“Тут мая душа. Тут і шукайце мяне…”

№ 28 (999) 09.07.2011 - 14.07.2011 г

Родны Віцебск Марка Шагала

/i/content/pi/cult/330/6028/Clip_55.jpg(Працяг. Пачатак у № 27.)  

...Паўстагоддзя таму я бачыў ягоныя жывапісныя работы толькі ў рэпрадукцыях, ды і тое таму, што ў ленінградскай універсітэцкай бібліятэцы знайшліся шыкоўныя альбомы выдавецтва "Скіра". Тады мне здавалася, што Шагал як жывапісец - блізкі сваяк геніяльнага самавука Ніка Пірасманашвілі. Праўда, Пірасмані быў мастаком асабліва "ад зямлі" і з непасрэдным наіўна-паэтычным бачаннем свету ствараў свае статычныя, велічна-ўрачыстыя карціны з побыту жыццелюбівых грузін; Шагал жа - іррацыянальны "лятаючы візіянер", які як бы з нябёс азіраў сваю Віцебшчыну і на яе "матэрыяле" вынаходзіў свой, адметны, фальклор, арыгінальную іканаграфію, заснаваную на яўрэйска-беларуска-рускім грунце. Зрэшты, я і сёння схіляюся да падобнай думкі.

Асабіста мне не ўсё у шагалаўскім жывапісе падабаецца, асабліва ў работах позняга перыяду - перыяду стварэння такіх карцін, як, напрыклад, "Вечар ля акна", "Вялікае сонца", "Сірэны і рыбы", "Неба Парыжа", "Чароўная флейта", "Вялікі цырк", хаця "карцінныя" нацюрморты "Белыя кветкі на чырвоным фоне", "Кветкі на фоне блакітнага акна", "Дзяўчына, якая спіць у кветках" па-ранейшаму бліскучыя і ўражваюць моцнай экспрэсіўнай пластыкай. Тым не менш, цалкам згодны з шагалаўскім апанентам Аляксандрам Бенуа, які ў 1938 г. пісаў: "Это то искусство, от которого как раз меня должно тошнить... И всё же это притягивает, я даже сказал бы - зачаровывает, если придерживаться точного смысла этого слова". Дык што, у мастацтве Шагала закладзены нейкія таемныя чары, нейкае чарадзейства..?

У гэтай сувязі, узгадаем хаця б яго загадкавую сіне-белую карціну "Над Віцебскам". Дахі і вуліцы, пакрытыя снегам, велічэзны гмах сабора, маленькія драўляныя дамкі і платы; па-над мірным зімовым пейзажам навісае, прасоўваючыся з задняга плана наперад, вялікая сіняя постаць старога з кіем і заплечнай торбай. Стары не саступае ў росце сабору. Ён стаіць на даху аднаго з дамоў і збіраецца пераступіць праз другі!..

Ды што казаць? Шагал можа намаляваць сем пальцаў на сваёй руцэ. Можа афарбаваць твар у сіні або ярка-зялёны- такога не бывае! Можа надаць звычайнай котцы жаночы твар. Можа закідаць палатно вясельнымі кветкамі, але можа тут жа перакуліць віцебскую ратушу альбо адлюстраваць кабылу з жарабём у чэраве, якая вязе калёсы з вазаком і спакойнай бела-сіняй каровай, што сядзіць. Канешне, усё гэта зачароўвае (можа, мімаволі) нават крытычна настроенага глядача, які раней меў нейкую прадузятасць у стаўленні да "незразумелага" жывапісу Шагала.

