“Тут мая душа. Тут і шукайце мяне…”

№ 30 (1001) 23.07.2011 - 29.07.2011 г

“Я цябе апішу, як свой Віцебск — Шагал...”

/i/content/pi/cult/333/6074/pic_28.jpg(Працяг. Пачатак у №№ 27 - 29.)  

...Нават шагалаўскія інтэр'еры - не замкнёная прастора, як у Мадзільяні. Калі гэта парыжскі пакой, то ў ім ёсць акно, а ў акне - кавалачак... Віцебска. А ў віцебскім інтэр'еры праз аконную шыбу бачныя іншым разам парыжскія пейзажы. Перад тым як зрабіцца мастаком з планетарнай прасторы і праспяваць радасць свабоднага палёту ў бязважкасці, Шагал выглянуў спачатку з акна бацькоўскай хаты на віцебскую вуліцу і назаўсёды палюбіў яе. Як пісала Анна Ахматава пра Парыж: "Здесь не Темник, не Шуя,/ Город парков и зал./ Но тебя опишу я,/ Как свой Витебск - Шагал..."

Ды і ўсе іншыя прадстаўнікі Парыжскай школы - ад мексіканца Дыега Рыверы, іспанца Хуана Грыса, паляка Моіса Кіслінга і японца Леанара Фужыта да нашых землякоў Хаіма Суціна, Міхаіла Кікоіна і Паўла Крэменя - усё ж, галоўным чынам, як ні круці, малявалі жывапісны Парыж, людзей, прыроду і жыццё гэтай цудоўнай краіны. І ў гэтым сэнсе Шагал сярод іх - адзінокі бусел, які ніяк не мог (ды і не хацеў!) адарвацца ад свайго роднага гнязда...

...Кастрычніцкі пераварот заспеў Марка ў Петраградзе. Далёкі ад палітыкі, ён не надаў гэтай падзеі значэння: "Канешне, я зразумеў, што маё мастацтва не мае з ім (марксізмам. - Б.К.) нічога агульнага... У Міхайлаўскім тэатры сабраліся акцёры і мастакі. Яны хацелі стварыць Міністэрства мастацтва. Я прысутнічаў як глядач. Раптам сярод названых імёнаў пачуў сваё. Я паехаў з Петраграда ў Віцебск. Аддаў перавагу роднаму гораду перад месцам у Міністэрстве..."

Затое ад прабывання ў Петраградзе ў творцы засталіся вельмі яркія ўспаміны пра знаёмства з маладымі У.Маякоўскім і С.Ясеніным. Напрыклад: "На сходзе паэтаў гучней за ўсіх крычаў Маякоўскі. Сябрамі мы не былі, хаця Маякоўскі і падарыў мне адну сваю кнігу з такім дарчым надпісам: "Дай бог, чтобы каждый шагал, как Шагал". Ён адчуваў, што мне агідна ад яго лямантаў і пляўкоў у твар публікі. Навошта паэзіі столькі шуму? Мне больш падабаўся Ясенін, з яго чароўнай белазубай усмешкай... Ясенін прывітальна махаў мне рукой. Магчыма, паэзія яго - недасканалая, але пасля Блока гэта адзіны ў Расіі крык душы..."

Словам, пасля нядоўгага прабывання ў сталіцы, дзе ён паспеў папрацаваць у Ваенна-прамысловым камітэце, у верасні 1918-га Шагал апынуўся зноў у родным горадзе, які сустрэў яго "мноствам платоў і сініх свіней".

Але ў ягонай кішэні ўжо ляжаў мандат камісара па справах мастацтваў, які яму даваў "права арганізацыі мастацкіх школ, музеяў, выставак, лекцый і нарад па мастацтве і ўсялякіх іншых мастацкіх мерапрыемстваў у межах горада Віцебска і ўсёй Віцебскай губерні".

