Панацэя ад “фактару недаверу” ў айсбергу нявыкарыстаных магчымасцей

№ 46 (1017) 12.11.2011 - 19.11.2011 г

Палац культуры ў Полацку. Дык усё ж — "за пазухай" ці ў свабодным плаванні?

/i/content/pi/cult/350/6614/pic_14.jpgНе так даўно ААТ "Полацк-Шкловалакно" ініцыявала перадачу свайго Палаца культуры на баланс гарадскіх улад. Мэрыя ахвотна пагадзілася, і кансэнсус хутка быў дасягнуты. Але... Супраць гэтага рашэння аднадушна выступіў калектыў палаца. Паводле "літары закону", голас супрацоўнікаў не мае юрыдычнай вагі. Але калі зірнуць на праблему шырэй - прычым не толькі ў маральным аспекце, але і ў чыста прагматычным, - вымалёўваецца зусім іншая сітуацыя. Бо Палац культуры - не проста "аб'ект уласнасці". Гэта не толькі сцены, мяккія крэслы і мікшарны пульт. Гэта, перадусім, тая каманда, якая зрабіла ўстанову запатрабаванай і проста любімай жыхарамі Полацка ды вывела яе калектывы папраўдзе на міжнародную арбіту. Пад лістом, дасланым на адрас рэдакцыі "К", - 16 подпісаў, дзе побач з прозвішчам пазначаны стаж спецыяліста ў культуры горада. Тэрміны - унушальныя: ад 10 і да 35 гадоў! Чым матываваны гэты неспакой? І як зберагчы нервовыя клеткі сапраўдных рупліўцаў выключна для творчых хваляванняў? Па адказы на гэтыя пытанні карэспандэнт "К" скіраваўся ў Полацк. 

 

"У Полацку нас ведаюць усе!"

Выпраўляючыся ў камандзіроўку, запытаў мастацкага кіраўніка Палаца культуры Ірыну Пятровіч, як знайсці патрэбны адрас. "Спытайце ў першага сустрэчнага, і ён вам падкажа, - адказала яна. - У Полацку нас ведаюць усе". Спрацавала!

Яно і не дзіва: лік удзельнікаў раскватараваных у палацы клубных аб'яднанняў дасягае 800 чалавек, а гэта кожны соты палачанін, не кажучы ўжо пра гледачоў усіх пакаленняў і густаў.

Цэнтр Еўропы знаходзіцца, як вядома, на полацкім праспекце Францыска Скарыны, а вось Цэнтр культуры цэнтра Еўропы - менавіта згаданы гмах па вуліцы Юбілейнай. Балазе і ў творчым і ў матэрыяльна-тэхнічным плане ён адпавядае еўрапейскім "стандартам"... Гэта - адна з прычын такога безапеляцыйна-пачэснага статуса. Другая - поўная адсутнасць канкурэнтаў. Але пра гэта - ніжэй...

Ці не кожную афішную тумбу Полацка сёння ўпрыгожвае каляровая рэклама спектакля адной з яго культурных візітовак - тэатра танца "Прэм'ер-Спонайд". Кіраўнік ансамбля з "заслужаным" статусам Вераніка Навіцкая нават не сумняецца, што зала на 650 месцаў будзе паўнюткай: збіраць аншлагі "Прэм'еру..." ужо не прызвычайвацца. У яго актыве - выступленні на самых прэстыжных пляцоўках краіны, уключна з Палацам Рэспублікі і Летнім амфітэатрам у Віцебску, а таксама мноства паспяховых замежных гастролей.

Тым часам "класічныя" калегі "Прэм'ера" - бальнікі з ансамбля "Фартуна" - актыўна рыхтуюцца да ўдзелу ў Чэмпіянаце свету па бальных танцах у Германіі, што пройдзе 26 лістапада. Артыстам, якія маюць аматарскі статус, давядзецца супернічаць з прафесіяналамі, і ўжо адно гэта для "Фартуны" - вялікі гонар... Як, зрэшты, і для іх роднай установы ды роднага горада ў цэлым.

І таму вельмі шкада, што кіраўнікі згаданых калектываў рупяцца не толькі пра творчыя вынікі. Галоўная прычына іх галаўнога болю сёння мае зусім іншы характар.

