“Яечня са шпінатам” на жалезных шчамлётках

№ 46 (1017) 12.11.2011 - 19.11.2011 г

“Дзявяты вал” сіметрыі Ільі Чашніка

/i/content/pi/cult/350/6605/pic_7.jpg"Яечня са шпінатам" - так лаялі авангард сто гадоў таму. "Гэтак можа кожнае дзіця!" - такое можна пачуць і ў наш час, калі публіка прыходзіць у абурэнне на некаторых выстаўках сучаснага выяўленчага мастацтва. Дый што такое авангард? Да сённяшняга дня наконт гэтага спрачаюцца ва ўсім свеце, і адказ так і не знойдзены. А гэта, на мой погляд, добра, інакш авангардысты былі б папросту не запатрабаваныя гісторыяй. Той з вас, хто прачытае дадзены артыкул, можа выявіць: многае з таго, што ў ім сказана, усё яшчэ здаецца нам сучасным, нават у параўнанні з найноўшым сусветным мастацтвам. Хачу спадзявацца, што жыццё майго сённяшняга героя - мастака Ільі Рыгоравіча Чашніка, можа, найлепшага паслядоўніка і паплечніка Казіміра Малевіча, - паслужыць штуршком да далейшага вывучэння не толькі яго творчасці, але і той мастацкай прасторы, у якой ён тварыў. Яно, ягонае жыццё, можа дадаць мужнасці тым, хто жадае паслядоўна ісці па ўласным шляху, хто не развучыўся марыць, і для каго так званы рэалізм (прынамсі, у савецкім уяўленні) не ёсць ісціна ў апошняй інстанцыі...

  ...У 2004-м Трацьякоўская галерэя на Крымскім вале адзначыла 125-годдзе з дня нараджэння Казіміра Малевіча выстаўкай графікі пад назвай "Казімір Малевіч, Ілья Чашнік, Мікалай Суецін", на якой экспанавалася дзевяць твораў аўтара "Чорнага квадрата" і шаснаццаць работ яго самых адданых вучняў-супрэматыстаў.

Дык вось, Ілья Чашнік належыў да кагорты найбліжэйшых супрацаўнікоў Малевіча і цалкам аддаў сваё кароткае жыццё ідэям перабудовы свету праз новае мастацтва - супрэматызм. Няма сэнсу гадаць, што здарылася б з мастаком, каб ён пражыў яшчэ з дзясятак гадоў і раней не пакінуў радзіму, як, скажам, В.Кандзінскі, У.Стржэмінскі, А.Экстар, І.Пуні або М.Шагал. Хаця прадбачыць ягоны лёс як "левака" і "фармаліста" ў эпоху сталінскага тэрору можна беспамылкава: ён або быў бы рэпрэсіраваны, як яго калегі па авангардзе В.Ермалаева, І.Гаўрыс, А.Дрэвін, або "перабудаваў" бы сябе на шляху канфармізму, што, ведаючы палкую натуру мастака, наўрад ці было магчыма...

Дарэчы, 4 сакавіка 1929-га адразу пасля смерці ад перытаніту 27-гадовага Іллі Чашніка ў яго нарадзіўся сын, таксама Ілья. Ён потым стаў таленавітым архітэктарам, доўгі час працаваў разам з Мікалаем Суеціным і ягонай жонкай - выдатным савецкім майстрам "белага фарфору", заслужаным дзеячам мастацтва РСФСР Ганнай Ляпорскай, з імем якой звязаны росквіт знакамітага Ленінградскага фарфоравага завода імя М.В. Ламаносава. Усе трое былі ў розны час (ужо пасля вайны) пахаваны на Багаслоўскіх могілках Ленінграда. І сёння мармуровы крыж узвышаецца над іх агульным гранітным надмагільным помнікам. Але дзе ў Ленінградзе знайшоў свой апошні прытулак сам Ілья Чашнік-старэйшы, пакуль не ведаю. Прынамсі, на Багаслоўскіх могілках яго пахавання няма...

Калі ён паміраў, да яго на кватэру прыйшоў Мікалай Суецін, каб маральна падтрымаць ужо безнадзейна хворага сябра. А той, перасільваючы боль, шапнуў: "Коля, перадай Казіміру Севярынавічу, што я памёр як мастак..." Праз два дні той жа Суецін паклаў да труны Чашніка вянок з надпісам на жалобнай стужцы: "Мастаку новага мастацтва". У гэты час Малевіч адсутнічаў: ён арганізоўваў свае персанальныя выстаўкі ў Варшаве і Берліне. Іншыя блізкія сябры творцы па віцебскім "дзявятым вале" новага мастацтва таксама былі далёка... Калі сціпла хавалі Чашніка, у Рускім музеі якраз працавала рэтраэкспазіцыя "Найноўшыя плыні ў мастацтве" з удзелам твораў былых калег і сяброў-сапернікаў Малевіча: ужо даўно з'ехаўшых за мяжу М.Шагала, Н.Ганчаровай, Д.Бурлюка, а таксама У.Татліна, Р.Фалька, П.Мітурыча, Л.Бруні, В.Розанавай, А.Дрэвіна, А.Шаўчэнкі... Але для работ самога Малевіча, а таксама Чашніка ды іншых супрэматыстаў тут месца не знайшлося: як сёння сказалі б, "не ўпісаліся" ў "фармат". Праз шэсць гадоў памёр Казімір Малевіч, чалавек, які "развязаў вузлы мудрасці і вызваліў усведамленне фарбаў", і той жа Мікалай Суецін спраектаваў для яго супрэматычную труну, у якой Майстра з Ленінграда везлі хаваць у Маскву...

