Паляванне на льва, або Як не “згубіцца ў Венецыі”?

№ 30 (1001) 23.07.2011 - 29.07.2011 г

Новыя шляхі да аб’ектыўнага art-трэнда

/i/content/pi/cult/333/6068/pic_16.jpgДа закрыцця 54-га Венецыянскага біенале засталося яшчэ колькі месяцаў, але пэўныя папярэднія вынікі беларускага ўдзелу ў ёй карціць падвесці ўжо сёння. У той самы час, найперш варта ўсвядоміць, што ж мы хацелі атрымаць "на выхадзе": узнагароды, якія маюць матэрыяльнае ўвасабленне, альбо новую магчымасць для транскультурнага дыялога і, урэшце, пазіцыянавання краіны? Гэта важна, бо фарміруе самі крытэрыі ацэнкі Нацыянальнага павільёна. 

"Згубіцца ў Венецыі" - справа элементарная, асабліва ў дні Біенале, калі колькасць выставак на кожны гектар плошчы ажно зашкальвае. Як адзначыла камісар павільёна Беларусі Наталля Шаранговіч, айчыннай экспазіцыі пашчасціла: яна апынулася ў досыць выгадным месцы, пасярод папулярнага маршруту, якім кіруюцца шматлікія турысты, што з усяго свету прыязджаюць, прылятаюць і нават прыплываюць у Венецыю спецыяльна, каб азнаёміцца з экспазіцыямі Біенале. Таму і наведвальнікаў айчыннаму павільёну не бракуе. Іх лік ужо ідзе на тысячы.

Месца для беларускага павільёна знайшлося ў адным з эпіцэнтраў Біенале - Арсенале, дзе сёлета істотна пашырыліся выставачныя плошчы. Для музея або галерэі гэты комплекс выглядае вельмі нязвыкла, што, зрэшты, заканамерна, бо яго першаснае прызначэнне - сударамонтная верф. Хаця для Венецыянскага біенале (і сучаснага мастацтва ў цэлым) такая сітуацыя- досыць тыповая. Дзякуючы джэнтрыфікацыі помнікі прамысловай архітэктуры набываюць новае функцыянальнае прызначэнне, становячыся пляцоўкамі для прэзентацыі творчых эксперыментаў і, пры гэтым, захоўваючы сваё гістарычнае аблічча.

- Для нас, прызвычаеных да класічных музеяў, выгляд былой верфі падаецца нават трохі брутальным,- кажа Наталля Шаранговіч. - Але ж "ужыўшыся" ў гэтую прастору, мы зразумелі, што яна мае свой спецыфічны шарм. Так, адаптацыя памяшкання для экспазіцыі запатрабавала нямала высілкаў: гэта была праца не з лёгкіх. Аднак, падаецца, вынік атрымаўся цікавы: архітэктар Міхаіл Шыкаў прапанаваў гледачу своеасаблівы маршурт руху, а маленькія і вытанчаныя графічныя творы Юрыя Алісевіча, выяўленыя наўпрост на выставачных шчытах, выглядалі своеасаблівымі вокнамі ў свет беларускага жыцця... Пачуць уражанні Міжнароднага журы Біенале аб гэтых работах нам, натуральна, не давялося, як і аб усім павільёне ў цэлым (тое сярод членаў журы не прынята). Аднак убачыць іх зацікаўленую рэакцыю можна было нават няўзброеным вокам. Між іншым, творы выкананы гелевай асадкай, якая паступова выцвітае ад летняга сонца,- і ў гэтым таксама ёсць элемент гульні...