У кабінеце Ірыны Пятровіч сабраўся ці не ўвесь "творчы актыў" Палаца культуры. Спаяны за доўгія гады сумеснай працы касцяк прафесіяналаў адчувае і мысліць нібы ва ўнісон. Гутарка атрымалася шчырая, прынцыповая, эмацыйная, што непазбежна ў тым выпадку, калі гаворыш з людзьмі, якія давялі сваю "неабыякавасць" не красамоўным словам, але штодзённай працай.

Рэзюмэ іх пазіцыі можна выказаць лаканічна: перадача палаца на муніцыпальны баланс прывядзе да яго заняпаду. Адкуль такая выснова і чым яна матывавана?

 

Пытанне селекцыі

Як паведамілі карэспандэнту "К" у аддзеле культуры Полацкага гарвыканкама, паразуменне па пытанні перадачы палаца ўжо дасягнута. Прадпрыемства мае намер аддаць, муніцыпалітэт ахвотна бярэ... Рашэнне прынята, і справа толькі - за афармленнем дакументаў ды іншымі юрыдычнымі фармальнасцямі.

Пазіцыю цяперашняга ўласніка Палаца культуры зразумець не цяжка. І, у пэўнай меры, яна падаецца лагічнай. Як адзначыла намеснік генеральнага дырэктара ААТ "Полацк-Шкловалакно" Людміла Проп, само прадпрыемства мае зусім іншую спецыялізацыю, чым культурна-адпачынкавая дзейнасць. Яго прызначэнне - вырабляць, уласна, шкловалакно, забяспечваючы горад ладнай доляй падаткаў. Тым больш, палац даўно ўжо вырас са "штонікаў" ведамаснай самадзейнасці - ён служыць не канкрэтнаму заводу, а ўсяму Полацку. Іншая задача, іншыя маштабы, іншыя сродкі...

- Нашаму прадпрыемству палац патрэбны разоў мо пяць на год для правядзення ўласных мерапрыемстваў, - кажа Людміла Проп. - І мы гатовы ў такіх выпадках арандаваць залу за свае сродкі...

Натуральна, гэта куды танней, чым утрымліваць ладны будынак з яго штатам - і, у дадатак, плаціць камунальныя паслугі, якія налічваюцца па дарагіх, "вытворчых", тарыфах. Няўмольны рыначны прагматызм прымушае пазбаўляцца ад "няпрофільных актываў". Зрэшты, не проста пазбаўляцца, але перадаваць з рук у рукі тым, для каго яны самыя што ні ёсць "профільныя".

Перадача ўстаноў культуры з ведамаснага баланса на муніцыпальны - гэта тэма для асобнага артыкула і, паверце, - вельмі праблемнага. Бо часам такія ўстановы для ўласніка - бы спісаная торба. Давёўшы свой "агмень культуры" ледзь не да аварыйнага стану, сёе-тое прадпрыемства "ничтоже сумняшеся" ад яго адхрышчваецца, звальваючы адказнасць за далейшы лёс "падкідыша" на чужыя плечы.

Але Палац культуры "Полацк-Шкловалакно" - зусім не той выпадак. Перш чым аддаць яго гораду, уласнік нават пагадзіўся выканаць за свой кошт пэўныя рамонтныя работы. "Зрэшты, не вельмі істотныя", - удакладнілі ў аддзеле культуры гарвыканкама. З той простай прычыны, што стан гэтай установы асаблівага рамонтнага ўмяшальніцтва і не патрабуе: яго можна лічыць бадай узорным.

Што зменіцца для калектыву Палаца культуры пасля перадачы апошняга ў гарадскую ўласнасць? Заробак? Умовы працы? Фінансаванне творчых ініцыятыў?

Па словах Ірыны Пятровіч, рэальны заробак супрацоўнікаў і сапраўды мае зменшыцца - прыкладна на 20%. Але ж зусім не гэта стала прычынай іх абурэння (у тэксце ліста такая тэма ўвогуле не фігуруе): работнікі культуры баяцца страціць свае напрацаваныя дзесяцігоддзямі набыткі.