 Хачу сказаць вось яшчэ што. Калі юнак з Віцебска маляваў сваіх землякоў, свой горад, праз музеі ды калекцыянераў да шырокай публікі выйшаў рускі абраз. Культ ператварыўся ў культуру, таму што гэта быў жывапіс першага гатунку, які паказваў таямнічую сілу гарачых фарбаў, духоўнае гарэнне чырвонага і белага, магчымасць пайсці ад чыста літаратурных прыёмаў адлюстравання рэальнасці. І Шагал тут жа скарыстаў гэтую знаходку і прыстасаваў да свайго жывапісу. Мой сябра, мастацтвазнаўца Уладзімір Бойка (у свой час мы з ім збіраліся напісаць кнігу пра Віцебскую мастацкую школу) яшчэ ў 80-я гады ніяк не мог пагадзіцца з такой маёй думкай: пры чым тут рускі абраз у Шагала? А потым нам трапіліся словы самога мастака: "Я многім абавязаны рускаму абразу. Іканапісцы - паэты, у якіх фарба паказвала адразу ўсё жыццё, увесь сусвет. Іхняе мастацтва было наскрозь адухоўленым, яно не ведала прыхільнасці да тэхнікі, якая знішчае чысціню". Вось так!

Шагалазнаўца Аляксандр Каменскі расказваў мне, што, наведваючы Траццякоўку, Шагал большую частку часу правёў менавіта ў зале Андрэя Рублёва. І калі глядзеў на рублёўскія абразы, звяртаючыся да Каменскага, ціха вымавіў сакраментальную фразу: "Я застаўся б тут жыць назаўсёды..."

На пачатку верасня 1987 г. я пабываў на юбілейнай /i/content/pi/cult/330/6028/Clip_56.jpgрэтраспектыўнай выстаўцы твораў Шагала ў Пушкінскім музеі ў Маскве, дзе спрабаваў узяць інтэрв'ю ва ўдавы мастака - Валянціны Бродскай, але не ўдалося: занадта шмат было такіх інтэрв'юераў, і прабрацца да яе было немагчыма. Хаця здалёку, у натоўпе, пачуў ейныя словы: маўляў, любімымі рускімі мастакамі ў Шагала былі... Левітан і Урубель. Але справа не ў гэтым. Я ўпершыню "жыўцом" пабачыў алагічныя, парадаксальныя палотны Шагала. Больш за ўсё мяне тады ўразіла па-дзіцячы прастадушная нязмушанасць экспрэсіўна-вострых карцін, эмацыйная інтэнсіўнасць, нястрымнасць колеру, які ў вялікіх колькасцях цяжка ўспрымаецца.

І тады я зразумеў, што алхімія яго каларызму, які аб'ядноўвае фантазію і рэальнасць, не паддаецца славеснаму апісанню. Казаць пра Шагала ў сувязі з нейкімі "-ізмамі" ў мастацтве ХХ ст. яшчэ менш плённа, хаця і сюррэалісты, і экспрэсіяністы лічылі яго "сваім". Наконт гэтага сам Марк Захаравіч казаў: "Сюррэалізм? Вам абавязкова патрэбна якаянебудзь "этыкетка"? Не ведаю. Сам я ніколі не разумеў, што мелі на ўвазе, калі мяне называлі сюррэалістам, і слова гэтае я не люблю. Я не лічу сябе прыналежным ні да якога кірунку. Мая справа- фарба, чысціня, любоў. Нічога іншага мне не трэба. Але гэта не кірунак, а- перакананне..."

Як бы там ні было, не падлягае сумненню: усё, што Шагал зрабіў у мастацтве, было народжана толькі любоўю. Любоўю да "родного очага" і "отеческих гробов" Віцебска, да яго бясконцых платоў і штыкетнікаў, пакарабачаных ад старасці хат, да вулічных пеўняў-піжонаў, да акрабатаў, паэтаў і музыкантаў, якія ў творчай страсці губляюць галаву. Канешне ж, ён бязмерна любіў і Францыю, але гэтую краіну мастак усё роўна бачыў праз прызму Віцебска, бо ў Францыі (ды і ў іншых краінах) ён працягваў маляваць родны горад і яго жыхароў амаль до самай смерці. І, па вялікім рахунку, (даруйце за фантазію) ён мог бы быць перапахаваны на радзіме. Як, напрыклад, Фёдар Шаляпін, Мікалай Агароў, Аляксандр Глазуноў, Іван Ільін...