Да гэтай выправы ў Венецыю айчыннае арт-асяроддзе падступалася даволі доўга. І, як мяркуе асістэнт куратара павільёна, кандыдат мастацтвазнаўства і, у дадатак, прадстаўнік айчыннага contemporary art Павел Вайніцкі, прагрэс - навідавоку:

- Самы першы ўдзел Беларусі ў Венецыянскім біенале - 2005 год - абмежаваўся традыцыяналістычнай выстаўкай карцін на сценах і скульптур на падставачках (што ў агульным біенальным кантэксце выглядае як нонсэнс). Другі павільён, сфарміраваны ў Мінску як увасабленне мары айчынных аўтараў трапіць у Венецыю, паводле прынцыпаў арганізацыі экспазіцыйнай прасторы нагадваў, хутчэй, тыповы арткірмаш. Амаль аднолькавыя сотыбоксы, у кожнай з якіх "валадарыць" асобны мастак, - падыход удалы для гіпермаркета, але зусім не ўласцівы Венецыянскаму біенале - падзеі падкрэслена некамерцыйнай... . Сёлета гледачы, нарэшце, могуць убачыць цэласны куратарскі праект.

 

Водар беларускай саломы

Фармат, характар і дух такой імпрэзы, як Венецыянскі біенале, досыць нязвыклы для прадстаўнікоў айчыннай медыяпрасторы. Мы проста не ведаем, што гэта такое "і з чым яго ядуць".

- І пакуль не паедзеце туды самі, не будзеце ведаць, - ахвотна развівае маю думку Павел Вайніцкі. - Трапіць на Венецыянскі біенале важна хаця б для таго, каб... усвядоміць, што гэта такое...

Аднак вельмі нямногія з беларускіх журналістаў дабраліся сёлета да Венецыі. Пэўна, менавіта адсюль і спакуса правядзення досыць дзіўных паралелей - прыкладам, з "Еўрабачаннем" або нават са спартыўным спаборніцтвам. Куратар павільёна Беларусі Міхаіл Баразна неаднойчы казаў пра іх беспадстаўнасць, але... C'est la vie: акцэнт на конкурсным аспекце Біенале ў некаторых публікацыях усё адно быў яўна празмерным.

- Усе "далучаныя" цудоўна разумеюць, што прыз - гэта плён і адлюстраванне тых канвенцый, якія існуюць у інтэрнацыянальнай мастацкай эліце,- кажа Павел Вайніцкі. - І таму да "раздачы львоў" ставяцца вельмі спакойна. Тым больш, леў - адзін, а ўдзельнікаў сёлета было 89...

Гэтым разам "Залатога льва" атрымаў павільён Германіі - у знак пашаны да яго рэпрэзентанта Крыстафа Шлінгезіфа, які, на жаль, не здолеў убачыць увасабленне сваёй папраўдзе грандыёзнай задумы, бо пакінуў гэты свет у жніўні мінулага года.

Характэрная для сучаснага мастацтва плюральнасць крытэрыяў робіць вынікі любога спаборніцтва ў гэтай сферы ўмоўнымі і "валюнтарысцкімі". Гэта вам не спорт, дзе ёсць аб'ектыўныя паказчыкі, з якімі не паспрачаешся. А вось пра густы, акурат-такі, можна спрачацца да бясконцасці- і ў гэтым, без сумневу, будзе пэўная карысць. Прычым Павел Вайніцкі перакананы, што менавіта ў такіх дыскусіях і тоіцца галоўны сэнс Венецыянскага біенале.

- Гэта цудоўная пляцоўка для міжнароднага абмену думкамі, для прафесійнай камунікацыі паміж мастакамі, куратарамі, крытыкамі і гледачамі з розных краін свету,- кажа ён. - І вельмі важна, што гэтыя кантакты сёлета наладжваліся і ў беларускім павільёне - на "глебе" прадстаўленых там твораў.

Па словах Паўла Вайніцкага, поспехам карысталася саламяная рэпліка "Таемнай вячэры" ў выкананні Артура Клінава, групы зацікаўленых гледачоў даводзілася бачыць ля відэаінсталяцыі Дзяніса Скварцова... Гэтыя спецыфічна беларускія творы -тое, чым мы здолелі здзівіць і ўразіць замежных наведвальнікаў.