Значны адбітак на ўспрыняцце "творчым актывам" адміністратыўных рэформ наклала слова "селекцыя", прамоўленае кімсьці з прадстаўнікоў мясцовай улады пад час шматлікіх дыскусій. І прамоўленае, адзначым, з пытальнікам: маўляў, можа, ёсць сэнс абраць з двух тыпалагічна тоесных калектываў адзін?

На думку мастацкага кіраўніка "Прэм'ера..." (якой тая самая "селекцыя" асабіста ніякім чынам не пагражае), разнастайнасць калектываў - гэта яшчэ і разнастайнасць падыходаў да справы. І калі яна зменшыцца, полацкая культура пабяднее. Прычым гутарка - нават не толькі пра канкурэнцыю і здаровы дух спаборніцтва, а пра тое, што розныя творчыя суполкі ставяць перад сабой розныя задачы.

- Мы ад пачатку рыхтуем дзяцей да вялікай сцэны і таму іх як след "муштруем", прывіваем пачуццё адказнасці, - кажа Вераніка Навіцкая. - Але многія бацькі дбаюць зусім не пра вынікі і аддаюць дзяцей на танцы для забавы і "агульнага развіцця". Дык чаму ж у палачан не павінна быць права выбару?..

Адпаведна, пытанне "селекцыі" патрабуе надзвычайнай далікатнасці. Тым больш, кожны спрактыкаваны клубнік ахвотна пацвердзіць: стварыць добры калектыў - гэта вельмі складана. Захоўваць яго - куды лягчэй, а вось для таго, каб разваліць, ніякіх намаганняў увогуле не патрэбна. Адпаведна, крокі ў гэтым напрамку могуць быць незваротнымі.

Зрэшты, як запэўніла галоўны спецыяліст аддзела культуры гарвыканкама Юлія Аўчыннікава, змена ўласніка Палаца культуры не прадугледжвае ніякіх "рэвалюцыйных" рэформ у яго сценах: іх "насельнікі" прадоўжаць працаваць у сваім рытме ды на ўласных рэпетыцыйных пляцоўках. Праўда, да іх далучацца і некаторыя калектывы, якія цяпер маюць "муніцыпальнае падпарадкаванне".

- Гэта звязана з тым, што памяшканняў нам сёння вельмі бракуе, - тлумачыць Юлія Аўчыннікава. - Творчыя сілы горада "выраслі" з тых плошчаў, якія яны цяпер маюць у распараджэнні. Мяркуйце самі: у Гарадскім палацы культуры працуе 36 клубных аб'яднанняў, 15 з якіх - са званнямі. Але падкрэслю: "перагружаць" цяперашні палац "Шкловалакна" мы не плануем. І зробім усё, каб размешчаныя там калектывы не адчувалі ніякага дыскамфорту і маглі працаваць у сваім звычайным рэжыме...

 "Перадача Палаца культуры на бюджэт горада пацягне за сабой немалыя фінансавыя затраты", - пішуць у сваім лісце супрацоўнікі ўстановы. З гэтым не паспрачаешся. Паводле падлікаў эканамістаў аддзела культуры, яшчэ на пачатку года штогадовае ўтрыманне гэтай установы мела скласці пад мільярд рублёў! Але старшыня Полацкага гарвыканкама Аляксандр Пазняк, які не так даўно знайшоў час для асабістай сус трэчы з калектывам "Шкловалакна", запэўніў, што гэтыя выдаткі горад "пацягне".

Іншая справа - сродкі "звыш плана". Яны патрэбны калектывам палаца для стварэння эфектных касцюмаў і канцэртных выездаў за мяжу - на тыя ж конкурсы. Прадпрыемства ў дадзеным выпадку шчодра дапамагала (толькі на касцюмы да ўжо згаданага Чэмпіянату свету па бальных танцах у Германіі было выдаткавана ажно 60 мільёнаў рублёў).

Без сумневу, такія сродкі для аддзела культуры - непасільныя. І лішне нават казаць, што скасаванне гэтага "артыкула выдаткаў" умомант "падрэжа крыльцы" многім амбітным творчым задумам, ці, прынамсі, "выскубе пер'е"...