І ўсё ж: дзе нарадзіўся Шагал? У Віцебску або ў Ліёзне? У розных даследаваннях месца нараджэння мастака называюць па-рознаму. Але мяркую, што на гэтае пытанне даўным-даўно адказаў сам Шагал: у Віцебску, аб чым сведчаць ягоныя ўспаміны "Маё жыццё", упершыню выдадзеныя ў Парыжы ў 1931 г. у выдавецтве "Stock". Апрача таго, яшчэ ў першых артыкулах аб ім (1916 - 1918 гг.) месцам нараджэння лічыцца Віцебск. Тым не менш, нават ў нядаўнім маскоўскім альбоме "Марк Шагал" аўтар тэксту С.Каралёва піша, што Шагал "нарадзіўся 6 ліпеня 1887-га ў мястэчку Ліёзна, непадалёку ад Віцебска", і што "...у той дзень, калі ў Шагалаў з'явіўся першынец, у Ліёзне здарыўся пажар". Усё гэта, акрамя даты нараджэння, не адпавядае сапраўднасці. Шагал піша: "Мама расказвала, што якраз, калі я нарадзіўся, у маленькім дамку ля дарогі, па-за турмой, на ўскраіне Віцебска ўспыхнуў пажар. Агонь ахапіў увесь горад, уключаючы бедны яўрэйскі квартал..." Так, пажар - быў, але - у Віцебску, пра што, між іншым, 27 чэрвеня (па старым стылі) падрабязна напісала газета "Віцебскія губернскія навіны": "24 чэрвеня г. Віцебск спасцігла вялікае няшчасце. А другой гадзіне дня, пры моцным ветры, у другой частцы горада, за Магілёўскім базарам, каля Сянной плошчы, загарэліся крамы купца Магарыла. Пажар хутка перайшоў на дом Левінтавых; адсюль полымя хутка перакінулася на суседнія дамы і Вялікую Магілёўскую вуліцу, дзе агонь ахапіў адразу некалькі кварталаў дамоў..."

Захаваўся стары фотаздымак гэтага пажару 24 чэрвеня 1887 г. Аднак пераклад той даты са старога летазлічэння на новае быў кімсьці зроблены недакладна, з памылкай на адзін дзень: мастак нарадзіўся ў Віцебску 24 чэрвеня па старым стылі, а па новым - 6 ліпеня, але не 7-га, як лічылася раней і ўвайшло ў многія кнігі ды энцыклапедыі свету.