- Работа Артура прыцягвала не толькі сваімі задумай, габарытамі, матэрыялам, але таксама і пахам, - дадае Наталля Шаранговіч. - Для замежнікаў ён вельмі нязвыклы - і вельмі прыемны! Хаця папярэдне нам давялося апрацаваць скульптуру спецыяльнымі растворамі ад насякомых і пажару.

 

Канкурэнтная барацьба

Удзел Беларусі ў Венецыянскім біенале спарадзіў пэўныя дыскусіі і ўнутры краіны. І гэта непазбежна: "пуцёўка" ў Венецыю толькі адна, а прэтэндэнтаў на яе, натуральна, было значна больш.

- Канкурэнтная барацьба за права прадстаўляць краіну на Венецыянскім біенале ёсць і ў іншых краінах, - адзначае Павел Вайніцкі. - І гэта - нармальна.

Слова "куратар" паціху прыжываецца і ў родных пенатах, але ж месца і роля гэтай фігуры ў арт-працэсе паранейшаму выклікае пэўныя непаразуменні. Адсюль і папрокі ў валюнтарызме. Пытанне, чаму былі абраны менавіта гэтыя, а не іншыя мастакі, гучала неаднаразова.

- Па сутнасці, куратар мала чым адрозніаецца, скажам, ад жывапісца,- лічыць Павел Вайніцкі. - Хіба з той розніцай, што сваю "карціну" ён піша не фарбамі на палатне, з дапамогай твораў тых або іншых мастакоў у экспазіцыйнай прасторы. Таму папракаць куратара ў ягоным выбары - гэта тое самае, што ўказваць мастаку, якімі фарбамі яму маляваць...Ці, яшчэ весялей -які сюжэт абраць. Менавіта так выглядаюць некаторыя абмеркаванні і рэкамендацыі.

Некаторым падавалася, што менавіта замежныя куратары маглі б скласці больш аб'ектыўную карціну беларускага мастацтва, з улікам пэўных сусветных "трэндаў". Таму гучалі прапановы запрасіць "варага" з ладным досведам удзелу ў падобных форумах.

- Асабіста мне такія меркаванні падаюцца сумнеўнымі, - кажа Павел Вайніцкі. - Удзел у Біенале дае добрую магчымасць павелічэння досведу прадстаўнікоў мясцовай мастацкай супольнасці. І яны павінны гэты досвед атрымліваць, не баючыся рызыкі, бо без яе не будзе развіцця... Больш за тое: чалавек "збоку", які не ўкаранёны ў лакальным кантэксце, здатны хіба на павярхоўнае ўспрыняцце нашых арт-рэалій. Натуральна, ён здолее адабраць трэндавыя з'явы, аднак наўрад ці ў яго атрымаецца разгледзець неабходныя для венецыянскай рэпрэзентацыі нацыянальныя адметнасці...

Як адзначыла Наталля Шаранговіч, памкненне абыходзіцца "сваімі сіламі" было прынцыповым. І, па вялікім рахунку, яно прынесла плён: усё задуманае - атрымалася.

На думку дырэктара Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, павільён Беларусі ў чарговы раз засведчыў, што акадэмічная школа - гэта не перашкода, але аснова для свабоднага эксперыменту. І веданне асноў класічнай кампазіцыі дазваляе сучасным мастакам рабіць свае аўтарскія выказванні больш пераканаўчымі.

 

Геаграфічны "лікбез" праз мастацтва

Гісторыя таго пласта беларускага мастацтва, які з пэўнай доляй умоўнасці называюць сучасным, уражвае сваёй дыскрэтнасцю. Яркія з'явы - ад "УНОВИСа" і да Ізраіля Басава - не здолелі спарадзіць не тое што "трэндаў", але і генерацыйнай пераемнасці.

