная.

Што да згаданых вышэй задум, то ў іх ажыццяўленні ёсць выразны "дэдлайн". У выпадку з мемарыялам ахвярам і героям Першай сусветнай, гэта - 2014-ы, калі свет будзе адзначаць 100-годдзе пачатку вайны. А ўжо на наступны прыпадае яшчэ адна важная дата - 250-годдзе з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага. Ён таксама будзе святкавацца на міжнародным узроўні, і цалкам лагічна, калі эпіцэнтрам стануць менавіта адроджаныя "Паўночныя Афіны".

Мінск - Смаргонскі раён - Мінск