Цукеркавая “фішка” Івянца

№ 27 (998) 02.07.2011 - 08.07.2011 г

Турівэнт у фармаце сацыяльна адказнага бізнесу

/i/content/pi/cult/329/5998/11-1.jpgТэатралізаваная дзея, што распачынала ўжо другі па ліку "Цукеркавы фэст" у Івянцы, была вытрымана ў жанры "цукровай ідыліі". Хэпі-энд - абсалютны і безумоўны: нават нячысцікі вокамгненна выправіліся ды скіраваліся разам з усім паспалітым людам ласавацца цукеркамі. Прычым арганізатары фэсту здолелі захаваць такую ідылічную, творчую і надзвычай камфортную атмасферу казкі праз усе восем з гакам гадзін свята.

Зрэшты, салодкая казка мае іншае вымярэнне - куды больш "дарослае" ды прагматычнае. На нядаўняй сумеснай калегіі Міністэрства культуры і Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь была пастаўлена стратэгічная задача: у кожным падуладным "турыстызацыі" гарадку ці мястэчку (Івянец, неаспрэчна, уваходзіць у іх лік) павінна з'явіцца сваё "брэндавае" свята з адметнай канцэпцыяй.

Адкуль яны павінны з'явіцца і ў якім выглядзе? Падаецца, менавіта "Цукеркавы фэст", ініцыятарам і фундатарам якога выступіла івянецкая кандытарская фабрыка, здатны дапамагчы знайсці адказ на няпростае - ды вельмі актуальнае - пытанне: што ж такое турівэнт, і чым ён адрозніваецца ад іншых фарматаў культурных імпрэз.

Дух даўніны не выветрываецца...

Пра многія цікавыя святы ў рэгіёнах даведваешся выпадкова (а часам ужо і постфактум), ды і трапіць на іх можна хіба сваім ходам. "Цукеркавы фэст" - зусім іншая справа. Яго афішы з'явіліся не толькі ў Івянцы, але і ў Мінску, дзе жыве абсалютная большасць патэнцыйнай аўдыторыі. А ў пярэдадзень імпрэзы раскручваць і "прадаваць" фэст узяліся і турагенцтвы: яны актыўна фарміравалі групы спецыяльна "пад івэнт". Таму трапіць у Івянец здолелі не толькі шчаслівыя ўласнікі транспартных сродкаў.

- Няўжо турагенцтвы самі праявілі ініцыятыву? - пацікавіўся я ў галоўнага арганізатара фэсту Антаніны Хатэнка, якая на той самай фабрыцы займае пасаду спецыяліста па этнаграфіі (!). А ў адказ пачуў: ды не, гэта мы іх падахвоцілі. А цяпер вось, маўляў, нават і трошкі шкадуем. Бо некаторыя з "арганізаваных" турыстаў прагнулі выключна дармовай дэгустацыі цукерак, а сам фэст ім быў нецікавы...

 Я і сам пакрыўдзіўся б на месцы арганізатараў. Бо яны здолелі стварыць комплексную сінкрэтычную дзею, дзе салодкі смак ідэальна дапасоўваўся да водару беларускай даўніны. Зрэшты, усё- па парадку...

Яшчэ да пачатку імпрэзы было зразумела, што празмерныя аматары салодкага - гэта прыкрыя выключэнні. За пару гадзін фотаздымкаў на фоне галоўнай адметнасці Івянца - не так даўно адрэстаўраванага касцёла Міхаіла Архангела, які дэманструе веліч "спелага барока", - было зроблена ці не больш, чым за папярэднія пару месяцаў. Турівэнт апраўдваў сябе!

Старых будынкаў у Івянцы засталося зусім няшмат, але местачковы ландшафт і планіровачная структура, на шчасце, зберагліся. Карнавалізаванае шэсце арганічна ўлілося ў гэтыя берагі пакручастых вузкіх вулачак ды рушыла па іх да колішняй сядзібы Драгунцавых.