Наіўны Шагал быў упэўнены, што "...мастацтва толькі тады /i/content/pi/cult/333/6074/pic_29.jpgможа мець назву з вялікай літары, калі яно рэвалюцыйнае па сваёй сутнасці". Спачатку так - да пары да часу - лічылі і некаторыя іншыя дзеячы "новай сацыялістычнай культуры": Малевіч, Татлін, Філонаў, той жа Маякоўскі, Блок, Ясенін. Гэтую "рэвалюцыйную сутнасць" мастацтва і Шагал найбольш адкрыта ды люта выявіў у дзейнасці па афармленні ў Віцебску рэвалюцыйных святаў. Да сённяшняга дня захаваліся толькі тры шагалаўскія эскізы афармлення горада: "Наперад" - дзе юнак, раскінуўшы рукі, нібы крылы, імчыцца над зямлёй, а ўнізе бачны Віцебск; "Вайна палацам": мужык у падпяразанай кашулі ўздымае дом з калонамі; на трэцім эскізе вершнік імчыцца ў нябёсах над горадам і трубіць аб перамозе...

Такая ўсеагульнасць успрыняцця рэвалюцыйных падзей і знітаваных з ёй асацыяцый уласцівая ўсёй творчасці Шагала ў паслякастрычніцкія гады. У станковых рэчах гэтая якасць праступае яшчэ больш выразна і ў зусім нечаканых формах. У іх трыумфуе цуд. Усе карціны так або інакш далучаны да нейкіх найвышэйшых сіл, якія ўрываюцца ў будзённую хаду жыцця і рашуча пераўтвараюць яе. Менавіта ў 1917-м Шагал і Бэла "ўзляцелі" ў неба, і свет прыйшоў, на думку мастака, у гармонію. Скончыўся час напружанасці, дурыкаў, нялёгкіх прадчуванняў. Прыйшоў палёт як здзейсненая ўтопія Шагала, адна з найпрыгожых утопій часу. І гэты "палёт" на фоне, канешне ж, Віцебска, для Шагала і яго Бэлы, радасны і бестурботны, мастак натхнёна ўвасобіў у такім палатне, як "Двайны партрэт", і ў трыпціху "Шпацыр". Для гэтых персанажаў палёт - такі ж натуральны стан, як зямное паўсядзённае жыццё ў атачэнні хатняй жывёлы і мастацкага рыштунку.

На маю думку, менавіта сюжэтныя матывы рамантычных палётаў і нарадзілі чарадзейны васільковы колер Шагала. Колер паветранага акіяна, па якім чалавек свабодна плыве разам... з каровамі... Цікавасць да вуліцы, да людзей на ёй, да жывога свету ён захавае назаўсёды, апошнім разам адлюстраваўшы яе ў сваіх паэтычных фантазіях на тэмы Старога Запавету. Ягоныя біблейскія масавыя сцэны - водгукі віцебскіх рэвалюцыйных святкаванняў, якія ён афармляў у тыя гады, а таксама Малевіч, Лісіцкі, Ермалаева, Суэцін, Коган і іхнія маладыя аднадумцы. Пасля таго, як Шагал паехаў з Віцебска і перастаў адчуваць "рэвалюцыйны ўздым", ягоныя палёты сталіся іншымі. Яны не страцілі лірыкі, але страцілі пераможнае трыумфальнае гучанне.

Я не буду распавядаць пра Шагала як арганізатара і натхніцеля так званага Віцебскага вышэйшага народнага мастацкага вучылішча, якое паклала пачатак мастацкай адукацыі ў Беларусі: аб гэтым шмат напісана. Але галоўнае: Шагала па праве можна лічыць адным з родапачынальнікаў "віцебскага Рэнесанса" - эстэтычнага феномена мастацтва ХХ ст., які ўвайшоў у сусветную гісторыю культуры пад назвай "Віцебская мастацкая школа".

/i/content/pi/cult/333/6074/pic_30.jpgУ 1977 г. на Х З'ездзе мастакоў БССР я пазнаёміўся з госцем форуму - вядомым мастаком-графікам з Казахстана Валянцінам Антошчанка-Аленавым. У гутарках з ім высветлілася, што ён быў у рэвалюцыйным Віцебску... прыватным вартаўніком у новаспечанага "камісара" Шагала і, перавязаны кулямётнымі стужкамі, з парабелумам у драўлянай кабуры, заўсёды суправаджаў па горадзе "таварыша Шагала", які заўсёды хадзіў у вышытай касаваротцы і са скураным паношаным партфелем пад пахай.