У савецкую культуру і мастацтва ўжо відавочна /i/content/pi/cult/350/6605/pic_8.jpgпрыйшла новая сталінская эра, у жалезных шчамлётках якой сканаў авангард. Ды і сама тая вялікая выстаўка ў Рускім музеі аказалася ў СССР "лебядзінай песняй" "левага" мастацтва, "новага жывапіснага рэалізму", народжанага ў сваёй аснове ў Віцебску, Маскве і Петраградзе, якое праз нейкі час станецца залатой старонкай гісторыі сусветнай выяўленчай культуры. І на гэтай старонцы побач з Малевічам і Шагалам - заснавальнікамі Віцебскай мастацкай школы- будуць вечна зіхацець імёны іх паплечнікаў і вучняў І.Чашніка, В.Ермалаевай, Л.Лісіцкага, М.Суеціна, Л.Юдзіна, Л.Хідэкеля ды іншых "парушальнікаў спакою", для каго горад на Дзвіне стаўся галоўнай "візітоўкай" іх няпростых біяграфій...

Ілья Чашнік нарадзіўся ў гарадку Люцын Віцебскай губерні (пасля 11 жніўня 1920 г. - г. Лудза, Латвія) 29 чэрвеня 1902га ў сям'і рамесніка. Але яшчэ ў маленькім узросце сям'я пераехала ў Віцебск- горад, які Чашнік да канца жыцця лічыў сваёй сапраўднай радзімай. Калі яму яшчэ не споўнілася і адзінаццаці, бацька аддаў яго ў оптыка-механічную майстэрню, каб той з малых гадоў прызвычайваўся да карыснай, так бы мовіць, арэчаўленай працы. Але цяга да рысавання аказалася вельмі вялікай. І бацьку не заставалася нічога іншага, як завесці хлопчыка на вуліцу Гогаля ў адзіную ў Віцебскай губерні прыватную школу малявання і жывапісу, заснаваную яшчэ напрыканцы XIX ст. Юдалем (Юрыем) Пэнам. Праз гэтую школу ў розныя часы (да 1918-га) прайшлі М.Шагал, О.Цадкін, Я.Мінін, С.Юдовін, З.Азгур, Е.Кабішчар ды многія іншыя. Большасць з іх, па сутнасці, былі зусім дзеці (ад 9 да 15 гадоў), але азы мастацтва, атрыманыя ў Пэна, не прайшлі дарма: некаторыя з ягоных вучняў потым сталі выдатнымі майстрамі пэндзля і разца, вядомымі не толькі ў сваёй Бацькаўшчыне. І Ілья Чашнік у гэтым шэрагу займае далёка не апошняе месца.

Так, на пачатку 1918 г. Чашнік, адчуўшы сябе "моцным арэшкам" у справе жывапісу і рысавання, з лёгкай рукі Пэна, падаўся ў Маскву, каб паступіць на архітэктурнае аддзяленне Свабодных мастацкіх майстэрняў. Паступіў. Але праз кароткі тэрмін вярнуўся ў Віцебск і звязаў свой лёс з легендарнай Віцебскай мастацкай школай. Спачатку займаўся ў Шагала ў Мастацка-практычным інстытуце, потым, там жа, - у Малевіча, які стаў для Чашніка да канца яго жыцця сапраўдным "духоўным маяком" у мастацтве. У студзені 1920-га Малевіч, які ўзначаліў пасля Шагала інстытут, арганізаваў мастацкую групу "ПОСТНОВИС" ("Паслядоўнікі новага мастацтва") і 6 лютага прадставіў творы яго маладых членаў на адпаведнай выстаўцы. Праз тыдзень на базе гэтага аб'яднання ўзнік знакаміты УНОВИС, дзе Малевіч увёў зусім новы тып навучання, заснаваны на калектыўных пачатках. У гэтае аб'яднанне першымі ўвайшлі, акрамя самога Малевіча і "старэйшых" настаўнікаў В.Ермалаевай, Л.Лісіцкага і Н.Коган, вучні І.Чашнік, М.Суецін, Л.Юдзін, браты А. і М. Векслеры, Э.Гуровіч, М.Лерман, Г.Каган, Г.Наскоў, Я.Раяк, Д.Якерсон, Д.Санікаў, Л.Цыперсон, Л.Хідэкель, А.Цэйтлін, І.Чарвінка, Н.Іванова, Я.Магарыл (з Яўгеніяй Маркаўнай, аднагодкай Чашніка, я сустракаўся ў 60-я ў Пецярбургу, дзе яна, таленавітая акварэлістка, распавядала нам, студэнтам, пра сваё драматычнае жыццё ў блакадным Ленінградзе), а таксама І.Гаўрыс (ён быў знішчаны ў 30-я гады як "вораг народа", як і яго настаўніца В.Ермалаева, Р.Семашкевіч, браты П. і Х. Даркевічы, Я.Мінін).