"Легкаважны", здавалася б, фэст утрымліваў адказ і на яшчэ адно вельмі сур'ёзнае пытанне: як вярнуць жыццё ў старыя шляхецкія фальваркі з дапамогай "падручных сродкаў" і без глабальных капіталаўкладанняў? Маёнтак Драгунцавых, зрэшты, і ў звыклы дзень не пустуе: тыя будынкі сядзібы, якія прыдатныя для выкарыстання, узяў пад сваю апеку івянецкі Музей традыцыйнай культуры. Уласна, гэтая ўстанова выступіла партнёрам "Цукеркавага фэсту". Пад час яго літаральна кожны метр карыснай плошчы былой сядзібы быў належна асвоены!

Так, маёнтак гэты сёння выглядае не лепшым чынам. Але "Цукеркавы фэст" засведчыў: нават тыя сядзібы, чый фізічны стан далёкі ад ідэальнага, могуць стаць выдатным месцам для правядзення культурных імпрэз: тут і прасторна, і, адначасова, утульна. Даволі непрыглядныя ў звычайны дзень руіны палаца ў чароўнай атмасферы свята набываюць рамантычны арэол. Бо дух даўніны не выветрываецца, ён нават больш трывалы за каменныя сцены.

Як адзначыла Антаніна Хатэнка, кожны фэст, які праходзіць на тэрыторыі гэтага помніка спадчыны, спрыяе не толькі яго папулярызацыі, але і "нарошчванню" патрэбнай інфраструктуры. Летась "нарасцілася" новая агароджа, сёлета - стацыянарная прыгожая сцэна, якая праслужыць яшчэ не адзін год. А прысядзібная каплічка, яшчэ летась зусім занядбаная, сёння цешыць вока і ўдзень, і нават уначы - дзякуючы шыкоўнай падсветцы. Гэта маленькі, але вельмі прыкметны плён высілкаў трох суб'ектаў: мясцовых улад, каталіцкай парафіі і фундатараў фэсту.

Унутры стыхіі свята

Размаітая праграма фэсту не проста ўтрымлівала элементы інтэрактыву - па сутнасці, яна была з іх саткана. Выступленні этнакалектываў неяк самі сабою ператвараліся ва ўсеагульныя карагоды, а апрача галоўнай пляцоўкі дзейнічаў яшчэ добры дзясятак лакальных, дзе прапаноўваліся розныя гульні ды забаўкі на любы густ.

 - Мы прагнулі, каб наведвальнікі знах/i/content/pi/cult/329/5998/11-2.jpgодзіліся не "звонку" падзеі, але непасрэдна ў эпіцэнтры той стыхіі, якой і з'яўляецца фэст, каб яны адчулі сябе паўнапраўнымі героямі свята, - кажа Антаніна Хатэнка. - Так, пераадолець мяжу паміж пасіўным сузіраннем ды актыўным удзелам сучаснаму чалавеку няпроста. Але апошняе свята засведчыла, што прагрэс тут - навідавоку...

"Цукеркавы фэст" - імпрэза забаўляльная ўжо апрыёры. У яе канву ніяк не ўпляцеш ні пафасныя лозунгі, ні шэкспіраўскія жарсці. Але забаўляць таксама можна па-рознаму. Вось і арганізатары фэсту вынайшлі свой, арыгінальны, фармат. Хаця новае - гэта, як вядома...

- У дзяцінстве я яшчэ заспела тыя фэсты, якія спантанна і выключна па народнай ініцыятыве ладзіліся ў нашых мястэчках, - згадвае Антаніна Хатэнка. - Мне яны і пагэтуль сняцца... Таму я прагнула аднавіць тую натуральную і вельмі добразычлівую атмасферу, што была ім уласціва...