Што ні кажы, але традыцыі і пераемнасць існуюць нават у такой з'яве, як contemporary art, але пакуль што, на жаль, не ў беларускім. І ў звязку з гэт ы м , варта задаць наступнае пытанне: ці не стане наш паўнавартасны дэбют на Біенале "адзінкавым стрэлам"? Ці будзе ў яго планамерны і заканамерны працяг? І справа, натуральна, не толькі ва ўдзеле Беларусі ў чарговым Венецыянскім арт-форуме, бо прысутнасць айчыннага сучаснага мастацтва ў сусветнай арт-прасторы не павінна быць эпізадычнай.

Уласна, канкрэтныя адказы на гэтае пытанне ўжо напагатове. Па ініцыятыве Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, айчынны выставачны праект упершыню быў адабраны для яшчэ аднаго знакавага для сусветнай артпрасторы біенале- Маскоўскага. Выстаўку "Унутраныя ландшафты", куратарамі якой з'яўляюцца Вольга Рыбчынская і Павел Вайніцкі, мінчане маглі ўбачыць не так даўно ў рамках Рэспубліканскай выстаўкі выяўленчага мастацтва "Зямля пад белымі крыламі".

- Мы прапанавалі гэты праект мастацкаму кіраўніку Маскоўскага біенале - знакамітаму мастацтвазнаўцу Іосіфу Бакштэйну, не надта спадзеючыся на тое, што ён будзе адабраны,- прызнаецца Наталля Шаранговіч. - І, тым не менш, рэакцыя была вельмі станоўчая. "Унутраныя ландшафты" ўжо ўключаны ў спіс спецыяльных праектаў Біенале...

- Сапраўды, не трэба зацыклівацца выключна на Венецыянскім форуме, - падкрэслівае Павел Вайніцкі. - У свеце сучаснага мастацтва нямала іншых знакавых падзей, і Маскоўскі біенале, несумненна, трапляе ў іх спіс...

Між тым, увосень адбудзецца яшчэ адна маштабная прэзентацыя айчыннага мастацтва за мяжой. Напрыканцы верасня ў культавым берлінскім кунстхаўзе "Тахелес" запланавана адкрыццё юбілейнага, пятнаццатага па ліку, фестывалю "Дах". Адмовіўшыся ад яго правядзення ў Мінску, арганізатары фэсту, у той самы час, мяркуюць зрабіць іншую добрую справу.

- Беларускіх удзельнікаў на гэтым "Даху" будзе больш, чым на ўсіх яго берлінскіх папярэдніках: прыкладна паўсотні, - распавёў адзін з яго куратараў Зміцер Юркевіч. - Да таго ж, мы плануем, што фестыв а л ь н ы я імпрэзы сёлета будуць адбывацца на самых галоўных пляцоўках пяціпавярховага арт-цэнтра...

"Тахелес" мае досыць спрэчную рэпутацыю ў сусветных мастацкіх колах, але... З ім звязаны не толькі міфы, а і неаспрэчныя факты. Кунстхаўз, які стаў адной з найпапулярнейшых берлінскіх славутасцей, штодня наведвае больш за тысячу турыстаў, не раўнуючы, з усяго свету! Помніцца, цягам усяго сутак, праведзеных там, мне некалькі разоў даводзілася тлумачыць, у якой частцы свету знаходзіцца Беларусь. Жыхарам таго самага Эквадора або Новай Зеландыі менавіта мастацтва дапамагае пашырыць свае геаграфічныя веды.  

 

■ ■ ■

У тым, што сучаснае мастацтва з'яўляецца вельмі прадуктыўным спосабам пазіцыянавання краіны ў свеце, лепш за ўсё сведчыць менавіта той самы Венецыянскі біенале. Яго 89 удзельнікаў - гэта амаль палова ўсіх дзяржаў (уключна нават з самымі экзатычнымі!), якія сёння пазначаны на глобусе. Адпаведна, яшчэ адно пытанне, якое таксама раз-пораз гучала ў кулуарах "бамонду" ("А навошта нам усё гэта трэба?") мэтазгодна проста пакінуць без адказу. Палічыўшы яго рытарычным. І састарэлым.