Цяпер цяжка сабе ўявіць той феномен, што ўзрост радавых членаў УНОВИСА вагаўся ў сярэднім ад 15 да 20 гадоў. Толькі Гаўрысу было 30, а Чашніку- усяго 18. Але такі быў час, калі здавалася, што на хвалях рэвалюцыі праз новае футурыстычнае (у сацыяльным плане) мастацтва можна будзе цалкам змяніць свет. І ў гэтым плане супрэматызм для Малевіча і яго паплечнікаў быў ідэальным кірункам у рэалізацыі "касмічных" ідэй, асновы якіх былі распрацаваны Казімірам Севярынавічам яшчэ у давіцебскім "Чорным квадраце". І тое была не "местачковая" з'ява, характэрная толькі для Віцебска. Секцыі УНОВИСА выраслі як на дражджах: найперш - у Смаленску, дзе актыўна дзейнічалі супрэматысты У.Стржэмінскі і К.Кабро, да каго прыязджалі з Віцебска са сваімі навацыямі Малевіч, Лісіцкі і Чашнік, потым - у Маскве, Пярмі, Саратаве, Арэнбургу, Самары, Адэсе.

/i/content/pi/cult/350/6605/pic_9.jpgНягледзячы на той кароткі век, што быў адпушчаны Чашніку, ён паспявае яшчэ ў Віцебску хутка засвоіць супрэматысцкую канцэпцыю Малевіча, а пасля 1923 г. здолеў пераадолець стадыю супрэматысцкай стылістыкі, заснаванай толькі на геаметрычнай мове УНОВИСА, і пераарыентавацца на зусім індывідуальныя фармальныя даследаванні, непаўторныя па сваім бачным выяўленні, дзе святло фантастычным чынам перасякае чорны фон карціны. Так, напрыклад, сваю знакамітую вострадынамічную супрэматысцкую кампазіцыю сярэдзіны 20-х гадоў ён пабудаваў на аснове крыжападобнай сіметрычнай кампазіцыі з вылучэннем цэнтральнага чырвонага круглага ядра. Інакш кажучы, Чашнік у вобразе новай супрэматысцкай прасторы бачыў "дынамізм форм, які распачынаецца з дакладнага размяшчэння элементаў унутры прасторы".

Ужо ў Віцебску Чашнік пачаў класіфікаваць беспрадметнасць як "найвышэйшае становішча ўсведамлення" і, у першую чаргу, як "культуру магнітных сіл, дынамічнай узбуджанасці, рытму". Я ўжо не кажу пра тое, што пачынаючы з першых вопытаў Малевіча і яго вучняў уплыў супрэматызму зведалі такія "асы" авангарда, як "амазонкі духу" В.Розанава, В.Сцяпанава, Л.Папова, А.Экстэр, Н.Удальцова, Н.Давыдава, Г.Ляпорская, а таксама І.Клюн, А.Дрэвін, А.Веснін, А.Родчанка, І.Пуні, Н.Габо, К.Рэдзька, Н.Граноўскі. Думаю, ніхто не стане спрачацца наконт уплыву супрэматызму як новага пластычнага канона на амерыканскі мінімал-арт і рух "neo-geo". Ды і водгаласы "нуля форм", "вялікага Нічога", "канца-пачатку" можна знайсці ў работах Эндзі Уорхала, Вальтэра Дэкселя, Дэна Флевіна, Дональда Джада, у палотнах "Супрэматысцкай містэрыі" Герхарда Рыхтэра. А для нашага стагоддзя ідэі Малевіча, Чашніка, Суеціна яшчэ будуць вельмі патрэбныя ў дызайне, архітэктуры, прамысловай, дэкаратыўнапрыкладной і манументальнай творчасці, у сцэнаграфіі, ды і ў станковых відах выяўленчага мастацтва таксама.

Па вялікім рахунку, супрэматызм як мастацкая, абсалютна самадастатковая з'ява, як зона пошукаў і эксперыментаў, як "урок гармоніі, дынамікі, рытму, лініі і колеру", магчыма, сёння не вельмі зразумелы для непадрыхтаванага гледача. Патрэбна і папярэдная падрыхтоўка, і пэўная работа мозгу, і візуальны вопыт, каб зразумець, што, напрыклад, супрэматызм Малевіча, Чашніка, Суеціна і іх сяброў - гэта з'ява не менш каштоўная, чым традыцыйны фігуратыўны жывапіс альбо творы ранняга "сялянскага цыкла" таго ж Малевіча пачатку ХХ ст. і апошняга перыяду яго жыцця...

(Заканчэнне будзе.)

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"