Замест "інтэрнацыянальных" герояў многіх цяперашніх святаў (накшталт Шрэка або Чабурашкі) гасцей Івянца віталі тыя постаці, якія і сапраўды некалі жылі ў тых мясцінах і зрабілі важны ўнёсак у гісторыю мястэчка: князь Вітаўт, браты Тышкевічы, Пётр Драгунцаў... І паколькі экскурс у гісторыю адбываўся ў ненавязліва-гульнёвай форме, адсутнасць дзяжурнай Чабурашкі ніхто і не заўважыў.

Стылістычны фармат фэсту можна ўмоўна акрэсліць двума словамі: "этна" і "рэтра". І ён быў вытрыманы на ўсе сто працэнтаў, без "дысанансных акордаў". Тычылася гэта не толькі канцэртнай праграмы, але і кірмашовага складніка свята. "Касмапалітычныя" шашлыкі і пластмасавыя цацкі знайшлі сабе пачэснае месца па-за тэрыторыяй сядзібы, а вось у самім маёнтку прадаваліся адно "тэматычныя" тавары: вырабы майстроў, антыкварыят, фолькавыя дыскі... Быў там і свой пункт харчавання, спалучаны з майстар-класам па беларускай народнай кухні. Выпечаныя ў навучальных мэтах блінцы тут жа ішлі на спажытак. А непадалёк можна было ўбачыць каваля з молатам, ткачыху за кроснамі... І яны таксама ахвотна праводзілі імправізаваныя майстар-класы для ўсіх ахвотных.

Як выявілася, "эксклюзіўны шопінг" можа стаць адным са стымулаў наведвання такіх фэстаў. Калега з Мінска, якая трапіла на падобную імпрэзу ўпершыню, шчыра здзівілася: за невялікія грошы тут можна набыць арыгінальную рэч ручной работы.

Даследаванні і засваенне народнай культуры спарадзілі багата цікавых праектаў, якія маюць належны гістарычны базіс. Прычым тычацца яны не толькі песень, танцаў і рамёстваў, але таксама і кулінарыі, моды ды ўсіх іншых сфер жыцця чалавека. Такія імпрэзы, як "Цукеркавы фэст", сведчаць, што гэтыя набыткі можна пакласці ў аснову шыкоўнага шоу, якое ацэняць і "гурманы", і "неафіты".

Майстэрня ўражанняў

Аматарская творчасць - гэта асаблівы культурны феномен. Прыемна бачыць на сцэне не якуюсьці "залётную" поп-зорку, а свайго суседа Валодзьку. І калі ён трохі сфальшывіць, ты яму, натуральна, даруеш. Зусім іншая справа- калі імпрэза разлічана на людзей, якія прыехалі з іншых гарадоў або нават краін. Яны Валодзьку не ведаюць, і таму наўрад ці пабягуць займаць месцы.

Уласна, гэта мы да таго, што турівэнт не варта блытаць з канцэртам аматарскай творчасці (як часам у нас здараецца). Мэтавыя групы такіх імпрэз надта розныя. І вельмі лёгка здагадацца, якая з іх больш патрабавальная. Ці, дакладней, яны абедзве патрабавальныя, але... кожная - па-свойму.

Этнакультуролаг Антаніна Хатэнка можа падрабязна вытлумачыць кожны з незлічоных складнікаў свята. Выпадковых сярод іх не знойдзеш. І сапраўды, нават рэгей у выкананні гурта "Рэха", які прагучаў ужо напрыканцы праграмы, не выклікаў пачуцця няўтульнага дысанансу. Разам з такім модным сёння пунктам, як фаер-шоу, яны выявілі дынаміку развіцця самой з'явы пад назвай "народны фэст".

Але сапраўдным "апірышчам" свята была зладжаная каманда маладых людзей: рыцары, русалкі, нячысцікі... І кожны з ладнага спіса персанажаў выглядаў цалкам арганічна. Менавіта яны выцягвалі публіку на танец альбо паядынак, альбо распачыналі ўсё новыя і новыя гульні, не ведаючы ні спакою ні стомы. Гэтая крэатыўная каманда складаецца пераважна са студэнтаў і нядаўніх выпускнікоў Белдзяржакадэміі мастацтваў, аб'яднаных у творчую суполку "Майстэрня ўражанняў".