Валянцін Іосіфавіч шмат распавядаў мне пра гэты перыяд шагалаўскіх дзеянняў "па рэвалюцыйным пераўладкаванні мастацтва і адукацыі": лічыў, што Шагал "шмат чаго зрабіў карыснага і добрага для справы рэвалюцыі, і каб не ашалелая кампанія новаспечаных маладых задзірлівых фармалістаў, невядома, як у далейшым склаўся б лёс Марка Захаравіча".

Зараз жа я прывяду фрагменты з запісаў, якія ў мяне захаваліся з тых дзвюх сустрэч з Валянцінам Антошчанка-Аленевым.

 "Я памятаю той камісарскі мандат Шагала, які зарэгістраваны віцебскім аддзелам народнай асветы 25 верасня 1918 года. У ім было сказана, што мастак прызначаны ўпаўнаважаным калегіяй па справах мастацтва Віцебскай губерні, і яму давалася паўнамоцнае права арганізоўваць практычна ўсе мерапрыемствы, звязаныя з прапагандай рэвалюцыйнага мастацтва. Сям'я, 18-гадовы хлапец з бацькамі- Іосіфам Іосіфавічам і Евай Адамаўнай (яны абодва- латышы-сяляне Антокшасы-Лурупы), - прыехала ў адносна сыты і спакойны Віцебск за колькі дзён да таго: у сярэдзіне верасня 1918-га. Прыехаў я з горада Сестрарэцка, дзе працаваў слесарам на заводзе па вырабе зброі. За плячыма быў і некаторы мастацкі вопыт: пэўны час зусім юным навучаўся ў пецярбургскай школе падтрымкі мастацтваў. У Віцебску мяне адразу ж пасля прыбыцця прызначылі ахоўнікам "камісара Шагала", бо я быў фізічна вельмі моцны і меў некаторую баявую практыку ў снежаньскіх рэвалюцыйных баях 1917 года. Такім чынам, з Шагалам я быў побач практычна штодзень да канца жніўня 1919-га, пакуль мяне не мабілізавалі ў Чырвоную гвардыю.

Паралельна з абавязкамі целаахоўніка наведваў з лістапада 1918-га Народнае мастацкае вучылішча, хаця афіцыйна яно было адкрыта напрыканцы студзеня наступнага года. Адкрывалі яго, памятаю, сам Шагал, Дабужынскі, Ксенія Багуслаўская, хтось яшчэ. На тагачаснай вуліцы імя Бухарына было вельмі шумна, святочна, незвычайна..."

"Найярчэй у памяці захаваліся дні, калі мы рыхтаваліся да першай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. Тады Шагал літаральна падняў на ногі ўвесь мастацкі Віцебск: настаўнікаў і іхніх вучняў. І нават тых, хто толькі-толькі мог трымаць пэндзаль у руках. Штодзённа, з вялікім прыцэлам на будучыню, аглядалі з Шагалам горад: Саборную плошчу, вуліцы Ветраныя (іх было дзве), Задуноўскую, Гогалеўскую, базарныя кропкі, фасады двухпавярховых дамоў, драўлянага тэатра Ціханоўскага на Канатнай вуліцы, кінатэатраў "Арс", "Рэкорд", "Ілюзіён" - словам, усё, што можна было ўпрыгожыць святочнымі пано, сцягамі, гірляндамі, агітплакатамі, насценнымі роспісамі. Асабіста я па эскізах Шагала (разам з юнай Жэняй Магарыл і Лёвам Цыперсонам) ствараў плакаты з выявай палаючай паходні на фоне разгорнутай кнігі- сімвала народнай асветы. Таксама на адным з трамваяў, што хадзіў па вуліцах Смаленскай, Замкавай і Вакзальнай, размалявалі фігуру рабочага ў блакітнай кашулі, які шалёна біў молатам па кавадле. Пад наглядам Шагала з Эмай Гурэвіч зрабіў пано на фасадзе гарадскога тэатра (не блытаць з Тэатрам рэвалюцыйнай сатыры, які ўзнік крыху пазней). З яго арганізатарам паэтам Міхаілам Пустыніным я быў трошкі знаёмы..."

(Заканчэнне будзе.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"