Што да Ліёзна, дык карэннымі жыхарамі гэтага мястэчка XVI ст. былі многія "дзіўныя сваякі" (дзяды, дзядзькі, цёткі, сёстры), а таксама бацькі Шагала, якія ў Віцебск нечакана-негадана пераехалі незадоўга да нараджэння сына Майсея: Маркам ён стане толькі ў Парыжы. Хата на гарадской ускраіне, якая называлася Пескавацік, "ля самай Суражскай шашы, за турмой", дзе на свет Божы з'явіўся хлопчык, не захавалася. Але на самым пачатку стагоддзя, пасля смерці дзеда Шагала, вядомага на ўсю акругу мяснікагандляра, "паважанага старога з доўгай чорнай барадой", бацькі змянілі месца жыхарства ў тым жа раёне, а потым набылі аднапавярховы цагляны дом са склепам на Пакроўскай вуліцы, непадалёк ад вакзала. Потым прыбудавалі яшчэ некалькі будынкаў. Захаваўся шэраг шагалаўскіх малюнкаў бацькоўскага дома, выкананых тушшу. Тут сёстры Марка пражылі да 1922 года. Да гэтага часу ў жывых ужо не было ні маці Фейге-Ітэ (пайшла з жыцця ў час Першай сусветнай вайны), ні "загадкавага і сумнага" таты ХацкеляМордуха (загінуў пад калёсамі аўтамабіля ў 1921 г.). Потым, калі сваякі пераехалі ў Петраград, дом засялілі чужыя людзі. У час Вялікай Айчыннай былыя шагалаўскія драўляныя пабудовы згарэлі, засталіся толькі цагляныя сцены. Пасля вайны дом быў адрамантаваны новымі ўладальнікамі- сям'ёй Мейціных, а ў сярэдзіне 1990-х- цалкам адрэстаўраваны дзяржавай. 6 ліпеня 1997 года ў гэтым будынку быў адкрыты, нагадаю, Дом-музей мастака. А што да Ліёзна, дык, сапраўды, Марк потым любіў прыязджаць у стары дзедаўскі дом, які заўсёды, пах "свежымі каровінымі скурамі", і натхнёна маляваць там свае наіўныя карціны. Можа, таксама прыкладна ў той жа час натхнёна маляваў грузінскі сабрат Шагала па пэндзлі Ніка Пірасмані свае "лятаючыя" праса-шыльды над уваходам у пральні альбо рознакаляровыя "рэкламныя" шкляныя шары, якія выстаўляліся ў вокнах аптэк... ...

/i/content/pi/cult/330/6028/Clip_57.jpgПершую адукацыю Марк атрымаў у пачатковай яўрэйскай рэлігійнай школе- хедэры. Вучыўся вельмі дрэнна, бо быў вельмі няўважлівым. Затое менавіта тут зацікавіўся Бібліяй, якая, пачынаючы з 30-х гадоў, пачала адыгрываць вялікую ролю ў яго творчай спадчыне. Таксама вучыўся граць на скрыпцы і нават спяваць. Потым Марк да 1905 г. займаўся ў гарадскім чатырохкласным вучылішчы з рамесным, сталярна-такарным ухілам. І тут таксама хлопец вучыўся - горш няма куды: на "тройкі" і "двойкі". Другі клас ледзь адолеў за два гады. Ці скончыў ён гэтае вучылішча- невядома, аднак затое вядома, што яго аднакласнікамі былі будучы вялікі скульптар Осіп Цадкін і будучы віцебскі мастацтвазнаўца Іван Фурман, і што менавіта ў гэтай установе ў Марка Шагала ўпершыню прачнулася сур'ёзная цікавасць да жывапісу. А калі трапіў у Школу жывапісу і рысунка мясцовай славутасці Юдэля Пэна, ужо ведаў, што дакладна будзе мастаком, і нікім іншым: ні прыказчыкам, ні бухгалтарам, ні кантарам у сінагозе, ні, у лепшым выпадку, здольным фатографам.

Толькі цягам двух месяцаў Марк наведваў студыю Ю.Пэна, але і за гэты кароткі час паміж старым Пэнам і юным Шагалам склаліся сяброўскія і вельмі даверныя адносіны. Разам з настаўнікам ён хадзіў на эцюды ў навакольныя куткі Віцебска, маляваў крутабокія жывапісныя дамкі, вуліцы, ліхтары, разносчыкаў вады, гандляроў рыбай. У сярэдзіне 20-х, ужо ў эміграцыі, Марк Захаравіч пісаў: "Я люблю Пэна. Ён жыве ў маёй памяці, як і тата..." Хаця пра непасрэдны ўплыў жывапісу Пэна на Шагала-жывапісца казаць не буду: па сутнасці, яго не было, што б там ні даводзілі прыхільнікі падобнага сцвярджэння. А як чалавек, глыбока аддадзены мастацтву, як "сумленны працаўнік-мастак і першы настаўнік", Пэн, канешне ж, заўсёды быў для Шагала вялікім аўтарытэтам.

 (Працяг будзе.)

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"