- Рыхтаваць сёлетні фэст мы пачалі яшчэ ў красавіку, дбайна прааналізаваўшы досвед папярэдняга, - распавядае Антаніна Хатэнка. - І маладыя акцёры настолькі ўвайшлі ў вобразы сваіх герояў - Князя Вітаўта або Братоў Тышкевічаў,- што маглі дазволіць сабе не выконваць ролі, а літаральна жыць імі...

 Паводле яе слоў, у "Цукеркавым фэсце" маладых акцёраў вабіць перадусім магчымасць самарэалізацыі, а зусім не ганарары. Уласна, гэта характэрна для ўсіх яго ўдзельнікаў. А іх у Івянцы ўдалося сабраць нямала - нават нягледзячы на высокую планку, якую ўсталявалі арганізатары. Правальных месцаў у васьмігадзіннай праграме я не заўважыў.

Што да згаданага ўжо "Валодзькі"... Сваім, івянецкім хлопцам месца на сцэне, безумоўна, знайшлося. Як распавяла Антаніна Хатэнка, на леташні фэст тутэйшы рок-гурт не трапіў, бо не прайшоў аб'ектыўны адбор. Але за год маладыя музыкі падвучыліся граць і засвоілі беларускую мову. Іхні дэбют на "вялікай сцэне" сталічная публіка ўпадабала.

■■■

 Урэшце, ад многіх іншых культурных імпрэз "Цукеркавы фэст" адрознівае і тое, што зладжаны ён быў выключна за спонсарскія сродкі. У той самы час, называць яго рэкламнай акцыяй ніяк не выпадае. Па ўсім, фундатар кіраваўся добрым прынцыпам "бензін" - наш, ідэі- вашы", цалкам давяраючы прафесіяналам. Таму зацягнутых "рэкламных паўзаў" сцэнарый не прадугледжваў.

Арэал бізнес-інтарэсаў кандытарскай фабрыкі, якая забяспечыла фэст "бензінам", зусім не абмяжоўваецца адным толькі Івянцом: большасць прадукцыі яна наогул адгружае на экспарт. Таму тлумачыць такую шчодрасць чыста меркантыльнымі інтарэсамі ніяк не выпадае. Адпаведна, прадпрыемства ўкладае грошы не толькі і не столькі ва ўласную рэкламу, колькі ў раскрутку сваёй "малой радзімы" - самога мястэчка Івянец. Па сутнасці, гэта і з'яўляецца ўзорам сацыяльна адказнага бізнесу. І- хочацца верыць! - узорам для пераймання.

 - Наша галоўная мэта - абудзіць той творчы дух, што, неаспрэчна, захаваўся ў такім адметным мястэчку, як Івянец, - кажа Антаніна Хатэнка, - як бы "прыўзняць" яго і ў вачах гасцей, і ў свядомасці саміх жыхароў...

Івянец мае папраўдзе цікавую мінуўшчыну - як, зрэшты, і кожнае наша гістарычнае мястэчка. Справа толькі за тым, каб "праявіць" яе ў даступнай і прывабнай для шырокай публікі форме, знайсці тую брэндаўтваральную "фішку", пра якую ў адзін голас кажуць спецыялісты ў сферы турызму. Хай сабе гэта будзе сырны фэст, альбо яйкавы, альбо памідоравы... Прыклаўшы розум ды густ, у кожным гарадку можна стварыць тыя турівэнты, на якія мінчане будуць не толькі ахвотна ездзіць цэлымі сем'ямі, але і з гонарам запрашаць сваіх замежных гасцей, каб тыя маглі лепей спазнаць нашу краіну.

  наш спецыяльны карэспандэнт

 Мінск - Івянец - Мінск

 Фота аўтара