Але... Як адзначыла Юлія Аўчыннікава, выйсце з гэтай сітуацыі было знойдзена - лагічнае і цалкам заканамернае. ААТ "Полацк-Шкловалакно" пагадзілася і надалей падтрымліваць "Прэм'ер-Спонайд" (чыя канцэртная геаграфія надзвычай багатая), але ўжо ў іншай іпастасі - спонсара. Зрэшты, па словах Людмілы Проп, гэтае рашэнне патрабуе ўзгаднення на назіральным савеце Адкрытага акцыянернага таварыства.

Чаму толькі гэты калектыў, і куды падзецца ўсім астатнім? Як распавялі мне ў аддзеле культуры, такое пытанне таксама ўжо ўзнімалася. І кіраўніцтва завода запэўніла ў сваёй гатоўнасці падтрымаць і сур'ёзныя ініцыятывы іншых "насельнікаў" палаца.

 

Ці ёсць рэцэпт для ўпэўненасці ў лёсе?

Здавалася б, на гэтым усе пытанні можна лічыць вырашанымі. Бакі пайшлі насустрач адзін аднаму і знайшлі поўнае паразуменне - ва ўсялякім выпадку, на ўзроўні намераў. Але ўпэўненасці ў далейшым лёсе сваёй справы ў супрацоўнікаў палаца ўсё адно пакуль бракуе. Чаму?

Вось цытата з іх ліста ў рэдакцыю "К": "...Нармальна не функцыянуюць некалькі ўстаноў культуры, якія знаходзяцца ў цэнтры горада: разваліўся будынак былога Дома афіцэраў, у лядашчым стане - кінатэатр "Радзіма", патрабуецца рамонт школы мастацтваў, распачаты "даўгабуд" у Гарадскім палацы культуры. Гэтыя ўстановы цягам дзясяткаў гадоў не былі прыведзены ў належны стан".

Прыехаўшы ў Полацк, можна лёгка пераканацца ў тым, што гэтыя факты ў той або іншай ступені адпавядаюць рэчаіснасці. Муніцыпальныя ўстановы культуры калыскі беларускай культуры сёння выглядаюць не вельмі прэзентабельна. Той жа ГПК непрыемна здзіўляе як шчэрбінамі на фасадзе, так і памерам глядзельнай залы, што зусім не адпавядаюць самому яго статусу - усяго 300 месцаў. Зала ў былым Доме афіцэраў - найвялікшая ў горадзе, з добрай акустыкай і аркестравай ямай. Толькі вось канцэрты ў паўаварыйным будынку не ладзяцца ўжо даўно, а літаральна надоечы яго пакінулі і размешчаныя там аддзяленні школы мастацтваў. Пра звышпраблемны стан адзінага полацкага кінатэатра "Радзіма" мы ўжо пісалі (гл. "К" № 51 за 2010 г.).

Таму і не дзіва, што ўсе буйныя мерапрыемствы аддзела культуры апошнім часам ладзяцца не на ўласных пляцоўках (іх у спраўным стане, лічы, і не засталося), а ў гасціннай зале Палаца культуры "Шкловалакна" - балазе паразумецца калегам удаецца лёгка. Вытлумачальным становіцца таксама і "фактар недаверу" з боку супрацоўнікаў палаца.

Як склалася гэтая сітуацыя? Чаму матэрыяльны стан культуры такога немалога (і знакамітага) горада, як Полацк, выглядае несамавітым нават у параўнанні з "сярэднестатыстычным" райцэнтрам? Адрасаваць дадзенае пытанне мэру горада Аляксандру Пазняку і начальніку аддзела культуры Алене Астапавай сэнсу не мае: абое яны займаюць свае пасады толькі лічаныя месяцы. Ды, зрэшты, важны нават не пошук вінаватых, а менавіта вырашэнне таго суплёту назапашаных за дзесяцігоддзі праблем.

 І варта адзначыць, што яны ўжо спакваля вырашаюцца, бо такую мэту ставіць перад сабой Комплексная праграма развіцця Полацка, зацверджаная Указам Кіраўніка дзяржавы.

