Водар зямлі

№ 42 (1013) 15.10.2011 - 21.10.2011 г

Маціс і Мадзільяні ў сланечніках

/i/content/pi/cult/346/6490/pic_39.jpgУ Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбыўся вернісаж выстаўкі жывапісу і скульптуры "Кубанская зямля" з калекцыі Краснадарскага краявога мастацкага музея імя Ф.А. Каваленкі.

У экспазіцыі - рэтраспекцыя: 55 карцін 46 мастакоў, творчасць якіх ахоплівае перыяд з 1948 года па сённяшні дзень. Сярод аўтараў - народныя мастакі Расіі В.Нечытайла і В.Мардовін, а таксама шэсць жывапісцаў са званнем заслужаных дзеячаў мастацтваў: А.Апалонаў, С.Дудко, А.Паршкоў, В.Сідараў, С.Булгакаў, У.Жданаў.

Выстаўка вельмі разнастайная: ад "чыстага" сацрэалізму і "суровага стылю" да сучаснага авангарда, а таксама творчага асэнсавання некаторых з'яў гісторыі еўрапейскай выяўленчай культуры, як гэта робіць, напрыклад П.Бабенка ў карціне "Маціс у гасцях у Пашы" ці У.Андрушчанка ў "Нацюрморце з работай Мадзільяні". У жанравым сэнсе глядач пабачыць фігуратыўныя кампазіцыі, пейзажы кубанскай зямлі, нацюрморты, партрэты. Сярод апошніх ёсць і натурны партрэт Героя Савецкага Саюза Пятра Гаўрылава пэндзля В.Сідарава: легендарны абаронца Брэсцкай крэпасці апошнія гады жыцця жыў якраз у Краснадары.

Па вялікім рахунку, экспазіцыя - зрэз гісторыі развіцця пасляваеннага савецкага жывапісу ў "асобна ўзятым рэгіёне" з багатай урадлівай зямлёй, казачнымі сланечнікамі і вінаградам, шыкоўнымі кірмашамі і раздольнымі песнямі, а галоўнае - з цудоўнымі працавітымі людзьмі, якія гераічна выстаялі ў Вялікай Айчыннай ("Каўпак на рацэ Прыпяць" В.Авечкіна, "Паміж баямі" В.Крысіна, "Трывожныя гады" Б.Сіромы) і пасля Перамогі зрабілі Кубань залатой хлебніцай. І таму такія творы, як "Рысаводы" Р.Краўчанкі, "Сельскае свята" А.Бабаш, "Збор вінаграду" Т.Паўлавай, "Даярка Ніна Чуб" В.Нечытайлы, "Хлеб. Чырвоная каліна" Л.Самокіша ды іншыя, з'яўляюцца своеасаблівым "працоўным" /i/content/pi/cult/346/6490/pic_41.jpgлетапісам жыцця народа Кубані./i/content/pi/cult/346/6490/pic_40.jpg

На жаль, многіх аўтараў, творы якіх экспануюцца на выстаўцы, ужо няма сярод нас, але ўсе яны ўнеслі свой уклад у скарбніцу рэалістычнага мастацтва. Хаця ў экспазіцыі зусім мала прадстаўнікоў пакалення ХХІ стагоддзя, няспыннае мастакоўскае абнаўленне адчуваецца ў палотнах жывапісцаў сярэдняга пакалення, якія нарадзіліся адразу ж пасля вайны. Змяняючыся, мастацтва захоўвае цэласнасць, бо застаюцца яго асновы: светлы жыццесвярджальны пачатак, яркасць вобразна-пластычнага мыслення, прамая сувязь з зямлёй, што яго ўзрасціла, сувязь з чалавекам на ёй.

На адкрыцці выстаўкі выступілі намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Тадэуш Стружэцкі, паўнамоцны прадстаўнік главы адміністрацыі Краснадарскага краю ў Беларусі Алег Мурахоўскі, саветнік Пасольства Расіі ў Рэспубліцы Беларусь Таццяна Бірулёва, прадстаўнік Камітэта Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Сяргей Забалоцец, галоўны захавальнік Краснадарскага краявога мастацкага музея Вольга Гармаш, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Мікалай Апіёк, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея краіны Уладзімір Пракапцоў.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"