Веладуэт на пятым

№ 31 (1002) 30.07.2011 - 05.08.2011 г

Ад “белай” царквы да Белага Ковеля

/i/content/pi/cult/334/6110/pic_12.jpgГеаграфія падарожжаў па Беларусі спакваля пашыраецца, і таму за апошні час у турыстычны абарот было ўключана нямала "прызабытых" гісторыка-культурных адметнасцей. У той самы час, патэнцыял сферы яшчэ далёка не вычарпаны.

Апошняе засведчыў і чарговы, пяты па ліку, велатур "К", першы этап якога адбыўся на гэтым тыдні. Яго маршрут праходзіў па ўсходзе Беларусі: Чашніцкім, Сенненскім і Аршанскім раёнах. "Турыстызацыя" гэтых мясцін- пакуль толькі ў перспектыве.

Журналісты нашага выдання Ілья Свірын і Юрый Чарнякевіч выправіліся ў колішнюю рэзідэнцыю Сапегаў - Чарэі, дзе ад былой велічы захаваліся толькі руіны ўнікальнай раннебарочнай "белай" царквы па-над прыгожым возерам. Затым скіраваліся да рэшткаў сядзібы Старая Беліца, дзе, як мяркуюць даследчыкі, былі напісаны першыя беларускамоўныя вершы Янкі Купалы. А завяршылася падарожжа ў мястэчку Смаляны - з цэлай гронкай тамтэйшых помнікаў спадчыны, многія з якіх, аднак, знаходзяцца ў вельмі праблемным стане. У іх ліку і апетыя Караткевічам руіны Белага Ковеля - адзінага на Віцебшчыне замка, ад якога ацалела хоць нешта.

Без сумневу, распрацаваны журналістамі маршрут у перспектыве цалкам можа стаць масавым. Тым больш, значная яго частка праходзіць уздоўж буйных еўрапейскіх магістралей - сучасных аналагаў старажытных гандлёвых шляхоў. Як і раней, транзітныя тэрыторыі могуць атрымліваць сур'ёзныя дывідэнды ад турызму.

Як спалучыць прыдарожны сэрвіс з гісторыка-культурным турызмам? Пошукі адказаў на гэтае пытанне таксама ўваходзілі ў задачы журналістаў выдання. Падрабязна пра вынікі велатура - у бліжэйшых нумарах "К".

На здымках: "белая" царква ў Чарэях і рэшткі замка Белы Ковель.