Праходзячы міма кінатэатра "Радзіма", заўважыў будаўнікоў, што шчыравалі на яго фасадзе. Там ужо зроблены работы на даху, цяпер справа дайшла і да фае. Паралельна з гэтым, вядзецца і рамонт з мадэрнізацыяй Гарадскога палаца культуры.

- Плануем завяршыць яго ўжо налета, да юбілейных мерапрыемстваў у гонар 1150-годдзя Полацка, - распавяла Юлія Аўчыннікава, запэўніваючы, што пра "даўгабуд" у дадзеным выпадку гаворка не вядзецца. - Прычым умовы ў гэтай установе будуць зусім іншыя, чым цяпер: "начынне" залы сучасным абсталяваннем нават запатрабавала карэкціроўкі архітэктурнага праекта. Горад атрымае папраўдзе ўтульную пляцоўку з добрай акустыкай, ідэальную для камерных імпрэз. І перадусім - для спектакляў нашага Заслужанага калектыву "Тэатр "Пілігрым"...

 Іншая справа - былы Дом афіцэраў. Памеры яго - зусім не камерныя. Сапраўдны палац у самым цэнтры Полацка, які быў збудаваны яшчэ да вайны ў лепшых традыцыях класіцызму, падыходзіць нават для оперных спектакляў, але, натуральна, не ў цяперашнім сваім стане. Каб яго змяніць, касметычнымі работамі не абысціся, а капітальны рамонт такога гмаху - справа вельмі затратная як па сродках, так і па часе.

Тым не менш, Юлія Аўчыннікава распавяла, што праектныя работы на гэтым аб'екце ўжо ідуць поўным ходам. Паводле Комплекснай праграмы, будынак спярша меркавалі поўнасцю аддаць пад Музей гісторыі Полацка, але потым было вырашана сумясціць гэтую яго функцыю з іншай - гарадской канцэртнай залы. Тым больш, адна адной яны не супярэчаць, ды і плошчаў там удосталь.

 І калі апісаныя вышэй задумы пачнуць адна за адной увасабляцца ў жыццё, калі "непрэзентабельныя" сёння ўстановы "зайграюць" бы інструменты ў зладжанай сімфоніі, паслухмяныя "дырыжорскай палачцы" таленавітага кіраўніка-менеджара, "фактар недаверу" знікне сам сабой. Іншых рэцэптаў ад яго, бадай, і не знойдзеш.

 

"Мы маглі б зарабляць больш"

Наша гутарка з калектывам Палаца культуры "Шкловалакна" неяк спакваля "спаўзла" на іншую тэму: не "балансавай" прыналежнасці, але эканамічнай эфектыўнасці самой установы. У чарговы раз дэманструючы аднадушнасць сваёй пазіцыі, яе супрацоўнікі ва ўнісон заявілі: мы маглі б зарабляць болей і прагнем гэта рабіць! Ставячы перад самой мэту зрабіцца рэнтабельнымі не на 30%, як сёння (зрэшты, таксама неблагі паказчык!), а хаця б напалову.

Сапраўды, магчымасці росту ў гэтым напрамку тут навідавоку. Аглядаючы памяшканні палаца, звярнуў увагу на дысказалу, забяспечаную як прыемным інтэр'ерам, гэтак і ўсёй належнай тэхнічнай "начынкай". Выдатнае месца для правядзення дыскатэк, рок-канцэртаў, вечароў "тых, каму яшчэ няма...". Запытаў, ці часта выкарыстоўваецца гэтая пляцоўка.

 Як выявілася, не так і часта. Тут ладзяцца, пераважна, карпаратывы альбо вяселлі. А чаму не рэгулярныя дыскатэкі? Бо... Такая пазіцыя ўласніка.

І гэта толькі вяршыня айсберга нявыкарыстаных магчымасцей. "Чаму б не арганізаваць камерцыйныя гастролі таго ж "Прэм'ер-Спонайда" ды іншых нашых калектываў?" - задаюць рытарычнае пытанне супрацоўнікі палаца. Балазе прэцэдэнт ужо быў, і расійскі глядач прыняў тэатр танца на ўра. Але... Як адзначыла Вераніка Навіцкая, тыя гастролі былі зладжаны дзякуючы шырокім кантактам самога тэатра танца.

Калектыў Палаца культуры дружна фармулюе праблему: нам патрэбны здольны і кампетэнтны прадзюсар. Паўжартам нават прагучала прапанова абвясціць конкурс на замяшчэнне гэтай вакантнай пасады праз старонкі "К".

Чаму пасада вакантная? Ды вельмі проста: такой пасады папросту не існуе. Штатны расклад установы яе не прадугледжвае.

- А што да сродкаў з уласнага рахунку? - запытаўся я. І даведаўся, што і рахунку ў палаца - таксама няма.

Яшчэ колькі гадоў таму палац яго меў. Тады і зарабляць грошы было значна прасцей, і матывацыя гэта рабіць выглядала куды больш уцямнай ды пераканаўчай. Якасная мэбля, набытая менавіта з пазабюджэтных крыніц, і пагэтуль спраўна служыць супрацоўнікам ды наведвальнікам.

- Цяпер нават для таго, каб купіць дробныя сувеніры пераможцам конкурсу, даводзіцца турбаваць асабіста генеральнага дырэктара "Шкловалакна" Мікалая Качаноўскага, - распавядае Ірына Пятровіч. - Ён ніколі не адмаўляе, але... Абодва бакі маюць лішнія клопаты!

Таму і не дзіва, што варыянт адноснай фінансавай незалежнасці разглядаецца калектывам палаца як самы прымальны. Бо менавіта ён робіць прычынна-выніковыя сувязі паміж высілкамі і вынікамі найбольш выразнымі. І дазваляе работнікам культуры ўзяць хаця б пэўную толіку адказнасці за ўласны лёс у свае ўласныя рукі. А заадно - і лёгка вырашыць праблему з прызамі для канкурсантаў.

Як паведамілі мне ў аддзеле культуры гарвыканкама, пытанне пра наданне гэтай установе статуса юрыдычай асобы пакуль не разглядалася.

 

■ ■ ■

Памкненні творчай асобы - зразумелыя: хочацца нейкай стабільнасці і ўпэўненасці ў тым, што справа твайго жыцця не змарнее, а будзе, наадварот, развівацца.

Супрацоўнікі Палаца культуры "Шкловалакна" мяркуюць, што такая стабільнасць дасягальная толькі "за пазухай" у вялікага прадпрыемства. І не надта прыслухоўваюцца да довадаў адносна таго, што нават гэты статус не пазбаўляе іх ад усіх перыпетый жыцця. Так, сённяшні гендырэктар шчыра дбае пра культуру. Але дзе гарантыя, што рэаліі часу заўтра не змусяць стаць "прагматычным вытворцам"? Ды і камерцыйны поспех любога бізнес-суб'екта ў жорсткіх умовах рынку - гэта велічыня зусім не канстантная...

 Абсалютна бяспройгрышныя варыянты ў наш час цяжка нават уявіць. І таму ў сённяшніх эканамічных варунках найбольш плённай падаецца менавіта "складаназлучаная" мадэль фінансавання творчых ініцыятыў. А яна прадугледжвае суплёт гарантаванага дзяржфінансавання, плёну ўласнай актыўнасці і, безумоўна, спонсарскіх сродкаў (як неаднаразова ўжо гаварылася, тыя ж апякунскія саветы могуць узнікаць не толькі вакол самых "брэндавых" устаноў краіны).

Урэшце, вельмі важна ўсвядоміць адну акалічнасць: мы абмяркоўваем праблему, што цікавіць хіба "далучаных" адзінак. Тысячам шараговых наведвальнікаў палаца няма абсалютна ніякай справы да таго, на чыім ён знаходзіцца балансе, і якія "падводныя механізмы" прыводзяць у рух гэтую махіну. Але ж працуе яна менавіта дзеля іх, дзеля ўсіх палачан!

Адсюль і мараль: якімі б ні сталі тыя механізмы ў найбліжэйшай будучыні, наступная прэм'ера "Прэм'ера-Спонайда" павінна быць... прынамсі, не менш уражальнай за папярэднюю - паводле ўсіх параметраў, уключна з касцюмамі. А "Фартуне" шчыра зычым поспеху на Чэмпіянаце свету па бальных танцах!..